Праект «Асобы БДУ». Валянціна Аляшэвіч: “Праца, якая мне падабаецца, ад якой я атрымліваю задавальненне”

19 Nov, 2014.

бгу алешкевич валентина У навучальнай установе буфет іграе не другарадную ролю, таму праца ў прадаўцоў кіпіць. Буфетчыца юрфака Валянціна Іванаўна АЛЯШЭВІЧ ведае, хто п'е чай без цукру, надышла чарга студэнтаў даведацца, наколькі салодкае яе жыццё. Ці лічыце Вы юрыдычны факультэт БДУ другім домам? Ведаеце, я адразу, як прыйшла сюды, вельмі палюбіла гэта месца. Буфет спадабаўся, корпус наш юрфакаўскі. Усе студэнты вельмі ветлівыя, прыязныя, працую 3 гады і ні разу слова грубіянскага не сказалі. Таму так, лічу! Ці ведаеце Вы які-небудзь кодэкс? Вядома! Жыццё маё заўсёды было звязана з міліцыяй, і я ж на юрфаку працую. Ведаю і крымінальны кодэкс, і працоўны, і сямейны, і жыллёвы, і працэсуальныя кодэксы. Шмат чаго ведаю. бгу алешкевич валентина Жадалі б Вы скончыць юрыдычны факультэт? Ніколі не думала пра гэта. Усё маё жыццё звязана з міліцыяй, з самай маладосці. І сыны, і муж. Заўсёды любіла ваенныя пасады, але пра юрыдычны, ведаеце, ніколі не думала. Але мне вельмі падабаюцца студэнты юрфака. Запомніла першых выпускнікоў, яны пакідалі свае візітоўкі і казалі: "Валянціна Іванаўна, калі трэба, звяртайцеся!" Як прайшла Ваша юнацкасць? Школа, вучылішча, замуж выйшла, дзяцей нарадзіла. Ведаеце, асабліва мне запомнілася, як у школе, у 7 класе, мы зарабілі грошыкі ў калгасе і паехалі на тры дні ў Маскву. Нам калгас вылучыў аўтобусы. Гэта было вельмі цікава! Масква – вельмі прыгожы горад. Гэта быў першы раз, калі я адарвалася ад хаты, скажам, маё першае маленькае вандраванне, пра якое я ніколі не забудуся. Пра што размаўляюць студэнты ў чэргах? Калі сесія, пра сесію кажуць. Як той казаў, ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела. І рамантычныя гісторыі ёсць. Якія менавіта, не магу сказаць, таму што асабліва іх не чую: студэнты ў нас вельмі шумныя і гучна кажуць. Чую некаторыя словы і разумею, пра што гаворка. І як бы ні спрабаваў разабраць – не, не разбярэш. Калі студэнт доўга не можа вызначыцца з выбарам, Вы яму дапамагаеце? Прапаную, штосьці раю. Я доўга працую тут, ужо 2 гады, амаль 3, ведаю, хто што любіць, і прапаную. Нават нешта імкнуся некаторым пакідаць. Ці ёсць у Вас сталыя пакупнікі-студэнты, якіх Вы ведаеце ў твар?Ёсць. Галоўным чынам 4–5 курсы. Я ўжо іх і ў твар ведаю і як клічуць. Ёсць адзін такі хлопец, якога я нават не пытаю, проста даю яму запяканку і ўсё, праўда, часам толькі ён удакладняе, адну ці дзве порцыі. А дзяўчаты галоўным чынам бяруць чай без цукру, таксама запамінаю, хто з цукрам п'е, хто без. Ёсць і тыя, хто мяса не есць, а бярэ толькі рыбу. Калі б Вы маглі зрабіць нематэрыяльны падарунак студэнтам, што б гэта было? Чаго бракуе моладзі, на Ваш погляд? Сну моладзі бракуе. Уся праблема ў сне. Яны або вучацца, або працуюць, або рыхтуюцца, або гуляюць. Вось некаторыя кажуць, студэнты цяпер усе бязладныя, безадказныя, не такія, як раней, а я не згодна. Калі бачыш іх сонныя твары ці пасля таго, як хто-небудзь падзеліцца, як рыхтаваўся ці працаваў усю ноч, так шкада становіцца, і таму ўпэўнена магу сказаць, што моладзі бракуе сну. Што Вас уразіла больш за ўсё з пачатку навучальнага года? Напэўна, уразіла, што стала больш замежнікаў. У першы год не было гэтулькі. А яшчэ, памяняліся самі студэнты. Нейкія яны зараз не такія, больш сціплыя сталі. Якую апошнюю кнігу Вы прачыталі? "Каралё – птушачка пявучая". Я раней вельмі любіла чытаць, часу было шмат. А цяпер у мяне ўнучка ёсць, дык я ёй казкі чытаю. Яшчэ ў мяне ёсць літаратура Уладзіміра Ліпскага, я яго асабіста ведаю, гэта наш беларускі пісьменнік, ён, дарэчы, літаральна нядаўна напісаў кнігу. З якімі думкамі Вы кладзяцеся спаць? "Заўтрашні дзень будзе яшчэ лепшы, чым сённяшні!" – менавіта з такой думкай. Што для Вас БДУ? Як ні круці, у першую чаргу – гэта, вядома, мая праца. Праца, якая мне падабаецца, ад якой я атрымліваю задавальненне. У другую – ужо зносіны, нейкае вывучэнне, вывучэнне таго, чаго я не ведала. Ад дзяцей вучуся, сама штосьці ім паказваю. Гутарыла Лізавета ЯЦЫНОВІЧ Фота Настассі БАКШЫНАВАЙ
Даведка: Аляшэвіч Валянціна Іванаўна Дата нараджэння: 04. 06. 1966 Месца нараджэння: Мінская вобласць, Слуцкі раён, вёска Бабовішчы Сямейнае становішча: замужам, ёсць два сына. Старэйшы сын Мікалай працуе ў патрульна-паставой службе, малодшы Дзмітрый – у службе бяспекі.
IMG_9645  
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *