Літаратурная вечарына “Ніткі душы — паэзія сэрца”: замежныя студэнты БДУ зладзілі літаратурны вечар ў кафэ “The LOFT”

2 Mar, 2018.

21 лютага ў кафэ “The LOFT” адбыўся літаратурны вечар для замежных студэнтаў БДУ. Арганізатарамі дадзенага мерапрыемства выступілі савет зямляцтваў БДУ, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ сумесна з Асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці “БелБрэнд“.

Замежныя студэнты БДУ правялі вечар па-сяброўску, і можна было ў чарговы раз пераканацца, наколькі таленавітымі могуць быць навучэнцы з розных краін. Яны выдатна чыталі вершы на рускай мове і прадстаўлялі творы ўласнага сачынення, знаёмілі з культурай і мовай сваёй радзімы.

Нам пашчасціла пачуць звонкую туркменскую, меладычную азербайджанскую, цвёрдую нямецкую і далікатную французскую мовы. Каларыт гэтага мерапрыемства адчуваўся адназначна. Вершы былі прысвечаны як тэме свайго дома, так і вечнай тэме кахання.

Некаторыя з чытальнікаў вылучыліся сваімі эмацыйнымі і душэўнымі творамі, за што і атрымалі падарункі ад партнёраў мерапрыемства – асацыяцыі “БелБрэнд”. Кульмінацыяй вечара стала выступленне студэнта другога курса факультэта міжнародных адносін паэта Сяргея Кажадуба (творчы псеўданім – Кацэт). Ён прэзентаваў свой зборнік вершаў “Па той бок” і падзяліўся сваёй гісторыяй:

– Пішу я з 8 гадоў. Удзельнічаў у шматлікіх конкурсах, у прыватнасці, двойчы станавіўся найлепшым паэтам поўдня Расіі ва ўзросце да 18 гадоў. Родам з Паўночнага Каўказа, з Расіі. За ўвесь час напісаў троху больш за тры тысячы вершаў, а таксама пяць паэм і дзве п’есы. Раней захапляўся спортам: грэка-рымская барацьба, футбол, армрэстлінг. Акрамя таго, маю чацвёрты разрад па шахматах, якімі займаўся ў дзяцінстве.

Малады чалавек пагрузіў аўдыторыю ў творчасць Ясеніна, а напрыканцы вечара прадставіў ўласныя вершы. Пасля чаго можна было набыць зборнік з пажаданнем ад аўтара: “Я вас любил, любовь еще, быть может…”.

Гледачы змаглі пацешыцца не толькі творамі замежных навучэнцаў, але і вершамі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярыны Роўды і Асі Айсберг.

Падчас літаратурнага вечара працаваў “Адкрыты мікрафон”, калі кожны мог выступіць са сваімі ўлюбёнымі вершамі. Чыталіся творы туркменскіх аўтараў, а таксама А. С. Пушкіна і С. А. Ясеніна. Пра іх студэнты выказваліся з адмысловай цеплынёй.

Старшыня савета зямляцтва БДУ Тахірджон Аліеў  падзяліўся ўражаннямі пра сустрэчу:

– Сярод замежных студэнтаў шмат таленавітых і творчых асоб. Савет зямляцтваў БДУ яшчэ ў 2017 г. прапанаваў правесці падобнае мерапрыемства, каб хлопцы і дзяўчаты змаглі выявіць сябе. Студэнты прадстаўлялі Таджыкістан, Туркменістан, Азербайджан і Расію. Сёлета літаратурным вечарам зацікавілася больш людзей, і гэта выдатна.

Кожнаму ўдзельніку сустрэчы быў уручаны дыплом. Было шмат эмоцый і пачуццяў. Вечар быў напоўнены новымі знаёмствамі і сустрэчамі са старымі сябрамі, і гэта яшчэ больш дапамагло стварыць тую атмасферу, у якой усе пачуваюцца як дома. 

Іаланта КАЗАКОВА, Басан КУРБАНАВА
Фота Розы Джумбаевай

print

Вам таксама можа спадабацца: