Як засцерагчыся ад ўцечак газу? Студэнт БДУ прадставіць праект на рэспубліканскім конкурсе

23 Jan, 2017.

Студэнт БДУ Глеб Машканаў мае канцэпцыю як заўважыць і прадухіліць праблемы, звязаныя з уцечкай газа ў памяшканнях. На мінскім гарадскім этапе конкурса ад БРСМ «100 ідэй для Беларусі» яе ўжо высока ацанілі і накіравалі на рэспубліканскі этап, які адбудзецца ў лютым.

Тэмай ўцечкі бытавога газу Глеб зацікавіўся ў старэйшых класах сярэдняй школы. У той час часта паведамлялася пра здарэнні, звязаныя з выбухамі бытавога газа. А калі ў суседнім доме адбылося надзвычайнае здарэнне такога ж характару, маладога чалавека праблема зачапіла канчаткова.

Пілотны праект «Распрацоўка канцэпцыі інфармацыйнай сістэмы маніторынгу і рэагавання на ўцечкі бытавога газу ў шматкватэрных жылых дамах» цяперашні першакурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ўпершыню прадставіў яшчэ будучы школьнікам. За яго на рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці моладзі «ТэхнаІнтэлект» вучань атрымаў дыплом трэцяй ступені. Малады чалавек быў задаволены вынікам, але на конкурс ад БРСМ ўскладае большыя надзеі: праект павінны не толькі заўважыць, але і рэалізаваць на справе, бо ён ўздымае глабальную праблему, што тычыцца многіх.

Я паглядзеў з прычыны чаго гэта адбываецца, – узгадвае Глеб, – прыродны газ, змешваючыся з паветрам у пэўнай канцэнтрацыі, дае сумесь страшнай разбуральнай сілы. Самае нязначнае трапленне іскры дае пякельныя наступствы. Я пачаў думаць сам пра шляхі вырашэння гэтай праблемы.

У канцы лістапада мінулага года яго праца ўвайшла ў пяцёрку лепшых інавацыйных праектаў сталіцы (з 35 прадстаўленых), якія адабраліся на фінальны этап рэспубліканскага конкурса «100 ідэй для Беларусі». Конкурсны іспыт складаўся з двух частак. Першая – наглядная выстава праекта са стэндамі. Другая – непасрэдная абарона працы перад экспертным журы, дзе трэба было тэзісна перадаць сваю канцэпцыю і адказаць на пытанні.

– Прапанаваная мною сістэма, – распавядае сутнасць ідэі Глеб, – у маштабе складаецца з трох генеральных кампанентаў. Па-першае, патрэбна прылада, якая будзе вісець у кватэры, аналізаваць канцэнтрацыю газа ў паветры і звязвацца з цэнтральным серверам. Цэнтральны сервер – другі кампанент маёй сістэмы – стаіць у МНС або гаргазе, прымае патокі дадзеных ад прылад што ў кватэрах. Калі нейкая перадае трывогу (перавышаная канцэнтрацыя газу), адначасова яна інфармуе пра дакладнае месцазнаходжанне (кватэру, пад’езд). А цэнтральны сервер падае каманды на адключэнне гэтага пад’езда ад газазабеспячэння. Трэці кампанент сістэмы – гэта прылада на вентылі газаправода, звычайнае электрычнае кіраванне кранавым абсталяваннем, у газавай прамысловасці стандартная, у прынцыпе, працэдура. Калі цэнтральны сервер падаў сігнал на адключэнне газазабеспячэння, таксама аўтаматычна перадаецца выклік у аварыйную службу гаргаза.

Калі судзіць у агульным, то прынцып сістэмы падобны на дзеянне ахоўнай сігналізацыі, але ў іншай сферы, адзначае Глеб. З пажарнымі апавяшчальнікамі менш агульнага, бо гэта аўтаномныя прылады, якія не звязаныя паміж сабой, іх задача толькі прыцягнуць увагу. Нягледзячы на тое, што тэма вельмі актуальная, такіх шляхоў яе вырашэння, па словах маладога даследчыка, няма ні ў адной краіне свету.

Наталля КУДРАШОВА

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *