Аванс на будучыню. Прэміі “Белінвестбанка” атрымалі студэнты БДУ

30 Jun, 2017.

Цырымонія ўручэння студэнтам прэмій "Партнёрства будучыні" ад найбуйнейшага камерцыйнага банка ААТ "Белінвестбанк" адбылася 23 чэрвеня ў БДУ.

Сертыфікаты дзевяці студэнтам уручылі рэктар акадэмік Сяргей Абламейка і старшыня кіравання "Белінвестбанка" Андрэй Брышцелеў.

Прэміі атрымалі студэнты эканамічнага факультэта трэцякурсніцы Марыя Германовіч, Ганна Радоўня і чацвёртакурсніца Вікторыя Мігуля, трэцякурснікі юрыдычнага факультэта Марыя Дудук, Дзмітрый Насач, а таксама пяцікурснік гэтага ж факультэта Аляксандр Федаровіч. Акрамя таго, прэміямі ўзнагароджаны студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі: чацвёртакурснік Раман Джафараў і пяцікурснікі Надзея Кіслая і Яўгенія Кандратовіч. Стыпендыя прысуджана студэнтам за высокую паспяховасць па выніках дзвюх апошніх сесій.

Рэктар БДУ Сяргей АБЛАМЕЙКА адзначыў, што  прэміі “Белінвестбанка” ўручаюцца найлепшым студэнтам, якіх адабралі факультэты.

"Наш партнёр заснаваў прэміі для найлепшых студэнтаў у банкаўскай сферы, у шырокім яе разуменні. У БДУ шмат розных імянных стыпендый: Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нашых вядомых навукоўцаў, паэтаў, літаратараў. І мы ўдзячныя “Белінвестбанку”, за тое, што і ён таксама падтрымлівае таленавітую моладзь. Мы доўга і паспяхова супрацоўнічаем, у нас шмат сумесных праектаў, напрыклад, студэнцкая карта, многія нашы выпускнікі працуюць у гэтым банку", – падкрэсліў рэктар. – "Мы ўпэўненыя ў тым, што наша супрацоўніцтва будзе працягвацца доўгія гады. Я віншую студэнцкую моладзь і жадаю, каб у вас былі новыя стыпендыі і новыя перамогі".

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка і старшыня кіравання "Белінвестбанка" Андрэй Брышцелеў

Старшыня кіравання "Белінвестбанка" Андрэй БРЫШЦЕЛЕЎ лічыць, што ўзаемадзеянне БДУ і “Белінвестбанка” развіваецца сямімільнымі крокамі. Звяртаючыся да студэнтаў, ён адзначыў: "Наша падтрымка вам азначае, што вы выбралі правільны шлях. Мы лічым, што кожны з вас зрабіў нешта асаблівае і хочам, каб вы рабілі ўпэўненыя крокі і не спыняліся на дасягнутым. І ў навуцы таксама патрэбныя таленавітыя людзі. Магчыма вы застанецеся ва універсітэце: магістратура, аспірантура і г. д. Але самае галоўнае, не залежна ад таго, якая ў вас будзе будучая спецыяльнасць, з душой ставіцца да сваёй справы і працы. Толькі тады можна дасягнуць вынікаў і забяспечыць годную будучыню".

 Як гэта – быць узнагароджаным – мы пацікавіліся ў Марыі ГЕРМАНОВІЧ і Рамана ДЖАФАРАВА.

- Марыя, скажыце, калі ласка, цяжка даецца лідарства?

- Вядома, вельмі шмат спакус, але, калі ёсць мэта, трэба да яе ісці, нягледзячы ні на што.

- Якая ў Вас мэта ў жыцці? Чаго хочаце дамагчыся?

- Акалічнасці змяняюцца, але цяпер я планую паступіць і скончыць магістратуру. Сёння на іспыце мне сказалі, што я падобная да выкладчыка, і я задумалася. Магчыма, я вырашу паспрабаваць, таму што развіваць іншых людзей многага варта.

- Распавядзіце пра мэту Вашага візіту ў рэктарат сёння.

- Па-першае, кожны студэнт, які сябе паважае, павінен хоць раз наведаць рэктарат, а па-другое, “Белінвестбанк”, дзе я б хацела паспрабаваць працаваць, заснаваў прэмію за нашы працы.

- Што Вы хацелі б пажадаць сваім сябрам?

- Я хацела б пажадаць канцэнтрацыі на чымсьці адным. Таму што многія мае знаёмыя ў пошуку. Яны ўвесь час спрабуюць штосьці новае, ім бракуе вытрымкі, цярпення і настойлівасці. Важна знайсці баланс паміж забаўкамі і інвестыцыямі ў сябе. Разумець, што потым у нас такога вольнага часу не будзе.

Раман ДЖАФАРАЎ.

- Раман, Вы ўжо скончылі чацвёрты курс. Маглі б падагульніць Ваш перыяд навучання ў двух словах? 

- Усё прайшло вельмі хутка, непрыкметна. Вучоба ва ўніверсітэце дала мне шмат карысных ведаў, сяброў, цікавы досвед у навукова-даследчай працы. У прыватнасці, я ўдзельнічаў у праекце з Нацыянальным банкам. Вельмі спадабалася.

- Якія ў Вас планы на найбліжэйшыя пару гадоў?

- Я размеркаваўся ў кампанію, дзе буду працаваць на пазіцыі аналітыка дадзеных. Планую паступіць у магістратуру. Не хачу спыняцца ў сваім развіцці.

- Дзякуй. Я жадаю Вам перспектыў і бліскучай будучыні! Поспеху Вам!

Таццяна БАГАМАЗАВА

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *