Кубінская ода: “БДУ, любоў мая”

15 Nov, 2016.

20141231_164410

Пакуль універсітэт рыхтаваўся да 95-гадовага юбілею, 40 гадоў з пачатку вучобы ў БДУ адсвяткаваў былы студэнт нашай alma mater – выхадзец Кубы Хасэ Мехіяс Дэльгада. І гэту значную дату выпускнік радыёфізічнага факультэта вырашыў адзначыць візітам у БДУ.

Хасэ стаў адным з першых замежных студэнтаў, якія навучаліся ў БДУ. У той час (1976 год) наша краіна цесна супрацоўнічала з Кубай: не толькі кубінскія студэнты навучаліся тут, але і беларускія выкладчыкі адпраўляліся на працяглыя стажыроўкі ва ўніверсітэты Кубы.

— Чаму вы вырашылі паступаць менавіта ў БДУ?  Чаму абралі фізіку (радыёфізіку) сваім кірункам?

— Кубінская школа і дзяржаўныя арганізацыі стваралі ўмовы (напрыклад, школьныя гурткі па навуцы і тэхніцы) для прыцягнення вучняў і абітурыентаў да прыярытэтных спецыяльнасцяў краіны. У план Кубы па эканамічным і сацыяльным развіцці была ўключана адукацыя і падрыхтоўка высокакваліфікаваных навукова-тэхнічных спецыялістаў у больш развітых братэрскіх краінах. У той час СССР аказаў Кубе асноўную падтрымку па дадзеным кірунку. Калі я скончыў падрыхтоўчы факультэт гаванскага ўніверсітэта, Мінвуз Кубы размеркавала нас па наймацнейшых універсітэтах СССР. Мінск і БДУ ў маім выпадку – чыста выпадковая, але вельмі шчаслівая падзея. З-за памылкі ў дакументах я пачаў агульную падрыхтоўку на фізічным факультэце БДУ. Пасля заканчэнні 2 курса ўсе фармальнасці былі вырашаны, і мяне перавялі на радыёфізіку. Пра час навучання на фізфаку я не шкадую. Наадварот, вельмі гэтаму рады, бо праграма навучання адпавядала маім інтарэсам і схільнасцям да фізічнай навукі. Я шмат часу прысвяціў гуртку па ядзернай фізіцы і тэхніцы апрацоўкі дадзеных, таму вольна ўзяўся за радыёфізіку.

1-stanislav-mechkovskij-i-evgenij-raxmanko-vspominayut-kubinskie-vechera

Станіслаў Мячкоўскі і Яўген Рахманько ўспамінаюць кубінскія вечары

У БДУ Хасэ з жонкай сустрэліся з загадчыкам кафедры аналітычнай хіміі, прафесарам Яўгенам Рахманько і прафесарам кафедры Станіславам Мячкоўскім, якія не проста бывалі на Кубе, але і праводзілі там навуковыя даследаванні, выступалі на канферэнцыях, словам, прадстаўлялі навуку БДУ далёка за межамі краіны.

Асабліва прыемна праз амаль 40 гадоў ізноў сустрэць сваіх выкладчыкаў. Так Хасэ атрымалася пагутарыць з дацэнтам кафедры агульнай фізікі Леанідам Буравым, які запомніўся маладым, энергічным і строгім выкладчыкам. Леанід Іванавіч правёў невялікую экскурсію для гасцей па фізічным факультэце. Хасэ з лёгкасцю пазнаваў тых выкладчыкаў і навукоўцаў БДУ, чые партрэты захоўвае музей факультэта.

— Якімі былі вашы студэнцкія гады? Як склаліся вашы ўзаемаадносіны з беларускімі студэнтамі і выкладчыкамі?

— Выкладчыкі былі проста прыкладамі для ўсіх нас. Яны паказалі не толькі правільныя падыходы ў навуцы, але і ў паводзінах чалавека ў грамадстве. Мы, выпускнікі БДУ, ганарымся поспехамі і актыўнасцю нашых выкладчыкаў і навуковых кіраўнікоў. Студэнцкія гады былі ўнікальнымі і лёсавызначальнымі для прафесіі і асабістага жыцця. З першага дня ў БДУ мы вучыліся і жылі ў інтэрнаце разам са студэнтамі тагачаснага СССР. Сумесная актыўная навучальная і сацыяльная дзейнасць, як удзел у грамадскай працы, у будаўнічых атрадах, выступленні ў мінскіх школах, дазволіла нам эфектыўней засвоіць рускую мову і хутчэй зразумець менталітэт народаў СССР і, у прыватнасці, жыхароў Мінска. Тады завязаліся сапраўдныя сяброўскія адносіны, якія вытрымліваюць час і ўсякія змены ў жыцці нашых дзяржаў.

0-gerda-angelika-i-xose-a-mexias-delgado-v-bgu

Герда Ангеліка і Хасэ А. Мехіас Дэльгада ў БДУ

Замежныя студэнты трымаліся разам, моцна пасябравалі і працягваюць падтрымліваць зносіны ўжо на радзіме. І менавіта дзякуючы БДУ Хасэ пазнаёміўся са сваёй жонкай на экскурсіі ў Доме-музеі I з’езду РСДРП. У 1976 годзе Герда Ангеліка праходзіла моўную стажыроўку на філалагічным факультэце БДУ ў рамках супрацоўніцтва з універсітэтам г. Ена (Германія).

Аднак галоўная мэта візіту ў Беларусь складалася ў наведванні роднага для Хасэ радыёфізічнага факультэта. Гасцей сустрэў дэкан РФКТ дацэнт Сяргей Малы. Студэнцтва Сяргея Уладзіміравіча супала з часам навучання ў БДУ выпускніка Кубы. Суразмоўцы жартавалі, успомнілі пра тое, як мала вакол корпуса было пабудавана будынкаў і як шмат прылятала гракоў. І менавіта грак стаў знакам факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.

3-xose-delitsya-istoriyami-iz-studenchestva-s-dekanom-rfikt-bgu

Хасэ дзеліцца гісторыямі з студэнцтва з дэканам РФІКТ БДУ

— Як склалася ваша кар’ера пасля БДУ?

— Дарога жыцця ў мяне не была прамая. Але БДУ якраз падрыхтаваў нас да пастаянных змен. Да гэтага дня я працаваў у розных галінах навукі і тэхнікі, напрыклад, займаўся даследаваннямі ў галіне выкарыстання ядзернай фізікі (нейтронны актывацыйны аналіз) у Акадэміі навук г. Гавана, вёў выкладчыцкую і даследчую працу па фізіцы і матэматыцы ў Камагуэйскім універсітэце, займаў пасады намесніка, а пасля загадчыка кафедры. Зараз часова жыву ў Германіі і працую канструктарам у галіне гідраўлічных рулявых механізмаў для камерцыйных, адмысловых аўтамабіляў і аўтобусаў у кампаніі групы Knorr-Bremse.

Навука і тэхніка ўвесь час знаходзяцца ў бурлівым развіцці. І самае галоўнае: падыходы і метады, засвоеныя падчас вучобы БДУ. Універсітэт карэнным чынам паўплываў на маё жыццё. Атрыманыя тут веды невычэрпныя. Яны заўсёды дапамагаюць, але іх трэба ўвесь час пашыраць, засвойваць новыя.

4-na-zanyatii-grigoriya-gonchara

На занятках Рыгора Ганчара

Кубінскія госці наведалі заняткі дацэнта кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнага ФМА БДУ Рыгора Ганчара, які працаваў з першым наборам студэнтаў з Кубы. Сімвалічнай стала сустрэча з кіраўніцтвам і выкладчыкамі факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ. Бо менавіта кубінскія студэнты сталі першымі слухачамі факультэта ў далёкім 1961 годзе. І Куба стала адной з першых краін, куды для працы  выязджалі выкладчыкі кафедры рускай мовы.

— Наколькі моцна змяніўся Мінск з вашых студэнцкіх гадоў?

— 40 гадоў пачатку вучобы і знаёмствы мы з жонкай хацелі адзначыць менавіта ў Мінску, у БДУ. Паездку доўга рыхтавалі і планавалі. На жаль, у адрозненне ад маёй радзімы, заходняя прэса пра Беларусь піша, як правіла, недакладна ці няправільна. Мінск стаў для нас вялікай неспадзеўкай. Каб паглядзець горад, мы за тыдзень выкарыстоўвалі ўсе віды грамадскага транспарта і прайшлі пешшу вельмі шмат кіламетраў, нягледзячы на надвор’е.

2-v-muzee-fizicheskogo-fakulteta-bgu

У музеі фізічнага факультэта БДУ

Апошні раз я быў у Мінску 27 гадоў назад, і са здзіўленнем заўважыў, што сёння  горад прарос і плошчай і насельніцтвам. З таго часу вельмі шмат пабудавана і яшчэ будуецца. Мінск стаў яшчэ прыгажэйшы, чысціня і парадак моцна ўражваюць. Людзі апрануты лепш і мадней, чым раней. У крамах сапраўды ёсць усё. А пасажырскі вакзал можа быць прыкладам для шматлікіх развітых краін. Проста не верыцца!

У гутарках Хасэ часта адзначаў, што БДУ стаў неаддзельнай часткай яго жыцця, хай нават за 9 000 кіламетраў. Бо тут ён здабыў усё тое, што яму сёння так важна – веды, прафесію, сяброў і сапраўднае каханне.

Ксенія КАРАВАЯ

5-s-rukovodstvom-i-prepodavatelyami-fdo-bgu

З кіраўніцтвам і выкладчыкамі ФДА БДУ

На галоўным фотаздымку злева направа:
1. Хасэ А. Мехіас Дэльгада, (радыёфіз., каф. радыёфізікі і электронікі ЗВЧ)
2. Раберта Сантана Дуке-Эстрада (фізфак, каф. ядзернай фізікі).
3. Гільерма дэ ла Круз Эстэноз (фізфак, каф. оптыкі).
4. Алехандра Муньас Лопес (фізфак, каф. ядзернай фізікі).

print

Вам таксама можа спадабацца: