Зацверджана новая рэдакцыя Правілаў прыёму ў ВНУ

3 Jan, 2023.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня 2023 года падпісаў Указ № 2, якім зацвярджаецца новая рэдакцыя Правілаў прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі.

Фота з сайта president.gov.by

Правілы прыёму дапрацаваны з улікам вынікаў шырокага вывучэння грамадскай думкі і экспертных ацэнак, а таксама апрабацыі асобных нормаў у ходзе ўступнай кампаніі 2022 года.

У цэлым абноўленымі правіламі прыёму захоўваецца замацаваная Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі сістэма паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Правілы накіраваны на павышэнне аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў абітурыентаў і забяспечваюць захаванне прынцыпу аднолькавай  магчымасці паступлення ў ВНУ.

Імі таксама прадугледжваецца ўдасканаленне адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў для атрымання запатрабаваных эканомікай краіны спецыяльнасцей.

У прыватнасці, без уступных іспытаў могуць быць залічаны пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд пры паступленні ў гэтыя ВНУ, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па рэкамендацыі назіральнага савета, выпускнікі ліцэяў пры ўніверсітэтах пры паступленні ў такія ўніверсітэты, а таксама асоб, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расійскай Федэрацыі (пры паступленні на платную форму навучання).

Па-за конкурсам будуць залічвацца дзеці ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, што сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў пры паступленні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты.

Уводзяцца асаблівыя ўмовы паступлення на спецыяльнасці для Узброеных Сіл, транспартных войск і органаў пагранічнай службы. На названыя спецыяльнасці абітурыенты будуць здаваць толькі два прадметы (мова і адзін профільны прадмет у форме ЦЭ або ЦТ).

Прадугледжваецца прыём на мэтавую падрыхтоўку па выніках унутранага выпрабавання ў ВНУ ў вуснай або практычнай форме (у залежнасці ад спецыяльнасці).

Пры падачы дакументаў для паступлення абітурыент павінен прадставіць характарыстыку са школы (каледжа).

Указам таксама замацоўваюцца паўнамоцтвы Міністэрства адукацыі па рэгуляванні асобных пытанняў правядзення ўступнай кампаніі, у тым ліку па вызначэнні парадку арганізацыі і правядзення ЦЭ і ўнутраных экзаменаў, тэрмінаў прыёму дакументаў і залічэння абітурыентаў.

Міністэрства адукацыі ў самыя кароткія тэрміны забяспечыць комплекс арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Указа, уключаючы ўнясенне змяненняў у адпаведныя пастановы Савета Міністраў, акты Міністэрства адукацыі і ВНУ.

Па прынятых новаўвядзеннях будзе праведзена неабходная тлумачальная работа для абітурыентаў і іх бацькоў, у тым ліку ў СМІ.

Прыняцце Указа будзе садзейнічаць далейшаму ўдасканаленню нацыянальнай сістэмы адбору і падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй, зыходзячы з пазначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прынцыпаў справядлівага стаўлення да людзей і забеспячэння аднолькавых умоў пры паступленні ў ВНУ.

Указ № 2 ад 3 студзеня 2023 г.

print

Вам таксама можа спадабацца: