Веласіпедысты на фотапаляванні! У БДУ адбыўся трэці “Фотавеламарафон”

22 мая, 2015.

Фотавеламарафон 2015

Фотаапарат, веласіпед і творчае мысленне – вось мінімальны набор сапраўднага “фотавеламарафонаўца”. Колькасць такіх актыўных студэнтаў у БДУ з кожным годам узрастае. І ўсё дзякуючы праекту “Фотавеламарафон”, што ладзіцца грамадскім аб’яднаннем “Студэнцкі Саюз БДУ” ўжо трэці год запар.

IMG_1332

Гэта адметнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае спорт з крэатывам і не мае адпаведнікаў сярод праектаў мінскіх вну. Сёлета марафон ладзіўся 12-13 мая, так што ўдзельнікам нават з надвор’ем пашанцавала. Сутнасць спаборніцтва простая: студэнты праязджалі пэўны маршрут (у гэтым годзе ён ахапіў тэрыторыю парка імя Горкага і парка Перамогі), на якім змяшчалася 10 пікетаў, і адпаведна выконвалі 10 асноўных заданняў.

IMG_1391

Кожнае заданне ўяўляла сабой фотаздымак на акрэсленую тэматыку: “Дробязі жыцця”, “Мінск – горад сонца”, “Удалечыні ад мітусні”, “Фотагісторыя”, “Кантраст”, “Фотагук” і інш. Дарэчы, адна з тэм была прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі. А для тых, хто хутка пераадольваў гэтыя дзесяць этапаў і адчуваў, што крэатыў яшчэ не вычарпаны, арганізатары распрацавалі цікавыя дадатковыя заданні. Так, для фотаздымкаў можна было задзенічаць папяровага “марафонаўца”, пры дапамозе аб’ектыва “ўпаляваць” саперніка, а таксама прапанаваць тры фотаздымкі на адвольную тэму.

Ацэньвалі працы ўдзельнікаў сапраўдныя аматары фотасправы: адзін з сааўтараў праекта і яго пастаянны член журы Антон Сцяшко, фатограф газеты “Звязда” Надзея Бужан і фатограф партала TUT.by Сяргей Балай. Не стану прыхоўваць, вырашалі яны доўга і ўпарта, да кожнай творчай задумы ставіліся сур’ёзна. Цягам няпростых абмеркаванняў была вызначана тройка пераможцаў і найлепшыя фатографы ў асобных намінацыях. Абсалютным пераможцам “Фотавеламарафона БДУ – 2015” стала Марына Сіманава, якая атрымала сертыфікат на 2 000 000 беларускіх рублёў для набыцця фота-, вела- ці любой іншай тэхнікі, на другім месцы апынулася Елізавета Радына (узнагарода – сертыфікат на 1 000 000 рублёў), а на трэцім – Павел Самалазаў (сертыфікат на 500 000 рублёў). Закрыццё праекта адбывалася ва ўтульнай аўдыторыі Інстытута журналістыкі БДУ, дзе ў нефармальнай атмасферы ўдзельнікі знаёміліся, гулялі, а таксама глядзелі конкурсныя фотаздымкі і прымалі падарункі ад спонсараў.

IMG_1695

Штогод конкурс паказвае, што студэнты атрымліваюць сапраўдную асалоду ад гэтага спаборніцтва. Як правіла, яны нават не спяшаюцца на фініш – кожнае заданне выконваюць старанна, з творчым запалам, шукаюць нестандартныя ідэі па-за межамі веладарожкі. IMG_1427

Такім чынам, “Фотавеламарафон” найлепшым чынам дае раскрыцца крэатыўным, ініцыятыўным студэнтам і ў дадатак да ўсяго падтрымлівае сярод моладзі здаровы лад жыцця. Дзякуючы такім мерапрыемствам квітнее студэнцкае жыццё ў БДУ!

Аляксандра ПІЛІПЁНАК

Фота Ганны Занковіч

print

Вам таксама можа спадабацца: