Ужо ў адзінаццаты раз «Брыганціна» сабрала старастаў першага курса на адукацыйным семінары «Ты стараста». Тры дні – з 3 па 5 кастрычніка – каманды з розных факультэтаў атрымлівалі новыя навыкі і здзіўлялі сваёй арыгінальнасцю.
Добрая традыцыя збіраць старастаў першага курса ў САК «Брыганціна» ўзнікла яшчэ ў 2006 годзе. Адукацыйны семінар праводзяць з году ў год з некалькіх прычын: даць моладзі парады па вучобе, жыцці студэнта і працы старасты, праверыць іх у крытычных сітуацыях і, што не меней важна, добра правесці час.
Сёлета тэмай «Брыгі» сталі «Магічныя расы». Студэнты большасці факультэтаў БДУ аб’ядналіся ў каманды, каб прадставіць сябе ў ролі цмокаў, зомбі, эльфаў… Падрыхтоўку першакурснікі пачалі яшчэ ў пачатку верасня, а дапамагалі ім у гэтым іх куратары. Для кожнай каманды было некалькі заданняў: падрыхтаваць песню, танец, творчы нумар і відэавізітоўку ў адпаведнасці з «расай», якую іх куратар выцягнуў на лёсаванні. Апроч гэтага кожная каманда павінна была прывезці з сабой талісман.
Здзіўляла вынаходлівасць маладых старастаў. Дэманы зачароўвалі сваімі велізарнымі чорнымі рагамі з пенапласту, зомбі – незвычайным грымам, а чараўнікі – файнымі налепкамі. Хтосьці пастараўся больш, хтосьці менш, але ў выніку ўсе годна прадставілі свае факультэты.
Дарэчы, сёлета пераможцамі была названа каманда «Зомбі» біялагічнага і фізічнага факультэтаў. Дзеці пацешылі ўсіх не толькі сваім творчым нумарам і песняй, але і ўзрушальнымі індывідуальнымі вобразамі. Зомбі атрымалася напалохаць усіх: і ўдзельнікаў форуму, і арганізатараў, і нават некаторых супрацоўнікаў. Акрамя таго яны годна выявілі сябе і на секцыях. Журы справядліва ацанілі іх старанні.
Акрамя творчай часткі была і адукацыйная. Старасты першага курса прайшлі восем секцый, на якіх ім давалі парады па тайм-менеджменце, вучылі весці дыялог з супрацоўнікамі ўніверсітэта і нават распавядалі, як не баяцца сцэны. Штогод самай запамінальнай секцыяй з’яўляецца ролевая гульня «Барацьба характараў». Студэнтам даецца магчымасць вырашыць некалькі сітуацый, якія маглі б адбыцца з імі ў жыцці. І не кожнаму такое па сілах!
«Для мяне гэта ўсё як вялікая казка. Тры дні праляцелі проста імгненна, хоць здаецца, толькі быў першы збор, – дзеліцца сваімі ўражаннямі студэнтка першага курса Інстытута журналістыкі Аляксандра Адамашка. – Мая каманда стала мне сапраўднай сям’ёй. Вярнуцца б назад і перажыць усё гэта зноў!»
Вядома, самай галоўнай падзеяй «Брыганціны» стала першая сустрэча студэнтаў з новым рэктарам БДУ Андрэем КАРАЛЁМ. Удзельнікамі сталі каля 250 першакурснікаў. Сустрэча-дыялог доўжылася каля дзвюх гадзін. Было зададзена звыш 40 пытанняў, якія тычацца будучыні ўніверсітэта, хобі і захапленняў. Студэнты звярталіся па параду, як правільна арганізаваць свой працоўны і навучальны дзень, на якія жыццёвыя каштоўнасці варта арыентавацца ў наш інфармацыйна перанасычаны час.Андрэй Дзмітрыевіч адзначыў: «У чарговы раз пераканаўся, наколькі важна падтрымліваць такі двухбаковы кантакт, калі не толькі студэнты ўдзельнічаюць у жыцці ВНУ, але і яго кіраўніцтва, выкладчыкі ў сваю чаргу паглыбляюцца ў інтарэсы маладых людзей. Гэта дазваляе найлепш зразумець, якія чаканні яны звязваюць з універсітэтам, і знайсці магчымасць апраўдаць іх спадзевы».

