Ці стануць гарадскія квэсты сур’ёзным бізнесам?

22 Sep, 2016.

10

Сёння неверагодную папулярнасць у моладзі і не толькі набіраюць квэсты. Магчыма, людзям надакучыла бавіць час ва ўжо звыклых кінатэатрах ды кавярнях, таму яны і шукаюць нязведанае. Апроч іншых праводзяцца і не зусім звычайныя гульні — гарадскія квэсты. Яны для тых, хто любіць вуліцы горада так жа моцна, як і авантуры.

Гуляць і вучыцца

У сталіцы на такіх квэстах спецыялізуецца платформа Шукай.by. Паўтара года таму яна была створана праграмістам Яраславам Ліхачэўскім: «Мы з сяброўкай вырашылі, што нам надакучыла працаваць у карпарацыі, хацелі зрабіць турыстычны сэрвіс, але іх і так ужо было шмат, таму стварылі гэты праект».

Ідэя была рэалізавана вельмі хутка — праз два тыдні пасля задумы прайшоў і сам квэст, паўдзельнічаць у якім захацелі больш як 500 чалавек. Калі іншыя гульні маюць даволі шырокае кола тэм, то для Шукай.by галоўнымі з'яўляюцца культура і гісторыя Беларусі. Доказ гэтаму — і самы вядомы квэст платформы «12 апосталаў», які праводзіцца ў Нясвіжскім палацы і над якім, па словах Яраслава Ліхачэўскага, каманда працавала даўжэй за ўсё: «Задача ў Нясвіжы — пошук 12 залатых апосталаў. Каб іх знайсці, трэба пазнаёміцца з прывідамі князёў, якія ў той час жылі, і выканаць іх заданні. У нас там усе вядомыя асобы — і пане Каханку, і Рыбанька, і Марыя Дарота Радзівіл».

Акрамя нясвіжскага, Шукай.by ладзіць і іншыя квэсты. Напрыклад, па рамантычных легендах і паданнях Мінска, у музеі Петруся Броўкі, па мінскім метро. І нельга сказаць, што ўсё гэта — проста забава. «Я дакладна ведаю адно: дзеці навучаюцца ў гульні ўсяму на свеце, праз яе пазнаецца навакольны свет. Менавіта таму мы і выбралі такую форму для падачы гісторыка-культурных звестак», — кажа Яраслаў.

18-5_kopiya

Князь Радзівіл дае парады па пошуку 12 апосталаў

Ствары гульню сам

Увогуле, прыдумаць сюжэт не так і лёгка. Ствараючы квэст, Яраслаў з камандай шмат часу правялі ў архівах, працавалі з дакументамі, раіліся з музейнымі супрацоўнікамі, прапрацоўвалі гістарычную дакладнасць. А вось для гарадскіх гульняў не трэба амаль нічога, акрамя эрудыцыі і вольнага часу, таму каманда падтрымлівае ініцыятыву людзей, якія самі хочуць прыдумаць квэст, — заахвочвае іх, каб яны стваралі турыстычны праект самастойна. Напрыклад, квэст у музеі Петруся Броўкі зроблены яго супрацоўнікамі.

Пашпацыраваць па горадзе прыходзіць у асноўным моладзь, але Яраслаў хоча прыцягнуць болей падлеткаў: «Важна зацікавіць іх гісторыяй праз гульню».

Зараз у камандзе Шукай.by дзесяць чалавек, якія займаюцца распрацоўкай мабільных праграм, астатнія — прыдумваюць квэсты. Яраслаў з сябрамі працуюць над сур'ёзным сэрвісам для беларускіх музеяў і палацаў — інструментам, які зробіць экскурсіі больш цікавымі. Там будуць рэчы накшталт інтэрактыўных карт месца, як у камп'ютарнай гульні, музейны кантэнт, інфармацыя пра экспазіцыю і гісторыю, аўдыёгід.

18-4_kopiya

На шляху да таямніцы

Усе любяць каханне

У Беларусі шмат цікавых месцаў, а тэм — яшчэ больш, лічыць Яраслаў Ліхачэўскі. «Усё гэта трэба расказваць і паказваць людзям. Якая б вялікая ў нас каманда ні была, жыцця на гэта не хопіць, таму задача ў заахвочванні іншых».

Да канкурэнтаў-квэструмаў у Шукай.by ставяцца спакойна. «Мы дапамагаем адзін аднаму. Ускосна спаборнічаем нават з кінатэатрамі, бо людзі выбіраюць: паглядзець фільм ці пагуляць па горадзе. Але ўсе мы робім прынцыпова розныя прадукты. Зараз квэструмы — трэндавая рэч, праз іх даведваюцца і пра нас. Людзі згулялі квэст у пакоі, а пасля хочуць авантурных прыгод у горадзе».

Самая папулярная гульня Шукай.by у Мінску — пра каханне, бо «ўсе ж любяць каханне». «Мы хацелі пазнаёміць людзей з гарадскімі легендамі, — расказвае Яраслаў, — але іх трэба было неяк звязаць у адзіны аповед. Таму мы знайшлі персанажа — гарадскога цмока, які быццам скраў прыгажуню, а нам трэба яе вызваліць».

Які пароль ад Wі-Fі?

Квэсты — выдатная рэч для знаёмства з гісторыяй. Прыклад — музей Петруся Броўкі. У яго часта водзяць школьнікаў, якім там бывае сумна, бо дзеці слухаюць сухія факты з біяграфіі пісьменніка. А зараз там з'явіўся квэст, ён вельмі просты, але цікавы і карысны. Напрыклад, пароль ад музейнага Wі-Fі — дзень нараджэння Петруся Броўкі. Гэтую інфармацыю вельмі лёгка можна знайсці ў экспазіцыі. А тут дзеці яшчэ і спаборнічаюць — хто даведаецца хутчэй, той хутчэй пройдзе гульню. Дарослых зацікавіць так жа лёгка. «Мы гэта яшчэ ў Нясвіжы пабачылі. Яны гуляюць не менш ахвотна, чым дзеці».

Праект Шукай.by без перабольшвання можа стаць для Мінска яшчэ адной турыстычнай «разыначкай» — з яго дапамогай госці даведаюцца пра гісторыю і сталіцы, і нашай краіны. Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што хацеў бы, каб квэсты былі накіраваныя не толькі на ўнутранага турыста, але і на замежнага: «Штогод праз Нясвіжскі комплекс праходзіць 400 тысяч чалавек. Гэта дастаткова сур'ёзны бізнес. У Нясвіжы ўсё робіцца па-еўрапейску, іншым турыстычным месцам трэба на яго раўняцца».

Да Версаля — адзін крок

Яраслаў лічыць, што ў нашай краіне магчыма стварыць вялікі турыстычны трафік.

Але пакуль каманда Шукай.by збіраецца працаваць у Еўропе, рабіць праекты для іх музеяў. А пасля яны абавязкова перанясуць усё прыдуманае ў Беларусь. «Дапаможам нашай спадчыне адрадзіцца, — абяцае Яраслаў і дадае, што няма сэнсу пачынаць з маленькага. — У Еўропе мы будзем ладзіць квэсты ў Версалі і Таўэры. Калі можаш зрабіць вялікае — рабі. Таму ў Мінску мы пачалі з Нясвіжа».

Адна з нерэалізаваных задум Шукай.by — веласіпедная гульня ў Налібоцкай пушчы — пакуль іх самая грандыёзная ідэя. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў пушчу баяліся заходзіць немцы — гэта была тэрыторыя партызан. Там засталіся рэшткі сядзібы Тышкевіча, таксама гэтыя мясціны звязаныя з імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Нікога не пакіне раўнадушным чароўная прырода пушчы. Яраслаў кажа, што яны ўжо нават склалі маршрут: «Але, калі праклалі дарогу, высветлілася, што там няма моста праз рачулку. Мы падлічылі, што можам аднавіць яго самі. Будзем збіраць грошы». Спадзяюся, у іх усё атрымаецца.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР,"Звязда"

Фота 1:Шукай.by

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *