Стыхіі прафесара Бондаравай: да 100-гадовага юбілею заснавальніцы беларускай школы кінакрытыкі

23 Nov, 2022.

Замежныя калегі жартаўліва называлі яе «партызанскай Фросяй», беларускія сябры далі імя «матрыярх айчыннай кінакрытыкі». Вучні-рэжысёры Віктар Дашук і Анатоль Алай лічылі яе сваёй хроснай маці і анёлам-ахоўнікам. У дзяцінстве яна марыла пра неба, і стала адной з першых па велічыні зорак беларускага кіназнаўства. Усё гэта – пра прафесара Еўфрасінню Леанідаўну Бондараву, з дня нараджэння якой 25 лістапада спаўняецца 100 гадоў.

Еўфрасіння Бондарава нарадзілася ў вёсцы Гапонава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. У вялікай вясковай сям’і яна была пятым дзіцём і самай малодшай з сясцёр. Бацькоўскія ўрокі былі простымі, нешматслоўнымі, але вельмі канцэнтраванымі. Іх дзяўчына памятала ўсё жыццё.

«Мае бацькі былі звычайнымі сялянамі, і іх урокі ў асноўным працоўныя: пра стаўленне да зямлі, да жыцця… Яны ніколі не гаварылі мне слоў пра сумленнасць, чалавечую годнасць. Казалі: не лянуйся, працуй, дапамагай іншым. А яшчэ – не вазьмі чужога – зарабі сваё», – узгадвала Еўфрасіння Леанідаўна ў гутарцы з Таццянай Падаляк для газеты «Універсітэт» (№ 15 ад 22 верасня 2011 года).

У дзіцячыя гады дзяўчынка, убачыўшы ў часопісе авіяцыйную форму непаўторнай прыгажосці, марыла стаць лётчыцай. Пазней задумалася пра геолагаразведачны інстытут: так хацелася вандраваць! Але пасля заканчэння дзесяцігодкі яе паклікаў да сябе ў Ленінград, дзе вучыўся ў Інстытуце кінаінжынераў, старэйшы брат Якаў. Як выдатніца, Фруза без экзаменаў была залічана на гістарычны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. Выбар схіліўся ў гэты бок яшчэ і таму, што толькі на гістфаку тады давалі інтэрнат.

«Толькі мяне вельмі цягнула на філфак. У Ленінградзе я даведалася, што ў горадзе ёсць Інстытут журналістыкі імя Вароўскага, і захацела з наступнага – 1941-га – года там вучыцца. Планы перарвала вайна», – расказвала вучням Еўфрасіння Бондарава.

Навучанне на гістфаку таксама хутка давялося спыніць, каб зарабляць: сям’я жыла небагата. Еўфрасіння вярнулася дадому, дзе побач з працай піянерважатай для яе адкрывалася дарога ў журналістыку: падпрацоўкай хацелася дапамагчы не толькі бацькам, але і фінансава падтрымаць брата-студэнта. Так, пад словы дыктара радыёкропкі раённай газеты «Увага! Увага! Гаворыць лёзненскі радыёвузел. Перадаём апошнія паведамленні» адбывалася ўваходжанне ў справу жыцця.

З пачаткам вайны дзяўчына моцна захварэла. Неўзабаве прыйшлі звесткі, што падчас блакады Ленінграда загінуў брат. Пазней яна прысвеціць яго памяці большасць сваіх дасягненнняў, але тады патрэбна было выбудоўваць арыенціры будучыні без яго.

Пасля вызвалення Лёзненскага раёна Еўфрасінню паклікалі працаваць у раённую газету. Тут яна прайшла «баявое» хрышчэнне: тром чалавекам, якія ўручную выпускалі нумар, прыйшлося сумяшчаць некалькі пасад – карэспандэнта, рэдактара, наборшчыка. А пасля працы бегла на заняткі самадзейнасці, якой яна тады кіравала.

У 1945 годзе Еўфрасіння Бондарава паступіла на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, разам з невялікай групай аднагодкаў увайшоўшы ў першы набор беларускіх журналістаў. І з першых курсаў журналісцкая практыка аднавілася: дзяўчына ўвесь час працавала ў рэспубліканскім друку, крыху пазней – у аддзеле навін на радыё. Тады ж з’явіўся яе каронны студэнцкі прынцып: «На “чацвёрку” – ведаю, на “пяцёрку” – як пашанцуе, а на “тройку” – не здамся».

Праз некалькіх дзесяцігоддзяў у інтэрв’ю Еўфрасіння Леанідаўна раскажа, што яе жыццё – гэта «дзве стыхіі – журналістыка і кіно, якія ідуць побач і дапаўняюць адна адну». А студэнцтва – менавіта той час, калі яна як журналіст выбрала для сябе напрамак, пра які марыў брат, – кіно. Канчатковаму вызначэнню паспрыяў выпадак – сустрэча з пісьменнікам і сцэнарыстам Міхаілам Блісцінавым: ён запрасіў Еўфрасінню на пасаду рэдактара-кансультанта ў Міністэрства кінематаграфіі пры Саўміне БССР.

«Спачатку здзівілася: які з мяне кінакансультант? А потым згадзілася, бо зразумела, што пасада будзе цікавай, дасць магчымасць творча расці, – узгадвала прафесар Бондарава ў інтэрв’ю часопісу «Мастацтва» (№10 за 1997 год). – Давялося самастойна скончыць кінаінстытут – перачытала шмат сцэнарыяў, літаратуры па кіно, прагледзела шмат фільмаў, брала камандзіроўкі ў Маскву і Ленінград, у фільмасховішчах вывучала вытворчы працэс – ад запуску кіно да прэм’еры. І ўжо калі Міністэрства кінематаграфіі пераўтварылі ў частку Міністэрства культуры, мяне прызначылі галоўным рэдактарам па вытворчасці фільмаў».

Пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчына паступіла ў аспірантуру, пачала займацца даследчыцкай дзейнасцю. У 1953 годзе малады спецыяліст абараніла кандыдацкую дысертацыю, і яе запрасілі выкладаць гісторыю беларускага кіно на факультэце журналістыкі. Так паступова нарадзіліся спецкурсы «Нарыс і фельетон у друку» і «Літаратурна-мастацкая крытыка», пабачылі свет вучэбныя дапаможнікі і кнігі па кінакрытыцы, з’явілася нямала артыкулаў, рэцэнзій і творчых партрэтаў сучаснікаў.

 

 

З цягам часу размовы пра кіно перасяліліся і дадому да Еўфрасінні Бондаравай – яна выйшла замуж за аператара Алега Аўдзеева, з якім яны пазнаёміліся на «Беларусьфільме». Ды і сярод сяброў было нямала людзей, звязаных з галіной.

Пра кіно яна не пераставала пісаць ніколі. Блізкія Еўфрасінні Леанідаўны гавораць, што яна не дзяліла выданні на«вялікія» і «малыя»: з аднолькавай аддачай яна пісала ў раёнкі і шматтыражкі, абласныя і рэспубліканскія газеты, у «тонкія» масавыя і «тоўстыя» спецыялізаваныя часопісы. Гэтак жа яна ставілася і да людзей.

Неад’емнай часткай жыцця галоўнага кінакрытыка Беларусі заўсёды была педагагічная дзейнасць. Прафесар Бондарава была «неспакойным» выкладчыкам: курыравала студэнцкія выданні журфака, кіравала навуковымі работамі, выпускала альманах літаратурна-мастацкай творчасці, ладзіла творчыя сустрэчы і кінавечары. І галоўнай педагагічнай якасцю Еўфрасінні Леанідаўны, як успамінаюць яе студэнты, было жаданне «заразіць» студэнтаў любоўю да кіно, журналістыкі і творчасці ў цэлым. Моладзь нават жартавала: «Бондарава нам усім зрабіла прышчэпку да кіно». А яшчэ прафесар не магла не падтрымліваць старанных пачаткоўцаў, калі тыя рабілі першыя крокі ў мастацтва, навуку ці журналістыку.

Еўфрасіння Леанідаўна гаварыла, што ёй як педагогу і крытыку цікава адшукваць у студэнтах іскрынкі таленту і распальваць іх. Невыпадкова ў педагагічным «актыве» Бондаравай нямала вядомых вучняў. Сярод іх – крытыкі Людміла Саянкова-Мяльніцкая, Ніна Фральцова, Людміла Перагудава, кінарэжысёры Анатоль Алай, Ігар Дабралюбаў, Віктар Дашук, прафесар Таццяна Падаляк і інш. «Тачылі» стыль пад яе наглядам у рукапісным альманаху «Творчасць журналіста» і некаторыя пісьменнікі – Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Іван Пташнікаў і Іван Чыгрынаў.

Калегі педагога ўзгадваюць, што на факультэце яна заўсёды была занятай: то чытала, то выступала апанентам, то пісала водгукі на аўтарэфераты дысертацый. На ўшчуванні наконт бяссонных праз працу начэй яна жартавала, называючы сябе «чалавекам з незгінальнай спінай» ці апраўдвалася кароткім: «Мне сёння запісалася». А яшчэ Еўфрасіння Леанідаўна была добрым арганізатарам і суразмоўцам: на сустрэчы са студэнтамі, якія ладзіла выкладчыца, у розныя часы завітвалі Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Вольга Іпатава, Янка Брыль, рэжысёры Ларыса Шапіцька, Вадзім Абдрашытаў, кінакрытыкі Георгій Капралаў і Расціслаў Юрэнеў.

У асяроддзі калег і студэнтаў прафесара Бондаравай за ёй назаўсёды замацаваўся вобраз патрабавальнага, прамалінейнага і ў той жа час добрага і схільнага да спачування чалавека з незвычайным пачуццём гумару. Яна ўмела слухаць іншых і шмат вучылася ў тых, хто быў побач, адначасова па ўсіх пытаннях маючы ўласную пазіцыю. Магла «рубануць» праўду ў вочы, не баялася быць рэзкай і заўсёды насіла студэнтам абаранкі. Яе не баяліся, але мала хто меў духу з ёй спрачацца: у кутках яе вачэй жыў свет, які мог расфарбоўваць усмешку прафесара ў добрую ці злёгку хітраватую.У многіх выпускнікоў педагога журфак і сёння асацыіруецца з ёй – Бондаравай, якая расказвае пра кіно.


Даведка

Еўфрасіння Леанідаўна Бондарава (1922–2011) – прафесар, доктар філалагічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, кінакрытык, журналіст, педагог, заснавальнік беларускай школы кінакрытыкі.

Аўтар кніг «У кадры і за кадрам» (1969), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране», «Ад сэрца – да сэрца» (2001) і інш.

 

Ірына ІВАШКА

print

Вам таксама можа спадабацца: