Студсаюзу чакаць вялікіх змен? Новым лідарам моладзевай арганізацыі стаў Мацвей Шабалін

25 Apr, 2018.

Студэнцкі саюз БДУ 19 красавіка абраў свайго 10-га старшыню. Ім стаў Мацвей Шабалін, студэнт 4 курса эканамічнага факультэта, кіраўнік праекта "Капуснік БДУ".

Супернікаў у Мацвея было два: Кірыл Карабан, які на момант выбараў быў намеснікам старшыні Студэнцкага саюза БДУ і памочнікам старшыні Студэнцкай асамблеі БДУ, і Глеб Салаўёў, намеснік старшыні студэнцкага саюза ФМА.

Вынікі прадбачыць было немагчыма, бо ў многіх былі асцярогі і з нагоды занадта "самавітага" ўзросту Мацвея і Кірыла (абодва студэнта выпускаюцца сёлета), і занадта "маладога" ўзросту Глеба, які цяпер на другім курсе.

Праграмы кандыдатаў адрозніваліся даволі моцна: Кірыл Карабан казаў пра планы стварыць "вялікі студэнцкі саюз", які аб'яднае цяперашнія студсаюз, савет старастаў, творчы саюз і іншыя арганізацыі, акрамя БРСМ і прафкама. Глеб Салаўёў прапанаваў прыцягнуць знешнія рэсурсы для рашэння фінансавых пытанняў і ўзняцця статусу арганізацыі. Ён прапанаваў развіць супрацоўніцтва з Erasmus+, ЮНЕСКА, лігай добраахвотнай працы моладзі. Мацвей Шабалін жа закранаў больш прыземленыя праблемы: камунікацыю студсаюзаўцаў на ўсіх узроўнях, тымбілдынгі, празрыстасць працы і матывацыю.

Пасля таго, як былі прадстаўлены праграмы, выбаршчыкаў пачалі задаваць пытанні. Галоўным чынам яны тычыліся бюджэту, асабістага досведу, сувязі Студсаюза БДУ і студсаюзаў факультэтаў і адносін кандыдатаў з адміністрацыяй універсітэта. Пытанні часта пераходзілі ў дыскусіі, з-за чаго гэта частка сходу моцна зацягнулася.

Калі пытанні скончыліся, адкрытым галасаваннем Студэнцкі саюз БДУ абраў свайго новага старшыню, новы склад камітэта і кантрольна-рэвізійнай камісіі.

Мацвея павіншаваў кіраўнік Студэнцкай асамблеі БДУ Яўген Харук:

"Ад Студэнцкай асамблеі БДУ я хацеў бы павіншаваць і Мацвея Шабаліна, і наноў абраных удзельнікаў камітэта з іх перамогай! Зараз у іх у руках шмат важных інструментаў, якімі можна ўдасканальваць студэнцкае самакіраванне ў БДУ ў цэлым. Я хацеў бы ім пажадаць стаць яшчэ больш дарослымі, абдумаць усе свае ідэі і зразумець узровень адказнасці, якую яны атрымалі. А Мацвею асабіста – быць лідарам, які запомніцца нестандартнымі і ключавымі рашэннямі, за якія ён па-мужчынску будзе несці адказнасць".

Таксама Яўген пракаментаваў планы асамблеі на год і магчымасць стварэння таго студэнцкага саюза, пра які ў сваёй прамове казаў Кірыл Карабан: "Развіццё і форма існавання студэнцкага саюза цяпер цалкам у руках арганізацыі. Асабіста я спадзяюся, што кіраўніцтва студэнцкага саюза прыме правільнае рашэнне пра сваю будучыню, якое будзе карэляваць з сістэмай усяго студэнцкага самакіравання БДУ.

Наконт планаў асамблеі: самае галоўнае – гэта ўдасканаленне сістэмы самакіравання. Пра гэта мы казалі на пасяджэнні справаздачнай сесіі, і гаворым амаль кожны дзень. Ну і вядома, знакавай для нас падзеяй будзе міжнародны моладзевы форум “М.І.Р.”, які пройдзе ўвосень ужо ў трэці раз".

Сам Мацвей даў газеце "Універсітэт" невялікае інтэрв'ю.

– Ты чакаў, што пераможаш, ці падаўся "дзеля ўдзелу"?

– Падача "дзеля ўдзелу" гучыць для мяне як несур'ёзнае дзеянне. Я падаваўся, каб мяне пачулі, каб я мог акрэсліць тыя праблемы, якія бачу ў арганізацыі, і, калі людзям спадабаюцца мае шляхі рашэння гэтых праблем – а яны спадабаліся – стаць старшынёй.

– Студсаюзу чакаць вялікіх змен? Ці ён будзе ісці далей па цяперашнім шляху?

– Адзін з маіх апанентаў Кірыл Карабан казаў правільныя рэчы, што цяпер змянілася і палітыка ўніверсітэта, і погляды студэнтаў на арганізацыі. Не скажу, што студсаюз чакаюць буйныя абнаўленні ў кароткія тэрміны, але што ў доўгатэрміновай перспектыве трэба паглядзець пад іншым вуглом на нашу тэндэнцыю развіцця – гэта факт.

– Як ты плануеш сумяшчаць працу і студсаюз?

– Гэта прыемнае для мяне пытанне! За кошт таго, што падчас навучання я шмат часу прысвяціў студэнцкаму саюзу, а гэта мае на ўвазе прысвячэнне часу ўніверсітэту, у мяне з'явілася перспектыва застацца працаваць тут. Думаю, што я буду тым рэдкім чалавекам, які займаецца справай, якая яму падабаецца, на прафесійнай аснове. Праца ў БДУ дазволіць мне глядзець на рэчы актуальным позіркам.

Яўгенія КРЫЖАНОЎСКАЯ
Фота Елізаветы Жарнавой
print

Вам таксама можа спадабацца: