«БДУ ў тваім фармаце». Якім БДУ бачаць студэнты? [+cлайды]

19 Mar, 2019.

Якім наш універсітэт застаецца на фатаграфіях? Зразумець гэта можна дзякуючы конкурсу "БДУ ў тваім фармаце", які праходзіць ва ўніверсітэце ўжо ў дзявяты раз. Кожны год удзельнікі адпраўляюць самыя розныя працы, у гэты раз іх было больш за 70. У конкурсе было 7 намінацый: 5 звязана з фота, 2 з відэа. Хто сёлета стаў самым яркім?

Мы задалі пераможцам у намінацыях наступныя пытанні:

  1. З якім вядомым фатографам/відэографам вы б хацелі сустрэцца?
  2. Што вам падабаецца ў конкурсе "БДУ ў тваім фармаце"?
  3. Калі б вы былі кіраўнікамі, як бы правялі закрыццё?

Цікава даведацца адказы? Чытай ніжэй!

ФОТАРЭПАРТАЖ і БДУ ЯК БРЭНД

У мастацтве фатаграфіі галоўнае – злавіць момант. Тады фота з набору пікселяў ператворыцца ў сапраўднае застылае імгненне. Фотарэпартаж – здымка падзеі, у якой сам фатограф бярэ ўдзел, выяўляючы свой погляд на ўсё, што адбваецца вакол.

Наш універсітэт – гэта не проста навучальная ўстанова, гэта велізарная кампанія, брэнд у сферы адукацыйных паслуг. А намінацыя "БДУ як брэнд" – выдатная магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі рэкламшчыка. Арганізатары атрымалі мноства здымкаў, на якіх прысутнічалі лагатыпы БДУ ці ж брэндзіраваныя рэчы.

У гэтых намінацыях перамогу атрымала Аляксандра КУЛЯБА.

На нашы пытанні яна адказала так:

1. "Адназначна я хацела б сустрэцца з фотамастаком Цімам Флэкам. Спытала б, як у яго атрымліваецца саджаць дзікіх жывёл перад камерай і студыйным святлом.
2. Больш за ўсё ў конкурсе мне падабаецца ўзнагароджанне. Прычым не ўручэнне дыпломаў, а нейкая нязмушаная атмасфера мерапрыемства. Знаёмыя твары, усмешкі. Адчуванне, быццам бы зайшоў пагаманіць да старога сябра на гарбату.
3. Як бы я правяла закрыццё? Гэтак жа, як і сёлета. Мне падабаецца сам фармат закрыцця: больш падобна да лямпавага вечара, чым да афіцыйнага і сур'ёзнага мерапрыемства, як мне здалося яшчэ летась (тады я ўпершыню брала ўдзел у гэтым конкурсе)".

АСОБЫ БДУ

БДУ – самы вялікі ўніверсітэт у краіне. І мы сапраўды ведаем, што кожны яго студэнт і выкладчык – неверагодна цікавы чалавек. Таму ў гэтай намінацыі арганізатары прапанавалі маладым фатографам даслаць фота чалавека, які іх чым-небудзь уразіў.

Найлепшы здымак, па меркаванні журы, атрымаўся ў Юліі ГАЙЧУК.

На тры пытанні яна адказала так:

"Для пачатку хочацца падзякаваць арганізатарам за такое мерапрыемства!   

1. Хацела б сустрэцца з сусветна вядомымі фатографамі. Ці змогуць арганізатары іх запрасіць на конкурс у наступным годзе? :)
2. У конкурсе мне даспадобы цёплая атмасфера з яе яркім вядучым. Лічу, правядзенне гэтай падзеі – гэта ў цэлым выдатная ідэя.
3. Па маіх адчуваннях, узнагароджанне прайшло добра, але, можа, трохі зацягнута. Магчыма, варта прадумаць ролю госця (ці будзе гэта майстар-клас, ці ён проста дзеліцца сваім досведам). Думаю, яго аповеды можна было сумясціць і з гульнямі, і вячоркамі з гарбатай".

Спікер Антон Маманенка

МАЙСТАР ФАТАШОПА

Сёлета ўдзельнікам прапанавалі пазмагацца не толькі ва ўменні валодаць камерай. Тут спатрэбіліся навыкі малявання ў Photoshop ці Illustrator (ці іншай праграме). Стварыць афішу мерапрыемства ці адрэтушаваць фота? Поле для выяўлення сваіх талентаў было велізарным.

Найлепшым абралі Дзяніса СІЛЯНКОВА.

1. "Мне хацелася б сустрэцца з Найшулерам ці з Кірылам Нонгам. Пытаў бы ўсякае пра тое, як здымаць поўнаметражнае кіно.
2. Больш за ўсё зачапіла атмасфера, узнагароджанне. Лекцыя рэжысёра Антона Мамоненкі таксама была класнай.
3. Калі б я быў арганізатарам? Паспрабаваў правесці прыкладна гэтак жа, як гэта і было. Толькі я б яшчэ паказаў удзельнікам усе відэапрацы канкурсантаў".

ВЛОГ АДНАГО ДНЯ

Гэта намінацыя была прысвечана влогам аднаго дня. Галоўныя крытэрыі: маляўнічасць і дынамічнасць. Хоць звычайны паход ва ўніверсітэт, хоць вандраванне на іншы кантынент. Хоць ранішняя руціна, хоць цудоўная тусоўка ўвечар. Усё, што душы захочацца!

Найлепшая праца была ў Рамана БОНДАРА.

Ролік можна пабачыць тут.

 1." Апроч фота/відэа я яшчэ захапляюся аўтамабілямі. У прыватнасці, дрыфтам. Дык вось, я захапляюся працамі Анатоля Зарубіна, аўтара фільмаў пра дрыфт. А спытаў бы, як гэтак жа перадаваць атмасферу таго, што адбываецца, у кадры праз відэа і як ён дамогся такога бліскучага выніку.
 2. Як па мне, самае прыемнае ў конкурсе тое, калі ты глядзіш на вынік сваёй гатовай працы пасля ўсіх высілкаў, якія выдаткаваў для яе рэалізацыі.
3. Я б праводзіў закрыццё таксама класна і лямпава, як і было ў гэты раз".

9х16

Новая намінацыя. Прызнавайцеся, вы таксама па некалькі разоў у дзень заходзіце ў “Інстаграм”, толькі каб паглядзець новыя stories вашых сяброў? Для гэтай намінацыі былі такія правілы: самыя лепшыя відэа ў фармаце інстаграм-сторыз. З разрозненнем 9х16 і даўжынёй не больш за 15 секунд.

Пераможцай была абрана Дар'я ВАСІЛЬЕВА.

Ролік можна пабачыць тут.

"Я б хацела сустрэцца з французскім кінарэжысёрам, сцэнарыстам і кліпмэйкерам Мішэлем Гандры і спытаць, адкуль ён чэрпае свае цудоўныя і абсалютна непаўторныя ідэі? Што мне спадабалася больш за ўсё ў закрыцці? Мой выйграны піражок :)", – дзеліцца яна.

ФУДХАНТАРЫ БДУ
Таксама новая намінацыя. Што гэта і з чым гэта ядуць? У гэтай намінацыі было прапанавана зазірнуць у любую сталовую БДУ і адлюстраваць любімую страву з удалага ракурсу. Спрабавалі знайсці "працоўны бок" у чабурэка? А вось у канкурсантаў быў такі шанец. Найлепшы здымак атрымаўся ў Маргарыты БАБАЯН.

А як ты бачыш БДУ?

Конкусныя працы студэнтаў - https://vk.com/album-77550792_261481811

Кацярына ЮРЧА

print

Вам таксама можа спадабацца: