Амерыканскі рэжысёр Т. С. Джонстаўн: “Калі я знайшоў мову паразумення з людзьмі, адразу здагадаўся, дзе шукаць тэмы для свайго кіно”

12 Apr, 2017.

Т. С. Джонстаўн

3-7 красавіка ў Мінску прайшоў фестываль амерыканскага дакументальнага кіно “Незнаёмая Амерыка”, прысвечаны 25-годдзю беларуска-амерыканскіх дыпламатычных адносін. Адкрылі яго два кароткаметражных фільма “Фермер з Брукліна” і “Падлеткавая прэса”. Рэжысёр апошняга завітаў на творчую сустрэчу са студэнтамі журфака БДУ, каб расказаць пра тонкую сувязь паміж журналістыкай і дакументалістыкай, а таксама адказаць на пытанні навучэнцаў.

Прадставіць праграму фестываля ў Беларусь прыехалі амерыканскія рэжысёры Т. С. Джонстаўн і Джон Рэйс, дзейнасць якіх адзначана рознымі прэстыжнымі кінематаграфічнымі ўзнагародамі. Акрамя гэтага, Рэйс з’яўляецца вядомым спецыялістам у галіне маркетынгавага прасоўвання фільмаў, пра што піша ўжо другую кнігу, а Джонстаўн – заснавальнікам фонда Gratis 7 Media Group Foundation, які дапамагае здымаць карціны, накіраваныя на службу грамадству, падтрымку бедных і ўдасканаленне ведаў моладзі. Пра работу свайго фонда, стварэнне фестывальнага фільма “Падлеткавая прэса”, а таксама пра неразрыўную сувязь журналістыкі і дакументалістыкі ён расказаў падчас сустрэчы са студэнтамі-журфакаўцамі.

Займацца кіно Т. С. Джонстаўн стаў 15 гадоў назад. Пачынаў з камедый, але хутка змяніў выбар на карысць дакументальных фільмаў. У сваіх карцінах аўтар акцэнтуе ўвагу на тых каштоўнасцях, якія хвалююць грамадства ў любы час: прадухіленне канфліктаў, перамога чалавека над самім сабой, мірнае жыццё, надзея і многія іншыя.

– Я працаваў з такімі буйнымі кампаніямі як СBS, ВВС, СNN, – прызнаўся  Джонстаўн. – Наведаў шмат краін і гарадоў па ўсім свеце і зразумеў, што хачу стварыць сваю гісторыю, зняць яе і падзяліцца гэтым з іншымі. Калі пачаў займацца дакументальным кіно, адразу заўважыў: мяне чакае вялікая і складаная праца. Не звяртаеш увагі на цяжкасці, калі робіш тое, што падабаецца і атрымліваецца. Каб здымаць такое кіно, трэба перш за ўсё быць добрым журналістам. 

Джон Рэйс

У рэжысёра атрымалася пабудаваць дыялог са студэнцкай аўдыторыяй. Ён гаварыў не толькі пра сябе, але таксама цікавіўся, што хвалюе ўдзельнікаў сустрэчы. Не толькі адказваў на пытанні, але і сам задаваў іх. Журфакаўцы расказалі, як шукаюць тэмы для будучых матэрыялаў, а Т. С. Джонстаўн падзяліўся ўласным адкрыццём.

– Добры журналіст умее ствараць цікавыя гісторыі, – заўважыў рэжысёр. – Дзе знайсці іх? Гісторыі – гэта людзі. Кожны чалавек мае сваю, непаўторную. Для таго, каб з вамі захацелі падзяліцца сваёй гісторыяй, неабходна ўмець задаваць пытанні. Людзі расказваюць асабістае толькі тым, каму давяраюць. Трэба вучыцца правільна будаваць адносіны, таму сёння мы разам пройдзем пяць крокаў, неабходных для таго, каб спазнаць чалавека, наблізіцца да суразмоўніка. Калі я знайшоў мову паразумення з людзьмі, адразу здагадаўся, дзе шукаць тэмы для свайго кіно.

Т. С. Джонстаўн адзначыў, што кожная размова пачынаецца са знаёмства. Неабходна паглядзець чалавеку ў вочы, паціснуць руку, спытаць імя. Без такой простай рэчы журналіст ніяк не можа абысціся. Здаецца, гэта вельмі лёгка, але не кожны ўмее знаёміцца. Рэжысёр параіў сваім слухачам  павярнуцца адзін да аднаго і паспрабаваць зрабіць гэта ў аўдыторыі.

Пасля знаёмства студэнты разам з амерыканскім госцем “прайшлі” пяць крокаў, неабходных для ўдалай размовы. Літары, з якіх пачынаўся кожны наступны крок, разам складалі слова SPEAK, што на англійскай мове значыць “гавары” ці “размаўляй”.

S – гэта Story – гісторыя. Рэжысёр прызнаўся, што калі сустракае новага чалавека, то просіць расказаць сваю гісторыю жыцця, нешта самае важнае і дарагое, што адразу ахарактарызуе яго. Гэта і ёсць першы крок, першае пытанне суразмоўніку. Падчас сустрэчы на працягу трох хвілін студэнты ў парах шукалі адказ на яго, расказваючы адзін аднаму самыя цікавыя факты з аўтабіяграфіі. Было прыкметна, што гэта яшчэ больш з’яднала прысутных, аб чым сведчылі ўсмешкі на тварах.

Другі крок – гэта спытаць чалавека пра яго страсць (Passion). Пра тое, чым ён жыве, што падабаецца і хвалюе, у чым знайшоў вялікі сэнс. Звычайна, людзям вельмі прыемна расказваць пра гэта, яны хочуць падзяліцца самым дарагім з іншымі.

– На працягу размовы трэба дэманстраваць сваю зацікаўленасць, – дадаў Т. С. Джонстаўн. – Чалавек павінен бачыць, што яго слухаюць і падтрымліваюць. Так, трэці крок – падтрымка, адабрэнне (Еndorsement). Чацвёртае, што я раблю, гэта абавязкова пытаю суразмоўніка: чым магу табе дапамагчы? Задача журналіста складаецца не ў тым, каб забраць нешта, а аб'яднаць свае магчымасці і іншага чалавека, каб стварыць што-небудзь важнае і цікавае. Чацвёрты крок – гэта дапамога (Assistance).

Апошнім крокам з’яўляюцца веды – Кnowledge. Суразмоўнікі абменьваюцца вопытам, сваімі ведамі, адкрываюць штосьці новае адзін для аднаго. Гэтыя пяць крокаў і ўдзячнасць у адносінах да іншых людзей дапамогуць кожнаму журналісту ў пошуку герояў для сваіх матэрыялаў.

 – Гэта тая аснова, на якой я пабудаваў ўсю кар'еру, – сказаў амерыканскі госць. – Пасля падчас размовы стаў прасіць, каб мне дазвалялі здымаць тое, што мы абмяркоўвалі. Запісы станавіліся з кожным разам усё даўжэй, і паступова нараджалася дакументальнае кіно. Цікава, што названыя пяць крокаў пераадолець складаней за ўсё.

Для прыкладу Т. С. Джонстаўн прадэманстраваў студэнтам два відэаролікі, якія былі абсалютна рознымі па сваім візуальным напаўненні, але мелі аднолькавую мэту – рэкламавалі машыну.

– Я паказаў вам, як простая гісторыя чалавека ператварылася ў сапраўднае мастацтва, – падагульніў рэжысёр. – У першым відэароліку мы ўбачылі балерыну, якая з задавальненнем расказала пра сваю страсць – танец. Яна падзялілася ведамі і талентам. У другім былі выкарыстаны толькі тыя кадры, дзе жанчына цалкам аддала сябе неверагоднай стыхіі, нейкія канкрэтныя дэталі з усяго танца. Рухі цела былі прыгожа злучаны з рухамі машыны. Так, канчатковы матэрыял атрымаўся іншым, але ён заснаваны на гісторыі, якая дапамагла нарадзіцца мастацтву.  

Пасля цікавага прыкладу Т. С. Джонстаўн запрасіў да сябе двух студэнтаў. З адным на працягу трох хвілін рэжысёр размаўляў, выкарыстоўваючы тэорыю пяці крокаў, а другі здымаў гэта на камеру. Такі эксперымент яшчэ раз даказаў неразрыўную сувязь журналістыкі і дакументалістыкі. Потым, як адзначыў госць, усё залежыць ад здольнасцяў аўтара. Менавіта ён павінен вырашыць, як удасканаліць атрыманы матэрыял, расказаную гісторыю, каб гэта можна было перанесці на вялікі экран і зацікавіць фільмам мільёны гледачоў.

Студэнты падрыхтавалі шмат пытанняў для рэжысёра. Яны тычыліся яго фонда, фестывальнай карціны, фільмаў, над якімі госць працуе зараз. Навучэнцы таксама цікавіліся, ці змог бы Джонстаўн стварыць кіно пра Беларусь.

Амерыканскі рэжысёр падкрэсліў, што яму вельмі прыемна знаходзіцца ў нашай краіне, у якой ёсць многа выдатных сюжэтаў для дакументаліста. Безумоўна, галоўныя кадры фільма былі б прысвечаны людзям. Чаму? У іх ёсць душа, а ў будынкаў яе няма. Спачатку трэба сур'ёзна абдумаць такое рашэнне, каб пачаць здымаць у Беларусі, але ўсё магчыма.

Дар’я НІКАНЧУК

Фота Ганны Шарко

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *