У індывідуальным спорце з камандным настроем

9 Dec, 2014.

Горад Мінск справядліва можа пахваліцца выдатнымі месцамі для адпачынку. Тут лёгка знойдзецца цёплы куток для адзіноты ці шпацыру з сябрамі. Адным з такіх месцаў з'яўляецца набярэжная Свіслачы, праўда, часам, гуляючы ўздоўж ракі, на суседняй веладарожцы можна сустрэць студэнтаў на колах і з палкамі ў руках. Гэта трэніруюцца спартсмены лыжнай секцыі БДУ. _DSC0311А Секцыя па лыжным спорце ў Белдзяржуніверсітэце з'явілася адносна даўно. Яна выгадавала ўжо не адно пакаленне выдатных спартсменаў, якія добра абаранялі і абараняюць гонар не толькі роднай альма-матар, але і краіны ў цэлым. Сёння займаецца каля 30 чалавек. І калі раней гэта былі, галоўным чынам, студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, то цяпер хімікі, біёлагі, журналісты, гісторыкі і іншыя з задавальненнем наведваюць трэніроўкі. _DSC0325Як распавяла трэнер Аксана Леанідаўна Граковіч, большасць спартсменаў – гэта ўсё-такі хлопцы. Сярод дзяўчат лыжны спорт не асабліва папулярны, але тыя, хто ім займаецца – гэта сапраўды адданыя сваёй справе прадстаўніцы чароўнага полу. Кожны прыходзіць з рознай мэтай: хтосьці – сфарміраваць фігуру, хтосьці –падтрымаць тонус цела, хтосьці проста прабавіць час. Але калі трапляюць сюды, то, як правіла, застаюцца да канца. Наогул, існуе тры ўзроўні спартыўнай падрыхтоўкі. Першыя – гэта тыя, хто ніколі не займаўся лыжным спортам. Другія – студэнты, якія навучаліся ў ДЮСШ, аднак з-за паступлення пакінулі спартыўнае хобі, і трэція – прафесійныя высокакваліфікаваныя спартсмены. Але нават такая рознаўзроўневая падрыхтоўка не замінае ім усім трэніравацца разам і падтрымліваць цёплыя адносіны паміж сабой. Хоць лыжны спорт і лічыцца індывідуальным, сярод студэнтаў заўсёды пануе камандны дух. - Мы становімся тут як адна вялікая сям'я. А час трэніроўкі – гэты самы выдатны час, гэта як вячэра за вялікім круглым сталом. – Блізкія людзі збіраюцца і абмяркоўваюць пытанні, не саромеючыся паказваць на слабасці і цяжкасці, – з усмешкай дзеліцца Аксана Леанідаўна. Ганарыцца лыжная секцыя сваімі выпускнікамі. Асабліва яркія імёны – Валянціна Камінская, Вольга Васілёнак – удзельніцы Алімпійскіх гульняў па лыжных гонках, Уладзімір Алянішка – член нацыянальнай зборнай па біятлоне і інш. Сённяшняе пакаленне таксама цешыць: Мікіта Купрыянаў вучыцца на пятым курсе, а ўжо занесены ў спіскавы склад нацыянальнай каманды па лыжных гонках._DSC0365А Як ні дзіўна, але праблемы непасрэдна з вучобай у спартсменаў практычна не ўзнікаюць. А калі і ўзнікаюць, то вырашаюцца вельмі хутка. Балазе, абарона імя роднага ўніверсітэта на спаборніцтве – паважлівая прычына, а таму выкладчыкі з разуменнем ставяцца да пропуску некаторых пар. Цяжэй адпрасіцца на трэніроўку, бо праводзяцца яны пяць разоў у тыдзень. І, што самае галоўнае, працягласць і нагрузка заўсёды розная. Усё залежыць ад таго, на што накіраваныя пэўныя заняткі: павышэнне цягавітасці, умацаванне ног, выпрацоўка трапнасці ці іншае. Разам з сезонамі змяняецца месца правядзення трэніровак. Улетку гэта стадыён спарткомплексу "Універсітэцкі" і веладарожкі ўздоўж Свіслачы (заняткі на бегавых лыжах). Узімку ж Белдзяржуніверсітэт арандуе гарадскую лыжаролерную трасу ў Вяснянцы, дзе створаны ўсе падыходныя ўмовы для развіцця спартыўных здольнасцяў. – Насамрэч, – кажа трэнер, – універсітэт аказвае велізарную падтрымку. У нас найноўшы інвентар, выдатны рыштунак, выдатныя ўмовы. З нашага боку застаецца паказаць толькі настойлівасць і сілу, каб дасягнуць высокіх вынікаў. _DSC0209 Секцыя па лыжным спорце не раз паказвала высокія вынікі. Спадзяёмся, што і надалей нашы не падвядуць на спаборніцтвах і падтрымаюць гонар роднага ўніверсітэта! Яна ЧАРАПАНАВА
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *