Прафесар Алег Слука: “Маральны кодэкс ва ўніверсітэце вышэй за малітву”

27 Jul, 2021.

Сёлета 80-гадовы юбілей адзначае вядомы беларускі навукоўца, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, прафесар Алег Слука. Яго біяграфія напоўнена творчай журналісцкай працай, сустрэчамі з вядомымі людзьмі і значнымі дасягненнямі. Мы паразважалі з Алегам Георгіевічам пра самае важнае: працу, навуку і жыццё.

 Марыў стаць журналістам

– Факультэт журналістыкі па Вашым лёсе праходзіць чырвонай стужкай. Вы сталі студэнтам у 23 гады, затым працавалі, рабілі кар’еру. Што паўплывала на выбар прафесіі, які стаў лёсавызначальным?

– Маю мару стаць журналістам выпеставала мама. Яна была ўзнёслай, эмацыянальнай жанчынай, і зачароўвала мяне шчырым, ласкавым словам. Калі яна прала пражу, то расказвала мне казкі і пела песні. Я шчыра ўдзячны лёсу і маме Аляксандры Якаўлеўне. У мой час сярэдняя школа была платная, а ў калгасе, дзе яна працавала, (мой бацька Георг Захаравіч – удзельнік двух войн – пайшоў з жыцця ў 1946 годзе), налічвалі толькі працадні. А я ўсё ж вывучыўся, скончыў Ліпеньскую сярэднюю школу. Чытаць я навучыўся рана. І, бадай, з-за таго, што была прага да кніжак, я і захацеў быць журналістам. Чытаў газеты, якія былі дома, пісаў вершы і апавяданні. Першы верш надрукаваў у газеце “Кандалакшскі камуніст” Мурманскай вобласці.

На журфак у тыя часы не прымалі без двух гадоў вытворчага стажу. Замест двух гадоў працы ў калгасе ў мяне атрымаліся пяць, бо былі яшчэ тры гады службы ў арміі. У гэты час пісаў заметкі ў раённую газету “Запаветы Леніна” Асіповіцкага раёна, “Знамя юности”, а таксама ў ваенныя газеты Ленінградскай ваеннай акругі.

– У які момант Вы вызначыліся, што будзеце займацца  навукай?

Па-першае, у час майго студэнцтва на факультэце журналістыкі існавала Студэнцкае навуковае аб’яднанне, якое ўзначальвала Еўфрасіння Леанідаўна Бондарава. Тут і праявілася мая схільнасць да навуковай дзейнасці. Па-другое, кадры вышэйшай адукацыі на факультэце былі запатрабаваны нават больш, чым зараз. Бо ў нас не было ніводнага прафесара, усяго некалькі кандыдатаў навук.

– У 1971 г. Вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю і з гэтага часу з факультэтам журналістыкі не парывалі. Ваш кар’ерны рост быў зайдросным: ад выкладчыка да дэкана, таксама былі высокія дзяржаўныя пасады. Як гэта патлумачыце?

Гэта была праца ў задавальненне. Як толькі мы, 26 студэнтаў, у 1964 годзе прыйшлі на першы курс, мы працавалі і ў газетах, і на радыё. З натхненнем уключыліся ў той інфармацыйны працэс, які нас выводзіў на рэалізацыю сваёй мэты. Мы творча вучыліся і заўзята працавалі.

– У адным інтэрв’ю Вы сказалі: “Если барахлит приёмник, то в один момент он захрипит, и мысль будет прервана. Так и преподаватель: если отнесётся с пренебрежением к аудитории, считай, дело потеряно”. Якія ў Вас ёсць яшчэ прынцыпы працы са студэнтамі?

– Выкладчык за ўніверсітэцкай трыбунай – гэта мудрэц, навукоўца, педагог і выхавацель. У аўдыторыі шмат людзей, яны розныя па характару і настрою. Глыбокае веданне прадмета трэба каб праходзіла праз душу і эмоцыі выкладчыка, каб было бачна, што ён зацікаўлены ў тым, каб аўдыторыя была аб’яднана вакол той ідэі, якую ён прынёс ў аўдыторыю. І вядома, выкладчык не мае права адступіць ад маральнага кодэкса. Бо ва ўніверсітэце адбываецца фарміраванне ісціны. Нельга ўсіх студэнтаў успрымаць як аднаго чалавека. Выкладчык – гэта настаўнік, які дае жыццё не адной творчай асобе. Калі вучоны, падрыхтаваў аднаго вучня, то гонар і хвала яму. А калі пяць? А калі дзесяць? Прафесар універсітэта кожны дзень ідзе да дзясяткаў і сотняў людзей. Ён рыхтуе, выхоўвае, адукоўвае народ і нацыю.

Займацца навуковай дзейнасцю стала цяжэй

– На працягу жыцця мы сустракаемся з дзясяткамі выкладчыкаў. Але толькі адзінкі з іх становяцца для нас Настаўнікамі. Каго Вы можаце назваць сваім Настаўнікам у прафесіі і ў навуцы?

Прафесара Рыгора Васільевіча Булацкага. Гэта таленавіты выкладчык і вучоны. Ён вельмі сур’ёзна  з дзяржаўнага пункту гледжання разумеў, што значыць рыхтаваць ва ўніверсітэце кадры вышэйшай  кваліфікацыі. Ён навучыў мяне не толькі, як займацца навуковай творчасцю, але і як плённа працаваць з аспірантамі. Ён меў талент заахвоціць аспіранта ў навуковай і жыццёвай перспектыве.

– Вы абаранілі дзве дысертацыі: кандыдацкую і доктарскую.  30 гадоў былі старшынёй спецыялізаванага Савета па абароне дысертацый па журналістыцы і ўжо два тэрміны – намеснік старшыні Савета па абароне дыссертацый па паліталогіі пры БДУ. Маеце каласальны навуковы і педагагічны вопыт. За Вашымі парадамі ідуць амаль усе суіскальнікі факультэта. Як Вы лічыце: зараз, улічваючы развіццё інфармацыйных тэхналогій, і патрэбы медыяіндустрыі Беларусі, займацца навукай, пісаць дысертацыі стала цяжэй ці наадварот лягчэй?

Зразумела, займацца навуковай дзейнасцю стала больш складана. Філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, метадалогія і прагназаванне рэалізацыі актуальных грамадскіх праблем павінна вырашацца на аснове заканамернасцей сучаснага запатрабавання інфармацыйнай эпохі. А калі гэта звязана з масмедыяльнай сферай, то гэта яшчэ цяжэй. Ёсць разрыў у тым, што сістэма навучання ва ўніверсітэце, на маю думку, адстае ад асваення студэнтамі гуманітарных дысцыплін. Можа, таму ў нас дэфіцыт кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

– Навуковы кіраўнік – гэта своеасаблівы ювелір. Бо кожны суіскальнік, нібы алмаз, які патрабуе агранкі, са сваёй навуковай тэмай, са сваім вопытам. Як Вам удаецца раскрыць патэнцыял  кожнага свайго вучня, захаваўшы пры гэтым яго індывідуальнасць?

– Вынік абумоўліваецца наступным. Па-перш, павінен быць дасягнуты маральны кансэнсус паміж навуковым кіраўніком і аспірантам. Па-другое, тонкае разуменне таго, каб праблема і тэма была зразумела і ўспрынята абодвума. І калі гэта дасягнута, тады трэба толькі, каб яны былі зацікаўлены тым, што робяць. Каб кіраўнік не забываўся на свайго таленавітага вучня, а аспірант этычна і з павагай адносіўся да свайго настаўніка. Тады яны будуць шчыра супрацонічаць не толькі як калегі, а як блізкія людзі, і працаваць, як адно цэлае. Кожны вучоны ведае, што кіраўніцтва аспірантам – гэта асабліва важная і каштоўная навуковая і дзяржаўная справа, адвечная універсітэцкая ідэалогія развіцця навукі і адукацыі. І вянец гэтай творчасці – абарона дысертацыі.

– Алег Георгіевіч, якую параду Вы дадзіце сучасным суіскальнікам?

Калі  выпускнік універсітэта пайшоў па навуковай дарозе, то яму патрэбна быць вельмі моцным духам. Толькі ўпартасць і сістэмнасць гарантуе поспех. А поспех значыць не толькі тое, што ты вызначышся сярод сваіх сяброў, ты сам вырасцеш і свет адкрыецца для цябе зусім з іншага боку, высвеціць табе такія невядомыя і заманлівыя перспектывы! Успомнім дарэчы вобразныя словы Пятра Чаадаева: “Любовь к Отечеству рождает героев, любовь к истине создает мудрецов, благодетелей человечества…   Любовь к истине распространяет свет знания, создает духовные наслаждения, приближает людей к Божеству”. Кожны аспірант, які рэалізуе сваю мару і выконвае навуковую работу дзяржаўнай важнасці, ён адкрывае для сябе шырокі свет ведаў і перадае гэты свет студэнтам. Вось у чым сэнс. А калі ты для сябе не адкрыў гэты свет, то як ты яго адкрыеш іншым? Такая высокая каштоўнасць таленавітага маладога вучонага.

Узнагароды А. Г. Слукі:

Лаўрэат прэміі акадэміка У. І. Пічэты

Заслужаны работнік БДУ

Заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь

Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі “Залатое пяро”

 Без сям’і немагчыма зразумець каштоўнасці жыцця

– За кожным мужчынам, дасягнуўшым грамадскага прызнання, стаіць таксама неардынарная і мудрая жанчына. Думаю, Вы са мной пагодзіцеся, калі я скажу, што каханне і падтрымка, вера любай жанчыны даюць сілы на пераадоленне значных перашкод. За што Вы ўдзячны сваёй палавіне?

Мая жонка, Святлана Уладзіміраўна, прыгожая жанчына, таленавіты педагог і жыццёва мудры чалавек, фактычна арганізавала мой лёс і маю кар’еру. Яна глыбока разумее, чым я займаюся, і вызваляла мяне ад многіх дамашніх абавязкаў, каб я мог ганарова выканаць свае навуковыя, педагагічныя і дзяржаўныя справы. Увогуле сям’я – гэта святое цёплае месца, дзе чалавек не толькі адпачывае душой, але там ствараецца эрмітаж, у якім ты вырастаеш. Пра сям’ю трэба клапаціцца і ёй пакланяцца. Калі ты расцеш як асоба, то і твая сям’я расце: маральна, этычна, матэрыяльна. Таму я вельмі ўдзячны сваёй сям’і – жонцы і маім двум сынам. Сям’я – мая вышэйшая жыццёвая ўзнагрода.

– Часта ў захопленага творчай працай чалавека ёсць адна праблема: ён можа абдзяляць увагай сваіх родных і сяброў. Вас гэта праблема мінула?

– Амаль мінула. Таварышы на мяне не крыўдуюць, бо ў нас магутная таварыская пажыццёвая суполка. Зразумела, даводзілася іншы раз грэбаваць сямейнымі справамі і увагай да блізкіх. Але без сям’і зрабіць сур’ёзную справу і зразумець каштоўнасць жыцця немагчыма. Я ў гэтым цвёрда ўпэўнены. З сям’ёй чалавек пазнае сакрэты свайго існавання, а таксама грамадства і дзяржавы.

– Якую параду, Алег Георгіевіч, Вы выкажаце сучасным маладым людзям, што абіраюць сабе прафесію журналіста?

– Мае шаноўныя выкладчыкі адолелі вайну. Калі яны вучылі нас, тады была папулярная фраза-лозунг гонару нашай прафесіі: “Слова ёсць зброя!” Зараз у інфармацыйным грамадстве склалася такая абстаноўка, што журналісцкая дзейнасць мацней за любую супер-зброю. У авангардзе кібервайны ідзе інфармацыйная зброя па захопу і супадчыненні свядомасці насельніцтва. Дык вось і парада: кожны, хто ідзе ў журналістыку, павінен быць моцным фізічна, духам, характарам і разуменнем той абстаноўкі, у якой мы жывем. Калі ён падумае, што нехта зробіць яго жыццё – гэта памылка. Цікавая рэч: працаўнік СМІ імкнецца акумуляваць лепшае, знайсці ісціну і данесці яе да людзей. А для гэтага трэба вучыцца не толькі ва ўніверсітэце, але і на працягу ўсяго жыцця, вучыцца ў грамадства і асвойваць сакрэты развіцця сучаснасці. Сіла волі ў журналіста павінна быць мацней за ўсё. Тады праўда і ісціна будуць няўхільным законам яго творчай дзейнасці.

– Дзякуй за смястоўную гутарку, Алег Георгіевіч!

Гутарыла Вольга КАСПЯРОВІЧ,

дацэнт кафедры медыялогіі

 

print

Вам таксама можа спадабацца: