“Міс Вясна-2017”. Як выбіралі самую прыгожую жыхарку студгарадка

17 Apr, 2017.

Больш за месяц дзяўчаты праходзілі кастынг, рыхтаваліся да дэфіле, здымалі відэавізітоўкі, удзельнічалі ў фотасесіях і рэпетыцыях, а таксама прыдумлялі і ўдасканальвалі свае творчыя нумары. І вось надышоў той дзень, якога ўсе так чакалі. 30 сакавіка ў Ліцэі БДУ прайшоў конкурс “Міс Вясна”, дзе абралі самую прыгожую і таленавітую жыхарку студгарадка.

Больш за месяц дзяўчаты праходзілі кастынг, рыхтаваліся да дэфіле, здымалі відэавізітоўкі, удзельнічалі ў фотасесіях і рэпетыцыях, а таксама прыдумлялі і ўдасканальвалі свае творчыя нумары. І вось надышоў той дзень, якога ўсе так чакалі. 30 красавіка ў Ліцэі БДУ прайшоў конкурс “Міс Вясна”, дзе абралі самую прыгожую і таленавітую жыхарку студгарадка.

З удзельніцамі конкурсу можна было пазнаёміцца задоўга да пачатку шоу. Дзяўчаты распавядалі пра сябе ў відэавізітоўках "24 гадзіны з…" З іх мы даведаліся, што першакурсніца гістарычнага факультэта Марына Люлькевіч натхняецца музыкай і прыродай, грае на фартэпіяна і сама піша музыку.

Наталля Балашэвіч

Наталля Балашэвіч сумяшчае вучобу на хімфаку з бальнымі  танцамі, якімі займаецца з 5 гадоў.

Творчы нумар Дар'і Рудзінскай

Дар'я Рудзінская  вучыцца на факультэце філасофіі і сацыяльных навук, у вольны час спявае ў рок-групе.

Аліна Тоесцева

Аліна Тоесцева вучыцца і працуе. Дзяўчына займаецца распрацоўкай і падтрымкай сайтаў па продажы квадрацыклаў і матацыклаў. А таксама захапляецца картынгам.

Марыя Садаўнічук вучыцца ў МДЭУ імя Сахарава. Вельмі любіць спяваць песні "Грамадзянскай абароны" і грае на гітары.

Яўгенія Кетко вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, захапляецца коміксамі. А таксама з ранняга дзяцінства спявае і грае на музычных інструментах.

Юльяна Садоўская, Марыя Садаўнічук і Крысціна Юркевіч

Дар'я Краўчук студэнтка журфака займаецца фотамадэлінгам. Але ўсходняя прыгажуня яшчэ і вельмі разумная: у 2014 годзе яна стала абсалютнай пераможцай алімпіяды па грамадазнаўстве ў Беларусі.

Студэнтка мехмата Юльяна Садоўская з 4 гадоў спявае і малюе, а з 5 – прафесійна займаецца спартыўнымі бальнымі танцамі. Апроч гэтага Юльяна супрацоўнічае з Нацыянальнай школай прыгажосці, займаецца дэфіле і прымае актыўны ўдзел у паказах адзення.

Крысціна Юркевіч сумяшчае выдатную вучобу на юрфаку, спорт і актыўны ўдзел у жыцці ўніверсітэта.

Дэфіле Наталлі Балашэвіч

Шоу "Міс Вясна" пачалося з дэфіле. Пад бурныя апладысменты гледачоў прыгажуні прайшліся ў вячэрніх сукенках. Дэфіле для дзяўчат рэжысавала Юлія Богуш з мадэльнага агенцтва BiDzhu.

А пакуль дзяўчаты за кулісамі перажывалі і рыхтаваліся да сваіх творчых нумароў, з відэароліка гледачам даведаліся, як жа праходзіла падрыхтоўка да конкурсу.

На творчым конкурсе дзяўчаты імкнуліся выявіць усе свае таленты: спявалі, танчылі, гралі на музычных інструменатах і чыталі вершы.

Творчы нумар Юльяны Садоўскай

Студэнтка інтэрната №7 Юльяна Садоўская спела песню на беларускай мове "Журавы-журавачкi". Яе падтрымалі сябры ў зале, яны склалі журавоў-арыгамі і паднімалі іх па шэрагах, як быццам у танцы.

Марына Люлькевіч з першага інтэрната таксама праспявала праніклівую песню Севары "Там няма мяне".

Пагаварыць пра жарсці прапанавала гледачам Наталля Балашэвіч з інтэрната № 2 . Яна з партнёрам станцавала гарачы танец пад песню  “Квэстпісталс” “Мы з  табой розныя”. Гледачы падтрымлівалі іх гучнымі апладысментамі і выкрыквалі падбадзёрвальныя фразы.

Творчы нумар Крысціны Юркевіч

Студэнтка інтэрната № 11 Крысціна Юркевіч вырашыла танцам даказаць, што сустрэць свой лёс можна ў самых нечаканых акалічнасцях. І распавяла, як каханне можа змяніць нават злую чараўніцу ў найлепшы бок. Танец, які выканала канкурсантка, быў вельмі пачуццёвым і праніклівым.

Творчы нумар Яўгеніі Кетко

А Яўгенія Кетко, студэнтка інтэрната № 5, вырашыла здзівіць гледачоў і сяброў журы адразу некалькімі сваімі талентамі. І прапанавала наладзіцца гледачам на лірычную хвалю пад песню Аdelе. Дзяўчаты станцавала ў пары, праспявала і сыграла на раялі, а дапамагалі ёй яе сябры, граючы на скрыпках і гітары.

Адна з самых незвычайных удзельніц конкурсу Дар'я Рудзінская з 3 інтэрната вырашыла згуляць на кантрасце і выйшла да гледачоў у жаноцкай вячэрняй сукенцы і берцах. Яна спявала песню Zombie і, нягледзячы на хваляванне, ёй атрымалася запаліць гледачоў.

Творчы нумар Аліны Тоесцевай

Міфы пра перавагу мужчын паспрабавала разбурыць  Аліна Тоесцева з “дзясяткі”. Дзяўчына з сябрамі стварылі на сцэне атмасферу гранжу і станцавалі яркі і дзёрзкі танец. "У гэтым нумары Аліна сапраўды была лепшай і больш сімпатычнай за мужчын", – прымеціў вядучы Дзмітрый Губіч.

Творчы нумар Дар'і Краўчук

"У пошуках вясновага натхнення" – менавіта так ахарактарызавала свой нумар удзельніца ад інтэрната № 4. Дар'я Краўчук распавяла гісторыю кахання, сыграўшы на скрыпцы мелодыю з песні “Акіяна Ельзы” і станцаваўшы з партнёрам пачуццёвы танец.

А студэнтка 5 інтэрната Марыя Садаўнічук у стылі фільма "Ла-Ла-Лэнд" распавяла гледачам, што такое кахаць словамі паэта Эдуарда Асадава.

Далей дзяўчаты прадэфілявалі ва ўборах ад таленавітага беларускага дызайнера Святланы Гайковіч.

А затым дзяўчаты паказалі, якой яны ўяўляюць вясну. Дзяўчаты сшылі адмысловыя гарнітуры-знакі вясны. Маці-прырода, прынцэса-лебедзь, фенікс, мак, Пакахонтас і шматлікія іншыя. Усе гэтыя вобразы ўдзельніцы прыдумлялі і стваралі разам са сваімі сябрамі з інтэрнатаў.

Пакуль журы раілася і, як запэўніў гледачоў вядучы шоу Дзмітрый Губіч, горача спрачалася пра тое, хто ж варты кароны і звання “Міс Вясна”, гледачам не давалі нудзіцца зоркі БДУ. Перад імі выступілі з песнямі Вольга Шыбека і Яна Паўлоўская, станцаваў гурт “Элізіум”, а Алеся Завадская выканала гімнастычны нумар.

“Міс-анлайн”і другая віцэ-міс Крысціна Юркевіч

І вось надышоў час абвяшчэння вынікаў.

“Міс-анлайн” стала Крысціна Юркевіч, у падарунак яна атрымала сертыфікат у студыю перманентнага макіяжа Алены Зміевай.

Звання “Міс-спорт” ганаравалася Юльяна Садоўская, яна атрымала ад радыёстанцыі "Мінская хваля" аўтарскія кексы і велізарны запас бярозавіку. Тытулы “Міс Музыка” і “Міс абаяльнасць” атрымала Яўгенія Кетко, падарункам для яе стаў цэлы месяц навучання ў музычнай студыі Micrifon, “Міс зачараванне” стала Марына Люльковіч, “Міс элегантнасць” – Марыя Садаўнічук, “Міс крэатыў” – Аліна Тоесцева, “Міс стыль” – Дар'я Рудзінская, “Міс натхненне” – Наталля Балашэвіч.

Званні другой віцэ-міс стала Крысціна Юркевіч, яна атрымала фен Rowenta і зніжку 30 % на вандраванне па Еўропе ад спонсара “Europatour. Моладзевыя туры па Еўропе” і набор касметыкі.

Першая віцэ-міс Дар'я Краўчук

Першая віцэ-міс Дар'я Краўчук атрымала блэндар, сертыфікат 70 % зніжкі ад “Europatour. Моладзевыя туры па Еўропе”, сертыфікат ад event-агенцтва UNIShow, пакет з прадукцыяй “Анегі”, плюшавага зайца.

Пераможцай конкурсу, уладальніцай запаветнай кароны і тытула "Міс вясна" стала Юльяна Садоўская. Яна атрымала сертыфікат на вандраванне ад ад “Europatour. Моладзевыя туры па Еўропе”.

Пераможца конкурсу, уладальніцай запаветнай кароны і тытула "Міс вясна"Юльяна Садоўская

Усе ўдзельніцы атрымалі кветкі ад спонсара конкурсу gvozdika.by і смачныя прызы ад кампаніі “Анега”.

А самым галоўным для дзяўчат сталі не тытулы і падарункі, а новыя веды і ўражанні, неацэнны досвед і мноства новых сяброў.

Дар’я КОЎЗА

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *