Спартакіяда ў «Брыганціне»: i спорт, і адпачынак!

12 Feb, 2015.

DSC_8894 Многія супрацоўнікі нашага ўніверсітэта карыстаюцца магчымасцю правесці апошнія выхадныя студзеня не за хатнімі клопатамі ці звычайнымі пакупкамі, а ў спартыўным суперніцтве са сваімі калегамі ва ўтульнай атмасферы «Брыганціны». Да таго гэтым разам удзельнікаў спартакіяды «Здароўе» сярод адміністратыўна-кіраўніцкага складу чакаў яшчэ і прыемны бонус у якасці цудоўнага канцэрта, пра які патурбаваліся службоўцы САК. А пачалося ўсё, як звычайна, з ад’езду ўдзельнікаў спартакіяды ўвечары пятніцы 30 студзеня ад галоўнага корпуса БДУ двума камфартабельнымі аўтобусамі. Надвор’е тады яшчэ спрыяла прыўзнятаму настрою. Усім невыпадковым пасажырам было прыемна адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі ўніверсітэцкіх спа­борніцтваў і паспытаць сапраўдны спартыўны азарт. Нагадаў усім, для чаго яны тут сабраліся і капі­тан зборнай факультэтаў Сяргей Ходзін, які звярнуўся да калег з «фізкультпрывітаннем». …Прыехалі, размясціліся, рас­клалі рэчы ды на вячэру. Работнікі сталовай «Брыганціны», як заў­сёды, знайшлі чым пачаставаць жаданых гасцей. Пасля сябры бавілі час на марозным паветры, у вясёлых кампаніях ды на дыскатэцы. Пэўны час было шумна і га­манліва, але апоўначы ўсе пайшлі адпачываць, бо трэба было выконваць спартыўны рэжым. А на наступны дзень абрынулася страшэнная слота, якая вымусіла ўнесці змены ў праграму мерапрыемства. На ўрачыстым адкрыцці рэктар паведаміў, што лыжныя гонкі суддзямі адмененыя. Гэта, канешне, не магло парадаваць аматараў зімовых забаў, але астатнія віды давалі магчымасць праявіць сябе. Па словах галоўнага суддзі Васіля Юшко, да спаборніцтваў спрычыніліся 4 каманды-заўсёд­нікі спартакіяды. Сфарміраваныя зборныя ВНУ выступілі ў 5 відах спорту: більярд, валейбол, настольны тэніс, плаванне і шахматы. DSC_8640 У выніку, у більярдзе найлепшай апынулася каманда «ГУН, НДІ і прадпрыемствы», перш за ўсё дзякуючы майстэрскай гульні Сяргея Чайкуна, дырэктара «Шчо­мыс­ліцы». Добры ўзровень паказалі і прадстаўнікі каманды рэктарата Уладзімір Панарадаў і Аляксей Данільчанка. У шахматах па-за канкурэнцыяй аказалася каманда факультэтаў, якую вялі кандыдат у майстры спорту Аляксей Забай­ловіч і намеснік дэкана мехмата Валерый Курсаў. У плаванні перамога дасталася таксама зборнай факультэтаў дзякуючы свайму лідару ў гэтым відзе – 68-гадоваму «непатапляльнаму» Анатолю Ляг­чы­ліну. Сярод жанчын асабліва адзначылася Святлана Наганава з каманды № 4. У настольным тэнісе ўпэўненую перамогу ат­рымаў сплаў маладосці і вопыту з каманды факультэтаў – «віват!» Івану Роўду і Дзмітрыю Ушакову, якія пераўзышлі моцную каманду рэктарата, за якую гуляў сам рэктар. DSC_8647 Ну і нарэшце самы масавы від – валейбол. Тут разгарнулася ўпар­тая барацьба, дзе тры каманды здолелі атрымаць па пяць ачкоў. Па розніцы партый заслужаная перамога дасталася камандзе № 4 «Цэнтры, філіялы, агульнаў­ні­вер­сітэцкія кафедры, навучальныя ўстановы комплексу БДУ, іншыя структурныя падраз­дзяленні і ар­ганізацыі» (капітан – Руслан Папок). DSC_8668 Пасля такога насычанага дня людзям быў патрэбны добры ад­пачынак. І адміністрацыя «Бры­ган­ціны» падрыхтавала для сваіх гасцей сапраўдны сюрпрыз. Па за­прашэнні начальніка САК Ула­дзі­мі­ра Палякова перад уні­­­­вер­­­­сітэцкай супольнасцю вы­сту­піў вакальны калектыў, лаўрэат міжнародных фестываляў, супер­таленавіты сямейны ансамбль «Прасніца» ў складзе баяніста-віртуоза Івана Зяленіна, яго жонкі Валянціны і дзвюх дачок-прыгажунь. Жаночае трыа праспявала беларускія і рус­кія народныя песні ў эстраднай апрацоўцы, а малодшая Ірына прадэманстравала запальвальны ўсходні танец і кас­цюміраваную «пляску матылька». DSC_8751Гледачы былі вельмі ўражаны ды­намічным ві­довішчам, горача пляс­калі ў ладкі, падтанцоўвалі і на­прыканцы нават высыпалі на сцэну, каб быць бліжэй да ўпадабаных артыстаў. Старшы­ня прафкама БДУ Ігар Вярэнчыкаў ад імя супра­цоўнікаў паабяцаў сустрэцца з імі яшчэ не раз. DSC_8804 Агульную ж перамогу ў спар­такіядзе «Здароўе», як няцяжка здагадацца, здабыла каманда «Факультэты, Інстытут жур­налі­стыкі». Другое месца заняла каманда «Рэктарат, галоўныя ўпраў­ленні, упраўленні». Трэцяе месца дасталася аматарам спартыўных актыўных змаганняў – зборнай супрацоўнікаў цэнтраў, філіялаў, агульнаўніверсітэцкіх кафедраў і інш. Узнагароджанне каманд і ін­дывідуальных пераможцаў адбылося ў нядзелю 1 лютага. Дарэчы, дадзеная спартакіяда пачала ладзіцца па ініцыятыве рэктара БДУ Сяргея Абламейкі і прайшла ўжо ў пяты раз. Гэтым разам у ёй удзельнічала амаль 200 чалавек.  Арганізатарамі спартакіяды выс­тупілі пярвічная прафсаюзная арганізацыя супрацоўнікаў БДУ разам з кафедрай фізічнага выхавання і спорту з мэтай папуля­ры­зацыі здаровага ладу жыцця, далучэння супрацоўнікаў да фізічнай культуры, спорту і забеспячэння рухомага адпачынку. Сяргей ШАФАЛОВІЧ Фота Аляксандра СНАПКА DSC_8756
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *