72-гадовы выпуснік факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ІЖ Сямён Елізараў: “Я ж не па дыплом прыйшоў, а па веды…”

1 Mar, 2018.

У гісторыі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі адбылася ўнікальная абарона дыпломнага праекта. З працай "Мужчынскі погляд на жаночую прозу ў сучаснай беларускай літаратуры" выступіў 72-гадовы слухач названага факультэта Сямён Елізараў. Гэта адзіны выпадак, калі выпускнік у такім ганаровым узросце абараніў праект па спецыяльнасці "Літаратурна-мастацкая творчасць". Характэрна, што па першай адукацыі Сямён Елізараў з'яўляецца інжынерам-будаўніком. Навуковым кіраўніком выступіла дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Галіна Багданава.

Дыпломная праца мае наватарскі змест. Адмысловая ўвага аўтарам нададзена пытанням гендара, фемінізму, псіхалогіі і культуры ў жаночай прозе. Даследаванне Сямёна Елізарава складаецца з дзвюх частак. У першай – "Ідэйныя, псіхалагічныя і літаратуразнаўчыя ўмовы развіцця жаночай прозы" – аўтар разглядае асаблівасці і адрозненні творчых манер мужчын і жанчын. У другой – "Асаблівасці сучаснай беларускай жаночай прозы" – праводзіць аналіз твораў беларускіх пісьменніц. Значную ўвагу аўтар звяртае на праблемы стылю, тэматыкі і праблематыкі ў творчасці Алены Брава, Евы Вежнавец, Югасі Каляды, Зінаіды Дудзюк, Ніны Рыбік, Таісы Бондар, Людмілы Рублеўскай і інш.

Адразу пасля абароны дыпломнай працы, якая, дарэчы, была ацэненая на 10 балаў, мы пагаварылі з унікальным выпускніком БДУ, літаратурны псеўданім якога Сымон Ганак.

– Сямён Фёдаравіч, я ведаю, колькі Вам гадоў, нават слоў не знаходжу, Вы не выглядаеце на свой узрост. Як вам гэта ўдаецца, так выглядаць і яшчэ і вучыцца?

– Мне 72 гады. Я вельмі рады і ўдзячны, што я атрымаў тут веды. Умацаваўся ў сваім разуменні, што літаратурай трэба займацца, і займацца сур'ёзна. Гэта першае, а другое: у нас вельмі дружная група. Для мяне важныя практычныя заняткі і ацэнка прафесіяналаў. На апошніх занятках я прачытаў два свае творы, іх разгледзелі і выказалі сваё меркаванне. Я вельмі рады гэтаму. Калі паспею, усё, што я за 40 гадоў напісаў у стол, апублікую. У мяне ёсць чытацкі білет, і я магу прыходзіць сюды на факультэт працаваць. Таму што дома то ўнукі на руках, то жонка да стала кліча – усе адцягваюць. Ты тут, можа, пегаса за грыву злавіў, а цябе да салаты цягнуць. А на факультэце сядзеш сабе паціху, булачку з тэрмасам возьмеш – і працуй сабе. Так што я з інстытутам не маю намеру расставацца, я ім задаволены. Гэтыя сумесныя гады былі для мяне творчымі і пазнавальнымі. Я і сябру свайму кажу: “Віктар, ідзі павучыся” – не хоча. Сэнсу не бачыць у нашым узросце. Шмат хто сядзіць пад пад'ездам, рэжацца ў даміно, хоць мае высокі патэнцыял у складанні вершаў, фота, мастацкія здольнасці. Але яны не запатрабаваныя. У мяне дыпломная праца была на тэму "Жаночая проза". І я паглядзеў, што ў гэтым напрамку жанчыны больш актыўныя. У тым ліку і пенсіянеркі.

Таму дзякуй універсітэту, буду кансультавацца, працаваць, прыслухоўвацца да парадаў. У мяне вельмі сур'ёзны навуковы кіраўнік, прафесіянал, Галіна Барысаўна Багданава. Яна мне сказала, заканчваць з агульнай адукацыяй і брацца за творчасць, што я цяпер і раблю.

– Якая ў Вас першая адукацыя? Чым Вы ў жыцці займаліся?

– Я ў 70 годзе скончыў Беларускі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга політэхнічны інстытут па спецыяльнасці "Гідратэхнічнае будаўніцтва рачных збудаванняў і ГЭС". Да пенсіі працаваў у энергетычным будаўніцтве, займаўся першай Мінскай атамнай электрастанцыяй, паматаўся, нават на прыёме ў Ельцына быў. Чарнобыльскую падзею я ўспрыняў як асабістую трагедыю. Потым арганізаваў будаўнічую фірму, яна і сёння жыве. З чэхамі на Ціміразева мы пабудавалі Mercedes-Benz. Цяпер фірмай займаецца сын.

– Як Вы прыйшлі ў літаратуру? Што прымушае Вас пісаць? Бо гэта патрабуе вельмі шмат часу, і потым складаецца ў стол.

– Вы ведаеце, некаторым у дзяцінстве падабалася выразаць скрыначкі на фанеры лобзікам. Некаторыя і цяпер гэтым займаюцца. Першы свой верш "Кажушок" я напісаў у 6 класе. Мяне пакаралі, адтэрмінавалі прыняцце ў піянеры, таму што палічылі верш упадніцкім і не адпаведным сённяшняму моманту. Прэтэнзія была ў тым, што ў вершы я хваліў анучы, кажушок і лапці. Казалі, што ты хваліш? Табе што, няма чаго адзець?

– Чаму Вы абралі беларускую мову? І пра што Вы пішаце ў сваіх творах?

– Я скончыў адзінаццацігадовую беларускамоўную школу. Там, вядома, усё выкладалася на беларускай мове. А пішу я пра жыццёвы досвед, пра тое, што ў мяне ў жыцці адбывалася, а было нямала. Цяпер пішу "Атамны рэпартаж Маяка", пра журналіста.

– Не баіцеся свайго ўзросту? Напэўна, Ваша літаратурная дзейнасць грэе Вас, дае Вам штосьці асаблівае.

– Баюся. Дзень як секунда праходзіць і толькі думаеш, каб паспець. А што? Дзяцей нарадзіў. Унукі, праўнукі ёсць. Здаецца, жыццё атрымалася, ніколі духам не падаў, пад мастамі не стаяў, гадаваў дзяцей, круціўся, біўся, у чэргах стаяў, пяць гадоў запар вёў падпісныя выданні ў горадзе. Кожны тыдзень пераклічкі рабіў.

Што яна дае? Вось назапасілася на душы, хочацца выказацца, бяру пяро і пішу. Я і не хачу ісці на паляну прафесіяналаў. Я ж не па дыплом прыйшоў, а па веды. Сёння ніхто не пытае, якая ў цябе адукацыя, пытаюць, колькі ты зарабляеш. Калі мазгоў у галаве няма, то нічога і не дапаможа.

У Вас вельмі добрая прафесія, Танечка. Мне не ўдалося ў маладосці журналістам стаць. Жадаю Вам творчых поспехаў, каб Ваш дзень быў закручаны. Жыць, не баяцца, развівацца і нікога не слухаць. Радавацца кожнаму дню! А калі штосьці дрэннае здарылася – я з царкоўнай сям'і, дзед у мяне быў царкоўным старастам – трэба маліць Бога і дзякаваць яму, і яно пройдзе. А калі здарылася штосьці добрае, не забудзься зноў Богу падзякаваць, і яно яшчэ раз паўторыцца. З такім лозунгам і трэба жыць…

Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: