Яны лечаць хваробы, ствараюць тэхналогіі і задаюць культурны код нацыі. 42 беларускія спецыялісты – ад навукоўцаў да дзеячаў культуры – сталі ўладальнікамі прэзідэнцкіх грантаў на 2026 год. Сярод пераможцаў даследчыкі БДУ , гатовыя пераўтварыць дзяржаўную падтрымку ў навуковыя адкрыцці, адукацыйныя інавацыі і сацыяльныя праекты, важныя для ўсёй краіны.
Фінансаванне для праектаў у галіне навукі вылучана старшаму навуковаму супрацоўніку лабараторыі спектраскапіі НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі Дзмітрыю Тарасаву. Шлях у навуку Дзмітрый распачаў яшчэ ў школе. Цікавасць да вырашэння складаных матэматычных задач у пятым класе і поспехі на алімпіядах з часам перараслі ў захапленне фізікай, што і вызначыла выбар прафесіі. Пасля дзявятага класа ён прыняў рашэнне паступаць на фізічны факультэт БДУ на спецыяльнасць «фізік-даследчык».
Навукоўца найбольш натхняе працэс вывучэння новага і пераўтварэння нявызначанасці ў канкрэтны вынік. Ён падкрэслівае, што колькасць нявырашаных задач толькі расце, і гэта робіць навуку пастаянным выклікам для новых ідэй.
Грантавая падтрымка будзе накіравана на распрацоўку канцэптуальных асноў для аналізу законаў згасання флуарэсцэнцыі ў шматкампанентных сістэмах. Вынікі гэтай працы дазволяць укараніць навукова абгрунтаваную метадалогію апрацоўкі дадзеных у практыку медыкабіялагічных даследаванняў.
– Многія знаёмыя з люмінесцэнцыяй – з гэтай з’явай мы сустракаемся ў лямпах дзённага святла, на цыферблатах, у паўночным ззянні і нават у святле марскога планктону. У навуцы спектраскапія люмінесцэнтнага свячэння – магутны аналітычны інструмент. Вымяраючы, як хутка яно згасае (флуарэсцыруе), навукоўцы могуць вывучаць структуру бялкоў, механізмы алергічных рэакцый і іншыя тонкія працэсы ў жывых сістэмах. Для гэтых вымярэнняў шырока выкарыстоўваецца высокадакладны метад – час-карэляваны падлік фатонаў (TCSPC), – адзначае Дзмітрый Тарасаў.
– Аднак ключавая праблема сёння не ў саміх вымярэннях, а ў іх інтэрпрэтацыі, – тлумачыць навуковец. – Алгарытмы апрацоўкі дадзеных часта ідэальна працуюць на мадэльных прыкладах, але даюць супярэчлівыя вынікі з рэальнымі, складанымі ўзорамі, што робіць аналіз заблытаным і суб’ектыўным.
Навізна падыходу даследчыка БДУ заключаецца не ў стварэнні новага метаду, а ў распрацоўцы эталоннай метадалогіі для інструмента, які ўжо стаў стандартам.
– Мая ідэя заключаецца ў выкарыстанні назапашанага вопыту для распрацоўкі метадычных рэкамендацый для аналізу вымеранай паводле метаду TCSPC кінетыкі згасання флуарэсцэнцыі, якое забяспечыць аб’ектыўнае і карэктнае вызначэнне кінетычных характарыстык флуарэсцэнцыі складаных шматкампанентных малекулярных сістэм. У сваёй распрацоўцы я арыентуюся на паляпшэнне выкарыстання на практыцы фактычна стандартнага метаду – нелінейнага метаду найменшых квадратаў.
Праца вядзецца ў камандзе, якая аб’ядноўвае спецыялістаў лабараторыі – фізікаў, хімікаў, інжынераў. Праект таксама падтрымліваецца шырокай калабарацыяй з калегамі з іншых лабараторый і навуковых арганізацый.
Сур’ёзным выклікам Дзмітрый бачыць пошук балансу паміж эфектыўнасцю рашэння і патрэбнымі для гэтага намаганнямі. А прэзідэнцкі грант – важны інструмент для такіх кароткатэрміновых праектаў.
– У першую чаргу гэта велізарная магчымасць і рэсурс для рэалізацыі задуманай задачы, карыснай для навуковай супольнасці. Таксама гэта пацвярджэнне значнасці працы на высокім узроўні, што дае імпульс для далейшага развіцця, – дзеліцца Дзмітрый.
Акрамя фінансавання, галоўнай умовай поспеху праекта навуковец бачыць наяўнасць каманды з дастатковымі кампетэнцыямі для вырашэння пастаўленых задач. А асабістай асноўнай матывацыяй у складанай працы для даследчыка застаюцца прага пазнання, цікаўнасць і задавальненне ад разумення будовы тых ці іншых працэсаў, а таксама магчымасць стварэння новых сістэм.
Маладым калегам, якія толькі пачынаюць даследчы шлях, Дзмітрый Тарасаў раіць актыўна вучыцца, бо гэта пастаяннае развіццё. Ён падкрэслівае важнасць пошуку добрага настаўніка, у якога можна пераняць не толькі тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, але і падыходы да арганізацыі дзейнасці, вырашэння праблем і кіравання праектамі. Ключавым момантам ён лічыць выбар тэмы, якая павінна спалучаць цікавасць, перспектыўнасць і рэалізаванасць у даступныя тэрміны з наяўнымі рэсурсамі.
Гранта Прэзідэнта ў галіне адукацыі ўдастоена старшы выкладчык кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ Софiя Левыкiна. Фінансаванне будзе накіравана на стварэнне і ўкараненне інавацыйнага электроннага навучальна-метадычнага комплексу па дысцыпліне «Узаемадзеянне геномаў».
Комплекс будзе ўключаць аўтарскі алгарытм прымянення найноўшых метадаў біяінфарматыкі з выкарыстаннем тэхналогіі докер-кантэйнераў для зборкі і аналізу бактэрыяльных геномаў. Гэты праект адпавядае сучаснаму айчыннаму і сусветнаму ўзроўню вышэйшай адукацыі.
Пра свой шлях у навуку Софiя гаворыць проста: прыйшла ва ўніверсітэт, як і большасць студэнтаў, вывучаючы навуковых кіраўнікоў і выбіраючы напрамак, блізкі да яе інтарэсаў.
– Самае захапляльнае для мяне ў навуцы – даведвацца штосьці новае ў цэлым і адказваць на пытанне: а як гэта адбываецца ў майго аб’екта даследавання? Параўноўваць заўсёды цікава, – дзеліцца яна.
Электронны комплекс стане часткай праграмы для новай спецыяльнасці «біяінжынерыя і біяінфарматыка» на біялагічным факультэце БДУ. Па словах Софii Левыкiнай, гэта дазволіць студэнтам асвойваць больш шырокі спектр методык працы з геномнымі дадзенымі.
– Біяінфарматычнае праграмнае забеспячэнне, створанае ў нашай СНДЛ біяінфарматыкі і малекулярнай эвалюцыі жывёл, дазволіць прапусціць шэраг працаёмкіх этапаў, якія звычайна займаюць у студэнтаў шмат гадзін. Нашая распрацоўка аўтаматызуе гэтыя працэсы, даючы магчымасць адразу пераходзіць да больш глыбокага аналізу геномных дадзеных. Гэта пашырыць іх метадалагічны арсенал, – адзначае выкладчык.
Таксама важнай задачай яна лічыць навучанне студэнтаў самастойнаму праграмаванню аналагічнага ПА.
– У рамках праграмы я б хацела навучыць іх ствараць падобныя інструменты самім. Гэтыя навыкі дазволяць будучым біяінфарматыкам адаптавацца да канкрэтных задач і сітуацый у працы, – дадае Софiя.
Навуковую дзейнасць Софiя вядзе ў складзе СНДЛ біяінфарматыкі і малекулярнай эвалюцыі жывёл. Лабараторыя аб’ядноўвае выкладчыкаў і захопленых навукай студэнтаў, многія з якіх атрымліваюць гранты на свае даследаванні пры актыўнай падтрымцы старэйшых калегаў. Яркім прыкладам поспеху такога настаўніцтва стала студэнтка Сoфiі, удастоеная ў 2025 годзе звання «Найлепшы выпускнік БДУ» і дыплома першай катэгорыі на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ, а цяпер яна працягвае навуковапедагагічную кар’еру ў магістратуры.
Галоўным прафесійным выклікам выкладчыца лічыць кіраванне часам – здольнасць выканаць задуманае ў поўным аб’ёме і ў тэрмін. Прысуджэнне прэзідэнцкага гранта яна расцэньвае як сігнал прызнання і падтрымкі.
– Гэта дэманструе, што я іду правільнай дарогай і што мае ідэі таксама каштоўныя для дзяржавы, як і для мяне, – кажа яна.
Такая форма падтрымкі, на яе думку, вельмі важная для праектаў, якія патрабуюць значных асабістых намаганняў. Акрамя фінансавання, ключавымі ўмовамі поспеху праекта яна называе шчырую захопленасць сваёй справай і згуртаваную каманду.
– Жаданне працаваць з любові і павагі да сферы, у якой рэалізоўваешся. І, вядома, надзейны калектыў, які падзяляе твае каштоўнасці, – тлумачыць Софiя.
Асноўнай асабістай матывацыяй для маладога выкладчыка з’яўляецца магчымасць унесці ўклад у сферу адукацыі і пакінуць у ёй свой след, што, па яе прызнанні, неверагодна натхняе і дае сіл для далейшай працы. І раіць маладым калегам быць гатовымі эксперыментаваць:
– Спрабаваць. У кожнай сітуацыі, у якой узнікае сумненне, спрабаваць. Не атрымаецца тут – атрымаецца з іншай ідэяй!
Грант Прэзідэнта таксама атрымаў загадчык кафедры вышэйшай алгебры і аховы інфармацыі механіка-матэматычнага факультэта БДУ Сяргей Ціханаў. Фінансаванне будзе накіравана на развіццё новых метадаў даследавання асацыятыўных алгебраў і алгебраічных груп для знаходжання роду канечнамерных алгебраў.
Свой шлях у матэматыку Сяргей Ціханаў пачаў яшчэ ў дзяцінстве, аддаўшы перавагу прыродазнаўчым навукам. Пазней гэтая цікавасць была звужана да матэматыкі – ён паступіў у матэматычны клас Ліцэя БДУ, а затым – на механікаматэматычны факультэт універсітэта.
Падчас вучобы на выбар маёй будучай спецыялізацыі аказалі вялікі ўплыў акадэмік В. І. Янчэўскі, прафесары А. С. Рапінчук і В. І. Чарнавусаў. Пачынаючы з першага курса, яны праводзілі дадатковыя семінары па вышэйшай алгебры, – успамінае навуковец.
Пасля заканчэння факультэта яго кар’ера працягнулася ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі, дзе з 1996 па 2013 год ён прайшоў шлях ад стажора-даследчыка да вядучага навуковага супрацоўніка. У 1999 годзе пад кіраўніцтвам В. І. Янчэўскага Сяргей Ціханаў абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 2008 годзе сумесна з І. Д. Супруненка і В. І. Янчэўскім быў удастоены прэміі НАН Беларусі. З 2010 года ён пачаў працаваць па сумяшчальніцтве, а з 2013 года – штатна на кафедры вышэйшай алгебры і аховы інфармацыі роднага факультэта.
– Так склалася, што навука – неад’емная частка майго жыцця. Самае захапляльнае ў навуцы – працэс пастаяннага адкрыцця новага, вырашэнне складаных задач, – кажа Сяргей Ціханаў.
Ён таксама адзначае, што матэматыка падаравала яму магчымасць убачыць свет. Навуковец удзельнічаў у міжнародных матэматычных кангрэсах у Кітаі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Бразіліі і на канферэнцыях, дзе ён знаёміўся з вядомымі навукоўцамі.
Сяргей Ціханаў тлумачыць сутнасць сваёй распрацоўкі праз алгебраічныя структуры.
– Я займаюся даследаваннем канечнамерных асацыятыўных алгебраў, якія можна разглядаць як абагульненне мноства цэлых лікаў са складаннем і множаннем. Гэтыя алгебры ўключаюць у сябе элементы, якія таксама можна складаць і памнажаць.
Навізна заключаецца ў развіцці метадаў даследавання такіх алгебраў і алгебраічных груп для знаходжання іх «роду». Гэта фундаментальная праца, якая можа пашырыць прымяненне канечнамерных асацыятыўных алгебраў у крыптаграфіі.
Карыснасць распрацоўкі можа праявіцца з часам, як гэта адбылося з абстрактнай тэорыяй груп XIX стагоддзя, якая цяпер шырока выкарыстоўваецца ў ахове інфармацыі.
– Матэматыка прасякае ўсе сучасныя тэхналогіі, – робіць выснову Сяргей Ціханаў.
Над праектам ён працуе ў звязцы з замежнымі калегамі, а таксама кіруе магістрантамі і аспірантамі. Сур’ёзным доўгатэрміновым выклікам ён лічыць задачу прыцягнення моладзі ў навуку і павышэнне прэстыжу прафесіі навукоўца.
– Выказваю глыбокую ўдзячнасць за дзяржаўную падтрымку фундаментальных даследаванняў у галіне матэматыкі, за прызнанне дасягненняў нашай беларускай алгебраічнай школы, – кажа Сяргей Ціханаў. – Гэтая падтрымка прывядзе ў нашу сферу таленавітую моладзь, за якой будучыня навукі.
Для яго грант і прызнанне на дзяржаўным узроўні надаюць дзейнасці дадатковы сэнс і стымулююць да далейшай працы. Фундаментальная матэматыка не патрабуе дарагога абсталявання ці матэрыялаў, асноўныя выдаткі звязаны з кадрамі.
– Поспех праекта залежыць ад наяўнасці захопленых людзей, гатовых паглыбляцца ў задачы, – адзначае навуковец.
Галоўнай асабістай матывацыяй для яго з’яўляецца задавальненне ад пераадолення цяжкасцяў, усведамленне свайго ўкладу ў навуку і пастаянны працэс пазнання.
– Дасягненне высокіх навуковых вынікаў апраўдвае ўсе спадарожныя цяжкасці, – сцвярджае Сяргей Ціханаў.
А маладым даслед чыкам ён раіц ь быц ь настойлівымі і мэтанакіраванымі, а таксама пераймаць вопыт старэйшых калегаў.
Грант Прэзідэнта таксама атрымаў загадчык кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Аляксандр Чэрвань. Фінансаванне накіравана на стварэнне сучаснага электроннага навучальна-метадычнага комплексу па дысцыплінах «ГІС-аналіз і картаграфаванне глеб» і «Глебавае ГІС-картаграфаванне».
Свой шлях у навуку Аляксандр называе ў значнай ступені фармальным і выпадковым. Скончыўшы ў 2006 годзе спецыяльнасць «геаінфармацыйныя сістэмы» на той самай кафедры, якую ён узначальвае сёння, ён вырашыў паступаць у аспірантуру.
– ГIC-тэхналогіі, з аднаго боку, як універсальны інструмент у розных галінах ведаў, палягчалі задачу працягу навучання, з другога – ускладнялі яе ў сувязі з неабходнасцю выбару вузкага навуковага напрамку свайго прымянення, – успамінае ён.
Вырашальнай стала рэкамендацыя намесніка дырэктара НДІ А. Ф. Чарныша, – ён параіў узяць навуковым кіраўніком галоўнага глебазнаўцу краіны, прафесара Т. А. Раманаву.
– З першага дыялогу з настаўнікам я зразумеў, што трапіў у сферу, дзе магу прымяніць свае веды і ГIC-навыкі на фундаментальнай навуковай аснове, – успамінае навуковец пра прафесара Раманаву, прадстаўніцу класічнай навукі.
Галоўная ідэя электроннага навучальна-метадычнага комплексу «ГIC-аналіз і картаграфаванне глеб» складаецца ў самастойнай паглыбленай працы студэнтаў па дысцыплінах глебазнаўчагеаінфармацыйнай тэматыкі з выкарыстаннем дыстанцыйнага доступу да дадзеных.
– З улікам вынікаў маёй навуковай дзейнасці ўпершыню будзе распрацаваны шэраг відэалекцый, тэставыя заданні ў галіне геаінфармацыйнага мадэлявання глебавага покрыва і кейсы індывідуальных праектаў студэнтаў у праграмным ГIC-асяроддзі, якія маюць розныя сцэнарыі рашэнняў, – кажа навуковец. – Гэта будзе спрыяць развіццю ў будучых спецыялістаў прасторавага і сістэмнага мыслення. Частка матэрыялаў будзе прадстаўлена на англійскай мове для замежных студэнтаў.
Карыснасць комплексу – практычная. Ён дасць студэнтам навыкі паглыбленай апрацоўкі глебавых дадзеных у ГIC-асяроддзі. Гэтыя навыкі – аснова для дзяржаўнай ацэнкі земель, іх маніторынгу і вядзення кадастра. Гэта значыць, праект рыхтуе кадры для кіравання зямельнымі рэсурсамі краіны.
Над комплексам Аляксандр працуе сам , абапіраючыся на свае распрацоўкі. Частку задач выконвае з дапамогай калегаў. Таксама ён атрымлівае метадычныя кансультацыі ад калектыву сваёй кафедры. Галоўны выклік у гэтай працы ён бачыць у тыповай для навукоўца і кіраўніка нястачы часу.
– Некаторыя цяжкасці могуць быць выкліканыя адсутнасцю восьмага дня ў тыдзень або хаця б 25-й гадзіны ў сутках, але гэта ўжо дастаткова звыклая справа, – з гумарам адзначае Аляксандр Чэрвань.
Сур’ёзных метадычных цяжкасцяў у праекце ён не бачыць. Прэзідэнцкі грант, на яго думку, важны, бо праект адпавядае дзяржаўнай палітыцы эфектыўнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. Распрацоўка дасць спецыялістам ключавыя навыкі працы з прасторавымі дадзенымі для маніторынгу і ўліку глеб.
– Як і ў 2015 годзе, калі я стаў стыпендыятам фонду Прэзідэнта, цяпер атрыманне гранта азначае для мяне цесную сувязь паміж навукай і адукацыяй, якая падтрымліваецца ў нашай краіне на самым высокім узроўні, – кажа ён.
Такую палітыку ён лічыць эфектыўнай , бо станаўленне высакакласнага спецыяліста патрабуе развіцця ў двух напрамках : акрамя фінансавання, галоўнай умовай поспеху праекта ён бачыць зладжаную каманднае працу, дзе кожны ўдзельнік разумее сваю ролю і значнасць у агульнай справе.
Асабістай галоўнай матывацыяй у навуцы для яго з’яўляецца магчымасць самастойна ствараць цікавыя ўмовы ўласнага жыцця. А ў рамках гэтага праекта ім рухае жаданне ўдасканальваць падрыхтоўку студэнтаў у актуальнай навуковавытворчай галіне.
Маладым калегам Аляксандр Чэрвань раіць з самага пачатку адказна падысці да выбару фундаментальнага навуковага напрамку, у якім яны змогуць у будучыні распрацоўваць уласныя ідэі.
Таццяна САВІЦКАЯ
