Школа SMM БДУ: новыя вынікі і гарызонты

17 Nov, 2017.

15 лістапада завяршыўся другі сезон адукацыйнага праекта Медыяцэнтра БДУ “Школа SMM БДУ”. Удзел у ім прынялі адміністратары суполак факультэтаў, студэнцкіх арганізацый, структур і падраздзяленняў універсітэта.

Упершыню заняткі школы SMM БДУ былі праведзены ўвесну гэтага года. З таго часу праект значна змяніўся: быў ажыццёўлены рэбрэндынг школы, перагледжана праграма заняткаў і падыход да выканання і праверкі хатніх заданняў, якія замацоўваюць атрыманыя веды.

Вочныя заняткі другой школы SMM БДУ праводзіліся раз у тыдзень з 11 кастрычніка па 15 лістапада. На лекцыях закраналіся пытанні фарміравання і ўмацавання карпаратыўнай культуры ўніверсітэта ў сацсетках, якаснага прасоўвання брэнда ВНУ, дызайну акаўнтаў і гэтак далей. Спікерамі праекта сталі выпускнікі і супрацоўнікі БДУ, якія займаліся ці займаюцца ў наш час прасоўваннем брэнда ўніверсітэта ў сацыяльных сетках.

Мабыць, найлепшай ацэнкай вынікаў гэтага праекта могуць стаць водгукі ўдзельнікаў праекта, а таксама тыя змены, якія адбыліся ў суполках, працу над якімі яны вядуць.

Адміністратар супольнасці народнай харавой капэлы БДУ Ганна Дзягель адзначае, што падчас працы Школы SMM БДУ былі распрацаваны элементы візуальнага афармлення старонак капэлы, сістэма рубрык і кантэнт-план. “З дапамогай сацыяльных сетак нам атрымалася прыцягнуць значную колькасць новых удзельнікаў хору”, – падзялілася Ганна Дзягель. Таксама дзякуючы працы капэлы яе былыя ўдзельнікі маюць магчымасць успомніць свае гады ўдзелу ў хоры. “Нам напісала ўдзельніца капэлы БДУ Вольга Грыневіч, якая спявала тут з 1969 па 1974 гг. Яна пазнала на сябе фатаграфіях, якія мы ўзялі з лічбавага фотаархіва БДУ, і падзялілася з намі сваімі ўспамінамі пра той перыяд. Гэта быў вельмі кранальны момант! Мы таксама плануем узяць у Вольгі Грыневіч вялікае інтэрв’ю, каб падзяліцца гэтымі гісторыямі з вамі”.

Вокладка суполкі народнай харавой капэлы БДУ. Таксама быў вызначаны адзіны стыль візуальнага афармлення кантэнту

Адміністратар суполкі аддзела міжнародных праграм упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Васіліна Раманенкава таксама дзеліцца вынікамі навучання ў школе SMM БДУ:

“Мы распрацавалі кантэнт-план і стварылі лаканічнае афармленне выяў да пастоў”:

Анастасія Гаўрылюк працуе над суполкай БРСМ факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ:

“У нашай суполцы была створана рассылка паведамленняў, якую станоўча ацанілі нашы падпісанты. Я хачу падзякаваць арганізатарам за гэты праект! Дзякуючы школе SMM БДУ наша суполка стала лепшай, але гэта толькі пачатак!”

Анастасія Гаўрылюк

Група грамадскай інфармацыйнай службы Студэнцкага гарадка БДУ таксама зведала станоўчыя змены ў рамках працы школы SMM БДУ. Адміністратар групы ГІС Валерыя Гаўрылавец адзначае, што вырасла колькасць падпісантаў групы, а таксама павялічыўся ахоп запісаў.

“Усе матэрыялы школы апынуліся вельмі карыснымі! Яны выкладзены лёгка і цікава. Выдатна, што ў БДУ гэтыя веды можна атрымаць бясплатна”, – дзеліцца Валерыя.

Прыклад афармлення выявы да запісаў групы ГІС Студгарадка БДУ

Педагог-арганізатар Юрыдычнага каледжа БДУ Юлія Строк займаецца прасоўваннем афіцыйнай старонкі ЮК БДУ і творчага саюза каледжа:

“Школа SMM БДУ – гэта той праект, які вельмі важны ў наш час. На жаль, не ўсе ставяцца да сацыяльных сетак сур’ёзна, але ж менавіта яны цяпер з’яўляюцца адной з асноўных прылад працы з моладдзю. І наша задача ў першую чаргу ў тым, каб суполка магла далучаць абітурыентаў і навучэнцаў у жыццё каледжа: грамадскае, культурнае, навуковае.

Для сябе я вынесла вельмі шмат карысных думак, якія дапамогуць якасна і дзейсна прасоўваць суполкі Юрыдычнага каледжа БДУ”.

На заключных занятках другога сезона школы SMM БДУ быў таксама прэзентаваны рэсурс праекта, дзе можна азнаёміцца з гісторыяй школы, атрымаць доступ да канспектаў выступаў спікераў і прачытаць яшчэ больш водгукаў пра працу школы SMM БДУ.

Любы ахвотнік можа наведаць гэты сайт і скарыстацца яго матэрыяламі. Пераходзьце па спасылцы: http://smmadness.tilda.ws/

Другая школа SMM БДУ стала яшчэ шырэйшай пляцоўкай для абмену ведамі, для навучання і натхнення. Некаторыя ўдзельнікі першага сезона праекта вырашылі прыняць у ім удзел ізноў, а іншыя далучыліся да ліку арганізатараў праекта ці сталі яго спікерамі.

“Мы рады, што школа SMM БДУ выклікае велізарную цікавасць у яго ўдзельнікаў і спікераў, – распавядаюць у Медыяцэнтры БДУ. – Прыемна чуць і чытаць водгукі ўдзельнікаў, бачыць, як суполкі становяцца што ні дзень лепшымі. Ужо пачынаем думаць над трэцім сезонам праекта! Хутчэй за ўсё будзем запрашаць да ўдзелу адміністратараў супольнасцяў не толькі БДУ, але і іншых устаноў вышэйшай адукацыі”.

Кацярына РУТКОЎСКАЯ

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: