Міхаіл Кухарчык: “Я не сыйшоў са сцэны!”

11 Nov, 2015.

Кухарчик Михаил Васильевич Спадзяюся, кожны з нашых чытачоў ведае аб тым, што пасаду намесніка дэкана па выхаваўчай працы ўжо не займае Міхаіл Васільевіч Кухарчык. Сыход Міхаіла Васільевіча з пасады для многіх быў нечаканасцю. Гэта па-сапраўднаму канец цэлай эпохі студэнцкага жыцця. Атрымліваецца, за 2 гады адміністрацыя геафака амаль цалкам перажыла ратацыю. Толькі Міхаіл Мікалаевіч Брылеўскі застаўся са старой гвардыі на сваёй пасадзе. Рэдкалегія Экватара вырашыла даведацца на падрабязнасці гэтай справы і пазнаць, чым зараз жыве спадар Кухарчык-старэйшы. - Міхаіл Васільевіч, добры дзень! Мне вельмі прыемна, што мае гады студэнцтва прайшлі менавіта разам з Вамі. Як Вы сябе зараз адчуваеце? Чым займаецеся? - У маім жыцці, канешне, адбыліся значныя змены. Яны звязаны з тым, што не такі цесны кантакт са студэнтамі – гэтага мне сапраўды не хапае. Але я выкладаю свае вучэбныя прадметы: першы курс – агульные землязнаўства, другі курс – асновы бяспекі жыццядзейнасці. І, акрамя гэтага, я добра ведаю дзяцей і намагаюся не губляць тых, з кім працаваў, з кім сябраваў – са студэнтамі старэйшых курсаў. А змянілася што? Стала значна больш вольнага часу, але гэта адносна вольны час, бо ў мяне ёсць чым заняцца на сваім працоўным месцы на кафедры, і ў сям’і, і на лецішчы, дзе шмат чаго было зроблена. Узровень адказнасці панізіўся – гэта добра ўспрыяе на мой нервовы стан. Ведаеце, з-за чаго? Усё-такі, калі я займаў пасаду намесніка дэкана, я вымушаны быў па службовых абавязках назіраць за паводзінамі, рабіць заўвагі, з кімсьці пасварыцца, кагосьці пахваліць – хваліць-та добра, а вось сварыцца мне ніколі не падабалася. Я гэта рабіў, таму што адчуваў адказнасць і трэба было даглядаць у адпаведнасці з маімі абавязкамі. Я магу больш мякка ставіцца да студэнтаў. Можа быць, гэта палепшыць стан майго здароўя, таму што нервовыя выдаткі такія, што здароўе губляецца па розных напрамках. Я застаўся ў складзе Савета факультэта, я з’яўляюся сябрам дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў для выдання. Мне хапае абавязкаў, я цікаўлюся і, заўсёды прыходзячы, чытаю ўсе аб’явы, удзельнічаю ў мерапрыемствах. Я не сыйшоў са сцэны, я тут! Але роля іншая.
Кухарчик Михаил Васильевич

У 2014 годзе Міхаіл Васільевіч стаў лепшым выкладчыкам кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі

- Чаму Вы вырашылі сыйсці з пасады намесніка дэкана? - Прычыны дзве. Першая – пенсійны ўзрост. Мне ўжо 61 год і трэба думаць пра тое, каб саступіць месца больш маладому чалавеку. Ці ведаеце вы, які сярэдні ўзрост выкладчыкаў геафака? 53 гады! Ці шмат ведаеце вы маладых выкладчыкаў? Адзінкі… І я цудоўна разумеў, падыходзячы да пенсійнага ўзросту, што трэба мяняць сваю вытворчую дзейнасць і даць дарогу маладым. Галоўнай прычынай стаў стан здароўя. Былі праблемы ў красавіку-траўні гэтага года. Я цяжка з іх выпутваўся і зразумеў, што мой сучасны стан здароўя не вельмі стыкуецца з неабходнасцю быць энергічным, удзельнічаць у шмат якіх мерапрыемствах, хутка перамяшчацца ў прасторы, ездзіць на практыку. Я зараз маю праблемы ў сваім здароўі і я прыняў рашэнне. І дзякуй Богу, што знайшоўся такі чалавек, каму я здолеў перадаць сваю справу. - За апошнія гады склад адміністрацыі геафака змяніўся – амаль на ўсіх пасадах новыя людзі. Ці лічыце Вы гэта простай зменай фігураў ці нас чакаюць кардынальныя змены? Напрыклад, зноў пачалася размова аб змене назвы факультэта. - Ёсць правіла: тэндэнцыя не затрымлівацца на адной пасадзе. Людзі прывыкаюць, яны ведаюць усё, яны працуюць цудоўна, але для таго, каб творчы працэс развіваўся, абсалютна неабходна мяняць фігурантаў. Выбарнасць прафесій у навуцы – гэта неабходная рэч. У нас, на жаль, крэатура – людзі сядзяць пакуль мохам не зарастуць. Ды я і сам сядзеў. Амаль 19 год быў намеснікам дэкана. Новы склад адміністрацыі сябе пакажа. У мяне няма трывогі, што кудысьці завядуць факультэт, ды і зараз я не бачу праблемаў. Пра назву факультэта: назва факультэта будзе зменена – гэта непазбежна, і не трэба тут трапятацца. Пытанне з заменай назвы цягнецца ўжо некалькі год. У чацвер было пасяджэнне Савету, на якое наведваўся наш прарэктар – прафесар Толсцік Л.А., і зноў было паднята, і зноў было галасаванне сябраў Савету факультэта па пытанні аб змене назвы факультэта. Было прапанавана дзве назвы: альбо пакінуць “Геаграфічны факуль- тэт”, альбо назваць “Факультэт геаграфіі і геатэхналогій”. Але савет факультэта большасцю галасоў прагаласаваў за наш брэнд “Геафак” – каротка і зразумела. Гэтую назву ведаюць тысячы людзей, ведаюць у кожным адміністрацыйным раёне Беларусі. Для мяне асабіста, думаю, ёсць пагроза, пра якую зараз не кажуць, але яна проста носіцца ў паветры. Ну вось зменім назву – а гэта можа стаць падставай, каб проста расцягнуць факультэт на кавалкі. І нашых гісоў забярэ факультэт матэматыкі, а геолагаў – фізікі, а потым і корпус, давайце на прыроду да біяфаку. І ўсё! Мы згубімся! - Як змяняліся студэнты за час Вашага кіраўніцтва па Вашым назіранням? - Быў адзін выдатнейшы курс. Гэта курс, дзе вучыліся Кочуб, Пракаповіч, Пасрэднік. Гэта быў выдатны курс. Усе 5 год яны правучыліся без дрэнных адзнакаў – усе, усім курсам! Яны пазаймалі ўсе пасады студэнцкага самакіравання: студсаюз, прафкам, БРСМ, раду аб якасці адукацыі і г. д. З імі было вельмі прыемна працаваць, у іх было столькі ідэяў, імкненняў, што іхняя актыўнасць зашкальвала. Канешне, зараз таксама ёсць выдатныя студэнты. Але паступова, ўсё ж такі, ўзровень падае. Так, напрыклад, мы маем студэнтаў замежных, студэнтаў-платнікаў. На жаль, іхні ўзровень невысокі. Даступнасць адукацыі зрабіла так, што нават і не ведаеш, за кім ісці – алімпіяднікам усё зразумела, а астатнім трэба тлумачыць. Упэўнены, што патрэбны падзел, каб самыя кемлівыя і дапытлівыя ішлі далей і ніхто не перашкаджаў нікому. - Чаму менавіта Сяргей Мікалаевіч атрымаў гонар заняць пасаду намесніка дэкана? - Я ўжо адказаў на гэтае пытанне! Ён вучыўся на тым легендарным курсе! Сапраўды, я лічу, што гэта было правільнае рашэнне. Сяргей Мікалаевіч, калі быў студэнтам, кіраваў прафкамам і амаль часткова выконваў маю працу па рассяленні ў інтэрнат. Ён выдатны чалавек, скончыў наш геафак, атрымаў размеркаванне на геафак, працуе выкладчыкам на кафедры глебазнаўства і ЗІС, ажаніўся на выпускніцы геафаку. Ён жыве геафакам! Таму я упэўнены, што ён справіцца з гэтай справай і ў яго яшчэ ўсё наперадзе! Жадаю яму поспеху!  - Міхаіл Васільевіч, дзякуй вялікі за адказы і за ўдзел у нашай справе! Нагадаю, з 1 верасня 2015 г. на пасадзе намесніка дэкана па выхаваўчай працы Міхаіла Васільевіча Кухарчыка змяніў Сяргей Мікалаевіч Пракаповіч. Гутарыў Ягор ЛЕВАЧОЎ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *