Куратары БДУ атрымалі магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю

15 Oct, 2014.

IMG_0862

Курсы павышэння кваліфікацыі для куратараў навучальных груп былі наладжаны ў БДУ ў чацвёрты раз у верасні гэтага года. Хоць яны праходзілі на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі, ініцыятарамі іх правядзення, як і раней, стала ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ. Яно распрацавала і праграму заняткаў “Выхаваўчая праца куратара БДУ: псіхолага-педагагічныя і арганізацыйна-метадычныя аспекты”. Начальнік УВРМ Аляксей Багамазаў чытаў на курсах лекцыю на тэму “Выхаваўчая сістэма ВНУ”.
Як старшы выкладчык кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі, ён гаворыць, што курсы для куратараў узніклі па прычыне таго, што структура выхавання ў нашым універсітэце кардынальна адрозніваецца ад іншых. У той час як у рэгіянальных установах вышэйшай адукацыі з моладдзю, як правіла, працуюць толькі аддзелы выхаваўчай работы, у нас – цэлае ўпраўленне. Да ўсяго праблемамі студэнтаў займаецца студгарадок, псіхалагічная служба, упраўленне па справах культуры, а таксама спартыўны клуб і інш. Прайшоўшы курсы на базе Інстытута журналістыкі куратары пачынаюць разумець, што ў любы час могуць звярнуцца па дапамогу ў пералічаныя вышэй падраздзяленні ўніверсітэта. Становіцца зразумелым і практычны вопыт дзейнасці гэтых ненавучальных ўтварэнняў.

IMG_0138
Акрамя гэтага яны атрымліваюць на курсах тэарэтычныя веды ў галіне псіхалогіі і педагогікі. З сутнаснымі характарыстыкамі, фактарамі, асаблівасцямі і ўмовамі эфектыўнай арганізацыі працэсу выхавання студэнтаў, а таксама з асноўнымі кірункамі і патрабаваннямі да выхаваўчай дзейнасці куратара ў сучасных умовах слухачоў курсаў у верасні гэтага года пазнаёміла загадчыца кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі Вольга Жук. Пра псіхалагічныя асаблівасці сацыялізацыі сучасных студэнтаў куратарам расказала начальнік цэнтра сістэмных даследаванняў праблем моладзі эканамічнага факультэта Любоў Шумская. Яна растлумачыла, якім з’яўляецца сучасны студэнт, якія актуальныя праблемы ўзнікаюць у выхаванні. Сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя першакурснікаў турбавала начальніка псіхалагічнай службы нашага ўніверсітэта Руслана Папко. У яго арсенале былі лекцыі і на іншыя тэмы. Вопытам працы куратараў на юрыдычным факультэце падзяліўся намеснік дэкана па навучальна-выхаваўчай рабоце Андрэй Шыдлоўскі і загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Сяргей Калінін. Дарэчы, юрыдычны факультэт у мінулым з’яўляўся адным з пераможцаў конкурсу “Куратар года БДУ”. Мэты, задачы і змест работы куратара навучальнай групы абазначыў прарэктар па навучальна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Уладзімір Сувораў.
Па словах начальніка УВРМ Аляксея Багамазава, змест праграмы навучання куратараў, формы і метады працы курсаў кожны год удасканальваюцца. Усе куратары, якія павышалі сваю кваліфікацыю сёлета, атрымалі сертыфікаты дзяржаўнага ўзору, якія цяпер пацвярджаюць іх дасведчанасць у выхаванні моладзі.
Ганна ЛАГУН

IMG_0882

print

Вам таксама можа спадабацца: