We are Future Customs Officers. Студэнты з 5 універсітэтаў спаборнічалі ў алімпіядзе па англійскай мове на ФМА

26 Apr, 2018.

III Універсітэцкая алімпіяда па англійскай мове сярод студэнтаў беларускіх ВНУ прайшла на факультэце міжнародных адносін БДУ.

Алімпіяду арганізавала кафедра англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў пры падтрымцы кафедры мытнай справы.

Сёлета ў алімпіядзе прынялі ўдзел каманды з 5 ВНУ: БДУ, БДЭУ, БелДУТ (Гомель), БНТУ і ГрДУ імя Янкі Купалы (Гродна). Студэнтам былі прапанаваны як пісьмовыя заданні, так і вусныя конкурсы. Трэба адзначыць, што ўдзельнікам журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі мытных органаў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў ФМА БДУ, прадстаўнікі кафедры мытнай справы ФМА БДУ, было вельмі нялёгка вызначыць пераможцаў. Таксама не пакінуў журы абыякавымі ніводзін з арыгінальных праектаў-прэзентацый, якія падчас цырымоніі адкрыцця кожная з каманд прадставіла пад назвай “We are Future Customs Officers”.

Урачыстую частку алімпіяды адкрыў дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар Шадурскі , які выказаў асаблівую падзяку ўсім студэнтам, якія вырашылі паспрабаваць свае сілы ў гэтым няпростым змаганні. Ён таксама адзначыў, што сучаснае жыццё поўнае канкурэнцыі, а дадзеная алімпіяда дае магчымасць не толькі перамагчы ў барацьбе і стаць найлепшым, але таксама паказаць свае навыкі камунікацыі і знайсці новых суразмоўцаў, партнёраў і сяброў. І ў гэтым кантэксце веды замежных моў з’яўляюцца вельмі важным інструментам. Алімпіяда адкрывае новы, пазітыўны погляд на канкурэнцыю, дапамагае пераадолець страх, знаходзіць новыя магчымасці для развіцця і прасоўвання наперад.

Са словамі прывітання да гасцей алімпіяды звярнулася загадчыца кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў Святлана Дубінка . У сваім звароце яна адзначыла, што правядзенне дадзенай алімпіяды ўжо становіцца традыцыяй для нашага факультэта, традыцыяй, якая паказвае, што веды замежнай мовы ў сучасным свеце з’яўляюцца неад’емнай часткай прафесійнай падрыхтоўкі будучага спецыяліста, якая дапамагае абменьвацца прафесійнымі ідэямі, ісці далей, не спыняючыся на дасягнутым. А адукацыя і прафесійная дасканаласць не маюць межаў. Таму ў алімпіяды няма пераможаных, усе ўдзельнікі выйдуць пераможцамі і адкрыюць для сябе новыя гарызонты ў сваёй будучай прафесіі.

Загадчык кафедры мытнай справы Віктар Астрога  адзначыў, што алімпіяда ў чарговы раз падкрэслівае цесную інтэграцыю ведаў замежнай мовы і прафесійнай падрыхтоўкі будучага спецыяліста, што дасягаецца паспяховым і шматгадовым супрацоўніцтвам дзвюх кафедраў: кафедры мытнай справы і кафедры замежных моў. Кожны ўдзельнік алімпіяды вынесе новыя веды пра тое, як развівацца далей, якія азначыць шляхі для асабістай дасканаласці і дасканаласці ў сваёй будучай прафесіі.

Традыцыйна на алімпіядзе прысутнічалі прадстаўнікі мытні “Мінск-2” Сямашка А. В. і Сцепаненка Е. С., якія выступілі са сваімі прэзентацыямі падчас афіцыйнай часткі мерапрыемства. Адмысловая ўвага была нададзена мытным тэхналогіям, якія выкарстоўваюцца на мытні “Мінск-2”, а таксама няўдалым спробам нелегальнага правозу жывёл праз мытную мяжу нашай краіны. Прадстаўнікі мытні таксама адзначылі, што работнікі мытні вядуць актыўную сацыяльную дзейнасць, а таксама праводзяць экскурсіі для навучэнцаў спецыяльнасці “мытная справа”.

У 2018 годзе ўпершыню на алімпіяду былі запрошаны навучэнцы мінскіх гімназій, для якіх студэнты падрыхтавалі прэзентацыю пра мытную службу Рэспублікі Беларусь. Сярод гэтых цудоўных дзяцей была праведзена віктарына, якая прымусіла навучэнцаў скарыстацца інтуіцыяй і прадэманстраваць шырокі далягляд. Удзельнічалі 16 навучэнцаў 10–11 класаў з 5 мінскіх гімназій: № 12, 30, 32, 36, 146.

Пераможцам віктарыны стаў Леў Кавалеўскі з гімназіі № 146. 2 і 3 месцы занялі Данііл Рабаў (гімназія № 32) і Глеб Касабука адпаведна (гімназія № 30). Усе каманды-ўдзельніцы атрымалі памятныя сувеніры.

Леў Кавалеўскі, ад імя прадстаўнікоў гімназій:

“Мы ўдзячныя за магчымасць прыняць удзел у цікавых мерапрыемствах у рамках студэнцкай алімпіяды па англійскай мове. Мы хочам адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення дадзенага мерапрыемства. Для навучэнцаў, якія плануюць вучыцца на ФМА на спецыяльнасці “мытная справа”, гэта выдатная магчымасць даведацца, што ўключае ў сябе навучанне гэтай прафесіі ў на факультэце міжнародных адносін БДУ.

З падзякай, навучэнцы гімназіі № 146 г. Мінска”

Вынікі алімпіяды:

Пераможцам у камандным заліку стала каманда БДУ, другое месца заняла каманда з БелДУТ (Гомель), трэцяе месца дасталася камандзе з БНТУ.

У індывідуальным заліку першае месца заняла Вікторыя Зайцава (БДУ), другое месца падзялілі Дар’я Бурдыка і Паліна Вегера (БДУ), і трэцяе месца – Анастасія Ламоніна (БНТУ).

Намінацыю “Найлепшы ў валоданні навыкамі прэзентацыі” выйграла Лідзія Дзямідкава (БелДУТ, Гомель), у намінацыі “Найлепшы ў валоданні навыкамі прафесійных зносін “ не было роўных Паліне Вегера ( БДУ). Ірына Кулініч (ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродна) была прызнана “Найлепшай у валоданні фанетычнымі навыкамі”.

У цырымоніі ўзнагароджання прыняў удзел намеснік кіраўніка дыпмісіі Пасольства Вялікабрытаніі, Консул Яе Вялікасці спадар Ian Fox, які ўручаў прызы і дыпломы пераможцам. У сваёй прамове ён адзначыў важную ролю мытнага рэгулявання ў любой краіне, згадаў пра прэстыжнасць і адказнасці прафесіі мытніка, бо менавіта па гэтых людзях замежнікі фарміруюць сваё ўражанне пра краіну. Не пакінуў ён без увагі і візіт міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытанію, дзе была падпісана Канвенцыя пра пазбяганне двайнога падаткаабкладання. Таксама спадар Fox выказаў асаблівую падзяку таленавітым і адказным выкладчыкам, якія рыхтавалі сваіх студэнтаў да дадзенага спаборніцтва, адзначыўшы, колькі сіл і старанняў было прыкладзена з іх боку.

На закрыцці алімпіяды выступілі студэнты кафедры мытнай справы з захапляльнай канцэртнай праграмай, у якую былі ўключаны песні, танцавальныя нумары і сцэнкі на мытную тэматыку, выступ оператрада.

Віншуем усіх пераможцаў і намінантаў алімпіяды! Жадаем усім удзельнікам далейшых поспехаў! Да сустрэчы на алімпіядзе–2019!

Ірына ДУБАВЕЦ

print

Вам таксама можа спадабацца: