Пра новы дом ІБМТ. Гутарка з дырэктарам інстытута Уладзімірам Апанасовічам

19 Sep, 2014.

апаносович ибмт

1 верасня ўрачыста адкрыўся новы навучальны корпус Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. На цырымоніі прысутнічалі ганаровыя госці, у ліку якіх рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і эканомікі. Дырэктар ІБМТ Уладзімір АПАНАСОВІЧ адказаў на некалькі пытанняў, звязаных з пачаткам эксплуатацыі новага корпуса і падзяліўся планамі інстытута. 

— Уладзімір Уладзіміравіч, для пачатку вельмі простае пытанне: калі ўзнікла ідэя стварэння новага навучальнага корпуса ІБМТ БДУ?

ибнт бгу
— Наш інстытут – гэта самае маладое падраздзяленне БДУ. У сувязі з гэтым шмат якія пляцоўкі былі заняты рознымі факультэтамі. Таму пачатак дзейнасці прыйшлося арганізоўваць у месцах, якія ўжо былі замацаванымі за іншымі навучальнымі ўстановамі. Стварэнне ўласнага навучальнага корпуса заўсёды з’яўлялася першараднай мэтай. У 2010 г. кіраўніцтва БДУ прыняло рашэнне пра перадачу будынка, які быў выведзены з навучальнага працэсу. І за чатыры гады наш інстытут уклаў значныя сродкі, зрабіў праект рэканструкцыі навучальнага корпуса. Усё гэта, вядома, прывяло да выдатнага выніку, якім мы вельмі задаволеныя. Гэта наш новы дом, у якім мы можам арганізоўваць навучальны працэс, які адпавядае ўсім сучасным стандартам адукацыі.
— Навучальны корпус абсталяваны сучаснымі аўдыторыямі, а таксама разнастайнымі тэхналагічнымі навінамі. Ці можна сказаць, што ў гэтым плане вы дагналі і, можа, нават абагналі заходніх калегаў?
— Наш інстытут мае шмат партнёраў у розных краінах. Мы ўважліва сочым за тымі інавацыямі, якія выкарыстоўваюцца пры арганізацыі навучальнага працэсу ў заходніх ВНУ. Вельмі ўважліва паставіліся да абсталявання корпуса галоўным чынам элементамі IT-падтрымкі.
Арыенцірамі для нас з’яўляюцца вядучыя замежныя навучальныя ўстановы. Казаць, што мы наперадзе ўсіх, яшчэ рана. Але ў нашай ВНУ ўсё адпавядае высокаму знаку якасці.
— Будынак, які БДУ перадаў у карыстанне інстытуту, быў пабудаваны ў 1929 г. і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Ці накладвае гэта на вас і вашых падпарадкаваных пэўную адказнасць? Ці ўнесла гэта асаблівасці ў правядзенне капітальнага рамонту?
— Безумоўна. Статус нашага будынка запатрабаваў ад нас некаторых высілкаў. Напрыклад, фасад будынка і элементы ўнутранай канструкцыі былі захаваны ў першародным выглядзе. А вось аўдыторыі і кабінеты ўладкоўвалі і змянялі, зыходзячы з патрабаванняў навучальнага працэсу. Тут у нас была поўная свабода. Таму, нягледзячы на захаванне гістарычнага аблічча, будынак атрымаўся сучасным і тэхналагічна не абдзеленым.
— ІБМТ з’яўляецца самай перадавой і элітнай ВНУ нашай краіны ў той нішы адукацыі, якую ён заняў. Ці можна сказаць, што ІБМТ – гэта навучальная ўстанова з самай высокай аплатай за навучанне ў Беларусі?

ибнт бгу
— Сапраўды. Наш інстытут – лідар у галіне бізнес-адукацыі ў РБ па шматлікіх пазіцыях. Гэта перш за ўсё вышэйшая адукацыя, магістратура, перападрыхтоўка кадраў і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў. Прыкладна пяцьдзясят адсоткаў людзей, якія прыходзяць да нас на навучанне, маюць вышэйшую адукацыю. Яны вельмі матываваныя і чакаюць якасных вынікаў. Што да вышэйшай адукацыі, самы высокі прахадны бал у краіне мае спецыяльнасць “бізнес-адміністраванне”. Навучанне па гэтым кірунку праходзіць менавіта ў нас. Калі ж казаць пра ўзровень кошту аплаты за навучанне, мы знаходзімся сярод лідараў, але не на першым месцы.
— Як новы корпус можа палепшыць якасць адукацыі студэнтаў?
— У першую чаргу гэта выкарыстанне перадавых тэхналогій. Балазе зараз мы валодаем такой перыферыяй. Але важнейшае за ўсё тое, што нашым студэнтам стала троху прасцей, бо раней ім даводзілася наведваць заняткі ў карпусах, якія знаходзіліся ў розных кропках горада. Увядзенне ў эксплуатацыю новага будынка, вядома, не вырашыла ўсе пытанні, бо наш інстытут грунтуецца на сямі пляцоўках. І для пазбаўлення ўсіх праблем нам бракуе прыкладна яшчэ двух такіх будынкаў.
— Распавядзіце пра тое, наколькі папулярная ваша ўнікальная праграма МВА. І ці плануеце вы ў наступныя гады развіваць гэты метад навучання на іншых мовах? Скажам, на нямецкай?
— Праграма МВА на дадзены момант існуе на рускай і англійскай мовах. Мы разглядалі стварэнне аналагу на нямецкай мове ў партнёрстве з адной з ВНУ гэтай краіны. І, праўду кажучы гэта не складана. Адзіная праблема ў запатрабаванасці гэтай праграмы на дадзенай мове. Галоўным чынам гэта звязана з высокім коштам навучання па дадзенай методыцы. МВА з’яўляецца самым дарагім прадуктам інстытута. Гэта праграма створана для тых, хто жадае стаць прафесіяналам у галіне кіравання, г. зн. высокакваліфікаваным кіраўніком. Наогул, у нашай краіне не прыжылося паняцце кіраўнік як прафесія. Як правіла на такую пасаду высоўваюць спецыяліста, які сябе зарэкамендаваў дасведчаным працаўніком. І ўрэшце, крок за крокам наш уяўны працаўнік становіцца дырэктарам. Ці можна змяніць такі шлях станаўлення кіраўніка ад звычайнага спецыяліста? Ці можа прадпрыемствам кіраваць чалавек, не маючы адмысловых ведаў у той галіне, у якой
працуе? Мы лічым, што гэта магчыма, таму што ўсё гэта існуе па прынцыпах рынкавай эканомікі.
— Ці магчыма, што ў найбліжэйшыя гады ў ІБМТ з’явіцца навучанне па новых спецыяльнасцях?
— Безумоўна. Мы вельмі ўважліва вывучаем рынак. І ў нас практычна адсутнічае бюджэтнае фінансаванне. Наш асноўны прыбытак – гэта актуальныя і запатрабаваныя на дадзены момант праграмы. Прывяду прыклад. Мы практычна першыя ў краіне, хто адкрыў навучанне па спецыяльнасці “лагістыка”. Гэта вельмі стратэгічна важны кірунак. І цяпер відаць, што ствараюцца лагістычныя цэнтры, кампаніі, якія падтрымліваюць дадзеную дзейнасць. Лічу, што мы вельмі своечасова ўкаранілі гэту спецыяльнасць. Сярод іншых кірункаў, якія мы бачым запатрабаванымі, праграмы магістратуры. Тыя, хто працуе ў сферы кіравання бізнесам, асуджаны бесперапынку вучыцца. Прылады, якімі карыстаюцца кіраўнікі, увесь час удасканальваюцца. У інстытуце мы выбудоўваем лінейку адукацыйных праграм. Ад вышэйшай адукацыі, для людзей якія толькі што атрымалі дыплом, і да праграм магістарскага ўзроўню, дадатковай адукацыі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. У ідэале хацелася б, каб чалавек, які скончыла нашу ВНУ, мог вяртацца да нас і знаходзіць для сябе цікавыя і кароткія трэнінгі, з дапамогай якіх ён мог бы абнавіць свае веды.
— Уладзімір Уладзіміравіч, якое ўражанне склалася ў вас пра новы корпус? А таксама, калі гэта магчыма, распавядзіце нам пра ацэнку рэктара БДУ С. У Абламейкі
— Рэктару вельмі спадабаўся новы корпус. Ён пажадаў нам вялікіх поспехаў, бо гэта сапраўды гістарычная падзея для нашага інстытута. І ў далейшым мы будзем імкнуцца не падвесці наш родны ўніверсітэт. Рост папулярнасці нашай ВНУ павінен спрыяць павышэнню рэйтынгу ўсяго БДУ. Лічу, што ў цэлым гэта вельмі пазітыўная падзея, якая з’яўляецца такой не толькі ў рамках інстытута, але і ў маштабе ўсяго ўніверсітэта. БДУ – вельмі вялікая і згуртаваная сям’я. Было вельмі прыемна, што на цырымоніі адкрыцця прысутнічаў рэктарат, дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў. Усё кажа пра тое, што адкрыццё новага корпуса – знакавая, цікавая і важная падзея ў жыцці нашага ўніверсітэта.

Гутарыў Аляксей СМОЛЬСКІ

ибнт бгу

print

Вам таксама можа спадабацца: