Яўген Бабосаў: «Універсітэт – гэта мая любоў»

29 Jan, 2026.

Асновам акадэмічнай культуры, прафесійнаму кодэксу навукоўца і даследчыка, высокім прынцыпам выкладчыка вышэйшай школы мы вучыліся напачатку свайго навуковага шляху пад кіраўніцтвам акадэміка НАН Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара Яўгена Бабосава. На сваіх лекцыях мы абавязкова паказваем студэнтам фрагменты біяграфічнага фільма пра Яўгена Міхайлавіча, тым самым працягваючы славутыя ўрокі свайго настаўніка. Мы распавядаем пра ролю акадэміка Я. М. Бабосава ў фарміраванні будучай айчыннай навуковай сацыяльна-філасофскай школы, навуковай школы сацыялогіі, пра з’яўленне сацыялогіі як дысцыпліны ва ўніверсітэцкай адукацыйнай прасторы. У гэтым і ёсць адмысловая сувязь часоў і важны момант гістарычнай памяці для маладога пакалення будучых выпускнікоў нашага ўніверсітэта, асаблівы філасофскі сімвалізм у станаўленні прафесійнай культуры сучаснага выкладчыка вышэйшай школы.

Акадэмік НАН Беларусі Яўген Бабосаў нарадзіўся 23 лютага ў Дзень абаронцы Айчыны. Гэта знамянальная дата ў біяграфіі будучага сапраўднага баявога камсарга БДУ і маладога навукоўца – выпускніка галоўнага ўніверсітэта краіны, чыё жыццё сваім глыбокім сэнсам звязана з вялікай колькасцю навуковых лёсаў у сацыяльным пазнанні і з акадэмічнымі біяграфіямі навукоўцаў і даследчыкаў айчынных і замежных гуманітарных школ. Сапраўдны сябар і камсамольскі таварыш Я. М. Бабосава, доктар гістарычных навук, прафесар Алег Слука ў адным са сваіх нарысаў пра сувязь біяграфіі акадэміка з жыццём універсітэта аднойчы напісаў : «А можа , і быў шчаслівы выпадак у тым , што Бабосаў пачаў ствараць свой лёс у Беларускім дзяржаўным універсітэце, а яшчэ дакладней, ва ўніверсітэцкім камсамоле. Несумненна, што гэта адна са слаўных і зорных старонак яго выдатнай і аўтарытэтнай біяграфіі. Пасляваеннае пакаленне савецкай моладзі, асабліва студэнцкае, было ў пастаянным пошуку і імкненні да вяршыняў асваення сучаснага свету. Неабходна ўспомніць, што гэта памкненне было падобна ўпартасці і нават, можа быць, фанатызму. Бо ў тую пару ў грамадстве склалася ўстойлівае перакананне, што пасля пераможнай вайны наступіў час ствараць сваё заможнае жыццё і будаваць яго па-новаму. Для рэалізацыі гэтага ў грамадскай свядомасці цыркулявала магутная ідэя паходу маладых людзей па веды…»

Яўген Міхайлавіч Бабосаў дзеліцца з намі сваімі ўспамінамі пра ўніверсітэт.

Мы спачатку хацелі б звярнуцца да вашага станаўлення, распачатага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Распавядзіце, чаму вы абралі спецыяльнасць «філасофія»?

Я школу скончыў з медалём. Маю ўвагу заўсёды прыцягвалі дзве дысцыпліны : руская мова і фізіка. Калі я прыйшоў паступаць у БДУ, мне, як медалісту, трэба было прайсці сумоўе. Анатоль Гусеў у той час быў прыёмным сакратаром вучонай камісіі. Ён прачытаў маю аўтабіяграфію, у якой я ўказаў, што планую паступаць на фізічны факультэт , і сказаў : «Малады чалавек , якая фізіка. Таварыш Сталін напісаў пра марксізм і пытанні мовазнаўства. Гэту працу ўсе вывучаюць. Філасофія. Вось куды трэба ісці. Падумайце і перапішыце заяву». Вось так я і паступіў на філасофію.

Як паўплывала вучоба ва ўніверсітэце на ваша прафесійнае станаўленне?

Я паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1950 г. Гэта быў асаблівы час. Мы ўсе былі натхнёныя нядаўняй перамогай у Айчыннай вайне, верылі ў лепшую будучыню нашай краіны. Наша студэнцкая група была вельмі здольнай, нават таленавітай. Большасць студэнтаў былі медалістамі. Амаль траціна выпускнікоў абаранілі дысертацыю. Я атрымліваў імянную стыпендыю ў БДУ. Акрамя таго, я быў членам бюро ЦК камсамола. Мы любілі ладзіць дыскусіі па розных праблемах, якія нас цікавілі і хвалявалі. Уменне дакладна і аргументавана выражаць і адстойваць сваю пазіцыю вельмі дапамагло мне ў маім прафесійным станаўленні.

Хто з настаўнікаў аказаў найбольшы ўплыў на вас як на будучага навукоўца?

Маім мудрым настаўнікам быў доктар філасофскіх навук, прафесар, выдатны настаўнік, удзельнік Сталінградскай бітвы Васіль Сцяпанаў. Пад яго кіраўніцтвам я ў 1961 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Дыялектыка аналізу і сінтэзу ў навуковым пазнанні». Пазней для мяне асабіста настаўнікам стаў выбітны савецкі філосаф, акадэмік, дырэктар Інстытута філасофіі АН СССР Георгій Аляксандраў.

Якія ацэнкі вашага таленту вы лічыце найбольш каштоўнымі для сябе?

Самыя высокія ацэнкі мне былі дадзеныя Героем Савецкага Саюза Пятром Машэравым. Мудры і патрабавальны кіраўнік, ён праяўляў клопат і ўвагу да ўсіх людзей. Досвед працы з ім быў для мяне неацэнным, а яго пахвала мела незвычайную значнасць. П. М. Машэраў аднойчы ахарактарызаваў мяне як генератара новых ідэй. І другую запамінальную ацэнку ён мне даў у тэатры, калі сказаў маёй жонцы: «Ваш муж – таленавіты чалавек. Яго трэба берагчы».

Вы выкладалі ва ўніверсітэце на працягу шматлікіх гадоў. Як вы ацэньваеце сучасных студэнтаў? Наколькі змяніліся каштоўнасці і прыярытэты студэнцтва?

Сучасныя студэнты як быццам бы больш начытаныя. Яны атрымліваюць мноства інфармацыі з інтэрнэту, усё ведаюць, але не спрабуюць глыбока пракрасціся ў сутнасць пытання. У мінулым літаратуры было менш. Я памятаю, як мы хадзілі ў бібліятэку, у якой была толькі адна кніга па дыялектычным матэрыялізме. Для таго, каб яе прачытаць, мы з аднакурснікам удваіх з самай раніцы на абмежаваны час яе бралі. А потым гэту кнігу ўжо чыталі іншыя студэнты. Нам складана было знайсці многія цікавыя выданні. Аднак узровень разумення праблемы быў вышэйшы.

Вы з’яўляецеся аўтарам мноства падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Якія выданні вы можаце адзначыць?

Я напісаў падручнікі «Сацыялогія», «Канфлікталогія», «Паліталогія», «Культуралогія», «Асновы ідэалогіі сучаснай дзяржавы», «Рэлігіязнаўства» і шэраг іншых дапаможнікаў. Яны неаднаразова перавыдаваліся. Так, напрыклад, падручнік «Сацыялогія кіравання» быў выдадзены 6 разоў, і колькасць экзэмпляраў кожнага выдання складала 2000. Навучальна-метадычны дапаможнік «Сацыялогія канфліктаў» быў апублікаваны ў рамках серыі «Класічнае ўніверсітэцкае выданне», што сведчыць пра яго высокі ўзровень.

Чым з’яўляецца для вас Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт?

Універсітэт для мяне – гэта мая любоў, мая мара, мой родны дом. Я з шанаваннем стаўлюся да ўсяго, што з ім звязана. Можна сказаць, што я не ўяўляю свайго жыцця без майго ўніверсітэта. Напэўна, мой лёс быў бы іншы, калі б маё жыццё не было так цесна з ім пераплецена. Я любіў універсітэт і люблю цяпер. І цяпер я сюды прыходжу і бачу іншы корпус і іншых людзей, паколькі тых, хто раней тут быў, ужо, напэўна, нікога няма. Таму я адчуваю, што, калі я ва ўніверсітэце, сэрца маё пачынае біцца часцей. Я вяртаюся быццам бы з далёкай паездкі дахаты.

Якія пажаданні і рэкамендацыі вы маглі б даць цяперашнім студэнтам?

Па-першае, заўсёды ў любой сітуацыі і з любым чалавекам, няхай гэта будзе настаўнік, таварыш, муж, міліцыянер, які спыніў на скрыжаванні, прахожы ці падарожны, заставацца самім сабой, не змяняць сябе як хамелеон. У любым дзеянні, калі ты штосьці пішаш ці гаворыш, смяешся ці танчыш, павінна выяўляцца твая ўнікальнасць.

Па-другое, заўсёды ставіць перад сабой складаную задачу, якая на першы погляд здаецца невыканальнай. Калі яе пачаць рэалізоўваць, можна заўважыць, што яна трохі пачынае паддавацца. І тады можна выканаць больш складаную задачу, чым ты планаваў раней. Тым самым ты адкрываеш сабе шлях да новых магчымасцяў.

Па-трэцяе, ніколі нікому ні ў чым не зайздросціць. У кожнага свой жыццёвы лёс, сваё наканаванне, якое запраграмавана. Не здраджваючы лёсу, мы не здраджваем самім сабе. 

Па-чацвёртае, ёсць такі выраз: чалавек створаны для шчасця, як птушка для палёту. Шчасце – гэта найвышэйшае напружанне творчых сіл чалавека. Людзі з’яўляюцца творцамі свайго шчасця. Чалавек нясе ў сабе свой уласны ўнутраны свет, які сам стварае. У тым выпадку, калі чалавек дасягнуў сваёй мэты ў любові, спорце, палітыцы, ён шчаслівы. Здрадзіць свайму шчасцю нельга, бо інакш яно ператворыцца ў няшчасце. Для мяне быць шчаслівым – гэта жыць і працаваць ва ўлюбёным горадзе, мець адданых сяброў, якія заўсёды прыйдуць да цябе на дапамогу, пакахаць дзяўчыну, якая ўзрушыла тваё ўяўленне і сэрца і засталася адзінай каханай на ўсё жыццё, дамагчыся поспеху ў прафесійнай сферы.

Па-пятае, заставацца шчырым перад самім сабой у ацэнцы сваіх поспехаў і няўдач. Трэба імкнуцца жыць сумленна, быць міласэрным, клапаціцца пра тых, хто знаходзіцца побач. І памятайце: якой бы цяжкай ні была сітуацыя, варта захоўваць аптымізм і веру ў лепшую будучыню.

Біяграфія акадэміка непасрэдна стварыла ў айчынным сацыяльным пазнанні навуковы час для наступнага пакалення навукоўцаў, якое выказвае сёння любоў і бясконцую падзяку свайму незвычайнаму настаўніку – Яўгену Бабосаву.

Ю. Л. Банькоўская, доктар прафесар кафедры культуралогіі БДУ,

М. Г. Валністая, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: