Пятро Жаўняровіч: “Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі”

25 Jan, 2019.

Выбітны навуковец  Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ адзначыў нядаўна сваё шасцідзесяцігоддзе. Ён аўтар адзінага на сёння ў Беларусі “Даведніка па літаратурнай праўцы”, руплівы даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча, рэдактар, выкладчык, паэт.

 – Ці даследавалі вы гісторыю сваёй сям’і? Адкуль пайшоў ваш род?

Радзіма мая Вілейшчына, невялічкая вёска Азярэц. Нарадзіўся я ў вялікай сям’і, у бацькоў было шасцёра дзяцей. Бацька быў адукаваны чалавек, працаваў шафёрам. Яго продкі ўсе з Азярца. У бацькі першага з’явілася радыёла, і я з дзяцінства памятаю, як ён па вечарах знаходзіў “Голас Амерыкі”, прыходзіўся яшчэ яго родны брат Якаў, яны слухалі так блізенька гэтае радыё, а потым абмяркоўвалі.

Самыя лепшыя ўспаміны, безумоўна, ад маці. Маці была з суседняй вёскі Рэдзькавічы, прозвішча таксама мела шляхецкае – Ракоўская. Па мацярынскай лініі я ведаю, што мой прадзед Іосіф Ракоўскі за польскім часам быў у Вілейскай гміне суддзёй, зразумела, што проста неадукаванага чалавека на такую пасаду не паставілі б. Дзед Міхаіл Ракоўскі – удзельнік вайны, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Не можа быць так, каб у дзяцей не было рысаў характару абаіх бацькаў, але ў нас, відаць, так атрымалася, што большая частка станоўчага, якая ў нас ёсць ва ўсіх, перайшла ад маці. Яна таксама была адукаванай, была бібліятэкарам, сакратаром сельсавета, а потым працавала на пошце. Маці была вельмі чулым чалавекам, пра яе дрэннага слова ніхто ў вёсцы не казаў, у яе слёзы на вачах былі і ад радасці, і ад гора. Радавалася, гледзячы на поспехі дзяцей і ўнукаў.

– У дзяцінстве ў вас ужо неяк  праяўлялася схільнасць да слова, да літаратуры?

Школы у нашай вёсцы не было, хадзіў у васьмігодку ў Рэдзькавічы.

Рэдзькавіцкая васьмігадовая школа. Пятро Жаўняровіч трэцці справа ў першым радзе (1972 г.)

Я вучыўся, як кажуць, гарызантальна, не выпінаўся па пэўным прадмеце, што я яго лепш ведаў або ён мяне больш цікавіў. Хаця зімой было шмат такіх выпадкаў, калі маці прыгатуе вячэру, а я сяджу на печы, грэюся і чытаю; яна можа дзесяць разоў аклікнуць мяне, а я нічога не чую. Так, напэўна, праявілася цікавасць да літаратуры. Зразумела, што мяне цікавілі мовы. Па-руску размаўляў без акцэнту, і гэта некаторых дзівіла. Пасля восьмага класа паўстала пытанне, куды ісці. Я вырашыў не заканчваць сярэднюю школу (яна ў мястэчку Вязынь) і проста тыцнуў пальцам у мінскі тэхнікум – пайшоў вучыцца на тэхнічную спецыяльнасць.

– Што гэта быў за тэхнікум?

Вельмі цікава, што гэта быў Мінскі радыётэхнічны тэхнікум, а цяпер Мінскі радыётэхнічны каледж. Гады ў тэхнікуме таксама не прайшлі дарэмна. Чатыры гады вучобы далі мне сярэднюю адукацыю і спецыяльнасць. Спецыяльнасць была “Радыёапаратабудаванне”.

З таго часу шмат успамінаў засталося. Бывалі такія выпадкі, калі мы маглі цэлай групай хадзіць на эстрадныя канцэрты, у тым ліку на Алу Пугачову. Былі з заплечнікамі на радзіме Якуба Коласа.

Мінскі радыётэхнікум. Пятро Жаўняровіч другі справа (1976 г.)

Я скончыў тэхнікум у 1978 годзе летам, а восенню мяне прызвалі ў войскі ўрадавай сувязі, у частку, якая знаходзілася ў Нясвіжы. Жылі ў казарме, якая была пабудавана ў часы князёў Радзівілаў. У былой канюшні была спартыўная зала, а жылі мы ў будынках, у якіх, мабыць, жыла абслуга. Праз паўгода службы заступіў на дзяжурства на ўрадавы камутатар, і так пачаліся змены то ўдзень, то ўночы. Безумоўна, нам маглі патэлефанаваць любыя людзі, мы іх не ведалі, мы толькі трымалі сувязь з іншымі тэлефаністамі: яны нам тэлефануюць, што хтосьці кагосьці выклікае, мы націскаем тых і злучаем штэкерамі. Гэта было ўсё спецыяльна засакрэчана, і падслухаць было немагчыма.

Потым, калі  абвыкнуўся ў войску, пачаў ужо нейкае задавальненне атрымліваць, марш-кідкі былі вакол Нясвіжскага замка. Калі я гляджу свой дэмбельскі альбом, з левага боку фотаздымак вайсковы, а справа калька, а на ёй напісана па-беларуску “Нясвіж”. Не ведаю, з якой прычыны гэта. Магчыма, і тут сведчанне таго, што я за два гады штосьці ўзяў для ўсведамлення сябе як грамадзяніна. Пасля войска ў мяне паўстала пытанне, што рабіць далей…

Войскі ўрадавай сувязі ( 1978-1980 гг.)

– І што вы вырашылі?

Вырашыў вярнуцца ў сталіцу і ўладкаваўся на “Інтэграл”, там мне адразу далі інтэрнат. Менавіта там, у інтэрнаце, у мяне з’явілася цікавасць да беларушчыны. Я жыў у трэцім інтэрнаце, дзе быў фальклорны клуб “Крынічка”, загадвала ім Валянціна Гірыловіч, мастацкі кіраўнік — Віктар Новік. Займаліся фальклорнымі спевамі, рабілі Каляды, Купалле. Купалле мы рабілі наўпрост у горадзе, каля” Інтэграла”, у месцы, якое цяпер называецца “Сонечная даліна”. Потым мы пачалі пашыраць сваю дзейнасць, арганізоўваць літаратурныя вечарыны, сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі. Я да сёння памятаю, як да нас прыходзілі паэты Анатоль Сыс і Людміла Паўлікава, часта прыходзіў Уладзімір Конан, паэт Зніч.

Каляды (1992 г.)

Потым Валянціна Міхайлаўна, якая кіравала “Крынічкай” доўгі час, перайшла ў іншы інтэрнат камендантам, там яна вырашыла зрабіць музейны пакой Уладзіміра Караткевіча. Адкрываў музейны пакой Янка Брыль, часта бываў Адам Мальдзіс з жонкай Марыяй, Вячаслаў Рагойша, Стэфанія Станюта, Марыя Захарэвіч, Раіса Баравікова… Для таго каб ведаць гісторыю музейнага пакоя, трэба ісці ў Мінскі дзяржаўны каледж электронікі. У 1990 годзе я скончыў універсітэт і адразу з першага верасня  пачаў працаваць выкладчыкам тады яшчэ ў вучылішчы № 76 электронікі. Папрацаваўшы там некалькі гадоў, пайшоў да дырэктара Валерыя Хасіна, прапанаваў зрабіць у кабінеце беларускай мовы і літаратуры музей Ул. Караткевіча. Ён падтрымаў мяне, і мы пачалі паціху рабіць нейкую экспазіцыю. Напісалі ліст у адміністрацыю “Інтэграла”, каб экспанаты музейнага пакоя, які доўгі час ужо не дзейнічаў, забраць да сябе.

– Які першы твор Караткевіча вы прачыталі?

Пра Караткевіча я даведаўся толькі на “Інтэграле” ў інтэрнаце. Хутчэй за ўсе гэта былі вершы. Мы рабілі кампазіцыі ў асноўным па вершах. У мяне з Караткевічам звязаны адзін момант, які застаўся ў маёй памяці. Гэта быў 1984 год, я быў на адпачынку ў Ялце і набыў “Литературную газету”. Раптам бачу: невялічкі некралог – памёр Уладзімір Караткевіч. Гэта быў для мяне шок. Я даведаўся пра гэта ў Крыме, дзе пахаваны Максім Багдановіч – любімы паэт Ул. Караткевіча. Вось гэты момант я памятаю, атрымліваецца, што ў 1984 годзе я не мог не ведаць яго, бо Караткевіча ў школе і ў тэхнікуме не было ўвогуле. Значыць, гэта было нейкае пазакласнае чытанне.

Альбом з музейнага пакоя Уладзіміра Караткевіча

– А калі вы пачалі займацца даследчыцкай дзейнасцю?

Палову свайго педагічнага стажу на сёння я адпрацаваў у каледжы электронікі. Тады пачаў займацца навукай, збіраць картатэку нейкіх недахопаў з тэкстаў, гэта быў пачатак маёй навуковай дзейнасці. Першы па-сапраўднаму навуковы артыкул апублікаваў у часопісе “Роднае слова” ў 1998 годзе. Я тады зразумеў: калі тут застануся, то застануся назаўсёды, як і большасць настаўнікаў, выкладчыкаў. Гэта такі лёс, але я вырашыў яго змяніць. На факультэт журналістыкі прыйшоў у 2006 годзе.

– А што дае вам праца са студэнтамі?

Праца са студэнтамі прымушае не адставаць ад жыцця! Як можна сёння не карыстацца “Вайберам” выкладчыку ВНУ? А валодаць іншымі інфармацыйнымі магчымасцямі, якія дае нам інтэрнэт? Ты ж, шаноўны выкладчык, будзеш выглядаць у вачах студэнтаў, магчыма, нейкім “выкапнем”, хоць і маеш вялікі тэарэтычны багаж за сваёй спінай. Увогуле, падзяка ад вучня пасля атрымання ім дыплома – адно з самых прыемных задавальненняў. Ад студэнтаў вучуся таксама. Як у Сенекі: “Homines, dum docent, diskunt” – “Людзі, навучаючы, вучацца самі”.

– Здаецца, што вы сёння ці не адзін з самых удумлівых чытачоў Уладзіміра Караткевіча. Вы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы 8 з 16 тамоў ягонага Збору твораў у 25 тамах. Больш няма каму ці ніхто акрамя вас?

Відаць, гэта звязана з тэксталогіяй, а Збор твораў – гэта якраз праца тэкстолага. У нас, на жаль, практычна няма спецыялістаў у гэтай галіне. Вось Міхась Мушынскі быў самы знакаміты тэкстолаг, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы збору твораў класікаў беларускай літаратуры. Зноў жа, не сказаў бы, што самую большую частку працы нясу я. Ёсць кіраўнік выдання Анатоль Верабей, ён каардынуе дзейнасць рэдкалегіі па падрыхтоўцы ўсіх тамоў. У мяне атрымалася добра сумяcціць літаратуразнаўства і мовазнаўства, што і трэба для тэкстолога, таму гэта задавальняе і пляменніцу Уладзіміра Караткевіча Алену Сінькевіч, якая з’яўляецца членам рэдкалегіі, і кіраўніка выдання Анатоля Вераб’я.

– На ваш погляд, Уладзімір Караткевіч для кожнага новага пакалення беларусаў будзе зноў і зноў адкрываць Беларусь, родную гісторыю і культуру. Ці мы, можа, дарасцем да такога ўзроўню, што будзем знаходзіць у творчасці Уладзіміра Сямёнавіча нешта іншае, не толькі гэтую гістарычную абалонку?

Я думаю, мабыць, гэта ўбітае нашымі СМІ ў свядомасць чытачоў, што Уладзімір Караткевіч – пісьменнік гістарычнай тэматыкі і гэтак далей. Я думаю, Караткевіч – пісьменнік еўрапейскага ўзроўню і шырокага тэматычнага дыяпазону, ён яшчэ зусім павярхоўна адкрыты. Прычыны… Па-першае, мала перакладаў на заходнееўрапейскія мовы, па-другое, няма яшчэ глыбокага прачытання яго твораў у сусветным кантэксце. Ёсць жа пісьменнікі, якія адкрываліся праз сто і больш гадоў. Караткевіч здолеў у сваіх творах паказаць галоўнае, што ёсць у менталітэце беларусаў і што павінна захавацца, перайсці ад продкаў да нашчадкаў. Няхай яны будуць па-руску размаўляць, менталітэт у іх застанецца ўсё адно той, які быў у прапродкаў. Карані застаюцца, гены, а іх пакуль не чапаюць… Час усё расставіць па сваіх месцах. Будзем спадзявацца, што Караткевіч будзе ўсе больш і больш займаць сваё належнае месца ў душах беларусаў. А праз пераклады нашы душы спазнаюць і іншыя народы. Якая ўсё ж ганаровая місія…

– Калі вы закранулі тэму перакладаў, давайце пагаворым пра вашу перакладчыцкую дзейнасць.Вы пераклалі на рускую мову раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Цыганскі кароль”. У адным з інтэрв’ю абмовіліся аб намеры перакласці раман “Каласы пад сярпом тваім”. Як ідзе праца над перакладам?

Пераклад ужо ёсць, але, відаць, ён выйдзе толькі да юбілею Уладзіміра Караткевіча ў 2020 годзе. Я прытрымліваюся таго гледжання, якое выказваюць і сваякі Караткевіча, што Караткевіча трэба чытаць на роднай мове.

Альбом з музейнага пакоя Уладзіміра Караткевіча

Тыя пераклады, якія я зрабіў і апублікаваў (“Дзікае паляванне караля Стаха”, “Цыганскі Кароль”), зроблены не для беларусаў, я для прадстаўнікоў іншых народаў, якія валодаюць рускай мовай і не валодаюць беларускай, – а іх жа мільёны, і не толькі ў Расіі. Напрыклад, вялікая частка тыражу перакладу аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” (пецярбургскае выданне) пайшла ў Заходнюю Еўропу, дзе жыве вялікая рускамоўная дыяспара. Калі заходжу раз на тыдзень у кнігарню “Цэнтральная”, чую ад прадавачак, што Караткевіч патрэбен на рускай мове. Прыязджаюць госці з розных краін, хочуць прачытаць Караткевіча, перш за ўсё яго пытаюцца. І яны ім нічога не могуць прапанаваць. Летась выдавецтва “Беларусь” выдала “Дзікае паляванне караля Стаха”, плануецца выхад другога выдання рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Зноў жа не закранулі пытання, чаму ўзнікла неабходнасць рабіць новыя пераклады. Ёсць жа пераклады Валянціны Шчадрыной. Але яны былі зроблены з прыжыццёвых выданняў. Калі Валянціна Шчадрына пераклала на пачатку 1980-х “Чорны замак Альшанскі”, то ён практычна ў нязменным выглядзе ўключаны ў Збор твораў. А тэксты, што раней выдаваліся, былі зменены цэнзарамі і недасведчанымі рэдактарамі. Калі кажуць, што раман “Каласы пад сярпом тваім” стаў на 25 адсоткаў большы, то гэта тычыцца і іншых твораў. Кожнае пакаленне павінна мець свой пераклад. Гэта ў ідэале (звычайна кажуць, што ў стагоддзі чатыры пакаленні). Нам бы хоць па адным перакладзе ў стагоддзе! Таксама ад асобы перакладчыка шмат залежыць.

– На працу якіх перакладчыкаў арыентуецеся менавіта вы?

Тэорыя і практыка перакладу мне вядомая, бо сам выкладаю такую дысцыпліну на журфаку. Але арыентуюся на свае прынцыпы. Маё перакананне: галоўнае – пакінуць канцэпт, які быў закладзены Уладзімірам Караткевічам у беларускім тэксце, каб ён захаваўся і ў рускім. Каб не стала так, як з фільмам “Дзікае паляванне караля Стаха”, якія пераўтварыўся ў звычайны прыгодніцкі фільм для адпачынку. Хаця і добры. Але там практычна ліквідавана беларушчына! Трэба, каб і ў перакладах выявілася душа беларускага народа, яе хараство і яе трагедыя.

– Раскажыце, над чым працуеце цяпер і што вам дае сілы для гэтага?

Вучу студэнтаў, займаюся навуковымі даследаваннямі і творчасцю. Мабыць, скажу трафарэтную фразу, але часам шкада, што ў сутках 24 гадзіны.

Так здарылася, што пасля доўгага перапынку (я публікаваў вершы яшчэ ў 1980-я гады) у мяне, як кажуць, “пайшла” паэзія. За 2018 год я змясціў некалькі падборак вершаў у “Літаратуры і мастацтве”, па падборцы ў часопісах “Полымя” і “Дзеяслоў”. Не пакідаю гэтага занятку, як толькі знаходжу магчымасць і ёсць натхненне, і цяпер. Спадзяюся ў гэтым годзе выдаць кнігу паэзіі. Відаць, трэба выдаваць за свае сродкі, шукаць грошы, бо я чалавек “непрабіўны”, не люблю стукацца ў дзверы дзяржаўных выдавецтваў, дзе стаіць чарга іншых творцаў…

Што дае сілы працаваць? Відаць, перакананне, што па-іншаму нельга, што чалавек прыходзіць на гэтую зямлю, у юдоль, каб выканаць нейкую яму зверху прызначаную місію. І выконваць яе трэба сумленна. Скарыстаюся выказваннем Ул. Караткевіча з аўтабіяграфіі: “Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, – многа або мала, але да канца”.

Андрэй ГОЛУБ

У турпаходзе ля Нёмана. Пятро Жаўняровіч у цэнтры (1977 г.)

Вандроўка праз Каўказскі хрыбет. Пятро Жаўняровіч у цэнтры (1984 г.)

print

Вам таксама можа спадабацца: