Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта напоўнена прыкладамі з жыцця мэтанакіраваных, адважных, рашучых людзей. Вялікая Айчынная вайна, стаўшы цяжкім выпрабаваннем для краіны, вылучыла шэраг герояў у гісторыі ўніверсітэта, 12 з іх былі адзначаны вышэйшай ступенню адрознення – званнем «Герой Савецкага Саюза».
Георгію Канстанцінавічу Жукаву, савецкаму палкаводцу, Маршалу Савецкага Саюза, чатыры разы было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза – у 1939, 1944, 1945 і 1956 гадах. Нарадзіўся 1 снежня 1896 г. Навучаўся ў царкоўнапрыходскай школе, затым наведваў агульнаадукацыйныя курсы. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1926–1931 гг. выкладаў курс «Вышэйшая дапрызыўная ваенная падрыхтоўка студэнтаў» у БДУ. Падчас Вялікай Айчыннай вайны займаў пасады начальніка Генеральнага штаба, камандуючага фронтам, члена Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, намесніка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі СССР. У 1943 г. Г. К. Жукаву было прысвоена званне Маршала Савецкага Саюза.

Навум Ільіч Жолудзеў
Навум Ільіч Жолудзеў нарадзіўся 13 студзеня 1922 г. Атрымаў сярэднюю адукацыю. У кастрычніку 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. З’яўляўся камандзірам мінамётнага разліку 273-га гвардзейскага стралковага палка 89-й гвардзейскай стралковай дывізіі 37-й арміі Стэпавага фронту. Вылучыўся ў бітве за Днепр, дзе мінамётным агнём прыкрываў пераправу падраздзяленняў палка. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 снежня 1943 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». У 1950 г. Н. І. Жолудзеў скончыў Мінскі юрыдычны інстытут, які ў 1954 г. быў рэарганізаваны ў юрыдычны факультэт БДУ.

Мікалай Якаўлевіч Зайцаў
Мікалай Якаўлевіч Зайцаў нарадзіўся 25 сакавіка 1923 г. У сакавіку–жніўні 1941 г. прайшоў навучанне ў 121-й навучальнай авіяэскадрыллі ГПФ г. Акцюбінск. У жніўні 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. У 1943 г. скончыў Чкалаўскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў. З кастрычніка 1943 г. служыў лётчыкам, затым старшым лётчыкам у штурмавым авіяпалку. У лютым 1944 г. – маі 1945 г. з’яўляўся старшым лётчыкам і камандзірам звяна 996-га штурмавога авіяцыйнага палка 224-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі 8-га штурмавога авіяцыйнага корпуса 8-й Паветранай арміі. У перыяд вайны здзейсніў 185 баявых вылетаў на штурмавіку Іл-2. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1945 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». У 1966 г. М. Я. Зайцаў скончыў філасофскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1967 г. працаваў лабарантам, затым асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі БДУ.

Аляксандр Андрэевіч Філімонаў
Аляксандр Андрэевіч Філімонаў нарадзіўся 9 мая 1918 г. У 1938 г. пачаў навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. 17 ліпеня 1941 г. быў прызваны на службу ў Чырвоную армію. З’яўляўся камандзірам танкавага ўзвода і танкавай роты 5-га гвардзейскага механізаванага корпуса. Браў удзел у баях з нямецкімі захопнікамі ў складзе 2-га Украінскага, 1-га Украінскага франтоў за гарады Белгарад, Харкаў, Палтаву. За геройства, праяўленае падчас штурму Берліна, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». У 1949 г. А. А. Філімонаў скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, у 1952 г. – аспірантуру.

Марыя Барысаўна Осіпава
Марыя Барысаўна Осіпава нарадзілася 27 снежня 1908 г. У 1933–1935 гг. навучалася ў Вышэйшай сельскагаспадарчай партыйнай школе імя У. І. Леніна. У 1940 г. скончыла Мінскі юрыдычны інстытут. З першых дзён акупацыі Мінска стала арганізатарам адной з першых падпольных груп, куды ўвайшлі выкладчыкі і студэнты Мінскага юрыдычнага інстытута. Са жніўня 1941 г. падпольная група пачала выкананне разведвальна-дыверсійных заданняў. Адным з такіх стала аперацыя «Адплата» ў ноч на 22 верасня 1943 г., падчас якой быў ліквідаваны генеральны камісар Генеральнай акругі Беларусь Вільгельм Кубэ. Марыя Барысаўна разам з падпольшчыцай Марыяй Рыгораўнай Грыбоўскай, пераадольваючы шэраг перашкод, даставіла з партызанскага атрада «Дзіма» ў Мінск дзве міны. Потым адна з мін была задзейнічана падчас аперацыі «Адплата», і заданне было паспяхова выканана. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 кастрычніка 1943 г. М. Б. Осіпавай было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». Пасля вайны ўдзельнічала ў ветэранскім руху і захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Якаў Уладзіміравіч Смушкевіч
Якаў Уладзіміравіч Смушкевіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1902 г. У 1923–1926 гг. навучаўся на прававым аддзяленні факультэта грамадскіх навук БДУ. У 1932 г. скончыў Качынскую ваенную школу лётчыкаў. У 1936– 1937 гг. удзельнік Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. За праяўленыя мужнасць і гераічнасць пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 чэрвеня 1937 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем медалём «Залатая Зорка». У 1939 г. удзельнічаў у баях на Халхін-Голе ў Манголіі. 17 лістапада 1939 г. было прысвоена званне двойчы Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем другім медалём «Залатая Зорка». З 19 лістапада 1939 г. з’яўляўся начальнікам ВПС Чырвонай арміі. Браў удзел у савецка-фінскай вайне 1939–1940 гг. 4 чэрвеня 1940 г. было прысвоена вайсковае званне генерал-лейтэнанта авіяцыі. У снежні 1940 г. заняў пасаду памочніка начальніка Генеральнага штаба Чырвонай арміі па авіяцыі.

Дзмітрый Пятровіч Жмуроўскі
Дзмітрый Пятровіч Жмуроўскі нарадзіўся 10 студзеня 1918 г. У 1938 г. скончыў Данецкі індустрыяльны рабфак. Затым пачаў навучанне ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. У ліпені 1941 г. прызваны ў Чырвоную армію. Ваяваў на Бранскім, Калінінскім і 2-м Украінскім франтах. Да 26 сакавіка 1944 г. Дзмітрый Пятровіч з’яўляўся сяржантам кулямётнага ўзвода 936- га стралковага палка 254-й стралковай дывізіі 52-й арміі. У гэты дзень ля ракі Прут у Малдове павінен быў адбыцца складаны бой, падчас якога трэба было пераадолець водную мяжу, захапіць плацдарм і прасунуцца з узводам у глыб Румыніі. Узначальваючы групу байцоў, Дзмітрый Пятровіч фарсіраваў Прут і, праявіўшы мужнасць і гераічнасць, вызваліў ад захопнікаў сяло Кырпіцы. Далей Дзмітрый Жмуроўскі кіраваў наступам у напрамку горада Ясы. У выніку ўзвод паспяхова заняў «Безназоўную» вышыню і знішчыў 200 варожых салдатаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 верасня 1944 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». У 1949 г. Д. П. Жмуроўскі скончыў аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута пры кафедры гісторыі КПСС. У 1950 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1960 г. пачаў працу на кафедры гісторыі КПСС БДУ, дзе займаў пасаду выкладчыка, дацэнта, затым прафесары кафедры.

Міхаіл Паўлавіч Катлавец
Міхаіл Паўлавіч Катлавец нарадзіўся 25 кастрычніка 1914 г. У 1938 г. скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Затым быў прызваны на службу ў Чырвоную армію. У 1941 г. скончыў курсы малодшых лейтэнантаў пры Харкаўскім танкавым вучылішчы. Да студзеня 1944 г. з’яўляўся гвардыі капітанам танкавага батальёна 41-й гвардзейскай танкавай брыгады 7-га механізаванага корпуса. У баі каля чыгуначнай станцыі «Лялекаўка» танкавы батальён пад яго камандаваннем знішчыў сем танкаў суперніка. Затым была паспяхова фарсіравана рака Днестр і прарвана абарона суперніка на савецка-румынскай мяжы. Загінуў у баі 6 кастрычніка 1944 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка».

Уладзімір Аляксеевіч Парахневіч
Уладзімір Аляксеевіч Парахневіч нарадзіўся 18 студзеня 1918 г. У 1933 г. скончыў школу фабрычна-завадскога вучнёўства. Затым працягнуў навучанне на фізіка-матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У жніўні 1941 года далучыўся да падпольнай групы. Да лістапада 1942 г. уваходзіў у 537-ы партызанскі атрад Кіраўскага раёна. Затым У. А. Парахневіч камандаваў дыверсійнай групай. Улетку 1943 г. групай была праведзена аперацыя на ўчастку чыгункі Бабруйск – Жлобін. У. А. Парахневіч сумесна з партызанам Бандарэнкам схавалі на сабе каля 30 кг толу, якія былі дастаўлены да чыгункі. У выніку на чыгунцы групай пад камандаваннем У. А. Парахневіча быў падарваны 21 варожы эшалон, у тым ліку 6 – з жывой сілай суперніка, знішчаны 2 танкі, 23 аўтамашыны, 97 вагонаў з боепрыпасамі і рыштункам, выведзена з ладу 20 паравозаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 г. У. А. Парахневічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка».

Аляксандр Васільевіч Кірсанаў
Аляксандр Васільевіч Кірсанаў нарадзіўся 23 снежня 1898 г. Скончыў рэальнае вучылішча, затым вучыўся ў настаўніцкай семінарыі. Са жніўня 1939 г. – камандзір 422-га гаўбічнага артылерыйскага палка 157-й стралковай дывізіі Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі, затым служыў у 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Ваяваў на Заходнім, Бранскім, Цэнтральным, 1-м Беларускім, 2-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у Курскай бітве, у Арлоўскай і ЧарнігаўскаПрыпяцкай наступальных аперацыях. Асабліва вылучыўся ў бітве за Днепр у 1943 г. Затым ваяваў у Гомельска-Рэчыцкай, Калінкавіцка-Мазырскай, Палескай, Прыбалтыйскай, Усходне-Прускай, Усходне-Памяранскай і Берлінскай наступальных аперацыях. Стралковая дывізія пад камандаваннем А. В. Кірсанава ўдзельнічала ў аперацыі «Баграціён». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». Пасля Вялікай Айчыннай вайны А. В. Кірсанаў у 1955–1960 гг. з’яўляўся начальнікам ваеннай кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1963 па 1974 гг. займаў пасаду прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце БДУ.

Аляксей Фёдаравіч Патрын
Аляксей Фёдаравіч Патрын нарадзіўся 2 мая 1910 г. У 1931–1933 гг. навучаўся ў Агралесамеліярацыйным інстытуце. У 1933 г. быў прызваны на службу ў Чырвоную армію. У 1935 г. скончыў артылерыйскія курсы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся камандуючым 576 артылерыйскага палка 167-й стралковай дывізіі 38-й арміі 1-га Украінскага фронту. Вылучыўся падчас бітвы за Днепр – 3 лістапада 1943 г. ля в. Люцеж забяспечыў прарыў сістэмы абароны суперніка. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1944 г. быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка». Пасля Вялікай Айчыннай вайны А. Ф. Патрын у 1952–1955 гг. працаваў начальнікам навучальнай часткі ваеннай кафедры і выкладаў курс артылерыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Павел Антонавіч Гарошак
Павел Антонавіч Гарошак нарадзіўся 10 чэрвеня 1925. У 1941 г. пачаў навучанне ў Стэрлітамакскай фельчарскай школе. У 1943 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. Пасля навучання ў палкавой школе стаў камандзірам кулямётнага разліку ў складзе 1-га мотастралковага батальёна 69-й механізаванай брыгады 9-га механізаванага корпуса 3-й гвардзейскай танкавай арміі Варонежскага, затым 1-га Украінскага фронту. Вылучыўся ў бітве за Днепр 1943 г. Падчас бою знішчыў 9 нямецкіх салдатаў. Апрача абавязкаў камандзіра выконваў абавязкі медыка. Аказаў медыцынскую дапамогу на месцы 26 параненым, вынес з зоны абстрэлу 32 параненых са зброяй. Браў удзел у Кіеўскай наступальнай аперацыі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 17 лістапада 1943 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка». Пасля Вялікай Айчыннай вайны П. А. Гарошак у 1951 г. скончыў Мінскі юрыдычны інстытут.
Выкладчыкі і студэнты БДУ ўнеслі значны ўклад у дасягненне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Захаванне памяці пра іх жыццё і дзейнасць з’яўляецца важным аспектам працы музея гісторыі БДУ.
Дар’я АРТАМОНАВА