Украінскія ўцекачы: тэст для нашага грамадства

16 Oct, 2014.

granica-kontrol-ukraina

Яшчэ зусім нядаўна фактар уцекачоў не іграў асаблівай ролі ў беларускім грамадстве. Так, многія з нас чулі пра ўзброеныя канфлікты ў Азіі, Афрыцы, арабскім свеце, некаторыя нават суперажывалі мільёнам пацярпелым ад сусветных несправядлівасцяў. Але калі катаклізм разгортваецца ў цябе пад бокам, фактычна ўжо на тваіх вачах, то ўспрымаеш трагедыю ўжо зусім па-іншаму, шмат у чым нават пераасэнсоўваеш свае жыццёвыя асновы.

Па звестках пасольства Беларусі ва Украіне, на канец жніўня ў Беларусь выехала больш 26 тысяч грамадзян Украіны, каля 500 чалавек звярнуліся па статус уцекача. Прыблізна паўтары тысячы ўкраінцаў маюць від на пастаяннае жыхарства ў Беларусі, што дае ім магчымасць працаваць і забяспечыць сябе жыллём. Яшчэ больш за 3 тысячы заявак знаходзіцца на разглядзе. Гэтыя лічбы не ідуць ні ў якое параўнанне з папярэдняй статыстыкай.

Па інфармацыі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў РБ усяго з часу рэалізацыі закона пра ўцекачоў (1997 год) у Беларусь звярнулася 4000 замежнікаў. На дадзены момант у нашай краіне пражываюць 872 уцекачы. 150 з тых, хто меў гэты статус, атрымалі беларускае грамадзянства. Па дзейсных міжнародных стандартах гэта досыць высокі адсотак. Сярод тых, хто знайшоў у Беларусі другую радзіму, большасць складалі выхадцы з Афганістана, Грузіі, Пакістана, Шры-Ланкі і іншых краін.

ukraine_bezhency+З пачатку гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага іміграцыйны струмень павялічыўся на траціну. Сёлета грамадзяне Украіны дамінуюць сярод замежнікаў, якія просяць прытулку ў нашай краіне. Але гэта колькасць – толькі траціна ўкраінцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Большасць з іх не звяртаюцца па статус уцекача, а просяць дазволіць працоўную аплачваную дзейнасць. Вяртаюцца таксама этнічныя беларусы.

Дарэчы, украінцы і да канфлікту прыязджалі ў Беларусь і заставаліся ў нашай краіне, атрымаўшы ва ўсталяваным парадку дазвол на пастаяннае пражыванне. Калі людзі могуць працаваць, быць карыснымі эканоміцы і грамадству, нельга чыніць ім перашкоды. У буйных гарадах, вядома, складаней без уласнага жылля. Але ў маленькіх гарадах, а тым больш на сяле, будуць рады новым жыхарам.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь у выпадку неабходнасці прыме ўкраінцаў, ахвотных пакінуць радзіму з прычыны палітычнай і эканамічнай сітуацыі, якая там склалася. “Нікуды не дзенешся, прыйдзецца кагосьці з нашых братоў і сясцёр прыняць… Але лепш, каб там было ціха і спакойна, каб гэтыя добрыя людзі жылі ў сябе спакойна. І нам было б лепш, і ім добра”, – сказаў беларускі лідар. “Калі давядзецца – уладкуем людзей у Беларусі”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Тыя, хто прасіў у Беларусі прытулку, прыбылі галоўным чынам з Данецкай і Луганскай абласцей у лютым–жніўні гэтага года. Цяпер частка з іх пражывае ў сваіх знаёмых, частка – у арэндных кватэрах, астатнія – у пунктах часовага ўтрымання ўцекачоў.

+

У Беларусі ўцекачы змешчаны ў 4 цэнтрах часовага знаходжання: у Брэсце, Віцебску, Гомелі і ў цэнтры ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск”. Большая частка грамадзян Украіны знаходзіцца цяпер у цэнтры часовага знаходжання ў Віцебскай вобласці.

Акрамя ўкраінцаў з пачатку года статус уцекача ў нашай краіне прасілі 27 грамадзян Афганістана, а таксама грамадзяне Грузіі. І калі раней лідарства займалі ўцекачы з Афганістана, у 2013 годзе вялікая частка – грамадзяне Сірыі, сёлета – украінцы.

Па меркаванні шэрагу міжнародных экспертаў, Беларусь стварыла найлепшыя ўмовы сярод краін СНД па разглядзе статусу ўцекача, дадатковай абароне і інтэграцыі асоб, якія атрымалі гэты статус. Беларусь забяспечвае доступ да надання статусу ўцекача ўсім асобам, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне. Паведамлялася таксама, што 30 % тых, хто звятаецца па статус уцекача ў Беларусі, яго атрымліваюць.

Аднак у рэчаіснасці гэта карціна выглядае не такой аптымістычнай. Да прыкладу, у мінулым годзе толькі адзін замежнік атрымаў у Мінску статус уцекача (у 2012 – 5). Па інфармацыі начальніка аддзела знешняй працоўнай міграцыі, уцекачоў і прытулку ГУУС Мінгарвыканкама Алены Мядзведзевай, у 2013 годзе ў сталічныя падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі з хадайніцтвам пра наданне статусу ўцекача звярнуліся 112 замежных грамадзян (у 2012 – 46).

Па дадзеных Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Беларусі, з 2004 па 2013 гады па атрыманне статусу ўцекача да беларускіх улад звярнуліся 43 грамадзяніны Украіны. Летась такіх было, напрыклад, трое. Адмовілі ўсім! У 2013 годзе ў Беларусі атрымалі статус уцекача 10 сірыйцаў, чацвёра грамадзян Афганістана, трое армян і адзін азербайджанец – 18 чалавек. Звярталася з такой просьбай да беларускіх улад летась 208 чалавек з 26 краін свету.

Антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны працягваецца ўжо больш за тры месяцы. Дакладная колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва невядомая нават Міністэрству аховы здароўя Украіны. Па апошніх дадзеных Арганізацыі Аб’яднаных Нацый агульная, колькасць загінулых на паўднёвым усходзе Украіны склала 3660 чалавек. Прычым больш за 300 з іх – гэта тыя, хто сталі ахвярамі баявых дзеянняў ужо пасля абвяшчэння перамір’я. У Луганску, Краматорску, Славянску і іншых гарадах моцныя разбурэнні.

взрыв+

Расійскія ўлады афіцыйна паведамляюць пра больш як 100 тысяч уцекачоў з Украіны, аднак тысячы ўкраінцаў едуць і да нас. Былая кіяўлянка Вера распавядае, што прыехала ў Мінск яшчэ ўзімку, і яе пераезд проста супаў па часе з падзеямі ў Кіеве. Аднак атрыманне дазволу на жыхарства і легальнага статусу ў Беларусі стала няпростай і вельмі дарагой справай. Нягледзячы на наяўнасць беларускага мужа са сталічнай рэгістрацыяй.

“Даволі складана гэта. І вельмі дорага. Таму што ў першую чаргу патрэбна медыцынская даведка, напрыклад. А яна ўключае кучу аналізаў. Якія для замежнікаў каштуюць у 4–5 раз даражэй, чым для беларусаў. Яшчэ мне патрэбна даведка пра адсутнасць асуджанасці. Атрымаць яе ва Украіне я не магу – трэба праз пасольства. А гэта таксама дорага”, – распавядае Вера.

Спіс дакументаў, неабходных замежнікам для атрымання дазволу на пастаяннае жыхарства ў Беларусі, немаленькі – там цэлых 10 пазіцый. Акрамя медыцынскай даведкі (а толькі аналізы каштуюць для ўкраінцаў больш 1,5 млн), яшчэ аўтабіяграфія, згаданая вышэй даведка пра неасуджанасць, квітанцыя пра аплату мыта, дакументы, якія даказваюць наяўнасць чынніку пераезду ў Беларусь, і яшчэ шмат іншага. Насамрэч няпроста.

_q95

Яшчэ складаней тым, хто жадае атрымаць статус уцекача. На інтэрнэт-форумах вядзецца актыўнае абмеркаванне тэмы пераезду ў Беларусь з усходу Украіны. Тыя, хто гэта ўжо зрабіў, даюць не вельмі аптымістычныя парады.

“Я сама з Данецка. Цяпер жыву ў Мінску на здымнай кватэры. У аддзяленні міграцыі не далі ніякай інфармацыі, усё даведваюся з інтэрнэту, такое адчуванне, што там некампетэнтныя працуюць. Яны самі не ведаюць ні законаў, ні палажэнняў. Мой тата нарадзіўся ў Беларусі, але атрымаць тут грамадзянства амаль нерэальна без прапіскі. Так што ніякіх уцекачоў тут не чакаюць, не верце інфармацыі. Працы шмат, але знайсці годную і высокааплатную цяжка. Жыллё дарагое, як і прадукты. 1-пакаёвая кватэра з рамонтам каштуе каля 400–500 долараў”, – скардзіцца ўкраінка Ярына.

Тое, з чым цяпер сутыкаецца беларускае грамадства ігнараваць ужо нельга, і трэба адкінуць сваю прыродную індыферэнтнасць і рэальна дапамагчы блізкім нам украінцам перажыць страшную бяду. На дзяржаўным узроўні ўжо робяцца пэўныя крокі па спрашчэнні грувасткіх юрыдычных працэдур, да прыкладу, вырашана скараціць тэрмін разгляду дакументаў пра наданне статусу ўцекача для прыбылых з Луганскай і Данецкай абласцей з шасці месяцаў да трох.

указ20030 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Пра знаходжанне грамадзян Украіны ў Беларусі”. Людзям, якія пакідаюць абхоплены баямі паўднёвы ўсход Украіны, у нашай краіне зараз будзе прасцей знайсці працу і ўладкаваць дзяцей у школы.

Падпісанне ўказа звязана з ростам ліку ўцекачоў з Данецкай і Луганскай абласцей, прававы статус якіх у сацыяльнай і працоўнай сферах трэба ўрэгуляваць. Зараз уцекачы з Украіны могуць хадзіць у дзіцячыя сады, школы, каледжы і ПТВ нароўні з непаўналетнімі грамадзянамі Беларусі. Лукашэнка вызваліў іх ад абавязковага падавання дакументаў пры залічэнні. Прэзідэнт наказаў спрасціць прызначэнне дзяржаўнай дапамогі ўкраінцам, вызваліў ад выплаты мыта за выдачу дазволаў на працу ў якасці замежнікаў.

Дарэчы, прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў (УВКБ ААН) Жан Іў Бушардзі выказаў упэўненасць, што ўказ прэзідэнта Беларусі пра знаходжанне ў нашай краіне грамадзян Украіны паспрыяе інтэграцыі ўкраінцаў у беларускае грамадства.

c3f5dc8edbdbc68a20d13d0ac3f1dd7b

Як той казаў, працэс, пайшоў, і ёсць спадзяванне, што на гэтым ён не спыніцца. Аднак, не спадзеючыся толькі на дзеянні дзяржаўных структур, беларускім грамадзянам, як простым службоўцам, так і прадпрымальнікам, трэба самім павярнуцца тварам да гэтай праблемы і аказаць пасільную дапамогу прыбылым да нас украінцам праз дабрачынныя фонды і проста пэўнай гуманітарнай дапамогай у пунктах часовага знаходжання. Калі жадаеце, гэта тэст на спеласць нашага грамадства, і тэст на людскасць кожнага з нас.

Усцешна, што нашы суайчыннікі і валанцёры стварылі шматлікія групы ў сацыяльных сетках у падтрымку ўкраінскіх перасяленцаў vk.com/clubsavedonbasspeoplebelarus, www.odnoklassniki.ru/group53181069066347 і імкнуцца спрыяць у пошуку жылля і працы, дапамагчы з рэчамі, прадуктамі, транспартаваннем і г. д. Дзясяткі ўкраінскіх сем’яў удзячныя беларусам за спагадлівасць.

Не заставайцеся безуважнымі да суседскай бяды. У Мінску функцыянуюць Прадстаўніцтва УВКБ ААН, Беларускае грамадства Чырвонага крыжа, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка”, мясцовыя арганізацыі ўцекачоў. Адрасы і тэлефоны арганізацый, якія займаюцца рашэннем праблем уцекачоў у Рэспубліцы Беларусь, прыведзены на сайце Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Развіццё” www.evolutio.info

Сяргей ШАФАЛОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: