Лідар філасофскай школы. Віншуем прафесара Анатоля Зелянкова з юбілеем!

24 Jan, 2017.

Сёння, 24 студзеня, выдатнаму беларускаму навукоўцу, доктару філасофскіх навук, загадчыку кафедры філасофіі і метадалогіі навукі ФФСН прафесару Анатолю ЗЕЛЯНКОВУ споўнілася 70 гадоў.

Усё творчае і прафесійнае жыццё А. І. Зелянкова звязана з нашым універсітэтам. Студэнт, старшы выкладчык, дацэнт, прафесар, які ўзначальвае прафесарскі сход БДУ, – ён паспяхова прайшоў усе прыступкі акадэмічнай кар’еры, адзначаючы кожную з іх значным унёскам у развіццё айчыннай навукі і адукацыі. Бліскучыя абароны кандыдацкай і доктарскай дысертацый, праца на пасадах прарэктара  і дэкана, нязменнае кіраўніцтва кафедрай філасофіі і метадалогіі навукі з 1991 года сведчаць пра яго выключны талент навукоўца разам з выбітнымі здольнасцямі кіраўніка.

А. І. Зелянкоў – адзін з вядучых навукоўцаў універсітэта ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, лідар мінскай філасофска-метадалагічнай школы. Яго працы апублікаваны ў краінах блізкага і далёкага замежжа, ён неаднаразова прадстаўляў Беларусь на міжнародных навуковых форумах і выступаў з лекцыямі ва ўніверсітэтах Германіі, ЗША, Кітая, Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін.

Вынікі, дасягнутыя Анатолем Ізотавічам у галіне навукова-педагагічнай дзейнасці, атрымалі заслужанае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Ён лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, дзейны член Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (г. Санкт-Пецярбург), акадэмік Украінскай акадэміі палітычных навук (г. Кіеў). Рашэннем Міжнароднага біяграфічнага цэнтра пры Кембрыджскім універсітэце (Вялікабрытанія) Анатоль Зелянкоў удастоены Ганаровай узнагароды XX стагоддзя за дасягненні ў галіне філасофіі і метадалогіі навукі. Ён узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнiк адукацыi Беларусі” і ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Калектыў кафедры філасофіі і метадалогіі навукі выказвае шчырую падзяку Анатолю Ізотавічу за мудрае кіраўніцтва, чалавечнасць, увагу, падтрымку і сардэчна віншуе яго з юбілеем. Здароўя, дабрабыту, невычэрпнага натхнення і адкрыцця новых гарызонтаў у галіне філасофіі і навукі!

Калектыў кафедры філасофіі і метадалогіі навукі ФФСН

print

Вам таксама можа спадабацца: