Звязаны лёсам з БДУ. Выйшла кніга пра 14 універсітэтскіх дынастый

25 Jan, 2017.

Тры пакаленні сям'і Навумавічаў працавалі і выхоўваліся ва ўніверсітэцкім асяроддзі

Ёсць людзі, для якіх праца ў БДУ стала не проста ўлюбёнай прафесіяй, а служэннем, сэнсам жыцця. А калі чалавек гарыць вартай ідэяй, ля яго грэецца і за ім цягнецца яго акружэнне – саслужыўцы і нават родныя.

Кніга “Звязаны лёсам з БДУ”, якая надоечы пабачыла свет, падкрэслівае, што за гэты немалы час наш універсітэт здолеў выхаваць некалькі пакаленняў выдатных вучоных, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў. Пад адной вокладкай аб’яднаны гісторыі 14 дынастый выбітных асоб, якія прысвяцілі жыццё БДУ і зрабілі значны ўнёсак у развіццё альма-матар. Навукоўцы, загадчыкі кафедр і інстытутаў, дэканы, прарэктары і рэктары – далёка не ўсе трапілі на старонкі гэтага цікавага выдання. Як адзначае аўтарскі калектыў, сабраныя тут біяграфіі – гэта не “сухія” акадэмічныя вытрымкі, а рэалістычныя, эмацыйныя гісторыі, поўныя і драматычнымі, і радаснымі падзеямі.

Устаўкі фрагментаў з дзённікаў, інтэрв’ю і ўспамінаў дазваляюць пабачыць герояў кнігі, у тым ліку такіх легендарных, як першы рэктар У. І. Пічэта, жывымі шматграннымі людзьмі. Можна спытацца, а дзе ж дынастыя першага рэктара БДУ, калі вядома, што яго сын і дачка, адвучыўшыся ў Маскве, звязалі свой лёс не з нашым універсітэтам.

Першы рэктар БДУ У. І. Пічэта са студэнтамі 2-га курса

Тады робіцца відавочна, што яго дынастыя, яго сям’я – гэта ўсе мы, так ці іначай звязаныя з БДУ праз дзесяцігоддзі. Па меркаванні аднаго з аўтараў і натхняльнікаў выдання Тамары КАРАСЦЯЛЁВАЙ  (Цэнтр сям’і і дзяцінства Псіхалагічнай службы БДУ), менавіта У. І. Пічэту ўдалося запачаткаваць універсітэцкую сям’ю, у якой навуковыя школы складваліся праз узаемныя агульныя інтарэсы і цёплыя чалавечыя стасункі.

У кнізе прадстаўлены 14 дынастый: Пічэты, Лукашовы, Сеў’чанкі, Абламейкі, Умрэйкі, Царукі, Ігнаценкі, Радыны, Навумовічы, Пятровічы, Чыгіры, Лапіны, Свірыдавы, Чалядзінскія.

Сям'я Ігнаценкаў

“Нашы сённяшнія студэнты ў асноўным ведаюць сваіх выкладчыкаў як прадметнікаў, – адзначае Тамара Мацвееўна. – І вельмі мала ведаюць пра іх як пра асоб, для якіх уласціва бескарыслівае служэнне ўлюбёнай справе і вялікая адданасць універсітэту. Чаму маладзёны выбіраюць БДУ? Паводле нашых шматлікіх апытанняў, многіх падштурхоўваюць бацькі ці школьныя настаўнікі, якія ў свой час скончылі БДУ, некаторых прываблівае прэстыж вядучай ВНУ краіны, які ў немалой частцы складаюць выбітныя навукоўцы і выкладчыкі.

Дэкан гістфака Сяргей Ходзін віншуе Іраіду Царук, доктара гiстарычных навук, прафесара, з 80-годдзем

Людзі, пра якіх распавядае кніга “Лёсам звязаны з БДУ”, выступаюць цудоўным прыкладам для моладзі, прыкладам працалюбства, імкнення да ведаў, адказнасці, а таксама шанавання старэйшых. Бо сапраўдная сям’я, як асабістая, так і ўніверсітэцкая, і сям’я беларусаў як нацыі немагчымая без сувязі пакаленняў. Дрэва не можа квітнець і пладаносіць без каранёў. Сёння мы часта бачым, як распадаюцца гэтыя міжпакаленнасныя сувязі, як людзі імкнуцца і ў сям’і пражыць вясёлае бесклапотнае жыццё, забываючыся на тое, што сапраўднае шчасце можна здабыць, толькі аддаючы сябе іншаму – блізкаму чалавеку, улюбёнай справе. Гэтаму якраз і вучаць прафесарска-выкладчыцкія дынастыі БДУ”.  

Рэктар БДУ (з 1952 па1957 гг.) К. І. Лукашоў з жонкай

Рэдактары, якія рыхтавалі выданне да друку, адзначаюць яго цеплыню: “Вядома, гэта не навуковае выданне, да якіх мы прывычныя, гэта новы фармат, і мы ўсе пераключыліся і захапіліся, – заўважае Алена ЛАГВIНОВIЧ. – Таму шукалі адпаведнае афармленне, жывое, але ў той жа час не занадта пярэстае. У гэтай кнізе шмат навінак, шмат паветра, немала коп’яў было зламана, напрыклад, адносна таго, ці ўключаць рэфрэны (паўторы зместу кнігі наперадзе кожнага артыкулу – заўв. Рэд.), ці не будуць яны папросту “з’ядаць” месца... У выніку па афармленні атрымалася выданне конкурснага ўзроўню”.

А па словах начальніцы ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Наталлі ГЕРАСIМОВIЧ, гэта кніга нагадвае, што побач знаходзяцца людзі, гатовыя працаваць за ідэю, і гэта “трэба распаўсюджваць”.

Разам з аўтарскім і выдавецкім калектывам спадзяемся, што выданне знойдзе свайго чытача і атрымае працяг.

Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

Рэктар Сяргей Абламейка са студэнтамі ўніверсітэта

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *