Яўген Міхайлавіч Бабосаў, доктар філасофскіх навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, не толькі выбітны навуковец, але і сведка вайны. Яго сведчанне – напамін пра тое, якая цана мірнага неба над галавой.
Яўген Міхайлавіч, якія ўспаміны ў вас захаваліся пра той час, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна?
– На ўсё жыццё ўрэзаўся ў маю памяць пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Я ў той час вучыўся ў трэцім класе. Я яшчэ не быў піянерам, але мне падабалася наведваць Палац піянераў і спяваць у хлапечым хоры, у якім удзельнічалі і іншыя школьнікі малодшых класаў з розных школ Мінска. Мы спявалі песню «Броня крепка, и танки наши быстры!». У першы раз у жыцці ў нядзелю 22 чэрвеня 1941 года мая мама дала мне доўгія чорныя штаны і белую кашулю, каб я добра выглядаў пры выступленні хору. І ў гэты час раздаецца крыху хрыплаваты, як бы надтрэснуты голас тагачаснага старшыні Савета Міністраў СССР Вячаслава Міхайлавіча Молатава. Ён абвясціў, што пачалася Вялікая Айчынная вайна. А мая мама ў гэты момант несла мне талерку супу. Гэта талерка звалілася і разбілася. І я здрыгануўся. І мы адчулі ўвесь жах пачатку вайны фашысцкай Германіі супраць Савецкага Саюза.
Якія пачуцці вы адчувалі ў той момант, калі даведаліся пра абвяшчэнне вайны?
–Гэта было ўсё разам: і роспач, і страх, і мужнасць, і вера, і ўпэўненасць, і надзея. Усё сплялося ў адзіны клубок. І гэта мы з маці адчулі.
Што ваша мама вырашыла рабіць далей?
– Бацька ў той час быў у камандзіроўцы. Ён працаваў у мінскім абласным зямельным аддзеле і прыехаў толькі на трэці дзень, калі ўсе, акрамя мяне з маці, з нашага 6-кватэрнага дома з’ехалі ў эвакуацыю. А мама сказала: «Пакуль не прыедзе бацька, нікуды не сыходзім». Калі бацька прыехаў, ён сказаў, каб мы хутка збіраліся, таму што эшалоны адпраўляюцца ў эвакуацыю, трэба паспець і дабегчы». І мы беглі ад Зенітнага завулка, дзе мы жылі, да станцыі, селі ў таварны эшалон і паехалі на ўсход. А тым часам дзесьці ў раёне Смалявічаў нас атакаваў нямецкі зенітны штармавы бамбардзіроўшчык «Фоке Вульф 190». Гэта я ўжо потым яго назву даведаўся. І таксама пазней даведаўся, што, калі ён атакуе, пачынае пікіраваць, ён уключае выццё сірэны, што я памятаю дагэтуль.
Што адбылося далей, Яўген Міхайлавіч?
– Мы вярнуліся ў Мінск. Я бачыў, што, калі вешалі немцаў за здзяйсненне злачынстваў падчас аку-пацыі Мінска, рабілі гэта па ранжыры. Першым – генерал-лейтэнанта, другім – палкоўніка і гэтак далей.
Якімі ўспамінамі вы вымяраеце вайну?
– Першае: хуткімі крокамі наступае наш няпоўны, каля 30 чалавек, узвод, і апошнім у шэрагу, у сінім даваенным касцюме, які вылучаецца на фоне ўзвода, ідзе мой бацька. І другое: жудасна хацелася есці. Увесь час хацелася есці, а есці не было чаго.
Якім было ваша жыццё пасля вяртання ў Мінск?
– Калі мы з мамай вярнуліся з эвакуацыі, якая не адбылася, у нашым доме пасялілася жанчына з дзвюма дочкамі. Яна з самага пачатку вайны была ў адносінах з акупантамі. Маці маёй яна сказала: «Ты бальшавіцкая набрыдзь. Вось табе рэчы, мне яны не патрэбныя. Будзеш за кошт гэтага жыць. Але каб больш ніколі ты на парозе гэтага дома не з’яўлялася». Мы сышлі і пасяліліся на вуліцы Дзекабрыстаў у доме без шкла і дзвярэй. Усе рэчы мама абменьвала. За кошт гэтага мы пражылі галодную, халодную, страшную акупацыйную зіму.
Якія падзеі таго часу вам лепш за ўсё запомніліся?
– Калі было нанесена паражэнне германскім войскам і пра гэта стала вядома – як жа мы радаваліся. Я памятаю, як ляцеў глыбокай ноччу жаночы авіяцыйны гвардзейскі полк, які немцы называлі «Начныя ведзьмы», сігналы нямецкай трывогі, выццё сірэн, і ў святле пражэктараў можна было ўбачыць савецкі самалёт. Ён скінуў лістоўкі, у якіх было напісана: «Паважаныя жанчыны, жыхаркі горада Мінска. Чакайце нас. Мы хутка вернемся. І перамога будзе за намі». Я доўга захоўваў гэту лістоўку і здаў яе ў музей Вялікай Айчыннай вайны, таму што ўсе павінны пра гэта ведаць.
Распавядзіце, калі ласка, пра вашу першую працу.
– Сусед мне сказаў, што я рослы, і прапанаваў уладкаваць мяне на працу, каб я атрымліваў працоўную картку і была магчымасць выжыць. Я ўладкаваўся на завод Мяснікова. Мы збівалі там скрыні для снарадаў. Гэта была першая мая праца. Я нідзе яе не ўказваў, хоць гэта быў мой першы працоўны стаж. Па картачнай сістэме я атрымліваў 600 г хлеба і крупы. І там я прапрацаваў, пакуль не вярнуўся з фронту бацька.
А што вы памятаеце пра заканчэнне вайны?
– Мінск бамбілі. Горад гарэў. Мы сядзелі ў бамбасховішчах. З намі быў самавіты мужчына. І тым часам раздаўся рокат. І мужчына сказаў, што гэта едуць савецкія танкі. Усе здзівіліся, а ён папрасіў, каб усе прыслухаліся да шуму. У нашых танкаў іншы рокат, не такі, як у нямецкіх. І мы ўскочылі і пабеглі па вуліцы Дзекабрыстаў, на вуліцу Грушаўскую. І там – уздоўж чыгункі, да заходняга моста. Чаравікі мне ціснулі. Я адчуваў, што адстаю ад іншых хлапчукоў. Я іх скінуў і панёсся басанож па бітым шкле. І мы выскачылі да Камсамольскай вуліцы. А там беглі нашы жанчыны і атачылі савецкі танк, на якім сядзелі салдаты-чырвонаармейцы. З танка выйшаў старшына, узяў на рукі маленькую дзяўчынку, пачаў яе гладзіць па валасах, дастаў з салдацкіх штаноў два жоўклыя кавалачкі цукру. А яна ніколі не бачыла гэты цукар і не ведала, што гэта такое. Яна ўзяла яго асцярожна, паглядзела на маму, якая ёй сказала, каб яна яго ела. Дзяўчынка яго пакаштавала, і на твары ў яе з’явілася ўсмешка. Гэта асаблівае адчуванне.
Ваш бацька вярнуўся жывым з вайны?
– Ён быў паранены чатыры разы, з якіх два раненні былі лёгкімі (у руку і нагу), а два – цяжкімі. Каля Ржэва быў выпадак, калі побач з бацькам падарваўся нямецкі снарад і перабіў абедзве нагі. Немцы набліжаліся. Ён дастаў пісталет і папрасіў свайго баявога таварыша прыстрэліць яго, каб не здавацца ў палон. Але чырвонаармеец адмовіўся, пасадзіў яго на плечы і панёс 3 кіламетры. Але потым паклаў на шынель і пацягнуў І 6 кіламетраў у жудасны холад. Пасля ў бацькі было сур’ёзнае захворванне лёгкіх. Але яны абодва засталіся жывыя. З часоў вайны ўлюбёнай песняй бацькі, а зараз і маёй, стала песня Леаніда Уцёсава «В землянке».
Якую параду вы маглі б даць сучаснаму пакаленню? Ці важна захоўваць гэтыя ўспаміны?
– Гэта ўспаміны на ўсё жыццё. Пра подзвіг народа павінен ведаць кожны, таму што нельга, каб вайна паўтарылася. Вялікая перамога – самае святое, што ёсць у гістарычнай памяці народа.
Юлія БАНЬКОЎСКАЯ,
доктар філасофскіх навук,
прафесар кафедры культуралогіі БДУ