Ці ёсць вакацыі ў студэнтаў?

3 Aug, 2018.

Антаніна Іванова (у цэнтры), выхавальніца ў лагеры “Бярозка”

Вакацыі – сапраўдная радасць. Як для школьнікаў, так і для студэнтаў. Толькі для студэнтаў гэта яшчэ і вялікая ўзнагарода. Таму што, каб вакацыі атрымаліся паўнавартаснымі, перад імі трэба старацца ўвесь семестр, каб закрыць сесію без даўгоў. Ды і вакацыі ўжо не такія, як раней у школе. Яны ўсяго два разы, ды і нашмат карацейшыя. Самыя вялікія і доўгачаканыя – улетку. Тады вось студэнты і сыходзяць у адрыў ад вучобы. Толькі вось усё па-рознаму.

Вікторыя Сашко (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт журналістыкі, 3 курс):

— Мы жывём у той час, калі праводзіцца шмат музычных фэстаў, і я лічу, што гэта вельмі файна. 6 ліпеня, напрыклад, у Бабруйску праводзіўся “БІ-2 FEST”, на які я атрымала акрэдытацыю. З сябрамі збіраліся паехаць на фэст яшчэ задоўга да яе. Ён быў і бясплатны, і не ў Мінску. Вельмі класна выязджаць кудысьці за межы сталіцы, у новыя гарады. Калі б не вяселле сястры, што таксама безумоўна выдатна, я б паехала на фэст “Рок за баброў”. Варта адзначыць, што кошты на музычныя фэсты прымальныя і квіткі можна сабе дазволіць. На іх заўсёды выступаюць вядомыя выканаўцы, і квіток на канцэрт толькі аднаго з іх абышоўся б даражэй, чым квіток на фэст.

Антаніна Іванова (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, тэатральны факультэт, 4 курс):

— Вось ужо другі год я адпачываю працуючы. Я выхавальніца (важатая) у лагеры “Бярозка”, які знаходзіцца ў Бярозаўскім раёне.Чаму такі выбар? Усё вельмі проста. З дзяцінства я ўсе вакацыі праводзіла ў розных лагерах, санаторыях. І настолькі палюбіла гэты лад жыцця, што адмовіцца ад яго я не магу. З дзяцінства была мара ўзначальваць атрад, пабываць па той бок лагернага жыцця. І вось год назад мне прапанавалі месца ў педагагічным студатрадзе “Палкія сэрцы”, які ўзначальвае Марыя Сівякова – неаднаразовае пераможца рэспубліканскага конкурсу “Найлепшы камандзір атрада”. У гэтым атрадзе працуюць сапраўды прафесіяналы. Збольшага гэта маладыя настаўнікі розных спецыялізацый. Некаторыя з іх ездзяць у лагер “Бярозка”ўжо больш за пяць гадоў. Нягледзячы на ўсе складанасці, гэта шалёна весела і цікава. Кожны дзень трэба прыдумляць мноства творчых нумароў, штосьці майстраваць, удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах. Тут не даводзіцца сумаваць. А калі дзеці засынаюць, можна сустрэцца з іншымі важатымі і за кубкам гарбаты абмеркаваць дзень і пагуляць у настольныя гульні. Увогуле, таксама пачуваемся крыху дзецьмі.

Дзмітрый Собаль (Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, факультэт тэхнічнага сэрвісу, 4 курс):

— Мой сапраўдны адпачынак пачаўся 10 ліпеня, калі паехаў з дзяўчынай на моры ў Коблева (Украіна). Там мы правялі 8 дзён, не лічачы дарогу. Было вельмі добра: пастаянная спякота і цёплае мора. Улічваючы надвор’е ў Беларусі, у Коблеве быў рай. Як толькі прыехалі, было цяжка знайсці жыллё, але на працягу пары гадзін усё знайшлося. Мы жылі ў новым гатэлі, які адкрыўся толькі гэтым летам. Жыццё ў ім не абышлося без прыгод. Нас ледзь не выселілі раней, чым мы планавалі. Адміністрацыя няправільна разлічыла дні і суму грошай, а калі знайшла памылку, не паведаміла нам і прыйшла высяляць раней. Але нягледзячы на ўсе спрэчкі, мы працягнулі сваё пражыванне. Дахаты вяртацца зусім не хацелася. Мы шмат хадзілі, елі, спалі, купаліся і загаралі. Лепшага адпачынку і не прыдумаеш.

Марыя Скарына (Варшаўскі ўніверсітэт эканомікі, 1 курс):

— Упершыню ў жыцці планую наведаць іншы кантынент. Не іншы канец свету, а Туніс (Афрыка). Гучыць нядрэнна, на мой погляд. Адпачываць лячу з самай звыклай і любімай кампаніяй – з мамай. Ужо некалькі гадоў мы з ёй адкрываем новыя моры і краіны. Яна першая, хто паказала мне дзівосны сіні гарызонт, тым самым ажыццявіўшы мару. Чым старэйшай я станаўлюся, тым ясней становіцца, што менавіта яна – мая найлепшая сяброўка. А што можа быць лепшым, чым адпачынак на моры з улюбёнай кампаніяй? За некалькі гадоў мы з’ездзілі ў Грэцыю, Італію, Балгарыю, Латвію, Украіну, і вось Туніс. Спадзяюся, гэта будзе гэтак жа насычана і незабыўна, як я гэта і прадчуваю.

Анастасія Дзямчук (Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, факультэт эканомікі і менеджменту, 3 курс):

 — Гэта лета даецца мне не вельмі лёгка, бо першы месяц займала складаная сесія, але яна скончылася, і камень з душы зваліўся. Планы былі напалеонаўскія, але ў выніку засталася дома. З 12 ліпеня, зусім спантанна, запісалася ў студатрад, дзе цяпер і працую. Вельмі шкада, але ў вёсцы, дзе я жыву на дадзены момант, маіх сяброў практычна няма. Палова праходзіць практыку па месцы вучобы. Ды і часу толкам няма на зносіны. Але ў мяне ёсць пастаянныя спадарожнікі – найлепшая сяброўка і яе хлопец. З імі можна і прагуляцца, і на возера з’ездзіць, і ў грыбы схадзіць. Але зносінаў усё адно мала, таму на працягу лета планую пару паездак: з палаткамі на возера і ў горад да сяброў.

Аляксандра ДЗЕРБІС

print

Вам таксама можа спадабацца: