Дзень студэнта – у Рызе. Студэнты БДУ пабывалі ў Латвійскім універсітэце

5 Dec, 2017.

Актывісты студэнцкіх арганізацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта правялі Міжнародны дзень студэнта 17 лістапада ў сталіцы Латвіі.

Візіт быў падрыхтаваны і арганізаваны органамі студэнцкага самакіравання вядучых ВНУ краін­ удзельніц – Студэнцкай асамблеяй ад Белдзяржуніверсітэта (пры падтрымцы творчага саюза) і студэнцкім саветам Латвійскага ўніверсітэта. Таксама ў рамках Міжнароднага дня студэнта на мерапры­емствах прысутнічалі прадстаўнікі студэнцкага савета Літоўскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага.

Яўген Харук, старшыня Сту­дэнцкай асамблеі БДУ:

«Гэты візіт стаў працягам нашага супрацоўніцтва са студэнцкім саветам Латвійскага ўніверсітэта. Упершыню мы наведалі Латвійскі ўніверсітэт яшчэ ў маі, а затым прадстаўнікі латвійскага боку прынялі ўдзел у нашым II міжнародным моладзевым форуме «М.І.Р. – наша будучыня!» у верасні. Варта заўважыць што знаёмства ў нас атрымалася своеасаблівае: у маі група студэнтаў выявіла жаданне наведаць гульню КВЗ у Рызе. Мы, як арганізатары паездкі, падумалі, што можна паспрабаваць наведаць і вядучы ўніверсітэт Латвіі з экскурсіяй, каб пазнаёміцца з іх працай. Я, старшыня студэнцкай асамблеі, знайшоў у сацыяльнай сетцы Facebook старшыню студэнцкага савета Латвійскага ўніверсітэта Сігнэ Скутэле і наўпрост напісаў, што мы збіраемся ў Рыгу і хацелі б сустрэцца і пазнаёміцца, каб у далейшым завязаць сяброўскія адносіны паміж нашымі органамі самакіравання. Сігнэ хутка адказала і дапамагла нам арганізаваць той візіт. Пасля гэтага мы ўжо размаўлялі пра магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў, так і вырашылі, што прыедзем да іх на дзень студэнта».

З боку Латвійскага ўніверсітэта прадстаўнікоў БДУ сустрэў рэктар універсітэта Індрыкіс Муйжніекс. Ён адзначыў арганізаванасць нашых студэнтаў, а таксама наша   жаданне сябраваць са студэнтамі іншых краін і выяўляць ініцыятыву. Таксама рэктар заўважыў, што нашы ўніверсітэты могуць і развіва­юць адносіны як на ўзроўні адміністрацый, так і на ўзроўні сту­дэнцкіх органаў самакіравання.

Падчас знаёмства з Латвійскім універсітэтам студэнты звярнулі ўвагу на падабенства нашых ВНУ. Так, у Латвійскім універсітэце ўжо рыхтуюцца да святкавання ста­годдзя (быў заснаваны ў 1919 годзе). Не саступае ён БДУ і па коль­касці навучальных падраздзяленняў: 13 факультэтаў і 20 даследчых інстытутаў.

Каб абмяняцца досведам, латвійскімі студэнтамі былі арганізаваны воркшопы па наступных кірунках: культура, студэнцкае самакіраванне і студэнцкая мабільнасць. На воркшопах удзельнікі з усіх краін дзяліліся свае досведам  і меркаваннямі па арганізацыі працы органаў самакіравання ў дадзеных кірунках.

Прадстаўнікі Латвійскага ўніверсітэта арганізавалі для нашых студэнтаў экскурсіі па карпусах універсітэта (варта адзначыць што ў Латвійскім універсітэце ёсць корпус, будынак якога пабудавана яшчэ ў XIX стагоддзі, а таксама ёсць корпус, які пабудаваны ў 2015 годзе і адпавядае ўсім патраба­ванням сучаснага працэсу навучання і ўладкаваны так, каб студэнты адчувалі сябе там, як дома), а яшчэ зладзілі сапраўдную квэст­экскурсію па горадзе, у межах якой нашы студэнты не проста пагля­дзелі горад, а яшчэ і выконвалі пэўныя заданні.

У канцы насычанага дня нас усіх чакаў урачысты канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню студэнта. Канцэрт складаўся з дзвюх частак, адну з якіх арганізоўвалі нашы студэнты. Творчы саюз БДУ і ўпраўленне па справах культуры ўзялі на сябе частку працы і арга­нізавалі 30 ­хвілінны канцэрт.

Гэта паездка таксама стала падарункам для каманды­ пераможцы фэсту першакурснікаў БДУ  Your Fresh Meeting. Арганізатарам конкурсу выступіў творчы саюз БДУ, вынікі якога былі падведзены 9 кастрычніка, дзе на гала­канцэрце стала вядома імя пераможцы.   Ім стала каманда філалагічнага  факультэта «Бабін бунт». Разам з творчымі калектывамі Латвійскага ўніверсітэта яны таксама рыхтавалі канцэрт да дня студэнта.

Галоўнай падзеяй візіту стала падпісанне мемарандума пра супрацоўніцтва паміж органамі самакіравання з мэтай стварэння двухбаковых сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва, а таксама адносін абменнага характару паміж студэнтамі Латвійскай Рэспублікі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сігнэ Скутэле, старшыня студэнцкага савета Латвійскага ўніверсітэта, разам са старшынёй Студэнцкай асамблеі БДУ Яўгенам Харуком падпісалі мемарандум. У будучыні ён дазволіць бесперашкодна арганізоўваць студэнцкія форумы, канферэнцыі, што ў цэлым зробіць нашых студэнтаў больш мабільнымі.

Сігнэ Скутэле, старшыня студэнцкага савета Латвійскага ўніверсітэта:

«Мы вельмі рады, што ў нас з’я­віліся такія партнёры з Беларусі. Студэнты павінны атрымліваць магчымасць падарожнічаць, знаё­міцца з іншымі краінамі і людзьмі, і гэта ўсё не толькі ў рамках вучобы, а таксама і ў рамках дадатковай грамадскай дзейнасці. Мы вельмі спадзяёмся, што наша супрацоўніцтва са Студэнцкай асамблеяй БДУ будзе пашырацца і ў нас з’явіцца шмат сумесных праектаў».

Адным з галоўных сумесных мерапрыемстваў, ідэі якіх атрымалася абмеркаваць падчас візіту, стане праект у рамках падрыхтоўкі да правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе, які пройдзе адразу ў дзвюх краінах – Беларусі і Латвіі.

Увогуле, удзельнікі паездкі засталіся задаволеныя і ўражаныя візітам. Ва ўсіх быў яшчэ дзень для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з горадам і краінай, якая 18 лістапада якраз святкавала Дзень незалежнасці. А Латвійскі ўніверсітэт і яго студэнты пакінулі толькі добрыя ўспаміны ў нашых студэнтаў.

Кірыл Карабан, намеснік старшыні студэнцкага саюза БДУ:

«Прыемна сустрэцца з ужо знаёмымі студэнтамі, якія зусім нядаўна прыязджалі да нас на форум «М.І.Р. – наша будучыня». Як той казаў, візіт у адказ не зацягнуўся. Хочацца адзначыць цікавую форму экскурсій ад студэнтаў Латвійскага ўніверсітэта – квэст па горадзе. Папярэдне нас усіх перамяшалі ў розныя каманды, што дазволіла   не толькі пазнаёміцца са студэн­тамі з Латвіі, але і яшчэ лепш даведацца пра свой актыў. Вядома,    нельга не сказаць пра сапраўды студэнцкую атмасферу. Тое, чаго нам так бракуе – лаўнж­зоны. У Латвійскім універсітэце яны ёсць на кожным паверсе, вельмі стыльныя, а галоўнае – зручныя. Таксама адразу ж у вочы «кідаецца» сімволіка ўніверсітэта – яна ўсюды. Хочацца паўтарыць падобнае і ў сябе. Мы будзем выступаць з ініцыятывамі да адміністрацыі    БДУ падтрымаць нашы ідэі ў пераўтварэнні холаў у карпусах.    Асабліва спадабаўся корпус пры­родазнаўчанавуковых факультэтаў. Ад унутранага аздаблення да тэхнічнага абсталявання.

І напрыканцы хочацца выказаць падзяку студэнцкай асамблеі за магчымасць так выдатна і незвычайна правесці Міжнародны дзень студэнта!

Паліна ДАЎГІЛЕНКА,
Яўген ХАРУК

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *