Ад мары да майстэрства: як Анастасія Грачышка скарыла БДУ і двойчы стала майстрам спорту

15 мая, 2025.

Выдатніца, спартсменка і проста прыгажуня. А яшчэ Анастасія Грачышка – прадстаўніца банка даных адоранай моладзі Беларусі. Дзяўчына распавяла, як сумяшчае вучобу, спорт і грамадскую дзейнасць.

Паступаць у БДУ Анастасія вырашыла яшчэ задоўга да заканчэння школы. Ужо ў 7 класе дзяўчына паставіла сабе мэту стаць студэнткай БДУ, паколькі гэта вядучы ўніверсітэт краіны. З факультэтам і спецыяльнасцю вызначылася крыху пазней. У 9 класе яна пераканалася, што больш за ўсё цікавіцца матэматыкай і англійскай мовай – іх патрабуюць больш за ўсё пры паступленні на эканамічныя спецыяльнасці. Аднак для Насці вельмі важна было працягваць вывучэнне замежных моў і мець магчымасць пасля выпуску знайсці добрую працу. 

Мэта Анастасіі была дасягнута – цяпер дзяўчына вучыцца на факультэце міжнародных адносін на спецыяльнасці «сусветная эканоміка». Паступленне атрымалася не без складанасцяў. Балы на спецыяльнасць заўсёды высокія. 

— Паступала я ў 2023 годзе з 386 баламі – колькасць недастатковай на той момант для бюджэту. Таму доўга думала, ці варта наогул падаваць дакументы. З татам паехалі ў Мінск (сама я ўраджэнка Гродна) у апошні дзень падачы дакументаў. Тады я палічыла, што са сваімі баламі замкнула б дзясятку бюджэтнікаў. Табліца абнаўлялася з затрымкамі, і мы вырашылі паспрабаваць. Было настолькі хвалююча, што пры падачы дакументаў я заплакала прама перад дэканам – напэўна, гэта самы запамінальны момант. Было і сорамна, і няёмка адначасова, – успамінае гераіня.

Універсітэт дорыць Анастасіі лепшы студэнцкі час і дае шмат магчымасцяў для развіцця і ў навуковай, і ў спартыўнай сферах. Тут дзяўчына ўжо сустрэла многіх людзей, якія пакінулі і працягваюць пакідаць важныя адбіткі ў жыцці. Самыя запамінальныя дні, на думку Насці – першыя тыдні: калі ўсе студэнты толькі знаёміліся, шмат гулялі па Мінску. Зараз Анастасія практычна цалкам прысвячае сябе ўніверсітэту, але гэта не толькі пра вучобу. 

Дзяўчына знаходзіць час таксама і для грамадскай дзейнасці. 

Шлях у вялікі спорт для Анастасіі Грачышка пачаўся задоўга да паступлення ва ўніверсітэт. У тры гады яна трапіла на мастацкую гімнастыку, на секцыю яе запісала мама. Ужо тады нашу гераіню заўважыла трэнер Наталля Аліева. Так і пачаўся перыяд спорту даўжынёй у 13 гадоў. Увесь гэты час Насця жыла мастацкай гімнастыкай, прысвячала ёй усе сілы. І ў выніку дзяўчына была ўдастоена звання майстра спорту Рэспублікі Беларусь па мастацкай гімнастыцы. 

— Цяпер я вельмі ўдзячная сабе за кожны выбар, але прафесійны спорт – гэта слёзы, траўмы, дыеты. За тры гады да атрымання майстра спорту хацелася ўсё кінуць і сысці, такія спробы былі. Вельмі шмат зрабіла мама, падтрымлівала і матывавала, каб я не кідала справу за крок да мэты.

Званне майстра Анастасія атрымала ў 2021 годзе падчас пандэміі каранавіруса. Выязджаць на спаборніцтвы было нельга, таму шлях да тытула ўскладніўся. Але мерапрыемства правялі ў анлайн-фармаце. Тады спартсменка стала сярэбраным прызёрам, выканаўшы разрад майстра спорту. На гэтым кар’ера ў мастацкай гімнастыцы скончылася –паўплывала стомленасць і змены прыярытэтаў. Аднак, як адзначае Насця, без спорту яна не адчувае сябе жывой, ёй бракуе сіл і энергіі, таму ўжо ў БДУ распачаўся этап аэробікі. Неўзабаве дзяўчына стала майстрам спорту і ў гэтым напрамку. У 2025 годзе яна разам з камандай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта перамагла ў агульнакамандным заліку Рэспубліканскай універсіяды 2024/2025, стаўшы абсалютнымі чэмпіёнамі. Менавіта за гэта спаборніцтва Анастасія ўдастоена звання майстра спорту Рэспублікі Беларусь па аэробіцы танцавальнай.

— Аэробіка – больш хобі. Напэўна, нейкая замена гімнастыкі, каб падтрымліваць сваю форму і гнуткасць. Спорт для душы, які прыносіць мне асалоду, таму гэтым і займаюся. А калі нешта ў задавальненне, то і сумяшчаць з вучобай не цяжка, а наадварот – зараджае і напаўняе сіламі для плённай працы.

Сваю будучую дзейнасць Анастасія плануе звязаць са спецыяльнасцю, на якой вучыцца. Але ёй пакуль што складана дакладна выбраць прафесію. Як адзначае студэнтка, хочацца паспрабаваць сябе ў розных напрамках. Напрыклад, яна плануе папрацаваць менеджарам па маркетынгу, які ўзаемадзейнічае з кліентамі і распрацоўвае маркетынгавыя стратэгіі. Прываблівае другакурсніцу і праца ў дзяржаўных органах, напрыклад, у Міністэрстве фінансаў. 

— Хочацца атрымліваць асалоду ад сваёй працы, быць карыснай людзям. Я лічу, што няма няправільных дзеянняў, бо кожнае з іх вядзе нас туды, дзе мы павінны быць, і гэта непазбежна. Таму, што б я сёння ні рабіла для дасягнення сваёй мэты – гэта правільны кірунак, бо дзякуючы ўсім маім дзеянням я тая, хто я ёсць.

Для дзяўчыны важна вытрымліваць баланс паміж вучобай, хобі, сям’ёй, сябрамі і сваім асабістым жыццём. Яна лічыць, што нельга цалкам накіроўваць усе сілы на вучобу, або зацыклівацца на чымсьці адным, таму што у нашам жыцці шмат цікавага, незвычайнага, таго, што можа нас вучыць і забаўляць

Марыя КАРКВЕЛІС

print

Вам таксама можа спадабацца: