Магчымасці з БДУ. У Германіі самаадукацыя вышэй за ўсё

24 Jan, 2019.

Дадзены праект рэалізуецца па ініцыятыве ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю. Студэнты БДУ, якія вучыліся ці яшчэ вучацца за мяжой, дзеляцца асабістым досведам. Сёння мы пагаварылі з Лізаветай МІХНЁНАК. Студэнтка 4 курса ФМА зараз знаходзіцца на стажыроўцы ў Германіі. Яна падзялілася ўражаннямі ад навучання і жыцця ў другой краіне. Распавяла, якія дакументы ёй спатрэбіліся для ўдзелу ў праграме, а таксама ў чым ёсць розніца ў працэсе адукацыі дзвюх краін.

– Лізавета, Вы цяпер навучаецеся ў Германіі, распавядзіце пра сваю навучальную ўстанову. Чаму абралі навучанне ў дадзенай краіне?

– Я цяпер вучуся ў Енскім універсітэце імя Ф. Шылера. З нямецкай мовай сябрую яшчэ са школы, але ў Германіі пабываць не атрымлівалася. Адчувала, што мне проста неабходная моўная практыка з носьбітамі мовы. Пры гэтым выказвацца па сур'ёзных пытаннях на нямецкай у мяне асаблівых цяжкасцяў не выклікала, а вось паўсядзённыя зносіны, як ні дзіўна, даваліся мне з большымі намаганнямі. Таму і вырашыла прыняць удзел у праграме абмену менавіта з Германіяй. І вось на 3 курсе мая мара спраўдзілася. У вясновым семестры я падала дакументы на ўдзел у праграме Erasmus+, і мяне ўзялі!

– Што неабходна было зрабіць для падачы заяўкі на ўдзел у праграме?

Для ўдзелу неабходна:

1) уважліва вывучыць пералік дысцыплін, якія прапануюць універсітэты, што ўдзельнічаюць у праграме;

2) абраць для сябе два найбольш прыдатныя і для кожнага з іх скласці прыкладны план свайго навучання;

3) затым трэба запоўніць анкету навучэнца і напісаць матывацыйны ліст (прычым першапачаткова ён пішацца на рускай).

На гэтым, як мне здаецца, самае складанае заканчваецца, застаецца толькі ўзяць у дэканаце акадэмічную даведку за ўвесь перыяд навучання, зрабіць копіі пашпарта – і ўсе гэтыя дакументы разам з дакументам, якія пацвярджаюць узровень валодання замежнай мовай, аднесці ў аддзел міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва БДУ. Калі нямецкая мова вывучаецца на факультэце, то дакументам, які пацвярджае ўзровень валодання замежнай мовай, можа быць звычайная даведка, падпісаная выкладчыкам БДУ.

Я падавала сертыфікат Інстытута імя Гётэ, таму што на факультэце нямецкую мову не вывучаю. Удзельнічаць у праграмах абмену можна з сярэднім балам 7 і вышэйшым. Для мяне падрыхтоўка дакументаў на этапе адбору не была справай напружанай. Складаней ужо пасля таго, калі цябе ўзялі. Веданне мовы, вядома, іграе важную ролю. У кожнага ўніверсітэта свае патрабаванні да ўзроўню валодання мовай, часцей за ўсё гэта В2. Усю інфармацыю пра падачу дакументаў можна знайсці на сайце ўпраўлення міжнародных сувязяў БДУ.

– Вы падарожнічаеце падчас навучання? Ці можна гэта сумяшчаць з вучобай?

– Падарожнічаць падчас стажыроўкі можна і трэба! Я ў Германіі два месяцы, і за гэты час наведала Ваймар, Эрфурт, Дрэздэн, Вартбург, Наўмбург і яшчэ шмат іншых вялікіх і маленькіх гарадоў Германіі. Для вандраванняў створаны ўсе ўмовы. Ена размешчана ў федэральнай зямлі Цюрынгія, і са сваім студэнцкім квітком я магу бясплатна карыстацца грамадскім транспартам ва ўсёй Цюрынгіі. Гэта дадатковы стымул па выхадных выбірацца з Ены і даследаваць Германію. Акрамя таго, у Ене існуе вялікая колькасць студэнцкіх арганізацый, якія дапамагаюць замежным студэнтам глыбей спазнаць Германію, нямецкую гісторыю, культуру і традыцыі. Яны арганізоўваюць экскурсіі, сумесныя гульні, паездкі і шматлікае іншае.

– Да чаго трэба быць гатовым, якімі рэкамендацыямі можаце падзяліцца?

– Навучанне ў Германіі – гэта досыць рэзкае паглыбленне ў інтэрнацыянальнае асяроддзе, дзе людзі могуць мець кардынальна процілеглыя погляды на свет, на жыццё, на вучобу. Спачатку мне было цяжка зразумець, як я павінна паводзіць сябе на занятках і ў адносінах да іншых замежных студэнтаў. Але, як выявілася, хвалявацца было не варта. Такая інтэрнацыянальная разнастайнасць у нямецкіх універсітэтах, ці прынамсі ў Енскім універсітэце, расцэньваецца як вялікі плюс, таму не варта перажываць з нагоды таго, што можна зрабіць ці сказаць штосьці не так. Да вучобы я б параіла ставіцца, апроч усяго іншага, і як да магчымасці бліжэй пазнаёміцца з культурнымі асаблівасцямі студэнтаў з усяго свету.

– У чым заўважылі розніцу ў працэсе адукацыі?

– Улічваючы асаблівасці сістэмы адукацыі, ва ўніверсітэты ў Германіі паступаюць ва ўзросце 20-21 гадоў, калі ў нас студэнты ўжо сканчаюць 3, а то і 4 курс. Гэта адрозненне адразу кідаецца ў вочы. Што да працэсу адукацыі, то ў Германіі кожны студэнт сам складае сабе графік навучання і сам вырашае, па якіх прадметах здаваць іспыты. Практычна ўсе факультэты Енскага ўніверсітэта адмянілі абавязковае наведванне заняткаў. Шмат часу адводзіцца на самастойную падрыхтоўку і самастойнае засваенне матэрыялу.

Цікава, што ў Германіі пасля заняткаў выкладчыку прынята дзякаваць гучным пастукваннем па стале косткамі пальцаў. Яшчэ адна традыцыя ўніверсітэта перад Калядамі ладзіць сумесныя чытанні якіх-небудзь калядных гісторый. У гэтых чытаннях заўсёды бяруць удзел прафесары факультэта, чытаюць што-небудзь на свой выбар ці распавядаюць смешныя гісторыі і анекдоты.

– Чаго чакаеце ад стажыроўкі?

– Галоўным чынам, ад навучання ў Германіі чакаю паляпшэння сваёй гутарковай нямецкай мовы. Нават пасля некалькіх месяцаў у Германіі адчуваю, што паляпшэнні ёсць. Мне было цікава параўнаць адукацыйны працэс у БДУ і ў Еўропе. Параўнала, і магу сказаць, што наш БДУ ані не саступае па якасці адукацыі. Нават скажу, што нашы выкладчыкі робяць вельмі шмат, каб дапамагчы студэнтам засвоіць матэрыял. У той час як у Германіі самаадукацыя вышэй за ўсё, выкладчык толькі зрэдку дае парады, у якім кірунку варта ісці.

– Якія магчымасці адкрываюцца пасля праходжання навучання, і як іх збіраецеся выкарыстоўваць?

– Я ўжо амаль выпускніца, і ў маіх планах стаіць здача выніковых іспытаў, абарона дыпломнай працы, праходжанне практыкі і працяг навучання ўжо ў магістратуры.

Мая дыпломная праца звязана з Германіяй, і дзякуючы таму, што я цяпер з'яўляюся студэнткай Енскага ўніверсітэта, у мяне ёсць доступ да вялікай колькасці важных для маёй працы крыніц. Спадзяюся з іх дапамогай паглыбіць сваю дыпломную працу.

Навучанне за мяжой – гэта ў першую чаргу каштоўны досвед для мяне і магчымасць развіваць сябе як асобу, пашыраць свой далягляд. Як бонус, стажыроўка за мяжой – гэты добры дадатак да маіх прафесійных навыкаў, што ў любым выпадку павялічвае шанцы на рынку працы.

– Падзяліцеся сваім меркаваннем, што для вас БДУ?

– БДУ для мяне – гэта мноства магчымасцяў для развіцця і самаўдасканалення. Разнастайнасць конкурсаў, мадэляванняў, канферэнцый дае магчымасць выпрабаваць сябе і, апроч усяго іншага, з'яўляецца полем для трэніроўкі такіх уменняў і навыкаў, як праца ў камандзе, прамоўніцкае майстэрства, кароткі і лаканічны выклад матэрыялу.

БДУ для мяне непарыўна звязаны са студэнцкай мабільнасцю і магчымасцю пазнаёміцца з сістэмамі адукацыі іншых краін. За 4 гады БДУ стаў другім домам, дзе заўсёды можна разлічваць на дапамогу і падтрымку з боку студэнтаў і выкладчыкаў.

Гутарыла Кацярына ШАЙКО

print

Вам таксама можа спадабацца: