Наш кадр! Студэнт БДУ атрымаў пуцёўку ў Славакію

6 Nov, 2014.

Шелегов  Чацвёртакурснік гуманітарнага факультэта БДУ Аляксандр Шэлегаў будзе здымаць спартсменаў на XXVII зімовай Сусветнай універсіядзе.  Камандзіроўкай у Славакію наш студэнт узнагароджаны дзякуючы перамозе ў Рэспубліканскім конкурсе фотапрац "На грэбені хвалі". Змаганне фотакарэспандэнтаў адбылося падчас VI чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, які праходзіў у Беларусі ў жніўні. Аляксандр Шэлегаў здолеў зняць чацвёрку беларускіх канаістаў за секунду да фінішу! Атрымаўся класны рэпартажны групавы партрэт у момант дзеяння: нахіл галавы, выраз вачэй звеннявога спартсмена і пырскі з-пад вясла замыкальнага ў чацвёрцы беларусаў – "залатых" прызёраў чэмпіянату. Брава! Такім чынам, спаборніцтвы хуткай XXVII зімовай Сусветнай універсіяды будуць праходзіць у 2015 годзе ў некалькіх гарадах, якія ўжо мелі спартыўны арэал правядзення чэмпіянатаў свету ад біятлона да скачкоў з трампліна. У іспанскім горадзе Гранада (Іспанія) і славацкіх Осрблье і Штрбске Плеса. Менавіта ў Славакію і атрымаў пуцёўку студэнт БДУ. Шэлегаў – фатограф-самавук, гэтакі майстар "made by himself". Гэты малады чалавек з безумоўным густам лічыць, што яго будучая прафесія дызайнера блізкая да фотамастацтва як ні да якага іншага. А пакуль асноўным яго абавязкам з'яўляецца вучоба на гуманітарным факультэце БДУ. Фатаграфія – захапленне без аглядкі. І толькі. Шелегов - Аляксандр, якім фотаапаратам здымаеце? Дакладней, камера ў Вас прафесійная? - Бацькі мне падарылі аматарскую камеру пачатковага ўзроўню, з недарагой оптыкай. Аднак з часам, калі пачалі з'яўляцца свае грошы, я стаў яе пераабсталёўваць. Купляць даражэйшую оптыку, асвятляльнае абсталяванне… І, такім чынам, тэхніка стала прафесійнай. - У Вашай сям'і ёсць фатографы? - У маёй сям'і прафесійна фатаграфіяй ніхто не займаецца. Мой бацька – урач-тэрапеўт, маці – эканаміст. Бацькі жывуць у Барысаве, гэта мая "малая радзіма". Зрэшты, мой дзядзька па татавай лініі вельмі сур'ёзна займаўся фатаграфіяй. Але на аматарскім узроўні. Фатаграфія яго ніколі "не карміла", ён інжынер. - Калі Вы сталі захапляцца здымкамі? - У школе да фатаграфіі я не меў ані найменшага дачынення. Усё пачалося з першага курса, з паступлення ва ўніверсітэт… - Прафесіяналы кажуць, што добрая фатаграфія тая, якую немагчыма апісаць словамі. Маўляў, любое мастацтва павінна імкнуцца стаць падобным да музыкі. Лічыцца, што здымак тым лепшы, чым менш у ім літаратуры. - Спрэчнае меркаванне. Мне падабаецца, калі ў кадры закладзены сюжэт. Калі добры здымак мае перспектыву, другі план. Чалавек выяўляе сябе праз дзеянне і ўчынкі. Таму рэпартажны кадр якраз і павінен быць зняты ў момант дзеяння. - Калі фатаграфія – мастацтва, значыць, яна здольная змяніць свет да лепшага. - Мне бліжэй за ўсё тэрмін, які вызначае пазіцыю: грамадзянская журналістыка. Мне здаецца, што другі план фатаграфіі важнейшы за першы. Пэўна таму амерыканцы і паважаюць намінацыю "роля другога плану " кінапрэміі "Оскар" не менш, чым прыз за галоўную ролю. У любой журналісцкай працы існуе аповед, апавяданне. А аповед будуецца, як вядома, на шматпланавасці. На здымцы павінен быць канфлікт. Гледачы павінны бачыць звышзадачу фотакарэспандэнта, яго адказ на пытанне: навошта зняў менавіта гэты кадр. - У якасці прыкладу назавіце імёны фатографаў, у каго атрымліваецца працаваць у такім рытме. - Напрыклад, вядомы здымак Ніка Ута. Ён сфатаграфаваў у 1972 годзе в'етнамскую дзяўчынку, якая бяжыць па дарозе і крычыць ад болю. Яе вёску амерыканскія пілоты атакавалі напалмавымі бомбамі. Другі план увесь у дыме і ў агні, а на першым – бягуць абпаленыя людзі і бяздзейна ідуць амерыканскія салдаты… Як высветлілася пазней, пілот памылкова атакаваў сялян напалмавымі бомбамі, прыняўшы іх за салдатаў паўночнав’етнамскай арміі… - Дарэчы, гэта фота з дзяўчынкай "Напалм у В'етнаме" стала адной з дзвюх самых вядомых фатаграфій часоў В'етнамскай вайны. Другі вядомы здымак "Пакаранне смерцю ў Сайгоне" таксама зрабіў вялікае ўражанне на савецкае грамадства. - Ды не толькі на савецкіх людзей! За свой здымак з дзяўчынкай з в'етнамскай вёскі Ут атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. А "Пакаранне смерцю ў Сайгоне" некаторыя эстэты лічаць правакацыйным, пастановачным. У адным я ўпэўнены, што менавіта такія фотадакументы спынілі вайну ў В'етнаме. Дакладней, грамадзянская супольнасць стала патрабаваць спыніць кровапраліцце. - Які кадр Вам падабаецца больш: каляровы ці чорна-белы? - Чорна-белая фатаграфія мне падабаецца так, як і каляровая. У сваіх працах я вельмі люблю эксперыментаваць з колерам. - Мультыэкспазіцыя, ці шматразовая экспазіцыя – модны прыём, які заключаецца ў тым, што на адным кадры мы бачым некалькі малюнкаў, зробленых за кароткі прамежак часу. У апошні час гэты прыём часта выкарыстоўваюць у спартыўных рэпартажах… - Тэхнічныя магчымасці фотаапарата ці, напрыклад, дыхтоўнага друку не заўсёды дазваляюць выкарыстоўваць гэту навінку. Напрыклад, мой здымак, які прызнаны найлепшым на чэмпіянаце па веславанні, быў зроблены метраў за 100 да "залатога" фінішу чацвёркі канаістаў. Ён атрымаўся вельмі маленькім, і мне прыйшлося папрацаваць над ім, каб павялічыць фота без істотных страт: скадраваць, захаваць дынаміку, колер вады… Добрая фатаграфія – дзевяноста дзевяць адсоткаў цярпення. Вядомыя спартыўныя фатографы абавязкова павінны быць цярплівымі, умець чакаць свой момант. Газетнае фота адрозніваецца ад часопіснага. Яно павінна прыцягваць увагу да тэксту. Дапаўняць яго. - Дзякую за гутарку. Поспехаў у Славакіі! Жанна ВАСАНСКАЯ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *