З аўдыторыі на баль. Студэнты БДУ пераўвасобіліся ў папялушак і прынцаў (+відэа)

3 Nov, 2017.

Больш за 200 студэнтаў з розных факультэтаў і ўстаноў адукацыі БДУ, якія маюць высокія дасягненні ў навучальнай, навуковай, грамадскай, культурнай і спартыўнай дзейнасці прынялі ўдзел у танцавальнай праграме "Студэнцкі баль БДУ" ў рамках святкавання 96-годдзя alma mater.

Баль адкрыў урачыстай прамовай прарэктар па выхаваўчай і вучэбнай рабоце Уладзімір Сувораў:

"Цудоўны праект, цудоўныя людзі тут сабраліся. Хацелася б падзяліцца адчуваннем, якое ўзнікла, калі я сюды прыйшоў. Падумалася, калі ты хочаш быць цікавы навакольнаму свету, праяві сам цікавасць да яго. Калі ты хочаш, каб твой унутраны свет быў прыгожы, навучыся знаходзіць прыгожае ў свеце, які вакол цябе. Прыемна ўсведамляць, што ўсе, хто тут сабраўся, імкнуцца ўбачыць прыгожае ў гэтым свеце, адкрыць свой унутраны погляд на тое, што ёсць прыгожае, хто я ў гэтым свеце. Гэта вельмі вялікае філасофскае пытанне, і ваша знаходжанне тут кажа пра тое, што вы будзеце выдатнымі людзі, вы будзеце ставіцца да свету як прынцы. І гэта ўжо ёсць. З вамі будзе добра вашым родным і блізкім, сябрам, таму што вы імкняцеся быць такімі. Дзякую вас і жадаю добрага вечара".

Па сцэнарыі балю ўступныя словы былі замацаваны першым танцам, вальсам для каралёў, прынцэс і ўсіх прысутных у зале. Настрой панаваў натхнёны, што і задало тон святу.Удзельнікі балю былі падзелены на 4 аддзяленні: класічны вальс, сучасны вальс, класічнае танга і сучаснае танга.

Прыгожыя сукенкі, пышныя прычоскі, строгія мужчынскія гарнітуры нікога не пакінулі абыякавым. Адчуванне таго, што ты патрапіў у сапраўдную казку, не прымусіла сябе доўга чакаць.

Выступленні перамяжоўвалі вакальныя ці танцавальныя пастаноўкі творчага саюза БДУ, гледзячы на якія, здзіўляешся, якія таленавітыя дзеці вучацца ў нашым універсітэце.

Падчас балю арганізатарамі быў прадугледжаны салодкі стол для ўдзельнікаў і гасцей. Завяршыла «Студэнцкі баль 2017» агульнае фота удзельнікаў мерапрыемства.Асаблівая падзяка на адрас арганізатараў: упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю БДУ, ГА "Студэнцкі саюз БДУ". Шчырыя эмацыйныя словы, поўныя цеплыні і веры ў сваю ініцыятыву, прагучалі як лагічнае завяршэнне чароўнага вечара.

Яўгенія Доўгія, арганізатар мерапрыемства:

"Гэты баль – заахвочванне найлепшых студэнтаў БДУ за іх заслугі ў грамадскім, навуковым, спартыўным жыцці факультэта.
Апроч усяго іншага гэта асаблівае, не падобнае да іншых мерапрыемства, у якім хочацца ўдзельнічаць, да якога хочацца далучыцца.
Усё гэта і з'яўляецца матывацыяй для ўдзельнікаў: дзе яшчэ яны змогуць прыемна правесці час, пагутарыць з такімі ж актывістамі, як і яны; а тут яшчэ і дрэс-код стварае атмасферу і масу прыемных успамінаў пры праглядзе фатаграфій.
А прыгожая пастаноўка, у якой студэнты маюць магчымасць паўдзельнічаць і паказаць іншым, на што яны здольныя – яшчэ адзін бонус. :)
Што да мяне, я ў дзяцінстве займалася бальнымі танцамі, таму, калі на “Брыганціне” даведадася пра такое мерапрыемства, я зразумела, што хачу і буду яго арганізоўваць. :) Так і атрымалася: як толькі прыехала дахаты – напісала Веры, кіраўніку “Вясновага балю”, і патрапіла ў каманду арганізатараў; сёлета я ўжо кіраўнік праекта.
З нагоды будучага праекта мы ўжо размаўлялі з УВРМ, наступны баль – калядны – плануем правесці ў снежні 2018 г. Ёсць ідэі, як зрабіць яго яшчэ больш чароўным і атмасферным, але пакуль рана казаць пра штосьці канкрэтнае".
Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш  фота ў лічбавым архіве БДУ
Відэа:
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *