Як вывучыць кітайскія іерогліфы? Трэба практыка і цярпенне

15 Oct, 2015.

 Дарья Гиргель

Выкладчык журфака БДУ Дар’я Гіргель распавяла, як два гады працавала ў Хэнанскім універсітэце ў Кітаі.

Кітай – гэта вельмі экзатычная краіна для студэнтаў і выкладчыкаў. Неяк так выйшла, што людзі ўяўляюць сабе стажыроўку за мяжой у Польшчы, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, але ніяк не ў Кітаі. Аказваецца, што магчымасць патрапіць туды вельмі нават рэальная. Напрыклад, сёння ў Хэнанскім універсітэце вучацца маладыя філолагі з Беларусі.  На 2016–2017 гады зараз фарміруюць групу студэнтаў БДУ. Гэта стала магчымым пасля нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў універсітэтаў-партнёраў.
Так што ж гэта за краіна, Кітай, як туды патрапіць і, галоўнае, як там жыць і вучыцца, распавядае нам выкладчык Дар’я ГІРГЕЛЬ.
Дар’я Гіргель на радзіме працуе на кафедры літаратурна-маста­цкай крытыкі Інстытута журна­лістыкі. У 2013 г. па праграме су­працоўніцтва паміж БДУ і Хэнан­скім універсітэтам  Дар’я паехала ў Кайфын выкладаць рускую мову як замежную. Калі дазваляў расклад, Дар’я наведвала курсы кітайскай мовы для замежнікаў. Дарья Гиргель
– Калі я паведамляла блізкім, сябрам, што паеду працаваць на год у Кітай, у адказ часцей за ўсё чула словы здзіўлення, захаплення. Для мяне самой гэта было нечаканае рашэнне, пра якое я ні разу не пашкадавала. Улетку 2013 года я запісалася на курсы кітайскай для пачаткоўцаў, каб пад­рыхтаваць сябе, больш псіха­ла­гічна, вядома, да таго, што такое кітайская мова. Сумленна скажу, што пры першым знаёмстве з іерогліфамі задумалася: «А ці можна іх наогул вывучыць? У чым сакрэт?». Пазней, ужо ў Кайфыне, пазнаёмілася са студэнтам з Ру­мыніі, ён вельмі добра на той момант размаўляў па-кітайску, цяпер па стыпендыі кітайскага ўрада  вучыцца ў аспірантуры ў Пекіне. Я яго спытала, як жа ён запомніў гэтулькі іерогліфаў, слоў. Яго адказам былі два словы – практыка і цярпенне.
Усяго Дар’я прапрацавала ў Хэ­нанскім універсітэце два навучальныя гады 2013/2014 і 2014/2015. Каб зразумець, што такое Кайфын і Хэнанскі ўніверсітэт, можна паспрабаваць накласці гэта на бела­рускія рэаліі:

– Горад Кайфын – каля 5 міль­ёнаў жыхароў. Цэнтр правінцыі Хэнань, горад Чжэнчжоу – 13 міль­ёнаў. Сама правінцыя Хэнань – 94 мільёны. Для кітайцаў Кайфын – гэта не­вялікі горад. Як калі скажу, што я працавала ў Полацку.

Кайфын – гэта студэнцкі горад і адна са старажытных сталіц Кітая.

кайфын главная достопримечательность университета

Кайфын да таго археалагічна каш­тоўны, што ў яго гістарычным цэнтры забаронена будаўніцтва метро. У Хэнанскім універсітэце вучыцца каля 60 тысяч студэнтаў. Для параўнання ў БДУ 39 тысяч.
– Мяне не перастае здзіўляць, з якой стараннасцю ў Кітаі вывучаюць англійскую мову, пачынаючы ўжо з дзіцячага ўзросту. У кніжках для дзяцей казкі друкуюцца як на кітайскай, так і на англійскай мове. Я была сведкай таго, як сямі­га­до­вая дачка аднаго дзяржслужачага папрасіла вады. У Кітаі вам заўсёды будуць прапаноўваць гарбату ці ваду. Бацька строга сказаў ёй: «Папрасі па-англійску». Дзяўчынка задумалася. Бацька паказваў на шклянку з вадой, дамагаючыся правільнага адказу. Нашы вы­кладчыкі, магчыма, скажуць, што такога роду «дрэсіроўка» залішняя, шкодная для школьнікаў. Але, маючы зносіны з кітайцамі, я зразумела, што ў іх за працоўныя месцы вельмі вялікая канкурэнцыя, і веданне замежнай мовы асабліва вітаецца.
Маладыя кітайцы паступаюць у ВНУ па выніках іспыту ў школе. Дар’я распавядае, што для 99 % яе вучняў руская мова не была «жаданай», гэта значыць балы па выніках школьных іспытаў не дазвалялі ім «замахнуцца вышэй» і пачаць паглыблена вывучаць англійскую ці, напрыклад, нямецкую.
– На пытанне «Чаму вы вывучаеце рускую мову?» студэнт адказваў: «Такі мой лёс».

Цікава, што ў адказе не чулася ніякай іроніі. Гэта нагадвае мне кітайскую прыказку: «Задумвае справу чалавек, а здзяйсняе яе неба». Аднак, аднойчы вызначыўшыся з мэтай, кітайскі студэнт пачынае рупліва працаваць, каб потым стаць спецыялістам у абранай прафесіі.
* * *
– Кітайцы прыязна-цікаўныя. Яны могуць цябе разглядаць, фатаграфаваць. Пра сябе мне часта даводзілася чуць, што я вельмі высокая і што ў мяне белая скура. Часта можна пачуць «Hello!», асабліва ад дзяцей. Бывае, што кітайскі студэнт мае зносіны з замежнікам, каб папрактыкавацца ў гутарковай англійскай, да таго ж гэта неяк індывідуалізуе яго ў агульнай масе студэнтаў. Дарья Гиргель
Аднойчы ў сталовай я пазнаёмілася са студэнтам. Яго нямецкае імя Ёханэс (кітайцы выбіраюць сабе імёны той замежнай мовы, якую яны вывучаюць). Ён выдатна размаўляў на англійскай. Пра сябе распавёў, што вучыць нямецкую мову для таго, каб у бу­дучыні паехаць вывучаць мікра­біялогію ў Германію. Іншы студэнт, яго рускае імя Антон, адначасова вывучаў дзве спецыяльнасці – рускую мову і міжнароднае права. Мы праходзілі тэму «Мой вольны час». На традыцыйнае пытанне «Што ты любіш рабіць у вольны час?», Антон адказаў: «Я не магу жыць па сваёй мары». А марыць ён пра вандраванні, цяжка дасягальныя ў першую чаргу з прычыны недахопу часу. Як правіла, менавіта такія старанныя кітайскія студэнты паступаюць у магістратуру, аспі­ран­туру, едуць вучыцца за мяжу. Часам я запісвала за кітайскімі студэнтамі іх адказы, фразы з сачыненняў. Напрыклад: «Я хачу невялікі прагрэс кожны дзень», «Для паляпшэння якасці жыцця і дасягнення мэты трэба скласці расклад». Адзін студэнт наракаў: «Я не магу працаваць высокапрадукцыйна».
– Гэта хутчэй выключэнне, ці агульная карціна?
– Не магу сказаць, што такая агульная карціна. Ёсць, вядома, і звычайныя студэнты, якія прапускаюць заняткі, не заўсёды робяць хатняе заданне. Але, як правіла, у кожнай групе ёсць старанныя студэнты. Раніцай набліжаешся да навучальнага корпуса, і ўжо здалёку чуеш гуд – гэта студэнты паў­тараюць уголас хатнія заданні. У Кітаі падыход да вучобы традыцыйны: каб вывучыць іерогліфы, трэба запамінаць парадак рысак. Адвольнасць у напісанні, адступленне ад нормы не тое каб не вітаецца, а пра гэта нават не думаецца. Звычайна замежныя выкладчыкі адзначаюць добрую памяць кітайскіх студэнтаў. Але завучванне на памяць не спрыяе развіццю крытычнага мыслення. Таму толькі цяпер у кітайскіх універсітэтах пачынаюць уводзіць курс, які на Захадзе завецца criticalthinking. У працы з кітайскімі студэнтамі адбіваецца калектывісцкі тып мыслення. Як напісала адна студэнтка: «Мы часта робім усё разам».

китайские студенты Цікава, што кітайскія студэнты ахвотна падказваюць адзін аднаму, у адрозненне ад еўрапейскіх ці амерыканскіх студэнтаў. Кітайцы ўмеюць так сябе паводзіць, каб у непрыемнай для іх сітуацыі не «страціць твар». У кітайскай культуры ёсць адмысловае слова, якое выказвае сацыяльныя сувязі, адчуванне таварыства, роднасці, – «гуансі». Памятаю, у адной групе студэнт Барыс заўсёды падказваў тым, хто выходзіў пісаць словы на дошцы. Нават пасля таго, як я яму зрабіла не адну заўвагу, Барыс адказаў: «Ён мой сябар».
* * *
Усе кітайскія студэнты-першакурснікі абавязкова прахо­дзяць ваенную падрыхтоўку. Усе – і дзяўчаты таксама. Назірала, на­колькі сур’ёзна яны да гэтага ставяцца – штодзённыя пастраенні, маршаванні, узняцце сцяга КНР, змена варты. Запомнілася з сачынення: «На маёй радзіме заўсёды сонечнае надвор’е». Кітайскія студэнты сапраўды патрыёты, ганарацца тым, што яны кітайцы.
– Пры гэтым так капіююць Англію?
– Кітайцы наогул майстры ў тым, што тычыцца капіявання…Ёсць мода на англійскую мову, еўрапейскае, амерыканскае.

 Дарья Гиргель

Напрыклад, яны адзначаюць Каляды 25 снежня, але, вядома, па-свойму – дораць адзін аднаму прыгожа запакаваныя яблыкі. Яблык па-кітайску сугучны з мірам, спакоем, дабрабытам.
– Давайце пагаворым пра ўмовы. Хто за што плаціў? І якія там умовы?
– Хэнанскі ўніверсітэт аплачвае пералёт, дае бясплатнае жыллё. Усё, як прапісана ў дамове пра супрацоўніцтва паміж БДУ і Хэ­нанскім універсітэтам.
– Якая заработная плата?
– Камерцыйная таямніца, – загадкава ўсміхнулася Дар’я. – Бу­дзеце выкладчыкам – даведаецеся. На жыццё, вандраванні хапае. Першы год я жыла ў інтэрнаце для кітайскіх выкладчыкаў. На другі год мне далі кватэру. Заняткі па рускай мове (20 акадэмічных гадзін у ты­дзень), курсы кітайскай мовы, хатнія заданні – і вольнага часу застаецца не так шмат. У кітайскіх студэнтаў ёсць вялікі перапынак на абед з 12.00 да 14.30. У гэты час кітайцы, як правіла, адпачываюць, у іх дзённы сон. Калі кітайскія студэнты даведваюцца, што ў Расіі і ў Беларусі гэта не прынята, яны шчыра здзіўляюцца.
– А дзе ж яны спяць?qHoz9o3yZ
– У інтэрнатах. Навучальныя карпусы і інтэрнаты побач.
Умовы для студэнтаў будуць троху адрознівацца. На наступны год кітайскі бок можа прыняць да 20 навучэнцаў з БДУ. Пражыванне, вучоба бясплатна. За пералёт студэнты плацяць самі. У маі 2016 года канчаткова стане вядома, ці вылучаць студэнтам БДУ стыпендыі. Рашэнне прымае Міністэрства адукацыі КНР. Верагоднасць станоўчага адказу 80-90 %. Наогул, у Паднябеснай вельмі цікавая філасофія прыняцця рашэнняў. Слухаем Дар’ю:
– У іх таксама бюракратыя?
– У іх шмат папер. У Кітаі распаўсюджаны інстытут пасярэд­ніцтва, гэта значыць пры рашэнні любога пытання спачатку трэба звярнуцца да пасярэдніка, які перадае вашу просьбу свайму начальніку. Усё вельмі-вельмі павольна. Ужо жывучы ў Кітаі, я пачала шукаць інфармацыю, як разумець кітайцаў. Магу параіць студэнтам, якія паедуць у Кітай, кнігу Аляксея Маслава «Назіраючы за кітайцамі. Утоеныя правілы па­водзін». Шчыра скажу, чытала, канспектавала, перачытвала. Аўтар на розных прыкладах тлумачыць, што ў Кітаі нішто не робіцца проста і адразу, і калі ў вас няма цярпення і вытрымкі, то лепш падумаць, ці варта  вам ехаць у Кітай. Хачу падзяліцца адной з улюбёных кітайскіх прыказак: «Бывае толькі няправільны шлях, але не бывае бязвыхаднага становішча». Выйсце заўсёды ёсць, застаецца знайсці правільны шлях.

У Кітаі трэба ўмець трываць, ператрываць, не губляць твар, не ствараць сітуацыі, каб іншы страціў свой твар. Я пытаю кітаянку, яе рускае імя Валя: “Калі прыйдзе майстар, каб наладзіць у кватэры інтэрнэт?” – “На гэтым тыдні”. – “Валя, сёння панядзелак. Тыдзень заканчваецца ў пятніцу. Калі ён прыйдзе?” – “На гэтым тыдні”. – “У панядзелак?” – “Так”. –”А калі?” – “Пасля абеду”. – “Валя, а пасля абеду – гэта ў колькі? У мяне заняткі пачынаюцца ў 19 00, як доўга мне яго чакаць?”. І на ўсе мае падобныя пытанні можна пачуць адказ: “Дар’я… разумееш… Кітай – гэта такая краіна…” Я і калегі з Растова-на-доне вельмі палюбілі гэту фразу: “Кітай – гэта такая краіна…”
* * *
Адзін кітаец (ён добра ведае рускую мову) даваў мне сапраўды неацэнныя парады, якія зводзіліся да двух слоў: «Сядзі і чакай». Калі ў мяне нейкая праблема, яе трэба вырашыць, самыя правільныя па­во­дзіны ў такой сітуацыі будуць: першае – прыйсці ў офіс; другое – спакойна выказаць сваё пытанне; трэцяе – чакаць і не сыходзіць з офіса, пакуль не пачуеш пэўны адказ. Гэта якраз той выпадак, калі спачатку звяртаешся да пасярэдніка, а ён ужо звязваецца са сваім начальнікам. Але калі сы­дзеш адразу, то кітайцы палічаць, што рашэнне праблемы не так для цябе важнае, і адкладуць яго ў доўгую скрыню.
* * *
– Чуў, што ў Кітаі дрэнная экалогія. Гэта адчуваецца?
– Вядома, праблемы з экалогіяй ёсць. Калі прыязджаеш у Кайфын, то першае адчуванне, што ўвесь горад у пыле. Многія кітайцы хо­дзяць з маскамі на твары. Маску яны носяць у чатырох выпадках: хвароба, халоднае надвор’е, забруджванне паветра і проста даніна модзе. Пасля двух гадоў, праведзеных у Кітаі, асабліва пачынаеш шанаваць зялёныя паркі Мінска і сіняе неба над галавой. Асобна можна згадаць праблему з пітной вадой. У Кітаі не рэкамендуецца піць ваду з-пад крана. Таму купляла бутыляваную ваду. Проста да гэтага прывыкаеш.
– З інтэрнэтам праблемы ёсць?
– Блакуецца YouTube, Facebook, Gmail не адкрываецца. «УКантакце» працуе спраўна. Я люблю спампоўваць фільмы, таму перад паездкай троху турбавалася, ці будзе ў мяне такая магчымасць у Кітаі. Вырашыла падстрахавацца, і яшчэ дома ў Мінску запісала фільмы на вонкавы дыск. Але, апынуўшыся ў Кітаі, пераканалася, што ў гэтым не было неабходнасці.
Дар’я не хавае захаплення. Як гэта ні цяжка – выпасці з жыцця тут амаль на два гады і пражыць нечае жыццё там, яна ні пра што не шкадуе:
– Гэта lifechangingexperience. У дачыненні да Кітая, вывучэння кітайскай мовы мне ўспамінаюц­ца словы Уладзіміра Малявіна, аднаго з найлепшых кітаязнаўцаў у свеце, – «чым цяжэй, тым цікавей». Тым студэнтам, якія прынялі рашэнне пазнаёміцца з Кітаем блі­жэй, скажу, што баяцца са­праўды не трэба, а весела, з адкрытым сэрцам ісці наперад. Як вядома, дарога ў тысячу пачынаецца з першага кроку. Спадзяюся, што гэтай дарогай пойдуць самыя адважныя.
Віталь АРЭШКА

Што трэба зрабіць, каб патрапіць на гадавую стажыроўку ў Хэнаньскі ўніверсітэт.

Крок 1.

Запісацца на курсы кітайскай мовы для пачаткоўцаў. Курсы будуць праходзіць на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ. На момант падрыхтоўкі матэрыялу ў спісе ахвотнікаў пайсці на курсы 38 студэнтаў. Звяртацца можна да Дар’і Мікалаеўны Гіргель па электроннай пошце dh233@mail.ru.

Крок 2.

Увесну 2016 года трэба добра здаць тэст па кітайскай мове, які вызначыць узровень валодання мовай. Студэнты, якія атрымалі самы высокі бал па выніках тэста, змогуць прэтэндаваць на тое, каб удзельнічаць у праграме абмену. Па ўмовах праграмы вучоба і пражыванне бясплатныя, таксама прадугледжваецца штомесячная стыпендыя (верагоднасць таго, што Міністэрства адукацыі КНР вылучыць стыпендыі – 80-90 %). Пералёт студэнт аплачвае самастойна.

Крок 3.

Нават калі не атрымалася апынуцца ў ліку тых, хто паедзе ў Хэнаньскі ўніверсітэт у 2016 годзе, можна працягнуць вывучаць кітайскую мову і ўжо ў 2017 годзе ўдзельнічаць у праграме абмену.

 

 

Шанхай

 

print

Вам таксама можа спадабацца: