Прыступка да майстэрства. Каманда БДУ выступіла на трэцім этапе Мінскай гарадской лігі каратэ

27 Jan, 2017.

Кацярына Касцевіч паспяхова прадэманстравала ката серыі Хэян

Зімовы перыяд для многіх з нас з’яўляецца часам, калі асабліва важнымі становяцца ўтульнасць і ўпэўненасць у яе трываласці. Наколькі добра ў час, калі на вуліцы халодна, раз-пораз лютуе завіруха, а снег то перастане зусім, то раптам сыпане вялікімі камякамі, быць там, дзе заўжды цёпла ці хаця б часова можна сагрэцца. Для кагосьці такім месцам з’яўляецца ўтульны пакойчык кватэры ці загараднага дома, для кагосьці – любімая кавярня ці выставачны павільён. Для аматараў жа баявых мастацтваў такім “цёплым куточкам” часта становіцца дадзё – месца правядзення трэніровак, дзе ніколі не бывае халодна ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. Асабліва ў гэтым плане вылучаецца, безумоўна, каратэ – баявое мастацтва, здольнае з першых крокаў у ім закахаць у сябе назаўжды.

Стваральнік стылю сётакан і заснавальнік японскага каратэ Фунакошы Гіцін казаў: “Каратэ падобнае да кіпучай вады: калі не падтрымліваць агонь, яна астыне”.

Сутнасць каратэ як баявога мастацтва лепш за ўсё адлюстроўвае паядынак (кумітэ), а ката (фармальныя комплексы, у якіх зашыфраваныя прыёмы школы) часта называюць душою каратэ. Спаборніцкая практыка ў абедзвюх дысцыплінах, дзе можна і здабыць, і абтачыць тэхнічнае майстэрства, здольная падтрымаць прыгаданы “агонь” належным і, мажліва, найлепшым чынам. А тэхнічнае майстэрства, як кажуць дасведчаныя каратэкі, у сваю чаргу спараджае інтуіцыю – незаменную ў рэальнай баявой сітуацыі якасць. Выдатна гэта разумеюць і студэнты БДУ – сябры клуба “Фудасін”, што імкнуцца не губляць спартыўную форму і развіваць важныя для каратэ навыкі.

Алеся Іванова заняла 3 месца ў катэгорыі “Ката жанчыны 16+”

22 студзеня на базе спарткомплексу “Алімпійскі” адбыўся трэці этап Мінскай гарадской лігі каратэ “Адкрыты чэмпіянат і першынство асацыяцыі “Мінская федэрацыя каратэ”, у якім прыняла удзел каманда БДУ па каратэ сётакан. Спаборніцтвы мінскай лігі для кагосьці са спартсменаў БДУ сталі чарговай прыступкай для майстэрства, для кагосьці – дэбютам. Прычым для некаторых дэбют адбыўся не толькі ў рабочай для спартсменаў зоне татамі. Так, выпускніца Інстытута журналістыкі Анастасія Філонава ажыццяўляла судзейства адразу па некалькіх кірунках: фантом-кумітэ (адначасовая работа спартсменаў на манекене ў заліковыя зоны) у дзіцячых (6, 7, 8 (муж.), 9 (муж.), 8-9 (жан.), 10-11 гадоў) катэгорыях, ката і кумітэ ў асобных дзіцячых і кадэцкіх (12-15 гадоў) катэгорыях, кіхон-іпон кумітэ (абумоўлены спарынг на 1 крок) у дзіцячых катэгорыях і катэгорыях спартсменаў 10-13 гадоў.

Іван Прыстаўка

Падрыхтоўка да трэцяга этапу МГЛК значнай часткай прыйшлася на час падрыхтоўкі студэнтаў да сесіі. Тым не менш найбольш зацікаўленыя спартсмены правялі плённую працу, вынік якой навочна дэманструюць занятыя імі месцы. Так, студэнтка 4 курса геаграфічнага факультэта Алеся Іванова заняла 3 месца ў катэгорыі “Ката жанчыны 16+”, студэнт 5 курса гістарычнага факультэта Іван Прыстаўка заняў 1 месца ў катэгорыі “Ката мужчыны 16+” і 2 месца ў катэгорыі “Кумітэ мужчыны 18+ да67 кг”, студэнты 3 курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Сяргей Шамякоў і Антон Шамякоў занялі адпаведна 2 і 3 месца ў катэгорыі “Кумітэ мужчыны 18+ да75 кг”.

Сяргей Снегіроў, трэнер каманды БДУ па каратэ сётакан

Адразу пасля спаборніцтваў мы задалі некалькі пытанняў трэнеру каманды Сяргею СНЕГIРОВУ.

  — Сяргей Мікалаевіч, як Вы ацэньваеце работу нашых юнакоў і дзяўчат на трэніроўках і іх выступленне на сённяшніх спаборніцтвах? Ці акупіліся іх намаганні і Ваша трэнерская праца?

— Перш за ўсё патрэбна сказаць, што нашыя студэнты разглядаюць каратэ хутчэй не як спорт, а як лад жыцця, як шлях, я дапаўненне сваіх магчымасцяў. На першым плане ў студэнтаў вучоба. Калі ж працаваць на спорт, то гэта будзе зусім іншая справа і зусім іншыя трэніроўкі. Каб паспяхова выступаць хаця б на ўзроўні першынства горада, патрэбна трэніравацца 5 разоў на тыдзень. А калі выступаць прафесійна – то гэта дзве трэніроўкі на дзень, раніцай і ўвечары, у цыклічным рытме: чатыры дні трэніруемся, пяты дзень – актыўны адпачынак. Так, напрыклад, у свой час працаваў трэнер нашага клуба Гардзей Сяргеевіч, каб выступаць на ўзроўні рэспублікі.

Фанатаў каратэ ў клубе я пакуль што не бачу, фанаты ўсе сышлі. “Апошнія з магікан” – гэта былі, напрыклад, былы студэнт хімічнага факультэта Сяргей Філіповіч, Алена Голубева. Зараз жа студэнты часта наведваюць адну, ну дзве трэніроўкі ў тыдзень – “для апетыту”. У нас ёсць спецыяльна распрацаваная праграма заняткаў. Але што мы можам даць, калі чалавек прыходзіць на адну трэніроўку ў тыдзень. Ну, падтрымаем спартыўную форму. Вядома, студэнт і ў такім рытме займаецца напрацоўкай тэхнікі – але гэта ўжо, верагодна, заняткі каратэ як мастацтвам, а не як спортам. Мажліва, калі б наведванне было лепшым, мы мелі б лепшы вынік.

— Ці сапраўды ўплываюць трэніроўкі на лад жыцця студэнтаў, калі яны прыходзяць у залу менавіта па гэта?

— Уплываюць, і вельмі моцна. Па-першае, апроч падтрымання фізічнай формы, яны пазбаўляюцца сваіх комплексаў. Комплекс нумар адзін – гэта боязь выйсці і прылюдна выступіць. Яны пераадольваюць гэта, пераадольваючы страх перад татамі. Далей – страх кумітэ. Гэта натуральна. Падчас трэніроўкі спартсмены набываюць пэўны вопыт, і калі адразу усе баяцца выступаць, то потым паціху пачынаюць удзельнічаць і ў спартыўных паядынках. Можна яшчэ многа пералічваць. Але працэс уплыву на лад жыцця – гэта працэс доўгі. Нельга, напрыклад, вось так адразу ўзяць і выйсці выступаць. Прапушчаны мае геры* табе будзе сніцца вельмі доўга.

 

Іван Прыстаўка (злева) заняў 1 месца ў катэгорыі “Ката мужчыны 16+” і 2-е месца ў катэгорыі “Кумітэ мужчыны 18+ да 67 кг”

— Сёння некаторыя нашыя студэнты і выпускнікі працавалі ў якасці сакратароў і суддзяў. Якую ролю адыгралі Вы ў гэтай адказнай падрыхтоўцы, і як Вы ацэньваеце выкананую працу?

— Мая роля была ў тым, што я арганізаваў студэнтаў і адправіў іх на судзейскія семінары з кваліфікаванымі інструктарамі. І мне прыемна ведаць, што тая праца, якая ім прапаноўвалася, ім падабаецца. Гэта і новыя ўражанні для іх, і новы вопыт. Ну і яшчэ адна падстава папрацаваць разам. Сёння ж у нас былі і дэбютанты – выпускніца Анастасія Філонава ўпершыню выходзіла на татамі ў якасці суддзі. Я назіраў за ёй, паразмаўлялі пасля. Кажа, што “пападала”, але часам “не ў тэму”. Але зараз гэта не так важна, галоўнае – навучыцца бачыць парушэнні і заліковыя дзеянні і заяўляць пра гэта. Апроч яе, на татамі працуюць яшчэ рэферы і тры вопытныя суддзі, таму калі нават яна памылілася, выкінула флажок “не туды” і яе не падтрымалі, яна заўжды можа “забраць” яго назад.

— Ці будзе “разбор палётаў” са студэнтамі пасля спаборніцтваў?

— Так, абавязкова будзе.

Кацярына Касцевіч

Немагчыма было не задаць некалькі пытанняў таксама і новай спартсменцы клуба “Фудасін”, студэнтцы 1 курса Інстытута журналістыкі Кацярыне КАСЦЕВIЧ, якая хоць і не заняла прызавога месца, але паспяхова прадэманстравала ката серыі Хэян (яп. “Усходні вецер”) у 2-х турах катэгорыі “Ката жанчыны 16+”.

— Кацярына, скажы, чаго ты чакала ад сябе і ад сённяшняга мерапрыемства? Ці ўсё атрымалася?

— Сённяшняе мерапрыемства – гэта мае першыя спаборніцтвы. Я маю на ўвазе, не па каратэ, а наогул першыя ў жыцці. Таму я вельмі моцна хвалявалася. Само мерапрыемства, атмасфера ў зале мне дужа спадабалася, усё было надзвычай файна. Што да майго выступлення, то я лічу, што выступіла кепска, падвяла каманду. Хаця, можа, ад мяне, як ад жоўтага пояса, ніхто не чакаў асаблівых вынікаў. У любым выпадку, калі нават ты не заняў ніякага месца, ты атрымаў пэўны жыццёвы вопыт. Гэта таксама вынік.

— Тым больш гэта твой дэбют. Скажы, а ў сувязі з чым ты абрала для сябе менавіта каратэ, а не штосьці іншае?

— Я з самага дзяцінства хацела пайсці на каратэ. Але паколькі бацькі мне забаранялі гэта, я не хадзіла. Маці лічыла, што гэта не жаночая справа. А вось зараз я з’ехала ў Мінск, стала трошкі больш самастойнай, таму абрала для сябе тое, што люблю. Наогул, я лічу, што калі ў чалавека ёсць мара, яе трэба спраўджваць – не важна, спорт гэта ці нейкая іншая справа.

— Зараз у цябе жоўты пояс. Ці гатовая здаваць на аранжавы?

— Я лічу, што не гатовая. Як вядома, патрэбна даволі доўгі перыяд трэніравацца паміж экзаменамі на паясы. Але жоўты пояс мне даўся даволі проста. Можа, таму мне здаецца, што і да яго я была не гатовая. Калі мне ўручылі дыплом, я была прыгаломшаная, бо наогул не зразумела, як гэта атрымалася. Меркавала, што буду, як і старэйшыя таварышы летась, цэлы год на яго здаваць.

— Проста так паясы не даюцца, ёсць канкрэтныя крытэрыі. І ты па іх падыходзіла. Жадаю табе поспехаў у далейшай дзейнасці!

Павел Пяцько

Паколькі клуб “Фудасін” далёка не ўпершыню выступае на спаборніцтвах, арганізаваных Мінскай федэрацыяй каратэ, асабліва цікава нам было зноў пагутарыць са старшынёй асацыяцыі Паўлам ПЯЦЬКО.

 — Павел Станіслававіч, сёння, пакуль назіраў за спаборніцтвамі, гутарыў з трэнерамі і прадстаўнікамі каманд, задаваў пытанні пра арганізацыю спаборніцтваў, рэгламент правядзення. Вельмі многа чуў водгукаў накшталт “вельмі здорава” ці “ўсё выдатна”, але былі і “палярныя” водгукі ад незадаволеных. Як Вы самі ацэньваеце ўзровень арганізацыі мерапрыемства?

— Этапы Мінскай гарадской лігі каратэ – гэта спаборніцтвы, якія ўжо даволі даўно носяць сістэмны характар. Ніжэй за пэўны ўзровень у гэтай сістэме ніводнае мерапрыемства ў нас проста не апускаецца. Сённяшні этап мае для нас цалкам шараговы характар. Што тычыцца Вашага пытання, магу адказаць так. Заўжды, на любым мерапрыемстве будуць і задаволеныя, і незадаволеныя. Галоўнае, каб задаволеных было болей. Сёння ў нас даволі вялікая колькасць удзельнікаў, і правядзенне такіх спаборніцтваў з адставаннем ад рэгламенту на 10-15 хвілін – гэта, на мой погляд, высокі ўзровень арганізацыі.

Сяргей Шамякоў (злева) ў паядынку

— Кожны трэнер і кожны прадстаўнік каманды, вядома, заўзее за свой клуб. Ваш клуб “Сэнкё” сёння таксама выступае. З’яўляючыся галоўным арганізатарам, ці заўзееце вы за кагосьці – ці, наадварот, намагаецеся прытрымлівацца нейтральнай пазіцыі?

— Гэта вельмі добрае пытанне і вельмі важны этычны момант, які перасякаецца з многімі іншымі важнымі тэмамі: ці можа суддзя заўзець за спартсмена са свайго клуба, ці можа галоўны арганізатар паказваць сваю зацікаўленасць у кімсьці ці ў чымсьці, ці могуць суддзі і арганізатары рабіць фота адзін з адным, фота з камандамі, трэнерамі і г. д. Я назіраў за Вамі і заўважыў, што Вы былі на сённяшніх спаборніцтвах на працягу ўсяго дня, а таксама наведвалі папярэднія турніры. Калі Вы назіралі за мною, то маглі заўважыць, што і на гэтым, і на папярэдніх турнірах я ўвесь час намагаўся звесці да мінімуму сваё знаходжання ля нейкай канкрэтнай пляцоўкі. Я знаходжуся на пэўнай дыстанцыі ад іх і кантралюю выкананне выключна арганізацыйных задач. Больш я ні на што не ўплываю. Тое, што я прысутнічаю тут, ці тое, што турнір праходзіць пад эгідай Мінскай федэрацыі каратэ, не значыць, што мы робім нейкія вынікі пад сябе. Так, я заўзею, перажываю, і пасля заканчэння спаборніцтваў у нашым клубе будзе падрабязны аналіз выступлення каманды. Да спаборніцтваў жа мы зрабілі ўсё, што маглі: трэнераў прызначылі да спартсменаў, спартсменаў – да трэнераў, разам яны адпрацавалі пэўны прамежак часу і зараз мелі паказаць вынікі. Па вялікім рахунку, дарэмна, як кажуць, крычаць “шайбу, шайбу!”. Тое, што спартсмен можа зрабіць, ён зробіць. А калі не можа, то крычы ці не крычы, ён усё адно гэтага не адолее. Вяртаючыся да этычнага боку пытання, адзначу, што паводзіны ўсіх удзельнікаў мерапрыемства – спартсменаў, прадстаўнікоў каманд, трэнераў, суддзяў, адміністратараў – маюць быць карэктнымі. Усё павінна праходзіць у рамках правілаў, мы маем назіраць прыгожую і відовішчную барацьбу ў рамках узроставых і вагавых катэгорый.

Узнагароджанне дзяўчат

— Я сапраўды часта бываў на Вашых мерапрыемствах раней, і нават не будучы спецыялістам, магу адзначыць, што тэхнічны і арганізацыйны ўзровень правядзення турніраў відавочна падняўся. Ці плануеце Вы нейкія захады па развіцці Вашых турніраў на найбліжэйшы час і на перспектыву, што робіцца для гэтага зараз? Ці плануецца дадатковае прыцягненне новых клубаў да ўдзелу, ажыццяўленне рэкламы? З якімі пытаннямі Вы сутыкаецеся ўжо сёння?

— У любога праекта і ў любой ідэі заўжды ёсць і задачы, і звышзадачы. Працэс удасканалення бясконцы. З тэхнічнага пункту гледжання нам, канешне, хацелася б выйсці на ўзровень прэм’ер-лігі – каб у нас на кожным татамі было па 2-3 камеры, вялікія маніторы і інш. Усё гэта ўпіраецца, як звычайна, у матэрыяльны бок. Але пры наяўнасці і рацыянальным выкарыстанні тых сродкаў, што ў нас ёсць, і ў рамках дадзенага фінансавання мы, я лічу, вырашаем задачу па правядзенні спаборніцтваў. Будуць пэўныя назапашванні – будзем працягваць змены і паляпшэнні. Што тычыцца рэкламы і прыцягнення ўдзельнікаў, перш за ўсё трэба адзначыць, што Мінская гарадская ліга каратэ існуе ўжо 5 гадоў. І зараз у турніры прымаюць удзел 8 клубаў. Гэта даволі добры вынік, бо ў рамках сваіх узростаў у нас ёсць выступоўцы – з той агаворкай, што ў адным клубе прыярытэт аддаецца ката, у іншым – кумітэ.

Вельмі важным фактарам, які прыцягвае да нас каманды, з’яўляецца якаснае судзейства. Як і Вы, я сёння таксама гутарыў з усімі. Значных прэтэнзій да судзейства не было. Калі нават суддзі памыляліся, то яны памыляліся і на першай, і на другой пляцоўцы аднолькава. Немагчыма сказаць, што нехта наўмысна зрабіў памылку дзеля дасягнення нейкага выніку. Гэты фактар – вялікая прыцягвальная сіла для клубаў. Тыя, хто пабываў у нас аднойчы, могуць сказаць – ну, напэўна, ім пашанцавала арганізаваць мерапрыемства. Але калі яны прыязджаюць да нас другі раз, яны ўжо маюць магчымасць параўноўваць. І калі людзі бачаць такі ж узровень арганізацыі – ну, можа, плюс-мінус па нейкіх асобных момантах, – то яны кажуць: так, бачна, што ў іх цэлая сістэма – і прыязджаюць да нас трэці раз.

Мы за тое, каб інфармацыйная плынь была як мага болей шырокая. Для гэтага мы робім інтэрнэт-рассылку па ўсіх беларускіх клубах, што маюць электронныя адрасы. Выкарыстоўваем для прасоўвання нашага мерапрыемства тэлефонныя і жывыя гутаркі, асвятляем нашыя падзеі і планы ў сетцы Facebook. Маем і развіваем свой сайт, дзе можна знайсці ўсю актуальную інфармацыю; пэўную інфармацыю пра нас можна знайсці і на сайтах іншых клубаў. Усё, што магчыма рабіць для асвятлення нашай справы, мы робім. Пытанне ў тым, ці хочуць людзі ўдзельнічаць у нашых мерапрыемствах, ці не хочуць. Гэта ўжо асабістая справа клубаў, іх трэнераў і іх планавання. Але мне здаецца, што з пункту гледжання сістэмнасці і класнасці мерапрыемства іншай альтэрнатывы для мінчан проста не існуе. 5 этапаў на працягу года з прамежкам у 6 тыдняў, з добрым узроўнем арганізацыі, які да таго ж добры стабільна – гэта больш чым прывабна.

Правядзенне чацвёртага этапу Мінскай гарадской лігі каратэ адбудзецца 18-19 сакавіка 2017 года. Новы этап – гэта і яшчэ адна мажлівасць праявіць сябе, і чарговая прыступка да майстэрства. Пажадаем нашым спартсменам плёну ў працы і паспяховых вынікаў!

Мае геры* – прамы ўдар нагой у корпус (чудан) ці ў галаву (дзёдан). З’яўляецца фундаментальным ударам у каратэ і анатамічна “блізкі” да чалавека.

Сяргей МАЕЎСКI

Фота аўтара

Узнагароджанне юнакоў

print

Вам таксама можа спадабацца: