Да Дня маці. БДУ як сям’я

13 Oct, 2016.

img_8037

Вучэбныя і навуковыя турботы займаюць большую частку актыўнага жыцця студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ, аднак непазбежна надыходзіць час вярнуцца дахаты, замкнуць дзверы і апынуцца ў зусім іншай рэальнасці – рэальнасці сямейных стасункаў, асабістых радасцяў і праблем. Сямейнае жыццё як навука і адзін з найважнейшых складнікаў чалавечага шчасця, грамадзянскай плённасці таксама вывучаецца і выкладаецца ў БДУ. Аб гэтым наша гутарка з супрацоўнікам Цэнтра сям’і і дзяцінства псіхалагічнай службы БДУ, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Тамарай КАРАСЦЯЛЁВАЙ і педагогам-псіхолагам Таццянай БІСКІНАЙ.
 
Найважнейшая навука
Цэнтр сям’і і дзяцінства БДУ быў адкрыты у снежні 2007 г. пастанаўленнем Савета міністраў і ў 2012 г. увайшоў у склад Псіхалагічнай службы БДУ. Аналагічныя цэнтры існуюць пры класічных універсітэтах па ўсім свеце. Мы вывучылі досвед работы гэтых цэнтраў, у прыватнасці, у Глазга і Маскве, у нямецкіх, іспанскіх і іншых універсітэтах. Такія цэнтры займаюцца вывучэннем патрэбаў моладзі не толькі ў атрыманні прафесіі, але і ў стварэнні сям’і, усталяванні гарманічных стасункаў унутры вузкага кола (маці-бацька-дзіця) і шырэйшага (сувязі паміж пакаленнямі, што характэрна для славянскіх народаў).

Актуальнасць (Узрост пяшчотны і адказны)

Моладзь у нас паступае ва ўніверсітэты ва ўзросце 17-18 гадоў – якраз у гэтым узросце ёсць пільная патрэба падрыхтоўкі да ўступлення ў шлюб, свядомага стварэння сям’і і выхавання дзетак. Гэта самы сензіціўны ўзрост, калі маладзёны задумваюцца пра сэнс жыцця на зямлі. Паводле сацыялагічных даследаванняў, для нашых студэнтаў сэнс жыцця адначасова і ў тым, каб атрымаць добрую прафесію, і ў тым, каб знайсці годнага спадарожніка жыцця і быць моцнай сям’ёй, мець надзейны тыл. Бо калі ідзеш з задавальненнем з сям’і на працу, вяртаешся з асалодай – гэта вялікае шчасце. Але, на жаль, сёння мала каму даступнае. Сённяшняя сям’я перажывае крызіс, людзі пакутуюць ад раздзеленасці і неўладкаванасці асабістага жыцця, разбурэнне сям’і выклікае нестабільнасць грамадства, дэмаграфічную небяспеку – вось з-за чаго так важна зараз уздымаць пытанні падтрымкі сям’і на ўсіх магчымых узроўнях, супольна шукаць спосабы зрабіць будучыя і наяўныя сем’і нашых студэнтаў трывалымі і шчаслівымі.

img_8000

Кірункі працы (Даследаваць, навучыць, узаконіць)
Праца Цэнтра ажыццяўляецца ў навуковым і адукацыйным (практыка-арыентаваным) кірунку. Таксама супрацоўнікі цэнтра прымаюць удзел у распрацоўцы праектаў дакументаў па праблемах сямейнага выхавання дзяцей і моладзі. Прэвалюе практыка-арыентаваная дзейнасць, якая прадугледжвае азнаямленне моладзі з практычным вопытам бацькоўства. Для гэтага ў структуры Цэнтра існуюць Школа ўсвядомленага бацькоўства для тых, хто толькі рыхтуецца да стварэння сям’і, і клуб “Гармонія” для тых, хто ўжо ўзяў шлюб (а такіх сямей у БДУ каля 200). Нашы студэнты наведваюць Цэнтр маці і дзіця, Дамы дзіцяці для сацыяльных сірот. Галоўная задача – каб моладзь ніколі не адмаўлялася ад сваіх уласных дзяцей. Наведваем таксама і карэкцыйна-развіваючыя цэнтры і цэнтры рэабілітацыі, дзе знаходзяцца дзеці з асаблівасцямі развіцця. Бо моладзь, найперш маладыя бацькі, часта сыходзіць з сям’і, у якой з’яўляюцца “складаныя” дзеці: баяцца адказнасці, баяцца цяжару на ўсё жыццё. А мы паказваем: калі аб’яднаюцца бацькі і спецыялісты, то ў развіцці такіх асаблівых дзетак можна дасягнуць вялікіх поспехаў. Па завяршэнні Школы свядомага бацькоўства яе навучэнцы атрымоўваюць у падарунак “Бібліятэчку маладых бацькоў” – каля 30 найменняў кніг, якія ахопліваюць пытанні ад планавання сям’і да выхавання сямігадовага дзіцяці.

Таксама мы ўдзельнічаем у падрыхтоўцы праектаў дакументаў, скіраваныя на рэалізацыю дзяржаўных праграм па дэмаграфічнай бяспецы і забеспячэнні гендэрнай роўнасці. Гэтыя матэрыялы мы прадстаўляем у міністэрства адукацыі, Палату прадстаўнікоў і іншыя звязаныя з нашай праблематыкай міністэрствы і ведамствы. Бо ў нашай дэмаграфічнай сітуацыі існуе пільная патрэба, каб падрыхтоўка да сямейнага жыцця і свядомага бацькоўства пачыналася як мага раней – не толькі ў ВНУ ці ССУ, а ледзь не з дзіцячага садка, з самых простых ролевых гульняў. Самыя адказныя і важныя сацыяльныя ролі ў нашым грамадстве – гэта ролі маці і бацькі, мужа і жонкі. Нашы студэнты выконваюць адмысловыя заданні, падчас якіх выступаюць як партнёры ў дачыненні адзін да аднаго і да сваіх дзяцей. Мужчына павінен актыўна ўключацца ў выхаванне будучага пакалення. Між іншага, мы маем сталыя сяброўскія сувязі з мінскім гарадскім цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, дзе зараз пад кіраўніцтвам дырэктара А. Тураўца распрацоўваюцца і прапагандуюцца новыя тэхналогіі па рабоце з татамі, г.зв. “тата-школы”.
img_9911
Навуковыя даследаванні праводзяцца ў разнастайных праектах у супрацы з рознымі грамадскімі арганізацыямі, міністэрствамі і ведамствамі. Вельмі цікавыя вынікі атрымоўваем ад сацыяльных апытанняў, якія ладзім разам са студэнтамі ФФСН. Гэта дапамагае вывучаць інтарэсы, праблемы і планы моладзі. Напрыклад, да Дня маці было праведзена даследаванне “Рэпрадуктыўныя ўстаноўкі і сямейныя каштоўнасці студэнтаў БДУ, Гродненскага і Магілёўскага ўніверсітэтаў”, сёння вывучыць такія ўстаноўкі студэнтаў вельмі важна ў сувязі з магчымым увядзеннем забароны абортаў і скарачэннем нараджэння дзяцей увогуле па краіне. Вынікі праекта будуць абмеркаваны 14 кастрычніка 2016 г. на адмысловым круглым стале для навукоўцаў, студэнцкай моладзі і прадстаўнікоў айчынных міністэрстваў, ведамастваў і грамадскіх арганізацый.

Формы дзейнасці (Што робіцца, Дрэва без каранёў)
Псіхалагічная служба праводзіць размаітыя мерапрыемствы і акцыі, выдае вучэбна-метадычныя дапаможнікі, арганізоўвае замежныя стажыроўкі і абмены для студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ сумесна з іншымі навучальнымі ўстановамі і звязанымі арганізацыямі.

Так, па навуковым кірунку праводзяцца навуковыя канферэнцыі і круглыя сталы, якія задзейнічаюць міждысцыплінарныя і міжведамасныя сувязі, міжнародную навуковую супольнасць. Напрыклад, падчас канферэнцыі “Сацыяльная ахова і здароўе асобы ў кантэксце правоў чалавека”, што праходзіла ў 2015 г. у БДУ, псіхалагічная служба вяла асобную секцыю – “Партнёрства і супрацоўніцтва ў інтарэсах сямей, дзяцей і моладзі: праблемы, перспектывы, забеспячэнне ўмацавання сацыяльна-псіхалагічнага здароўя”, удзельнічалі не толькі студэнты і супрацоўнікі БДУ, але і прадстаўнікі ДІКСТ, нацыянальнага цэнтру законатворчай дзейнасці, міністэрства працы і сацыяльнай аховы, міністэрства аховы здароўя. Калі праводзілі круглыя сталы па лініі ЮНІСЕФ (Дзіцячы фонд ААН) – напрыклад, “Навуковы і практыка-арыентаваны падыходы да сям’і і дзяцінства”, выступалі з дакладамі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і г. д. У рабоце канферэнцыі “Рэалізацыя стратэгій у дачыненні сям’і і дзяцей” таксама ўдзельнічалі і розныя падраздзяленні БДУ, і іншыя ВНУ і ведамствы Беларусі, і замежныя спецыялісты – англічане, немцы, шведы.

img_0337

Для фарміравання ў студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ ўяўлення пра ўніверсітэт як вялікую сям’ю праводзіцца шэраг акцый – так, у 2016 г. гэта была акцыя “Імя тваё пранясу як святыню”, у 2015 г. – акцыя “Лёсам звязаны з БДУ”, дзе паказалі шматпакаленныя сем’і, якія працуюць на карысць альма-матар. Студэнты ў асноўным ведаюць сваіх выкладчыкаў як прадметнікаў, часам як вучоных, але мала ведаюць пра асабісты ўнёсак у жыццё універсітэта і краіны гэтых дзіўных і высакародных людзей і іх папярэднікаў. Вядома, дрэва без каранёў або са слабой кораневай сістэмай не квітнее і не пладаносіць, таму мы прыкладаем намаганні, каб аднавіць ці ўсталяваць міжпакаленныя сувязі. Да юбілею БДУ Псіхалагічнай службай падрыхтавана кніжка “Судьбою связан с БГУ” пра 14 дынастый выкладчыкаў, мы спадзяемся на працяг, таму што гэта выданне ўмясціла не ўсіх. Яшчэ адна акцыя – “Мая сям’я ў гады вайны”, прысвечаная 70-годдзю перамогі ў ВАВ: нашы студэнты пісалі эсэ, рыхтавалі відэашэрагі, распавядаючы, які ўнёсак зрабілі іх старэйшыя сваякі ў набліжэнне Перамогі.

Адзін з найбольш важных кірункаў міжнародных адукацыйных праграм і праектаў Цэнтра – гэта вывучэнне сістэм рэабілітацыі ад самага малодшага ўзросту. Для выхавання здаровага пакалення неабходны супольныя намаганні дактароў, выкладчыкаў і саміх маладзёнаў. Таму ў праектах задзейнічаны не толькі супрацоўнікі і навучэнцы нашага ўніверсітэта, але і педагогі з мінскіх устаноў адукацыі, а таксама медыцынскія супрацоўнікі.

Супрацоўнікамі Цэнтра таксама падрыхтаваны вучэбна-метадычны дапаможнік «Фарміраванне  гатоўнасці студэнцкай моладзі да сямейнага жыцця і ўсвядомленаму бацькоўству», дзе прадстаўлены ў сістэме тэарэтычныя і практыка-арыентаваныя падыходы да падрыхтоўкі маладзёнаў у няпростай «сямейнай дысцыпліне».

Партнёры (Адхіліць дэмаграфічны меч)
Па кожным кірунку дзейнасці створаны творчыя групы і калектывы. Вялікую дапамогу аказваюць прафсаюзы супрацоўнікаў БДУ і студэнцкай моладзі, Фундаментальная бібліятэка БДУ, cаюзы жанчын (наш універсітэцкі і рэспубліканскі). Цікавае супрацоўніцтва наладзілася з Акадэміяй упраўлення пры Прэзідэнце РБ: на базе Псіхалагічнай службы створана іннавацыйная пляцоўка Акадэміі, дзе слухачы – кіраўнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх структур – вучацца новым падыходам і тэхналогіям у працы з моладдзю па падрыхтоўцы стварэння сям’і. Супрацоўнічаем таксама з праваслаўнай і каталіцкай царквамі, бо пытанні сям’і – гэта таксама і пытанні духоўнага здароўя нацыі, удзельнічаем у міжнародных духоўных чытаннях, якія праводзяцца ў Мінску, па рэспубліцы і за мяжой. Супольнымі намаганнямі мы можам спадзявацца адхіліць дэмаграфічны меч, які зараз вісіць над намі, тут мала выдаваць нейкія законы, хаця і гэта вельмі неабходна, але найперш трэба, каб знутры ў моладзі прарасло ўсведамленне неабходнасці і важнасці сям’і, свядомай падрыхтоўкі да сямейнага жыцця. Такім чынам, Цэнтр сям’і і дзяцінства псіхалагічнай службы БДУ робіць свой пасільны ўклад у рэалізацыю дзяржаўных дэмаграфічнай і гендэрнай праграм.

Гутарыла Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

img_6020

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *