Студэнты БДУ змогуць падлячыцца ў санаторыі «Палітэхнік» (+відэа)

6 Apr, 2018.

Вялікая група прадстаўнікоў БДУ, у якую ўвайшлі намеснікі дэканаў факультэтаў, супрацоўнікаў УВРМ, прафсаюзныя актывісты і студэнты, наведала 19 сакавіка санаторый-прафілакторый БНТУ «Палітэхнік».

Мэтай паездкі было азнаямленне з умовамі дадзенай установы і інфармаванне навучэнцаў нашага ўніверсітэта пра магчымасці аздараўлення.
Па словах прарэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Івана Янушэвіча, моладзь не заўсёды ў свае юныя гады надае здароўю належную ўвагу. І тут асноўная задача педагогаў, прафсаюзнага актыву – прапанаваць студэнтам такія магчымасці. Санаторый-прафілакторый «Палітэхнік» размешчаны ў маляўнічым месцы з унікальнай прыродай на беразе Мінскага мора. У ім прапануецца высакакласнае медыцынскае абслугоўванне, вітаміны, працэдуры, выдатнае харчаванне і свежае паветра. Галоўнае, каб студэнты не ленаваліся прайсці нескладаную працэдуру афармлення, а пасля яшчэ і атрымаць грашовую кампенсацыю, тады за пуцёўку ў «Палітэхнік» яны заплацяць троху болей за 5 % ад яе рэальнага кошту.

Дырэктар студэнцкага санаторыя-прафілакторыя БНТУ «Палітэхнік» Ніна Кусмерская-Мялік правяла для прадстаўнікоў БДУ экскурсію па комплексе і тэрыторыі, распавяла і паказала на практыцы медыцынскае абсталяванне, віды працэдур, умовы пражывання і інфраструктуру: сухія вуглякіслыя ванны, падводны масаж, лазератэрапію, бескантактавыя гідрамасажныя ванны, магнітатэрапію, спартыўныя пляцоўкі, стадыён, більярд, настольны тэніс, шахматы.

Санаторый-прафілакторый размешчаны на беразе Заслаўскага вадасховішча за 10 км ад Мінска. Нумарны фонд складае 164 койка-месцы з засяленнем у 2-месныя нумары, абсталяваныя ўсім неабходным для камфортнага пражы­вання і адпачынку на працягу 18 дзён.

У адпаведнасці з вылучанай квотай БДУ мае магчымасць накіроў­ваць 26 студэнтаў на кожны заезд у адпаведнасці з графікам на 2018 год: 23.04.-10.05; 14.05.-31.05; 04.06.-21.06; 25.06.-12.07; 16.07.-02.08; 06.08.-23.08; 27.08.-13.09; 17.09.-04.10; 08.10.-25.10; 29.10.-15.11; 19.11.-06.12; 10.12.-27.12.
Атрымаць пуцёўку ў санаторый-прафілакторый можа як навучэнец, што мае хранічныя захворванні, так і звычайны студэнт. Ажыццяўляецца аздараўленне і лячэнне па профілі захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, функцыянальных парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы без адрыву ад навучальнага працэсу з дастаўкай студэнтаў на заняткі і назад спецыяльна арганізаваным аўтатранспартам.

Для набыцця пуцёўкі ў студэнцкі санаторый-прафілакторый «Палітэхнік» студэнту БДУ неабходна:

– атрымаць медыцынскую даведку пра стан здароўя формы Ф-1, якая вызначае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, ва УАЗ «33-я гарадская студэнцкая паліклініка» (іншагароднія студэнты), у паліклініцы па месцы жыхарства (мінчане);

– у аддзеле сацыяльнай работы УВРМ (галоўны навучальны корпус, каб. 102) напісаць заяву з указаннем пажаданага заезду (не пазней чым за тры тыдні да пачатку заезду);

– аплаціць пуцёўку.

Пра свае ўражанні нам распавялі студэнты БДУ, якія ўжо аздаравіліся ў санаторыі-прафілакторыі:

Аляксандр Рыжы, студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта:


– Застаўся б жыць у «Палітэхніку», калі б была такая магчымасць. Вельмі спадабалася прырода, спакой, тое, чаго не атрымаць у гора­дзе. Добрая кампанія са студэнтаў розных ВНУ. Разнастайны пералік працэдур (водны масаж, розныя ванны, саўна). Харчаванне на год­ным узроўні, сытна, смачна. Да­дзены санаторый-прафілакторый  з задавальненнем раю ўсім сваім знаёмым. Зараз афармляю меды­цынскую даведку, каб ізноў сёлета наведаць «Палітэхнік».

Дар’я Паўловіч, студэнтка 2 курса ФМА:

– «Палітэхнік» вельмі спадабаўся. Аздараўленне ажыццяўляецца па прызначэннях урача, прапісаных у медыцынскай карце (масаж ручны, падводны, саўна). Персанал ветлы, добразычліва ставіцца да студэнтаў, якія прыбылі на аздараўленне. Спадабалася прырода. Была магчымасць зносін са сту­дэнтамі іншых ВНУ. Дадзены санаторый-прафілакторый рэкамендую ўсім сваім знаёмым.

Ганна Кацельнікава, студэнтка 3 курса хімічнага факультэта:

– Плюсаў вельмі шмат, выдатны персанал, цёплая атмасфера, кормяць смачна, сытна. Усе студэнты прыязныя, па вечарах годна арганізоўвалі вольны час (конкурсы, дыскатэкі – кожны вечар заняты). Вялікі плюс: для студэнтаў працуюць дзве змены харчавання, тое, што трэба для студэнтаў, якія навучаюцца ў розныя змены (сняданкі і абеды ёсць раннія і пазнейшыя). Транспарт ходзіць рэгулярна, дабрацца можна ў любы час без цяжкасцяў. Дадзены санаторый-прафілакторый з задавальненнем рэкамендую ўсім сваім знаёмым, бо пуцёўка каштавала мінімальных выдаткаў, плюс па вяртанні можна будзе напісаць   заяву на кампенсацыю за набыц­цё пуцёўкі. У наступным годзе з задавальненнем вярнуся ў «Палі­тэхнік».

ДАВЕДКА
На сёння кошт пуцёўкі ў студэнцкі санаторый-прафілакторый «Палітэхнік» складае: 87 рублёў 41 капейку (гэта 15 % ад поўнага кошту пуцёўкі, якая складае 582 рублі 71 капейку). Курортны збор складае 3 % ад кошту пуцёўкі – 17 рублёў 48 капеек (аплата ў санаторыі). Па факце аздараўлення ў санаторыі-прафілакторыі «Палітэхнік» студэнт БДУ можа атрымаць матэрыяльную дапамогу ў выглядзе кампенсацыі за набыццё пуцёўкі з разліку 50 % ад аплачанага кошту пуцёўкі ў аддзеле сацыяльнай працы УВРМ (гэта 43 рублі 71 капейка) + 25 % ад аплачанага кошту пуцёўкі ў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ (гэта 21 рубель 85 капеек).

Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота аўтара
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: