Калыска характару | «Усё добрае і станоўчае я звязваю менавіта з гэтым мястэчкам»: Ала Мелех пра малую радзіму

21 Jun, 2019.

Газета “Універсітэт” працягвае серыю матэрыялаў пад агульнай назвай “Калыска характару”, дзе кіраўнікі структурных падраздзяленняў БДУ расказваюць пра тое, які куток краіны стаў для іх малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў іх жыцці. Таксама мы папрасілі назваць 5 фраз ці слоў, якія асацыіруюцца з малой радзімай.

Сёння герой матэрыялу — Ала Уладзіміраўна МЕЛЕХ, дырэктар студэнцкага гарадка.

– Мая малая радзіма – вёска Мажа Ка­пыльскага раёна Мінскай вобласці. Там правяла 18 гадоў, пакуль не паступіла на фізічны факультэт БДУ, пераехала вучыцца ў Мінск. З малой радзімай у мяне асацыі­руюцца такія ўспаміны:

  1. Школа № 1

У ёй вучылася з 5 класа (зараз гэта гімназія). Гэта той куток, дзе праводзіла большую частку свайго часу. У школу з’язджала а 7-й раніцы, вярталася дахаты далёка за 6 гадзін вечара. Мне падабалася не толькі вучыцца, але і займацца грамадскай працай. У нас быў дружны клас, як і паралель. Мы падтрымліваем зносіны дагэтуль, дапамагаем адзін аднаму, нягледзячы на тое, што многія раз’ехаліся па ўсёй краіне, а некаторыя – за мяжой. Тым не менш збіраемся разам у школе на круглыя даты, на вечары сустрэч.

Ала Мелех са старэйшай сястрой

  1. Працавітыя людзі

Чысты, зялёны куток, багаты на добрых ­і працавітых людзей. На Капыльшчыне многа сваіх герояў: 10 чалавек ганараваны звання Героя СССР, 9 Герояў Сацыяліс­тычнай Працы, больш за 40 маюць ордэн Леніна. Магчыма, гэта звязана яшчэ і з тым, што ў XVI стагоддзі Капыль славіўся рамёствамі, асабліва ткацтвам, аксамітавымі і лайкавымі вырабамі. З тых часоў ­засталася ў людзях працавітасць, яна перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Успа­мінаю, як мая бабуля для ўсёй сям’і шыла тапкі і вырабляла валёнкі. Тое ж самае магу сказаць і пра свайго бацьку. Ён сваімі ру­камі пабудаваў дом у Мажы. Гэта маё ўлюбёнае месца, дзе з задавальненнем адпачываю на выхадных. Мне там і дыхаецца па-іншаму. Усё добрае і станоўчае я звязваю менавіта з гэтым мястэчкам, роднай хатай. Мяне навучылі: хто можа добра ­працаваць, той можа добра адпачываць. Як гэта робяць на Капыльшчыне, можна ўбачыць 3 ліпеня на свяце горада, яно традыцыйна праходзіць прыгожа і маштабна, з масавымі гуляннямі, выступленнямі на канцэртных пляцоўках мясцовых ка­лектываў, конкурсамі і прызамі. Падзея збірае ўсіх тых, хто там вырас.

  1. Творчы край

На Капыльшчыне нарадзілася амаль 40 вядомых пісьменнікаў. Сярод іх Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч, Сцяпан Александровіч і іншыя.

  1. Выбітнасці Капыльшчыны

Гэта Спаса-Узнясенская царква, якая была пабудавана ў 1866 годзе. Гэта Замкавая гара – ледніковы астанец, апрацаваны для большай круцізны схілаў. Капыль размешчаны на ўзгорках, тут гарыстая мясцовасць. «Маленькая-маленькая Швейцарыя» – так я яе заву. Капыль славіцца сваімі старадаўнімі сядзібамі, сёння яны адраджаюцца, прымаюць турыстаў, там праводзяцца святы. Да 725-годдзя горада ўсталяваны памятны камень як добры знак, ён сустракае тых, хто вяртаецца ў Капыль.

Вам таксама можа спадабацца: