Творчыя калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вядомыя яскравымі нумарамі і запамінальнымі выступленнямі. Кожны з іх стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця ўніверсітэта. На старонках газеты «Універсітэт» стартуе прект музея гісторыі БДУ «Размовы пра культуру і творчасць», дзе кіраўнікі калектываў падрабязней распавядуць пра асаблівасці сваіх напрамкаў, працу ў камандзе і творчы шлях. У гэтым матэрыяле ўспамінамі і разважаннямі падзеліцца мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца «Крыжачок» Ігар Юр’евіч Музалеўскі.
Ігар Юр’евіч Музалеўскі нарадзіўся 30 чэрвеня 1963 г. у горадзе Арол (Расія). Харэаграфічную адукацыю атрымаў у Арлоўскім філіяле Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры (цяпер – Арлоўскі дзяржаўны інстытут культуры). Падчас службы ў войску ўваходзіў у склад ансамбля песні і танца Маскоўскай ваеннай акругі. З’яўляўся салістам Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Творчы шлях працягнуў у Дзяржаўным ансамблі танца Рэспублікі Беларусь. З 1992 г. – саліст ансамбля танца «Крыжачок». З 2007 г. па цяперашні час з’яўляецца мастацкім кіраўніком і галоўным балетмайстрам ансамбля. У 2016 г. быў удастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь».

З чаго пачаўся ваш шлях у прафесію?
Навучанне ў Арлоўскім філіяле Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры стала пачаткам майго творчага шляху. Там я атрымаў якасную рознабаковую падрыхтоўку. З цяплом успамінаю пра свае студэнцкія гады. Гэта быў цікавы шчаслівы час. З таго моманту цаню магчымасць пагутарыць з цікавымі людзьмі і пераняць іх досвед. Вялікі ўплыў на мяне як на спецыяліста аказала праца ў творчых калектывах: ансамбль песні і танца Маскоўскай ваеннай акругі, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Крыжачок». Усё гэта для мяне каштоўны і ўнікальны досвед. Лічу, што кіраўнік павінен быць прафесіяналам.
Ці памятаеце вы свой першы працоўны дзень у якасці мастацкага кіраўніка ансамбля танца «Крыжачок»?
Калі я прыйшоў у ансамбль у якасці мастацкага кіраўніка, мне трэба было нанова яго сфарміраваць і згуртаваць. Неабходна было па-новаму зірнуць на ўжо наяўны рэпертуар, прадумаць канцэпцыю будучых танцавальных нумароў. Таксама было важна ўмацаваць фізічную падрыхтоўку салістаў. Дагэтуль лічу гэта асновай паспяховых выступленняў.
Як з часам змяніўся рэпертуар ансамбля?
Асновай рэпертуару былі і застаюцца беларускія народныя танцы. Напрыклад, «Крыжачок», «Кросны», «Полька праз нагу», «Купалінка». Аднак цяпер, у стагоддзе высокіх тэхналогій і інфармацыі, актуальным з’яўляецца ўдасканаленне і развіццё. Хочацца прыўнесці штосьці новае ў звыклыя танцавальныя нумары. У той жа час «Крыжачок» выступае з танцамі народаў свету, напрыклад, з венесуэльскім танцам «Харопа». Ёсць у рэпертуары «Крыжачка» і такія эфектныя пастаноўкі, як «Пчолка», «Гусар», «Мора сустракае».
Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць танцор?
Перш за ўсё ў танцора павінна быць дысцыплінаванасць. Менавіта паслядоўнае выкананне дзеянняў прыводзіць да жаданага выніку. Вельмі важнай лічу добрую фізічную падрыхтоўку, шмат увагі надаю гэтаму на рэпетыцыях. Таксама неад’емным складнікам з’яўляецца артыстычнасць і ўменне перадаць вобраз так, каб гледачу ўсё было зразумела.

Як адбываецца пастаноўка новых танцавальных нумароў?
З самага пачатку ў мяне ёсць выразны план заняткаў. Я разумею, чаго мне трэба дамагчыся ад калектыву на кожнай рэпетыцыі. Заўсёды павінен быць вынік. Вельмі важным лічу ўменне растлумачыць, як гэтага дасягнуць самым кароткім шляхам. Гэта карпатлівая праца. З першай хвіліны рэпетыцыі я рыхтую іх да апошняй хвіліны выступлення. Так праходзіць кожная рэпетыцыя дзень за днём, месяц за месяцам. Вялікі ўклад у падрыхтоўку танцавальных нумароў уносіць каманда прафесіяналаў: балетмайстар Ірына Какорына, канцэртмайстар Мікалай Чарнамораў, кіраўнік аркестра Сяргей Валахановіч. Суладная сумесная праца прыводзіць да добрага выніку.
Як вы настройваеце калектыў перад выступленнем?
Мне складана падзяліць рэпетыцыю і выступленне, таму што гэта адзіны працэс бесперапыннай працы. Канцэрт – вынік гэтай працы. Так ці інакш патрэбная добрая матывацыя. Я заўсёды імкнуся зацікавіць калектыў, каб яны прасякнуліся ідэяй танца і разумелі, дзеля чаго працуюць.
Падзяліцеся, калі ласка, самым яркім успамінам, звязаным з ансамблем.
Усе яны так ці інакш звязаны з выступленнямі. Падчас канцэртаў і гастроляў «Крыжачок» атрымлівае ўнікальны досвед і магчымасці. Асабліва запомнілася выступленне ансамбля ў г. Клайпеда, пасля якога з’явілася думка пра пастаноўку новага танцавальнага нумара «Мора сустракае». Ён стаў адным з самых вядомых у рэпертуары ансамбля.

Якім дасягненнем ансамбля вы ганарыцеся больш за ўсё?
Да моманту пачатку майго кіраўніцтва ансамбль ужо меў званне «народны», аднак некалькі гадоў яго не пацвярджаў. Першай мэтай стала пацвярджэнне дадзенага ганаровага звання. Пасля гэтага карпатлівая праца працягнулася і ўжо ў 2011 г. ансамбль быў удастоены звання «заслужаны». Лічу, што такія дасягненні добра паказваюць характар ансамбля, у прыватнасці, яго працавітасць.
Што, на ваш погляд, адрознівае «Крыжачок» ад іншых ансамбляў танца?
Думаю, гэта гісторыя стварэння ансамбля. Сімвалічна, што ён быў утвораны ў 1945 г., пасля Вялікай Айчыннай вайны. У няпростых умовах паваеннага часу новы танцавальны калектыў – сапраўднае адкрыццё і ў той жа час вялікая адказнасць. «Крыжачок» стаў пачаткам важнага этапу ў развіцці культурнага жыцця ўніверсітэта. Вось ужо 80 гадоў ансамбль жыве, працуе і ўдасканальваецца.
Якім вы бачыце ансамбль у будучыні?
Упэўнены, што калектыў працягне радаваць гледачоў новымі танцавальнымі нумарамі і адзначыць яшчэ не адзін юбілей.
Дар’я АРТАМОНАВА
