Свята Перамогі. Наша задача толькі помніць… (+відэа)

15 мая, 2017.

Штогод іх збіраецца ўсё менш – старэнькіх, нямоглых. І гавораць яны ўсё менш і цішэй. Дый што казаць, калі галоўнае даўно й шматкроць сказана, гісторыі занатаваны і апублікаваны і ў перыёдыках, і ў прыкметных святочных выданнях. Жывыя сведкі таго, што нам так лёгка забыць сярод мурашыных клопатаў падзёншчыны, звыклага камфорту і раскошы – былыя супрацоўнікі і студэнты БДУ, якія прайшлі вайну, збіраюцца, каб мы прабівалі сваю корку абыякавасці і… помнілі.

5 мая ва ўнутраным дворыку БДУ нарэшце зялёна. Маладзёны зачакаліся цяпла – рапранутыя не па надвор’і. Стаяць купкамі, абмяркоўваюць будучыя вандроўкі, каэсэры. «Вы не супраць, калі я пад шумок збягу?». Выкладчыкі перагаворваюцца: «Сваіх прывёў, ды колькі – ці іх 15, ці 12, не разбярэш». – «А мае ж дзе? Ну, вунь стаяць, з гваздзікамі». Грымнуў аркестр, вайскоўцы пайшлі маршыраваць па алеях – дружна, ладна, як належыць. Курсанты ваеннага факультэта – хлопцы як на падбор. Кітайцы глядзяць захоплена, свае ледзь кідаюць вокам: вядома, прывыклі. Пляцоўка перад рэктаратам аформлена ў стылі «пераможных» саракавых гадоў: маскіровачная сетка, брызентавы намёт, палявая кухня.

Троху асобна трымаюцца ўдзельнікі Міжнароднага студэнцкага форуму «Святло Вялікай Перамогі»: урачыстыя пінжакі-гальштукі, бэйжды, адчуваецца нейкая падцягнутая бадзёрасць – напярэдадні ў іх яшчэ тры дні інтэнсіву ў «Брыганціне»: ваеннае кіно, трэнінгі, дыскусіі, вечарыны ля вогнішча, ваенна-патрыятычныя гульні, таварыскія спартыўныя матчы, сустрэча з рэктарам БДУ – усё для развіцця ў студэнцтва грамадзянска-патрыятычных якасцяў і каштоўнасцяў. У форуме сёлета бяруць удзел каля 150 юнакоў і дзяўчат з Азербайджана, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі, а таксама навучэнцы беларускіх ВНУ. І хаця ўсіх паўтары сотні, відавочна, няма,  вока радуюць свежыя нетутэйшыя твары.


Студэнт Бакінскага дзяржаўнага ўніверсітэта Эміль Абіеў вітае ветэранаў і ўсіх прысутных на свяце ад імя Азербайджанскай рэспублікі, дзячыць адміністрацыі абодвух БДУ за шчыльную супрацу ў навуковай і грамадскай дзейнасці:

«У гады Вялікай Айчыннай больш за 600 тыс. азербайджанцаў змагаліся на ўсіх франтах за Радзіму – Савецкі Саюз, з іх больш за палову загінула. Азербайджан быў галоўным пастаўшчыком нафты на фронт. Дзякуючы перадавым распрацоўкам нашых геолагаў-нафтавікоў войскі былі заўсёды забяспечаны нафтапрадуктамі. Яшчэ ў нас распрацоўвалася і выраблялася каля 130 відаў узбраення. Для нас беларусы, якія прынялі на сябе першы ўдар агрэсара, з’яўляюцца ўзорам трываласці і самаахвярнасці, адзінства перад тварам агульнага ворага. Такая велізарная колькасць значных змаганняў і бітваў адбылася на тэрыторыі Беларусі… Мы падзяляем з вамі радасць    перамогі і горыч страт. Для нашай дэлегацыі сёння вялікі гонар знаходзіцца тут, разам з удзельнікамі тых лёсавызначальных падзей, і мы кажам «дзякуй» усім прысутным ветэранам за іх подзвіг для наступных пакаленняў».


Кранальная пастаноўка студэнтаў БДУ аднавіла трагічныя сцэны ад пачатку вайны – страх і разгубленасць юнакоў і дзяўчат, заспетых нечаканай бядой, боль расставання, першыя лісты, галашэнне маці па загінулых чатырох сынах-дубочках… Не толькі ветэраны і дзеці вайны, але і айпэд-маладзёны не стрымлівалі слёз.

Студэнт гістфака, сакратар БРСМ Кан­станцін Андрусевіч: «Хочацца ад імя сту­дэнцкай моладзі выказаць словы падзякі ўсім тым, хто ваяваў і набліжаў Перамогу, спрыяў ёй сваёй самаахвярнай працай у БДУ, і пажадаць увагі і любові ад блізкіх, упэўненасці ў заўтрашнім дні – і вам, дарагія ветэраны, і ўсёй нашай краіне».


Па традыцыі ўдзельнікі свята ўсклалі кветкі да помніка студэнтам і выкладчыкам БДУ, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Гледзячы на дзетак з партрэтамі загінулых герояў, міжволі думаеш – а ці бу­дзем мы збірацца святкаваць Перамогу праз дзесяць, дваццаць гадоў, калі нікога са сведкаў тых падзей ужо не будзе з намі? Ці здолеем вытрымаць належны тон, ці перайначым усё пад свае разбэшчаныя густы? Будзем спадзявацца, што і сустрэчы гэтыя працягнуцца, і стэндапіць салёныя жарцікі на святых костках ніхто не наважыцца. Бо такія святы, як сённяшняе, выхоўваюць густ і павагу, пашану і высакароднасць. Прыслухаемся ж яшчэ раз, як да камертона, да словаў, абпаленых вайной…

Ветэран Ларыса Аляксандраўна Шымко: «Калі мы ў Брэсце сышлі з платформы, дык цалавалі зямлю, бо вярнуліся на Ра­дзіму. Маму ў нас забралі, нас было пяцёра дзяцей, аднаго немцы замучылі. Давалі яму звечара нейкія лекі, а зраніцы бралі кроў –  то бок, выпрабоўвалі на ім лекі для нямецкіх салдат».

Ветэран Фёдар Сяргеевіч Фешчанка пра вайну гаворыць сціпла: стралковы ба­тальён у Пермскай вобласці, артылерыйскі полк Беларускага фронту, аперацыя «Баграціён»… Вайна загартавала, шмат чаму навучыла, і гэты баявы дух Фёдар Сяргеевіч захоўваў і ў мірны час. Захапляўся штангай,   і калі быў перапынак 10 хвілін – выходзіў і трэніраваўся. Са студэнта вырас у выкладчыка, стаў прафесарам кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін і – легендай. Пасля 45 гадоў ва ўніверсітэце прафесар Фешчанка і сёння тут чаканы госць.

Падзякаваўшы ветэранам і пажадаўшы ім добрага здароўя, рэктар Сяргей Абламейка выказаў спадзяванне, «каб яшчэ не адзін год, не адно дзесяцігоддзе з намі былі разам тыя, хто вынес на сваіх плячах перамогу ў той цяжкай вайне, каб мы выхоўвалі разам моладзь, паказвалі, як трэба любіць і аба­раняць сваю Радзіму». А яшчэ паабяцаў зрабіць усё магчымае, «каб у наш няпросты час Беларусь квітнела».

Аркестр граў урачыста-журботную «Радзі­ма мая дарагая», гэтак мілую патрыятычна настроенаму вуху. Няпростая работа сёння толькі помніць…

Ад пераніцоўкі гісторыі лепш за ўсё ратуюць факты, скрупулёзна сабраныя гісторыкамі БДУ — яны леглі ў ас­нову Мемарыяла «Памяць у імя жывых» супрацоўнікам і студэнтам БДУ, якія загінулі ў гады Вялікай  Айчыннай вайны.

Мяркуецца, што такіх звыш трохсот чалавек. Сёння вядома пра 67 герояў, чые імёны занесены ў мемарыяльную электронную базу. Вядзецца вялікая даследчая праца па пошуку інфар­мацыі пра сотні загінулых супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ. Электронны рэсурс, што размешчаны на сайце www.time.bsu.by, дазволіць уносіць новыя імёны па меры з’яўлення звестак. Адкрыццё мемарыяла «Памяць у імя жывых» завяршала ўрачыстую частку свята.

Салдацкая каша з армейскага катла нагадала прысутным пра суровы вайсковы побыт – але без прысмаку пораху, крыві й поту падалася дужа смачнай. Пакуль кітайцы (па-ранейшаму захоплена) распытвалі, што за каша такая – пярлоўка, а «свае», аплятаючы пачастунак, згадвалі нут­ром тое простае і сапраўднае, што нельга забыць, героі свята, ветэраны выправіліся на святочны банкет…


Сцяпан Рыгоравіч Драбязка ўжо стаміўся – 95 гадоў не жарт. Чакае машыну, якая павязе яго дадому, і распавядае, як штогод на свята Перамогі па яго прыязджаюць з універсітэта:

«Бяруць мяне аднаго. Жонка  на 6 гадоў маладзейшая, але хворая, напаў­сляпая. Жывем з сынам у адной кватэры, другі сын загінуў у аўтамабільнай катаст­рофе. Ёсць і ўнукі – цэлая арганізацыя ўнукаў пад маім кіраўніцтвам, 7 чалавек! Такое шчасце! Расказваю ўнукам пра вайну… Скончыў у Мінску сярэднюю школу і быў прызваны ў войска яшчэ да вайны. Пры пачатку вайны трапіў у пяхоту. Праз некалькі месяцаў быў залічаны ў школу авіяцыйных механікаў, з ёй і не расставаўся, стаў прафесарам. Кафедра была баявая… У Германіі чытаў лекцыі – навучаў немцаў дэмакратыі,  а то яны разбасячыліся… Здароўе, канечне, не радуе. Дактары лічаць, што мне можна ўжо не лячыцца – усё адно выніку няма, хопіць. Патрэбен нямецкі прэпарат, а карыс­таюся ўкраінскім, прывозяць з Масквы – назва ў іх амаль аднолькавая, а вось вынік зусім розны. Але іншага выхаду няма. Ёсць найвышэйшы закон, аб’ектыўны, боскі – чаму чалавек жыве, а потым сыходзіць. Зас­таецца толькі забыцца на хваробы… Дзякуй, што не забываецеся. Студэнты прыязджа­юць, віншуюць з народзінамі, са святам 23 лютага і, канечне, на свята Перамогі».


Прапускаць праз сябе чужы боль, прыгадваць сваіх сваякоў, дзядоў і прадзедаў, загінулых у час вайны – усё гэта праца душы, да якой мы сёння нязвыклыя, якой пазбя­гаем ці то з ляноты, ці з абыякавасці, не жадаем пакідаць сваёй зоны камфорту… Але толькі праз такую працу, праз гэты боль мы можам адчуць, як востра дарагое нам жыццё і якое яно прыўкраснае – і зразумець: за   ўсё, што мы маем, за гэта свята жыцця        мы абавязаны тым, хто ваяваў і гінуў. Выжываў у тых умовах, калі здавалася, што выжыць ужо немагчыма. Іх жыццё павінна было быць напоўнена бестурботнай весялосцю, такой самай, якую мы назіраем     сёння. А на іх дзіцячыя і юнацкія плечы лёг цяжар ваенных турбот і бедаў. Хай сёння    палямі змаганняў будуць навука і культура, творчасць і мастацтва, і хай нашы дзеткі ні­колі не зведаюць жахаў вайны.

Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

Даведка
Да вайны ў БДУ налічвалася 6 факуль­тэтаў і 33 кафедры. Тады тут вучылася 1400 студэнтаў, працаваў 151 навуковы працаўнік, адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу налічвалася 210 чалавек, а навучальна-дапаможнага – 90. Такім чынам, агульная колькасць чалавек склала 1851. Толькі ў першыя дні вайны 450 студэнтаў і выкладчыкаў добраахвотнікамі сышлі на фронт. Эвакуявацца  паспелі толькі 620 чалавек, з тых, хто застаўся ў горадзе, большасць стала актыўнымі ўдзельнікамі падпольнага і партызанскага руху.
12 супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Фота Васіля Кузьмічкіна, Генадзя Краскоўскага і Надзеі Драздовай

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: