«Гісторык павінен умець разгаварыць крыніцу», – кажа Марат Крупко. Сам ён робіць шмат, каб авалодаць такім сапраўды складаным майстэрствам: няхай гэта будзе царкоўнае начынне XVI стагоддзя ці успаміны ўдзельніка Карэйскай вайны. Які сакрэт? Студэнт верыць, што нават самы несамавіты артэфакт можа распавесці гісторыю – калі задаць яму правільныя пытанні.
Студэнт гістарычнага факультэта Марат Крупко пра ўключэнне ў банк адоранай моладзі даведаўся на трэцім курсе. За час навучання ён напісаў больш за дзясятак навуковых прац, многія з якіх ужо апублікаваныя. Менавіта гэта і стала асноўнай прычынай узнагароджання для маладога чалавека.
Марат актыўна займаецца даследчай дзейнасцю. У працах хлопца намеціліся дзве магістральныя лініі. Першая сфера інтарэсаў звязана з рэканструкцыяй нюансаў прыходскага жыцця на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У той час прыход быў найважнейшым сацыякультурным цэнтрам у вёсцы ці горадзе. Разам з тым пытанні паўсядзённага функцыянавання цэркваў, служэння і побыту радавых святароў, практычна не даследаваны. Студэнт ужо напісаў артыкулы, якія тычацца развіцця царкоўнай іерархіі, набажэнскай літаратуры, матэрыяльнай культуры прыходаў. Але, як адзначае малады навуковец, ён толькі трохі праліў свет на працэсы і з’явы, з якімі сутыкаліся нашы продкі пяць стагоддзяў таму.
Другая лінія даследаванняў звязана з вывучэннем вуснай гісторыі, у якую ўваходзяць апавяданні сучаснікаў, відавочцаў і ўдзельнікаў гістарычных падзей ХХ стагоддзя. Марату Крупко ўдалося запісаць інтэрв’ю з вязнем Савецкага ГУЛАГа, удзельнікамі баявых дзеянняў у Вялікую Айчынную і Карэйскую войны. Але найбольш каштоўнымі ён лічыць сведчанні пра штодзённыя падзеі 1930-х, 1950-х і нават 1980-х г.г. На самай справе нават такія, здавалася б, блізкія да нас па часе перыяды былі моцна адрозныя ад таго свету, у якім жывём мы.
Як жартаўліва адзначае герой, ён ужо збіўся з ліку, спрабуючы ўспомніць, колькі разоў яго бачанне сваёй будучыні карэкціравалася і трансфармавалася. Цяпер малады гісторык надта далёка не зазірае. Але блізкую перспектыву звязвае з паступленнем у магістратуру і аспірантуру. Пакуль Марат бачыць у сабе сілы, матывацыю і цікавасць да вучобы, ён хоча выкарыстаць іх максімальна.
- Многімі з радасных і светлых дзён студэнцтва я абавязаны майму навуковаму кіраўніку Андрэю Уладзіміравічу Любаму. Гэта бліскучы спецыяліст па сярэднявечнай гісторыі Беларусі, але, акрамя таго, яшчэ і вельмі добры чалавек. Менавіта такім павінен быць выкладчык. Андрэй Уладзіміравіч пасяліў ува мне веру, што мае намаганні, прыкладзеныя да самых розных навуковых праектаў і задумак, выдаткаваныя не дарма. Ён даў мне адчуванне поўнай свабоды і адначасова датычнасці да навуковага свету, пачуццё важнасці кожнага зробленага мной кроку, які я толькі пачынаю адкрываць, – дадае студэнт.
На звычайнае для гісторыкаў пытанне наконт падарожжаў у часе Марат адказвае вельмі ўдумліва. Насуперак чаканням ён не хоча стаць сведкам вялікіх і славутых гістарычных падзей, знакамітых бітваў і эпахальных здзяйсненняў. Калі б з’явілася такая магчымасць, маладога чалавека выбраў бы нашмат менш прыкметныя куткі нашага гістарычнага мінулага.
- Я б з задавальненнем прайшоўся па месцах, знаёмых мне з дзяцінства, паназіраў бы за паўсядзённым жыццём сваіх продкаў, пастаяў бы на літургіі ў сельскіх драўляных храмах на прасторах Вялікага Княства Літоўскага, – адзначае хлопец.
Асабліва цікавым у вывучэнні мінулага для чацверакурсніка з’яўляецца ўсё, што звязана з «суб’ектыўным» фактарам у гісторыі: мысленне, рэлігійнасць і забабоны, а таксама побыт ва ўсіх яго праявах. Хлопца цягне туды, дзе ёсць шанец сутыкнуцца з таямнічым і непазнаным светам. Як прызнаецца Марат, ён быў здзіўлены, калі даведаўся, што цікавасць да такога дасягнення гісторыкаў ХХ ст., як абгрунтаванне неабходнасці вывучэння «маленькай» гісторыі, падзяляюць далёка не ўсе. Зрэшты, у тым і ёсць каштоўнасць свету гістарычных даследаванняў, што кожны можа знайсці ў ім свой «куток».
Стрыжнёвай якасцю гісторыка, на думку Марата Крупко, павінна быць уменне «разгаварыць» гістарычную крыніцу. Бачыць за тэкстам, часта загнаным у жорсткія фармальныя рамкі, чалавека з яго ментальнымі стэрэатыпамі, асаблівасцямі мыслення, страхамі і перавагамі. Маецца на ўвазе чытанне не толькі таго, што напісана, але і таго, што напісана не было. Валоданне падобным талентам можна лічыць найвялікшай каштоўнасцю. Прымусіць «гаварыць» можна не толькі пісьмовую крыніцу. Усё, да чаго дакранаўся чалавек, можа быць сведчаннем пра мінулае. І тое, колькі нам удасца ўзяць са старажытнай граматы або жменькі аскепкаў керамікі, залежыць не толькі ад характару крыніцы, але і ад таго, наколькі гісторык авалодаў сваім рамяством.
Апошнім часам малады чалавек праводзіць нямала часу за чытаннем. Галоўнае месца ў хатняй бібліятэцы, вядома, належыць кнігам па гісторыі, аднак ёсць цікавыя выданні па філасофіі, тэалогіі і псіхалогіі. Пашырыўся і спіс мастацкіх твораў, якія нарэшце пачаў для сябе адкрываць студэнт. На фоне бясконцай мітусні і шквалу вучэбных задач, юнак усё часцей адчувае патрэбу ў тым, каб пасядзець у цішыні з добрай кнігай і сам-насам са сваімі думкамі.
- Асабіста мне блізкая думка аб тым, што чалавек павінен не шкадаваць сіл на тое, каб, памыляючыся і сумняваючыся, ўсё ж такі знайсці ў гэтым свеце нешта, што захапляе яго цалкам. І трэба толькі паступова рухацца ў выбраны бок, – падводзіць вынік адораны студэнт.
Гісторыя – гэта не толькі падручнікі і даты. Гэта мільёны лёсаў, забытых галасоў, паўсядзённых клопатаў і маленькіх перамог. Марат Крупко нагадвае: каб зразумець мінулае, трэба не проста ведаць яго – трэба адчуць. І, магчыма, менавіта такія даследчыкі, як ён, робяць гісторыю сапраўды жывой.
Марыя КАРКВЕЛІС