Партыйная школа – унікальны праект БДУ

21 Feb, 2024.

У БДУ пачала дзейнасць «Партыйная школа», агульнарэспубліканскі адукацыйны праект Беларускай партыі «Белая Русь». Яго мэта – фарміраванне цэласнага ўяўлення пра шматпартыйную сістэму і ролю партый у дзяржаўным будаўніцтве. Цэнтральным мерапрыемствам ва ўніверсітэце сталі тыднёвыя навучальныя курсы «Парталогія», арганізаваныя напярэдадні адзінага дня галасавання.

У распрацоўцы навучальнай праграмы ўдзельнічала экспертная група некалькіх факультэтаў БДУ: гістарычнага, юрыдычнага, журналістыкі, філасофіі і сацыяльных навук. Удзельнікамі курсаў сталі 13 кіраўнічых работнікаў нашай ВНУ (дэканы, намеснікі дэканаў, загадчыкі кафедраў), а таксама 7 кіраўнікоў іншых устаноў і арганізацый Мінска. Іх чакалі больш за два дзясяткі лекцый ад выкладчыкаў універсітэта і экспертаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, тэматычныя дыскусіі, практычныя семінары і дыялогавыя пляцоўкі па пяці блоках: гістарычным, прававым, інфармацыйным узаемадзеянні ў медыя, псіхалогіі камунікацыі і сацыяльных праектаў.

Актуальнасць падобных мерапрыемстваў адзначыў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль:

— Цяпер, у гістарычны перыяд для нашай краіны, БДУ таксама ўбудаваны ў палітычны кантэкст сучаснасці. Таму вельмі важна надаваць увагу падрыхтоўцы кадраў, якія ў будучыні стануць кампетэнтнымі спецыялістамі ў галіне партыйнага будаўніцтва і міжасобаснай прафесійнай камунікацыі.

Дарэчы, за гістарычны модуль «Парталогіі» адказвалі супрацоўнікі гістарычнага факультэта БДУ. Яны правялі практычныя заняткі па пытаннях фарміравання органаў улады, гісторыі палітычных ідэалогій і развіцця знешнепалітычнага курсу Беларусі, а таксама арганізавалі круглы стол «Гісторыя фарміравання сучаснай шматпартыйнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь». Спікерамі мерапрыемства выступілі член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі і інш.

Блок па працы з інфармацыяй таксама заняў важную частку праграмы. Дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў правёў лекцыю пра медыйнае суправаджэнне партыйнай дзейнасці ва ўмовах інфармацыйных войнаў. Старшы выкладчык факультэта Ігар Каралёў і дацэнт Аляксандр Градзюшка прадставілі паспяховыя сусветныя і нацыянальныя методыкі праверкі інфармацыі на дакладнасць і прынцыпы камунікатыўнага ўзаемадзеяння з аўдыторыяй у новых медыя.

Цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў адбылася 2 лютага, на якой ганаровымі гасцямі выступілі старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Андрэй Бугроў, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Ганна Бакун і старшыня па РГА «Белая Русь» ВНУ Марына Гутоўская. Слухачы «Парталогіі» атрымалі сертыфікаты аб праходжанні адукацыйнай праграмы і каштоўныя веды ў галіне некалькіх ключавых дысцыплін.

Дар’я Дрозд

print

Вам таксама можа спадабацца: