Кожны дзень з веласіпедам!

2 Jun, 2025.

У рамках праекта «Здароўе студэнта – 2025», які рэалізуе кандыдат медыцынскіх навук дацэнт БДУ Таццяна Пятроўна Дзюбкова-Жарнасек, мы пачынаем серыю публікацый, прысвечаных фарміраванню культуры здароўя студэнтаў. Напярэдадні Сусветнага дня веласіпеда, абвешчанага Генеральнай Асамблеяй ААН у красавіку 2018 года, які штогод адзначаецца 3 чэрвеня, мы вырашылі пазнаёміць вас з чалавекам, для якога веласіпед – гэта не толькі сродак перасоўвання, але і інструмент кіравання здароўем, самаадчуваннем і настроем.

Знаёмцеся – Яна Гарбунова, студэнтка 3 курса факультэта міжнародных адносін БДУ, навучэнка спецыяльнасці «міжнароднае права». Незалежна ад пары года і сюрпрызаў надвор’я гэтая мэтанакіраваная дзяўчына ўжо не першы год кожны дзень, каб дабрацца да ўніверсітэта, выбірае веласіпед – экалагічна чысты транспартны сродак. Веласіпед даўно стаў для Яны неад’емнай часткай жыцця. Сваім прыкладам яна даказвае, што ён можа быць надзейным спадарожнікам у паўсядзённых справах.

Падчас інтэрв’ю, арганізаванага Дар’яй Яшчанка – студэнткай першага курса спецыяльнасці «міжнароднае права» факультэта міжнародных адносін, мы даведваемся, што матывуе Яну рабіць гэты паўсядзённы выбар, якія перавагі язды на веласіпедзе для сучаснага студэнта яна вылучае і якія цяжкасці сустракаюцца ў веласіпедыста на яго шляху. Мы ўпэўнены, што прыклад Яны натхніць студэнтаў універсітэта актыўней выкарыстоўваць гэты транспартны сродак для пераадолення адлегласці, для ўмацавання здароўя і клопату пра навакольнае асяроддзе.

 – Яна, чаму ты абрала менавіта веласіпед?

Веласіпед для мяне – гэты не проста транспартны сродак, гэта стыль жыцця. Мне было каля 12 гадоў, калі бацька ўпершыню падарыў веласіпед. Скажу шчыра, да паступлення ў БДУ ён працяглы час стаяў у гаражы. Але, паступіўшы на платную форму навучання, я зразумела, што, па-першае, гэта эканомія грошай, бо я не буду марнаваць іх на праезд у грамадскім транспарце на працягу амаль усяго года. Можна назапасіць пэўную суму, каб аплаціць навучанне, пры неабходнасці – выдаткаваць сродкі на рэалізацыю сваёй мары. Па-другое, гэта клопат пра здароўе. Язда на веласіпедзе – выдатная кардыятрэніроўка. Я заўважыла, што кожны дзень на веласіпедзе ў любое надвор’е прыкметна ўмацоўвае маю сардэчна- сасудзістую і дыхальную сістэмы, павялічвае агульны тонус арганізма, паляпшае настрой і стрэсаўстойлівасць. Па-трэцяе, гэта, несумненна, экалагічны аспект: я лічу, што кожны з нас павінен уносіць свой пасільны ўклад у ахову навакольнага асяроддзя, скарачэнне эмісіі парніковых газаў і памяншэнне выкідаў у атмасферу іншых забруджвальных рэчываў. Веласіпед, у адрозненне ад персанальнага аўтамабіля, абсталяванага рухавіком унутранага згарання, які спажывае падчас эксплуатацыі прадукты перапрацоўкі выкапнёвага паліва і забруджвае атмасферу, экалагічна чысты транспартны сродак.

–  Што ты робіш, калі на вуліцы дрэннае надвор’е?

Калі ідзе вельмі моцны дождж, то я еду грамадскім транспартам. Але ў выпадку, калі надвор’е прымальнае, напрыклад, невялікі дожджык ці вецер, я ўсё адно еду на веласіпедзе. Такія ўмовы надвор’я – гэта не нагода адступаць, а толькі невялікае выпрабаванне, якое робіць язду на веласіпедзе яшчэ больш захапляльнай. Я павінна адзначыць, што веласіпед ў любое надвор’е патрабуе пэўнага майстэрства і падрыхтоўкі. Пры неспрыяльных пагодных умовах – гэта не проста круціць педалі, але і ўмець балансаваць на слізкай дарозе, штохвіліны ажыццяўляць кантроль над сітуацыяй, умела кіраваць веласіпедам пры парывах моцнага ветра і адначасова абараняць сябе ад дажджу і холаду. Я звычайна езджу да позняй восені, калі лістота на дрэвах у горадзе ўжо афарбоўваецца ў залатыя і барвовыя колеры і высцілае зямлю, калі паветра становіцца свежым і прахалодным, а кожны дзень дорыць новыя фарбы і ўражанні. Гэты ідэальны час для веласіпедных паездак, адначасова можна атрымліваць асалоду ад прыгажосці прыроды і пачувацца яе неад’емнай часткай. Бывалі, вядома, выпадкі язды пры вельмі дрэнным надвор’і, але я навучылася прымаць акалічнасці такімі, якія яны ёсць, і адчуваць радасць і задавальненне ад веласіпеда нават у самых неспрыяльных умовах. Кепскае надвор’е – гэта не нагода для суму і расчаравання, а магчымасць выявіць сваю ўстойлівасць і цягавітасць.

– Як даўно ты ездзіш ва ўніверсітэт на веласіпедзе?

Я пачала яшчэ на першым курсе. Тады гэта здавалася хутчэй прыгодай, чым паўсядзённай звычкай. Першыя паездкі на веласіпедзе праз увесь горад – хвалюючыя і захапляльныя імгненні жыцця, новыя маршруты, новыя знаёмствы і кожны раз новыя ўражанні.

Прызнаюся, для мяне язда на веласіпедзе – гэта адчуванне свабоды і незалежнасці, якое немагчыма перадаць словамі. Але з часам прыгода ператварылася ў звычку, а звычка – у стыль жыцця. Я зразумела, што язда на веласіпедзе – ні з чым не параўнальны, самы зручны і самы прыемны па адчуваннях спосаб дабрацца да месца вучобы. Я працягвала пастаянна ездзіць на працягу другога курса навучання і напачатку трэцяга. Але цяпер у маё жыццё прыйшоў новы этап, звязаны з больш высокім узроўнем адказнасці, самастойнасці і незалежнасці. Самастойнае жыццё – гэта развітанне не толькі са звыклым ладам жыцця, але і некаторымі ўлюбёнымі рэчамі. Пакуль падораны бацькам веласіпед застаўся ў маіх бацькоў, я жыву ў іншым месцы і часова езджу на метро. Але цяпер я збіраю грошы, каб купіць сабе новы веласіпед і як мага хутчэй вярнуцца да звыклага «веласіпеднага» ладу жыцця.

– Ці ёсць для цябе розніца паміж яздой на веласіпедзе і перасоўваннем на электрасамакаце? Калі б у цябе быў выбар, чаму ты аддала б перавагу?

У сучасным свеце, дзе прыярытэтная роля належыць тэхналогіям і пераважае маларухомы лад жыцця, фізічная актыўнасць набывае адмысловую каштоўнасць. Для нас, студэнтаў універсітэта, чыё жыццё на працягу некалькіх гадоў складаецца з лекцый, семінараў і падрыхтоўкі да іспытаў і залікаў, рух становіцца не проста прыемным дадаткам да распарадку дня, а жыццёвай неабходнасцю. І веласіпед у гэтым плане – ідэальнае рашэнне, якое спалучае ў сабе карысць, экалагічнасць і карысць для здароўя. Для мяне, вядома, важнейшы веласіпед, чым электрасамакат, таму што на апошнім карыстальнік проста стаіць і едзе. Гэты сродак персанальнай мабільнасці, безумоўна, зручны і хуткі, але карыстанне ім не патрабуе ніякіх высілкаў. Мы, студэнты, і так цэлы дзень праводзім, седзячы ў аўдыторыях універсітэта, потым прыходзім дахаты, рыхтуемся да заняткаў і зноў сядзім, асабліва ў перыяд напісання курсавых прац ці іспытнай сесіі. Сучасныя людзі мала рухаюцца, гэта адмоўна адлюструецца на іх здароўі. Калі б у мяне быў выбар, я ўсё-такі абрала б веласіпед, таму што гэта выдатная магчымасць кампенсаваць недахоп руху і падтрымліваць сваё цела ў аптымальнай фізічнай форме. Ён ўмацоўвае цягліцы ніжніх канечнасцяў, павялічвае цягавітасць арганізма і пераноснасць не толькі цяжкіх фізічных нагрузак, але і разумовых. На маю думку, гэты працэс – і фізічная актыўнасць, і выдатны спосаб зняць стрэс, а таксама адцягнуць увагу ад шматлікіх праблем. Падчас язды на веласіпедзе мой мозг пераключаецца на рашэнне іншых задач. Гэта дазваляе мне расслабіцца, аднавіць свае сілы, а затым вярнуцца да спраў з новымі ідэямі, энтузіязмам і запасамі энергіі.

–  Што ты можаш сказаць пра час, які затрачваецца на шлях да ўніверсітэта?

У гэтым плане веласіпед нічым не саступае грамадскаму транспарту. Ён займае ў мяне столькі ж часу, колькі і на аўтобусе, у сувязі з чым было б неразумна аддаць перавагу грамадскаму транспарту. Сваім стылем жыцця я выкрываю міф пра тое, што язда на веласіпедзе – гэта павольны і нязручны спосаб перасоўвання. Ва ўмовах такога буйнога горада, як Мінск, з яго шматлікімі транспартнымі заторамі і перапоўненым грамадскім транспартам веласіпед можа быць значна хутчэйшым і больш зручным варыянтам.

– Ці прымала ты ўдзел у якіх-небудзь акцыях, напрыклад, «Дзень без аўтамабіля»?

Магчыма, я неўсвядомлена ўдзельнічала ў падобных мерапрыемствах, бо ўвесь час езджу на веласіпедзе. Адмова ад аўтамабіля хоць бы на працягу аднаго дня ва ўмовах буйнога горада патрабуе пошуку альтэрнатывы ў выглядзе іншага транспартнага сродку. Я лічу веласіпед найлепшай альтэрнатывай персанальнаму аўтамабілю.

Думаю, нават калі я не прымала ўдзелу ў арганізаваных мерапрыемствах мэтанакіравана, мая язда на веласіпедзе ў гэты дзень ужо сама па сабе з’яўлялася своеасаблівым пратэстам супраць аўтамабільнай «залежнасці» і прасоўваннем ідэі экалагічна чыстага транспарту. Пасля нашай размовы я пастаўлю перад сабой мэту ў будучыні пасле набыцця новага веласіпеда абавязкова прыняць удзел у якім-небудзь марафоне, напрыклад, прысвечаным Сусветнаму дню веласіпеда ці Дню без аўтамабіля. Я лічу, што ўдзел у марафоне ці велапрабегу – гэта не толькі магчымасць праверыць свае сілы і цягавітасць, але і спосаб выказаць сваю салідарнасць з аднадумцамі, падтрымаць ініцыятывы па развіцці веласіпеднай інфраструктуры ў нашым горадзе і прыцягнуць увагу грамадскасці да экалагічных праблем, да ліку якіх я адношу забруджванне атмасфернага паветра выхлапнымі газамі аўтамабіляў і спажывецкае стаўленне сучаснага чалавека да прыродных рэсурсаў.

–  Ці ёсць у цябе якая-небудзь цікавая гісторыя, звязаная з веласіпедам?

Кожная мая паездка – гэта цікавая гісторыя, узнаўленне карціны ўспамінаў ці нават напісанне ўласнага летапісу, поўнай прыгод, адкрыццяў і незабыўных момантаў. Я разглядаю веласіпед як магчымасць даследаваць навакольны свет, наваколлі і знаёмыя мне з дзяцінства месцы, вывучаць выбітнасці горада і пачувацца часам першаадкрывальніцай. Прызнаюся адкрыта, што гэты трансартны сродак для мяне –дзівосная прыгода, якая можа прыняць нечаканы паварот. З маіх апошніх запамінальных падзей магу распавесці пра паездку з сябрам у Дзяржынск. Гэта каля 42–45 км ад Мінска, дарога займае прыкладна 4 гадзіны на веласіпедзе ва ўмераным тэмпе. Для нас з сябрам Дзяржынск стаў мэтай веласіпеднага вандравання.

Перад паездкай сябар сказаў, што не выявіў ні хмар, ні дажджу на радарнай карце, прагноз надвор’я спрыяльны для вандравання на веласіпедзе. Але мы перажылі класічную сітуацыю, калі прагнозы надвор’я не апраўдваюцца і даводзіцца вельмі хутка адаптоўвацца да нечаканых змен надвор’я ў дарозе. Мы патрапілі пад лівень і ехалі па шашы, але гэта было вельмі займальна, я зусім не шкадую пра гэту паездку. Язда на веласіпедзе пад праліўным дажджом – асаблівы досвед, які дазваляе адчуць сябе часткай прыроды, адчуць яе моц і прыгажосць. Гэта язда была праверкай на трываласць, выпрабаваннем і для цела, і для духу. Я пераканана, што ніколі не варта хвалявацца з-за дажджу. Пасля любога, нават праліўнога дажджу абавязкова з’явіцца асляпляльна яскравае цёплае сонца. Праўда, толькі даехаўшы да Дзяржынска, мы адчулі, наколькі моцна стаміліся. Фізічная нагрузка была вельмі вялікая, раней адлегласць больш 30 км для пераадолення на веласіпедзе я нават не планавала. У Мінск мы з сябрам вярталіся ўжо на электрычцы. Гэта было мудрым рашэннем, каб пазбегнуць фізічнай перагрузкі арганізма.

–  Яна, што ты магла б параіць тым студэнтам, якія хочуць ездзіць на веласіпедзе, напрыклад, ва ўніверсітэт?

Пачынаць заўсёды трэба з малога: паспрабуйце ездзіць на веласіпедзе ў выхадныя дні. Паступова павялічвайце адлегласць і частату паездак. Самае галоўнае – не трэба баяцца цяжкасцяў. Заўсёды памятайце, што кожны кіламетр, які вы праехалі на веласіпедзе, – гэта неацэнны ўнёсак у ваша здароўе і ў будучыню нашай планеты. Атрымлівайце задавальненне! Сфарміруйце такую пазітыўную ўстаноўку.

Багаты досвед язды на веласіпедзе студэнткі факультэта міжнародных адносін Яны Гарбуновай – натхняльны прыклад для тых, хто жадае ці хоць бы задумваецца пра тое, каб сесці на веласіпед, адмовіўшыся ад перапоўненых душных салонаў грамадскага транспарту ці персанальнага аўтамабіля з рухавіком унутранага згарання, які сваімі выкідамі ў атмасферу губіць нашу планету і здароўе кожнага з нас. Будзьце больш адважнымі, прымайце рашэнне хутчэй! Расказаная ў гэтым інтэрв’ю гісторыя – пра мэтанакіраванасць, сілу волі, усвядомлены выбар студэнткі БДУ на карысць экалагічна чыстага тыпу транспарту – веласіпеда. Ён можа быць не толькі зручным сродкам перасоўвання і арганізацыі вольнага часу, але і сімвалам будучых жыццёвых змен. Гледзячы на Яну – энергічную ўсмешлівую дзяўчыну ў выдатнай фізічнай форме – разумееш, што два колы вязуць у лепшую будучыню, напоўненую здароўем, свабодай адчуванняў і клопатам пра навакольнае асяроддзе.

Дар’я Яшчанка 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: