«Матчыны рукі». У БДУ пройдзе дабрачынная акцыя да Дня маці

8 Oct, 2014.

бгу день матери

Для шматдзетных маці Саюз жанчын БДУ праводзіць 10 кастрычніка дабрачынную акцыю “Матчыны рукі”. За салодкім сталом і кубачкам гарбаты на філфаку сустрэнуцца каля 30 матуль, якія гадуюць па сямёра, шасцёра, пяцёра і трое дзяцей.
Свята распачнецца з прывітальнага слова і віншаванняў кіраўніцтва філалагічнага факультэта. Затым жанчыны змогуць наведаць музей беларускай нороднай культуры філфака на К. Маркса,31. Прапануюць шаноўным гасцям паўдзельнічаць і ў конкурсе на лепшую сямейную гісторыю, пераможцаў якога чакаюць прызы. Напрыканцы, для жанчын будзе арганізаваны канцэрт фальклорна-этнаграфічнага гурта “Багач”.  І самае галоўнае, на гэтым сходзе нарэшце аб’явяць аб стварэнні Клуба “Мацярынскае веча”. Дзякуючы ўзнікненню новай суполкі шматдзетныя маці змогуць часцей, чым адзін раз у год збірацца разам, каб падзяліцца вопытам у выхаванні дзяцей.
У некаторых з іх ён вельмі багаты. Напрыклад, старшы выкладчык ФФСН Вольга Ігнаценка выхоўвае 7 дзяцей, супрацоўнік ГУН Алена Корвін-Кучынская – 6 дзяцей. Не адстае ад іх і бібліятэкар Аляксандра Шульга, у якой таксама шасцёра дзяцей, меншаму споўнілася крыху больш за год. Пакаёўка Студэнцкага гарадка Галіна Каштальян клапоціцца аб 5 дзецях. Усіх шматдзетных маці, а сярод іх і кандыдаты навук, навуковыя супрацоўнікі, выкладчыкі, лабаранты, а таксама простыя прыбіральшчыцы звязвае адно: яны здольныя забыцца на эгаізм і ўласныя патрэбы, каб сваё жыццё цалкам прысвяціць дзецям. Некаторыя з іх толькі пачалі ісці гэтым нялёгкім шляхам і зусім нядаўна перайшлі ў катэгорыю шматдзетных маці, нарадзіўшы трэцяе дзіця. Сярод іх супрацоўнік УМС Таццяна Багамазава, выкладчык ФФСН Іна Гуліс, Алеся Чарнец, Наталля Сушынская і Арусяк Мацінян-Скрыпчэнка з біяфаку і іншыя. Дэкрэтны адпачынак, які пазбаўляе іх ад працоўных абавязкаў, запоўнены штодзённымі клопатамі аб немаўлятах. І яны з радасцю ўспрымаюць запрашэнне на такія сустрэчы, каб мець магчымасць паразмаўляць і адпачыць у сяброўскай атмасферы.
Узначальваюць спіс шматдзетных матуль біёлагі. На другім месцы па шматдзетнасці- юрысты. Не нашмат адстаюць ад іх радыёфізікі. Актыўныя і жанчыны-бібліятэкары. Аднак ганарыцца сваімі шматдзетнымі маці можа і гуманітарны факультэт, і журфак, і геафак, і мехмат, і фізфак, і філфак. Усе яны таксама збіраюцца віншаваць сваіх гераічных супрацоўніц на Дзень маці, у межах якога і праводзіцца акцыя “Матчыны рукі”.
Ганна ЛАГУН

print

Вам таксама можа спадабацца: