Студэнтка БДУ пра навучанне ў Латвіі: тут абсалютна ўсе ведаюць англійскую мову

13 Oct, 2017.

У межах праекта "Магчымасці з БДУ" пра сваю стажыроўку ў Латвійскім універсітэце нам распавяла Дыяна Лебедзева, студэнтка 3 курса эканамічнага факультэта.

- Дыяна, па якой спецыяльнасці вы праходзіце навучанне?

- Я праходжу стажыроўку ў Латвіі, горад Рыга. Менавіта ў Латвійскім універсітэце я знайшла прадметы, якія мяне зацікавілі найбольш. Калі я падавала дакументы, не ва ўсіх універсітэтах была мая спецыяльнасць. Зараз тут вучуся на факультэце бізнесу, менеджменту і эканомікі.

- Як называецца праграма, і на які тэрмін яна разлічаная?

- Праграма называецца Erasmus+ на тэрмін 5 месяцаў.

- Распавядзіце, як Вы прынялі рашэнне прайсці стажыроўку ў іншай краіне?

- Магчымасць паехаць у іншую краіну не для адпачынку, а для вучобы вабіла мяне даўно, але заўсёды падавалася нейкай неверагоднай і немагчымай. Падавалася, што трэба выкарыстаць магію па-за Хогвартсам, каб паехаць па такім праекце. Вядома, у БДУ існуе мноства пагадненняў, але большасць з іх, калі і фінансуюцца, то часткова. Калі ў мяне была магчымасць аформіць дакументы ў першы раз, я падумала, што маіх здольнасцяў не хопіць, і толькі праз паўгода я рашылася і стала чакаць абвяшчэння новага конкурсу ў БДУ, папярэдне падпісаўшыся на рассыланне навін аб міжнародных праграмах у групе БДУ “Укантакце”.

- А ці магчыма падарожнічаць падчас стажыроўкі?

- Вядома, і ўсе карыстаюцца гэтай магчымасцю. На дадзены момант я пабывала ў суседняй Юрмале і ў некалькіх гарадах Літвы. І яшчэ планую далёка не адно падарожжа. Таксама тут існуе арганізацыя ESN (Erasmus Student Network), якая кожны тыдзень арганізоўвае альбо нейкія вечарынкі, альбо паездкі па Латвіі і суседніх краінах, так што сумаваць няма калі. І вядома, не можа не радаваць той факт, што вучымся мы толькі 4 дні на тыдзень, а на астатнія 3 можам планаваць падарожжы.

- Які Ваш досвед можа істотна палегчыць падрыхтоўку і знаходжанне ў іншай краіне нашым студэнтам?

- Галоўнае, не баяцца і не страчваць шанцаў, а падаваць дакументы пры першай жа магчымасці на ўсе магчымыя праграмы, і нават калі з першага разу не атрымаецца, не здавацца. Падчас любой вольнай хвіліны вучыць замежныя мовы, асабліва англійскую, без яе нікуды. Вядома, прадумаць усё да дробязяў не атрымаецца ніколі, але паспрабаваць варта, асабліва не зашкодзіць даведацца, што ёсць у месцы, у якім вы будзеце жыць, аж да талерак і лыжак. Даведацца, якая коштавая катэгорыя краіны, у якую вы едзеце і што лепш прывезці з сабой. Лепш пашукаць людзей, якія ўжо былі ў гэтай краіне, іх парада ніколі не будзе лішняй. І ў любым выпадку, заўсёды ёсць людзі ва ўніверсітэце, які прымае, да якіх можна без праблем звярнуцца ў любы момант, а таксама большасць еўрапейскіх ВНУ ствараюць практычны даведнік для замежных студэнтаў. І асабіста ў мяне быў куратар-студэнт, у якога я загадзя ўсё даведвалася. І апошняе, што хацелася бы адзначыць, абавязкова навучыцеся карыстацца Facebook, без яго тут нікуды, а навучыцца не так проста, як падаецца, сама доўга асвойвала і іншым дапамагала.

- Якія дакументы патрэбныя на першым этапе?

- Для падачы на праграму Erasmus+ патрэбны стандартны пакет дакументаў: копія пашпарта, матывацыйны ліст, праграма навучання, выпіс з адзнакамі, анкета, сертыфікат аб веданні мовы. Уся інфармацыя ёсць на сайце ўпраўлення міжнародных сувязяў БДУ або можна асабіста звярнуцца да супрацоўнікаў кпраўлення міжнародных сувязяў і атрымаць неабходную інфармацыю. На другім этапе могуць запатрабавацца абсалютна розныя дакументы, у залежнасці ад краіны і ВНУ. Але палохацца не варта, гэта ўсе звычайныя працэдуры.

- Хто Вам дапамагаў?

- Асноўную дапамогу пры падрыхтоўцы аказвалі спецыялісты ўпраўлення міжнародных сувязяў БДУ. Затым спецыялісты міжнароднага аддзела латвійскага ўніверсітэта. Ужо пасля прыезду мый куратар-студэнт і студэнцкая арганізацыя ESN, ну і, вядома, мясцовыя студэнты.

- Як жывуць латышы, паспелі ўжо прывыкнуць? Якая ў іх моладзь?

- Жывуць практычна таксама, як і мы, істотных адрозненняў я не заўважыла. Адзінае, што ўразіла, што абсалютна ўсе ведаюць англійскую мову на досыць высокім узроўні і ў любы момант змогуць дапамагчы.

- У чым адзначылі розніцу па працэсе адукацыі, у чым лёгка, а ў чым складаней?

- Розніца, вядома, істотная, па-першае, тут нават латышы могуць атрымаць адукацыю на англійскай. Нам быў дадзены выбар сярод прадметаў, якія мы хочам вывучаць. Адукацыя нацэлена на самападрыхтоўку і атрыманне практычных навыкаў, вельмі шмат творчых і аналітычных заданняў, нават у такой дысцыпліне, як эканоміка. Адчуваецца, што ўсё ў працэсе адукацыі і ў самім універсітэце зроблена для зручнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Рэдка сустрэнеш людзей, у якіх больш за 5 прадметаў, таму што ўсе яны вельмі аб'ёмныя, чытаць прыходзіцца вельмі шмат. Тут няма абавязковага прадмета фізкультуры, але тым не менш складана знайсці студэнта, які б не займаўся спортам у вольны час. Універсітэт прапаноўвае наведванне розных відаў спорту на платнай аснове, і я вельмі здзівілася, калі даведалася, што ахвотных хадзіць на платны спорт часта больш, чым месцаў у групах. Самым складаным для мяне апынуліся перамены па 30 хвілін кожная, пасля нашых 10 было складана перабудавацца. Затое заўсёды ёсць час на зносіны з замежнікамі.

- Можа, ужо пасля першага месяца знаходжання ёсць нейкія асаблівыя ўражанні?

- Мне пашчасціла паехаць з двума іншымі студэнтамі БДУ, і ў нас атрымалася невялікая беларуская сям'я. За першы месяц я пазнаёмілася з людзьмі з розных куткоў планеты, ад ЗША да Аўстраліі, ад Чылі да Паўднёвай Карэі, на цям не ідзе, дзе я яшчэ змагла б знайсці такую магчымасць. Кожны дзень я даведваюся нешта новае пра іншыя краіны, пра што раней ніколі нават не магла б і меркаваць. І, вядома, адна з улюбёных тэм пры размовах з замежнікамі – гэта разбурэнне стэрэатыпаў пра краіны, з якіх мы прыехалі.

- Якая Ваша асноўная мэта стажыроўкі?

- Стажыроўка – гэта досвед зносінаў на англійскай мове, досвед пражывання ў іншай краіне, досвед камунікацыі з іншымі народамі. І, безумоўна, вывучэнне метадаў выкладання, якія існуюць у іншых краінах.

- Што для Вас БДУ?

- БДУ – гэта ўніверсітэт, у які я марыла паступіць. Універсітэт, які дае мне магчымасць вывучыць тое, што мне цікава. То месца, якое дае магчымасці для самарэалізацыі. БДУ – гэта самыя цікавыя мерапрыемствы. БДУ – гэта мае людзі. БДУ – гэта мая сям'я.

- Дзякуй, Дыяна!

Кацярына ШЭЙКА

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *