«Такі малакасос, а ўжо камандзір роты. Чаму?»

5 мая, 2014.

давыдюк георгий бгу «Адзін абстраляны салдат у баі варты 10 неабстраляных», – так можна сказаць пра Георгія ДАВІДЗЮКА, вядомага навукоўца-сацыёлага, доктара філасофскіх навук. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яму так і не давялося пабыць салдатам. Яго адразу прызначылі камандзірам аддзялення партызанскага атрада, затым – камандзірам узвода, і ў няпоўныя 20 гадоў – камандзірам роты. Георгій Пятровіч успамінае, як былы капітан Чырвонай Арміі, з якім разам ішлі выконваць заданне партызанскага кіраўніцтва, абураўся: «Ты такі малакасос, а ўжо ка­ман­дзір роты. Чаму?» «Запытай пра гэта ў на­чальніка штаба», – коратка адказаў яму тады Георгій Давідзюк. Пра такіх ветэранаў, як Георгій Давідзюк, гавораць яшчэ, што ён «пораху панюхаў». «Што праўда, то праўда», – згаджаецца прафесар. Порах ён нюхаў кожны тыдзень, а можа і некалькі разоў на тыдзень, і добра ведае, чым той пахне. «Аднойчы так панюхаў, што ледзь не страціў жыццё», – жартуе Георгій Пятровіч. Партызаны яго роты ве­ль­мі часта вы­ходзілі на падрыў чыгуначных рэек, якія фашысты выкарыстоўвалі для сваіх патрэб. Міну закладвалі пад рэйкі, а падрывалі іх пры дапамозе шнура, які цягнуўся далёка ў лес. Не паспеў Георгій Давідзюк адысці ад замініраваных рэек на бяспечную адлегласць, як прагучаў выбух. Яго засыпала зямлёй, а асколкі ад міны моцна ўпіліся ў спіну. Пасля гэтага выпадку ка­мандзі­рам партызан было забаронена самім падрываць чыгуначнае палатно. Для гэтага з Масквы спецыяльна былі прысланы вывучаныя мінёры. Трэба сказаць, што Георгій Давідзюк быў паранены ў баях некалькі разоў, амаль кожны год на працягу вайны. Першае раненне ў правае плячо ён атрымаў у 1942 г. у адкрытым баі з немцамі пад Ганцавічамі. Другое яго напаткала пад Кобрынам зімой 1943 г., калі ён праваліўся пад лёд і пакалечыў ногі, уцякаючы ад нямецкіх патрулёў. Трэцяе раненне здарылася падчас абароны Дня­проўска-Бугскага канала ад мадзьярскага палка, які немцы кінулі супраць беларускіх партызан. Бой з мадзьярамі адбыўся на ўчастку Ляхавічы–Зарэчка 21 лютага 1944 г. Рота Давідзюка ў складзе брыгады атрада імя Шыша смела ўступіла ў сутычку з ворагам. Заняўшы паўночную частку ўсё таго ж Дняпроўска-Бугскага канала, праціўнік атакаваў роту і спрабаваў прарвацца праз мост, фарсіраваць у розных месцах водную перашкоду. Партызаны рашуча дзейнічалі ў гэтых абставінах. Калі ў трэцюю атаку выйш­лі да драўлянага моста тры танкі, Георгій Давідзюк загадаў некалькім партызанам пад­рыхтаваць супрацьтанкавыя гранаты. У апошні момант дапамог мінамёт: міна трапіла ў гусеніцу танка. З люка пачалі вылазіць ворагі. У гэты час запрацаваў партызанскі кулямёт. Танкісты мёртвымі павіслі на брані танка. Двухкіламетровы ўчастак канала адной роце з групай разведчыкаў утрымаць было складана, бо яны змагаліся з цэлым батальёнам мадзьяраў. Здавалася, што рота Давідзюка і ўзвод разведкі вычарпалі свае магчымасці, заканчваліся боепрыпасы. Вёска Зарэчка палала ў агні. З-за вугла дома Давідзюк адкрыў агонь з аўтамата. Падчас стральбы разрыўная куля ворага трапіла ў далонь, аўтамат выпаў з рук. Георгій перавязаў руку і працягнуў бой. Нягледзячы на вялікія страты, праціўнік кідаў і кідаў у атаку свежыя рэзервы на ўсім рубяжы абароны вёскі Зарэчка. У крытычны момант Давідзюк загадаў партызанам адысці на другую лінію абароны. Неўзабаве стральба і артылерыйская кананада пачалі заціхаць. Вораг не пайшоў далей за вёску. Але для Георгія Давідзюка гэты бой стаў апошнім. З прычыны ранення ён пачаў лі­чыцца «нестраявым», і яго спісалі з фронту. Нельга сказаць, што Георгію Пятровічу прыемна ўспамінаць свае раненні. Лячыць іх было вельмі цяжка. У першыя гады вайны партызаны не мелі ўласных шпіталяў. Ды і ствараць іх не было сэнсу: нешматлікія партызанскія атрады вымушаны былі пастаянна ўцякаць у глыбіню лесу ад пераследу немцаў. Параненыя перамяшчаліся разам з атрадам у павозках. Хоць яны знаходзіліся пад наглядам партызанскага ўрача, лячыць іх не было чым. Лепш было, калі параненых бралі да сябе сяляне. Прафесар памятае, як яго паламаныя ногі зімой 1943 г. цэлы месяц выходжвалі ў сялянскай хаце. Зусім іншая рэч, чым цярпець боль на холадзе. Зямлянкі, якія ў канцы вайны пачалі будаваць партызаны, калі немцы ўжо баяліся іх колькаснай перавагі, Георгій Пятровіч таксама лічыць за раскошу, бо асабіста яму часта прыходзілася разам з астатнімі байцамі класціся спаць на снег. І, што цікава, ён ніколі не хварэў. Давідзюк успамінае з усмешкай сваю 50-кіламетровую разведку да ўкраінскага мястэчка Корыстань. Сам камандзір брыгады Герасімаў назваў яе цяжкім і незвычайным заданнем. Група партызан павінна была прайсці праз лінію фронту ўглыб тэрыторыі. Камандаванне не ведала, з якімі варожымі сіламі могуць сутыкнуцца пад час вандроўкі разведчыкі, ды і балоты на іх шляху былі топкімі. А выйшла наадварот, Георгію Да­відзюку пашанцавала. Ён са сваёй групай так і не сустрэў немцаў. Балоты таксама не стваралі перашкод для выканання задання, бо былі пакрыты лёдам. Пасля вяртання разведка данесла, што ў напрамку Ровенскай вобласці ўсё спакойна. Калі ў маі 1943 г. Георгія Давідзюка прымалі ў партыю, усе члены партбюро пра­галасавалі за яго кандыдатуру аднагалосна. Іх характарыстыка была красамоўнай: «Гэта найлепшы ў атрадзе камандзір роты. Яго баявыя заслугі, яго аўтарытэт сярод партызан усім добра вядомыя». Ганна ЛАГУН Давидюк Георгий бгу
На фота: 2. Георгій Давыдзюк у цэнтры разам са сваімі байцамі
 
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *